2020 год змяніў маю пазіцыю адносна мовы. Я быццам пераадолеў бар’ер сораму, што выглядаю белаю варонаю, што размаўляю па-беларуску недасканала. Колькасць беларускіх твораў у маім літаратурным рэпертуары значна вырасла. Адчуваю сябе чалавекам беларускай культуры безадносна прыналежнасці (альбо не) да палітычнай апазіцыі. Зразумеў, што гэта ў нейкім сэнсе мова культурнай эліты, а не сельскагаспадарчай часткі насельніцтва.
Ці дапамагае вера перажыць грамадскія ды асабістыя катаклізмы? Магчыма. Але што рабіць з дзвярыма праваслаўнага храму, зачыненымі перад маладымі людзьмі, якіх збіваюць здаравенныя дзядзькі ў чорным?.. Гэта ўдар і па маім светапоглядзе, з гэтым трэба неяк жыць, трэба пераасэнсаваць… Але і за такі досвед можна дзякаваць Богу!
Калі я думаю, чым ёсць нацыянальная беларуская ідэя, усё часцей згадваецца назва раману Паўла Севярынца “Беларусалім”. Можа, толькі ў пакутах, выпрабаваннях, у вернасці тых, хто вымушаны ўцякаць з радзімы, народзіцца тая крыштальная чысціня, якая і ёсць сэнсам існавання Беларусі?.. Але такія разважанні гучаць занадта пафасна.
Адзін мой знаёмы сказаў, што нацыянальная ідэя гучыць як эпітафія. Таму трэба проста жыць, дапамагаць і падтрымліваць адно аднаго. Добрых людзей аказалася так шмат! Толькі яны не навучыліся яднацца так хутка, як злыя.
Я памятаю пачатак 1990-х, калі ўсе разгойдвалі махіну пад назваю Савецкі Саюз. І яна абрынулася на іх самых – з малінавымі пінжакамі, голадам, бандытызмам. Потым прыйшла такая ж банда, якая назвалася дзяржавай. І я разумею людзей, якія баяцца пераменаў, памятаючы той час. Разумею, хоць і не падзяляю іхных поглядаў. Больш за тое, рана ці позна перамены адбудуцца, і я спадзяюся да гэтага дажыць. Але ўпэўнены: многія з тых, хто чакае зменаў цяпер, тады скажуць, што яны не гэтага хацелі.
Чалавек у сваёй прыродзе нясе зло, і таму спадзявацца, што аднойчы будзе файна… Не будзе. Яно ўжо файна: мы ёсць. І добра, калі жывем шчыра. Калі гляджу на малых дзяцей, веру, што надзея ёсць. І Ён казаў: будзьце як дзеці.
Таму, можа, я і прыняў гэты пратэст, што ён быў дзіцячы.
Безумоўна, калі адштурхоўвацца ад тых жаданняў, якія вывелі людзей на вуліцы, ад пэўных мэтаў, тады цяперашняя сітуацыя бачыцца паразай. Але прачнулася нацыя, людзі аб’ядналіся – і гэта безумоўная перамога.
А што самае галоўнае – парог страху стаў нашмат ніжэйшы. Так, гэта перамога.