Аляксей
Варсоба
« Каб маўчанне не ператварылася ў хваробу, варта думаць, разумець, усведамляць і працаваць »
Тэкст: Марына Весялуха
Фота: Vladimir Gudvin, Gosia Kawka, Egor Babiy, Michał Szwerc, reform.by, greenbelarus.info, kultprosvet.by, Andrii Kuzmenko, Volodymyr Shuvayev

Аляксей Варсоба

«Каб маўчанне не ператварылася ў хваробу, варта думаць, разумець, усведамляць і працаваць»
Тэкст: Марына Весялуха
Фота: Vladimir Gudvin, Gosia Kawka, Egor Babiy, Michał Szwerc, reform.by, greenbelarus.info, kultprosvet.by, Andrii Kuzmenko, Volodymyr Shuvayev
Аляксей Варсоба – кампазітар, аранжавальнік, выкладчык. Лідар інструментальнага трыа Port Mone. Разам са спявачкай Ірэнаю Катвіцкаю складае дуэт Warsoba, прысвечаны беларускай народнай песні. Заснавальнік Minsk Improvisers Orchestra і школы пры ім. Двойчы стыпендыят спецыяльнай праграмы Міністэрства культуры Польшчы Gaude Polonia. З пачатку 2020 года жыве ў Варшаве. Навучаецца ў Музычным універсітэце імя Шапэна, грае ў Isna Trio. Верыць, што музычная творчасць у фармаце свабоднай імправізацыі развівае чалавека і прастору вакол яго.
Аляксей Варсоба – кампазітар, аранжавальнік, выкладчык. Лідар інструментальнага трыа Port Mone. Разам са спявачкай Ірэнаю Катвіцкаю складае дуэт Warsoba, прысвечаны беларускай народнай песні. Заснавальнік Minsk Improvisers Orchestra і школы пры ім. Двойчы стыпендыят спецыяльнай праграмы Міністэрства культуры Польшчы Gaude Polonia. З пачатку 2020 года жыве ў Варшаве. Навучаецца ў Музычным універсітэце імя Шапэна, грае ў Isna Trio. Верыць, што музычная творчасць у фармаце свабоднай імправізацыі развівае чалавека і прастору вакол яго.
Было шокам само існаванне беларускай мовы: мы ж дзеці СССР!
– Мае бацькі – беларусы, але я нарадзіўся на Урале: бацька быў вайскоўцам. Да трэцяга класу я вучыўся ў расійскай школе. Натуральна, успрымаў тамтэйшыя ўстаноўкі. Бацькі ўвесь час працавалі, былі занятыя клопатамі пра побыт, а са мною шмат часу праводзіла нянька, ссыльная польская ўкраінка пані Эмілія. Мае першыя ўсведамленні сябе, культуры звязаныя з ейнай асобай. Калі мы з сямʼёй прыехалі ў Мінск, то было шокам само існаванне беларускай мовы: мы ж дзеці СССР!

Паступова пачаў чытаць па-беларуску, пазнаёміўся з паэзіяй, у нас дома была вялікая бібліятэка. Натуральна, не мог выбраць усяго найлепшага і актуальнага, бо не было каму параіць, таму чытаў усё запар. Пазней пазнаёміўся з фальклорам, але ў кантэксце народнай творчасці іншых краінаў свету. Мая сястра ў той час шмат падарожнічала і прывозіла з вандровак запісы народнай музыкі. А потым – асабістае знаёмства з музыкантамі, кампазітарамі, даследчыкамі фальклору. Нават сам цяпер бяру ўдзел у некалькіх праектах, звязаных з народнаю музыкаю.
Не магу сказаць, што менавіта беларускі кантэкст мяне выхаваў як музыканта. Напэўна, у гэтым ключы варта казаць пра сусветны фальклор. Узбекская, іспанская, японская музыка для мяне таксама вельмі важныя. Музыка, якую я ствараю, усё ж мае пячатку беларускасці, ці нават шырэй – славянскасці. Я гэтага нават не кантралюю. Раз гэта натура, то яе шмат.

Беларуская песня сама ў сабе нясе адчуванне свайго, але народныя спевы кожнага народу вельмі глыбокія, расказваюць пра нешта страшнае і сапраўднае, а вылучыць з гэтага шэрагу менавіта беларускую я не гатовы. Для гэтага трэба быць больш заглыбленым даследчыкам.
Не магу сказаць, што менавіта беларускі кантэкст мяне выхаваў як музыканта. Напэўна, у гэтым ключы варта казаць пра сусветны фальклор. Узбекская, іспанская, японская музыка для мяне таксама вельмі важныя. Музыка, якую я ствараю, усё ж мае пячатку беларускасці, ці нават шырэй – славянскасці. Я гэтага нават не кантралюю. Раз гэта натура, то яе шмат.

Беларуская песня сама ў сабе нясе адчуванне свайго, але народныя спевы кожнага народу вельмі глыбокія, расказваюць пра нешта страшнае і сапраўднае, а вылучыць з гэтага шэрагу менавіта беларускую я не гатовы. Для гэтага трэба быць больш заглыбленым даследчыкам.
Мы свайго фальклору не так добра ведаем, усё ператвараецца ў позу. І гэта страшна, бо назіраецца інфляцыя сэнсу. Але, з іншага боку, і ў хот-догу ёсць карысныя рэчывы. А за позаю можна пачуць важныя элементы праўды. Трансфармацыю грамадства варта пачынаць з радзільняў, школаў, арміі, а ўжо потым дбаць пра важнасць народнай песні.
Шоу-бізнесу ў Беларусі няма і не было
– Жыццё музыканта можна раскласці на два аспекты. З аднаго боку, эканамічная канфігурацыя творчай дзейнасці. А з другога – матывацыя, імпульсы, натхненне на творчасць. Шоу-бізнесу як такога ў Беларусі няма і не было, таму казаць пра нейкі клімат з кампанентамі інфраструктуры немагчыма. І гэта адна з прычынаў, праз якую я пастанавіў, што буду эміграваць. Праўда, думаў зрабіць гэта не спяшаючыся. Да таго ж у Беларусі былі заўсёды нейкія справы, якія варта было дарабляць, зʼяўляліся новыя праекты. Але так склалася, што тыя задумы не ўступілі ў нейкую моцную фазу, не ўсталі на ногі.

Шмат хто здзіўляецца, што я адначасова займаюся мноствам музычных праектаў, але гэта зноў-такі адлюстраванне беларускай сітуацыі. Немагчыма стварыць генеральны праект, гурт і жыць толькі дзякуючы яму. А я б вельмі хацеў, каб для мяне такою справаю сталі Minsk Improvisers Orchestra і школа імправізацыйнай музыкі. На адным з апошніх конкурсаў Social Weekend мы атрымалі фінансаванне. Думалі ў верасні 2020 года адкрывацца менавіта ў выглядзе школы, класу. Але ў траўні стала адназначна зразумела, што задумам не наканавана спраўдзіцца. Прыкладна ў гэты ж час я канчаткова пастанавіў застацца ў Польшчы і не вяртацца ў Беларусь. Прыехаў у Варшаву я ў лютым 2020-га, трапіў у локдаўн, і спачатку гэтая акалічнасць зрабілася прычынаю немагчымасці вярнуцца ў Мінск, а потым выбары ўнеслі свае карэктывы. У кастрычніку да мяне ўжо прыехала сямʼя. Сёння я не магу прыехаць у Мінск, нават каб скончыць нейкія свае справы.
У той жа час я вельмі рады, што імправізацыйны аркестр у Мінску жыве і выступае, мы падтрымліваем сувязь і не так даўно правялі міжнародны онлайн-фестываль з удзелам выканаўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Вялікай Брытаніі. У анонсе імпрэзы вырашылі не пазначаць краіны, назваць толькі гарады. Мне падаецца, што такая самацэнзура – неаспрэчны доказ цкавання чалавека чалавекам.
Па-за палітыкаю ніякага мастацтва не існуе
– Мне даўно стала зразумела, што эстэтыка – гэта палітыка, што па-за палітыкаю ніякага мастацтва не існуе. Паколькі музыка – сацыяльная практыка, яна не можа ізалявацца ад наваколля.

Самай апошняю падзеяй, што мяне вярнула да такіх думак, сталіся гутаркі з бізнесоўцамі. Мы шукалі інвестыцыяў для школы імправізацыйнай музыкі. На сустрэчы я пачаў расказваць пра сацыяльны кантэкст свабоднай імправізацыі, пасля гэтага нашыя патэнцыйныя інвестары зрабілі крок назад. Гэта не быў наўпроставы адказ «не», але было бачна, што з іхнага боку адбываецца працэс самацэнзуры. І тут сапраўды ёсць чаго спалохацца.

А стасункі з нейкімі дзяржаўнымі ўстановамі я ўсё сваё свядомае жыццё стараўся звесці да мінімуму.

Складаныя палітычныя падзеі правакуюць творчы ўсплёск, ствараюць мноства сэнсаў, якія трэба прагаварыць, даць ім кансалідаваную ацэнку, гэтыя сэнсы трэба аплакаць, імі трэба натхніцца. Каб маўчанне не ператварылася ў хваробу, варта думаць, разумець, усведамляць і працаваць. Называць зло злом, напрыклад.

Пра сённяшнюю Беларусь можна коратка сказаць так: у краіне склалася становішча, якое стымулюе творчасць, але ў той жа час яе забівае.
Свабодная аркестравая імправізацыя – гэта мадэль грамадства
– Свабодная імправізацыя як музычная практыка склалася ў 1950–60-ыя гады. І на той час яна грунтавалася на дасягненнях акадэмічнага авангарду, джазу, які ўжо эвалюцыянаваў у фры-джаз. Тады стала зразумела, што можна адмовіцца ад музычнага сінтаксісу. Выкарыстоўваць розныя падыходы да гучання. І не абавязкова нават надзяляць усё значэннем. Прыгажосць вылучылася ў катэгорыю амаль бессэнсоўную.

Яшчэ адною крыніцаю зрабілася народная музыка. Гаворка пра рытуальную і трансавую аснову народнай музыкі, а не пра найгрышы, што ўва ўсіх на слыху. Гэта не мелодыі, а цэлая шматвымерная прастора, якая гучыць. Тут нават рытм не абавязковы, гэта тое, што можа нарадзіцца толькі цяпер – не раней і не пазней. Свабодная імправізацыя канцэптуальна адмовілася ад ідыяматыкі, калі фраза набывае сэнс толькі ў пэўным кантэксце.
Рух прыхільнікаў імправізацыі стаў супрацьпастаўленнем традыцыйнай музычнай практыцы, бо норма ўзнікла таму, што вялікія эканамічныя гульцы, напрыклад, кіраўнікі дзяржавы, маглі сабе дазволіць утрымліваць пры двары музыкантаў, кампазітараў. Менавіта праз бюракратычную машынерыю нарадзіўся інстытут еўрапейскай класічнай музыкі. А свабодная імправізацыя адмовілася ад таго, каб прадукаваць нейкую таталітарную ідэалогію.

Выхаванне музыканта – гэта ў асноўным рэпетыцыі, муштра, пастаяннае паўтарэнне пэўных рэчаў. Пры гэтым трактоўка, інтэрпрэтацыя музычных твораў, іншымі словамі, пачуццё, з якім трэба граць, гэтак жа завучваецца, як і складаныя тэхнічныя пасажы. Важна проста дасягнуць майстэрства пальцаў. І навошта гэта чалавеку як духоўнай істоце? Ці не падобная такая музыка да спартовай піраміды на парадзе перад дыктатарам?

Я, безумоўна, не хачу сказаць, што ўся музычная адукацыя – гэта зло. Я хачу сказаць, што ў яе пранікла надта шмат фармалізму і неабходнасці адпавядаць ідэалогіі.

Так, ёсць шлях схавацца за нейкаю нейтральнаю шыльдай, напрыклад, рабіць выгляд, што мы народны аркестр, і мець падтрымку пад такую мэту. Але ці ўдалося камусьці? Співакоў, Башмет – выдатныя антыпрыклады: яны, кіруючыся мэтаю схаваць, робяць тое самае, што напісана на шыльдзе. Гэта механізм, які абслугоўвае ідэалогію, а не ратаванне. Немагчыма проста ўзяць і ўсіх падмануць, ты ўсё роўна будзеш працаваць пад гэтаю шыльдай, яна зробіцца тваім кантэкстам, сэнсам тваёй працы.

Дзяржаўная машына – беларуская, еўрапейская – вельмі недасканалая. Неабходныя імунныя цэнтры, што маглі б забяспечваць усім гарантыю не ператварыцца ў міліцыянтаў з пустымі вачыма.

Свабодная аркестравая імправізацыя – гэта таксама мадэль грамадства, калі кожны прамаўляе за сябе, чуе іншага ды стараецца зразумець яго, як і сябе. Можна праводзіць мноства аналогіяў, што пакажуць на супрацьстаянне імправізацыі сістэме бяздумнага падпарадкавання інструкцыям, іерархіі. Адсюль і бяруцца страхі.
Юрый Зісер, бізнесовец і мецэнат, падтрымліваў наш праект Minsk Improvisers Orchestra, бо з пачатку ведаў, што мы маем на ўвазе і чаго імкнёмся дасягнуць у сваёй школе. Ён, магчыма, адзіны, хто сапраўды разумеў, пра што мы размаўлялі. Хоць у размове выказваў вялікія сумневы наконт патрэбнасці праекту. Я ж прыводзіў аргумент са свайго досведу, бо ў свой час мне было трэба нешта такое, але тады я не атрымаў жаданага, бо быў адзін.

Цікава, што менавіта тут і цяпер, у Варшаве, я знайшоў людзей, якім гэтак жа неабходная свабода. Ім не трэба вывучыць песню і сыграць яе. Яны шукаюць іншых механізмаў творчага самавыяўлення.
Я змог навучыцца прамаўляць наноў, але стала трохі страшна
– Зразумела, што становішча, якое склалася ў краіне, не нармальнае. І гэта датычыць не толькі апошніх падзеяў: мы і раней уцякалі ад АМАПу, гэта было, мы жылі з гэтым. І рабіць выгляд, што нічога не было, нельга. На той час падавалася, што ініцыятывы, якія сёння, на жаль, закрытыя, – гэта ўсё дзеянні, што працуюць на перафарматаванне грамадства. Але атрымалася, што іх было не дастаткова.

Гэта не справа года, двух ці трох, гэта доўгі шлях, рух за развіццё культуры, кансалідацыю ўнутры краіны. Калісьці ўлады СССР выразалі большасць творчай інтэлігенцыі, нішчылі мову, культуру. Была ўсвядомленая палітыка на знішчэнне, і аднаму немагчыма супрацьстаяць такім глабальным рэчам.

Тое, што ў нашыя дні адбылося з пункту гледжання кансалідацыі грамадства, – для мяне вельмі важна, гэта вялікае шчасце.
Я вельмі хацеў зменаў у Беларусі. Але нават і не чакаў, што выбары іх прынясуць. У гэты час я ўжо быў у Польшчы, навучаўся ў Музычным універсітэце імя Шапэна паводле стыпендыі Gaude Polonia. Але ў мяне надарыўся моцны крызіс. Я вучуся кампазіцыі, таму трэба было пісаць музыку, а я папросту не мог. Не таму, што гэта псіхалагічна складана. Я не мог сказаць, што трэба граць гэтыя ці іншыя ноты ў такой ці іншай паслядоўнасці. Разумеў, што не магу дыктаваць і настойваць на чымсьці.
Гэты стан вельмі падобны да вядомага рытарычнага запытання: ці магчымая паэзія пасля Асвенціму?

Цяпер, праз уласную настойлівасць у пошуку адказаў, я здолеў выйсці з гэтага стану, шмат у чым дзякуючы імправізацыі. Напісаў эцюды, знайшоў абʼектыўныя зʼявы, зразумеў, што некаторыя ўнармаваныя рэчы могуць не нармавацца. Напрыклад, лад, гармонія, музычны сінтаксіс. Змог навучыцца прамаўляць наноў, але стала трохі страшна, бо можна ўвесці людзей у зман. Даць падманлівую надзею ці, наадварот, расчараванне. Тут рэч нават не ў сэнсах, якія прамаўляюцца, а ў тым, што ты дапускаеш перавагу аднаго над іншым.
Беларусамі кіруе не прыземленае «нам бы выжыць», а разуменне светлага і цёмнага бакоў
– Не разумею, чаму не існуе такога механізму, як псіхалагічная экспертыза кіраўніка дзяржавы: ён жа аддае загады ў краіне, загадвае вайскоўцамі. Чалавецтва ўжо шмат разоў сутыкалася з такімі асобамі. Увасабленне зла, агіднага, з чым мы змагаемся, – гэта не толькі наш вялікі злачынец. Карыслівыя інтарэсы заўжды вымушаныя прыкрывацца ідэалогіяй, гэта як дзецям даваць нясмачныя лекі, замаскаваныя пад цукерку. Сама магчымасць злых дзеянняў – вось з чым трэба змагацца.

Становішча ў Беларусі – вострая сітуацыя. Але нават яе вырашэнне не стане перамогаю: гэта будзе проста купіраванне актуальных сімптомаў. Хвароба нашмат больш абʼёмная і комплексная. Трэба выгадаваць пакаленні, каб усё змянілася.

Выдатна памятаю той момант, калі мне ў Швецыі сказалі, што ў іх афіцыйна прызналі існаванне трэцяга полу. Тады я абурыўся: “Я не яно, я мужчына!” Мне спатрэбіўся час, каб усвядоміць, якім некампетэнтным я быў. Гэта нават на фоне таго, што шмат кніг прачытаў, мэтанакіравана займаўся інтэлектуальным, філасофскім пошукам. І ліберальныя ідэі нават ува мне з пачатку выклікалі непаразуменне. Гэта не проста ідэі ды словы, за гэтым хаваюцца тысячагоддзі траўматычнага досведу мільёнаў людзей.

Вельмі сімпатычна, што, нягледзячы на абарваныя карані, беларусы ў эміграцыі захавалі дух, які ідзе да святла, да сапраўдных каштоўнасцяў. Не прыземленае “нам бы выжыць”, а разуменне светлага і цёмнага бакоў, спакойны погляд, сузіранне рэчаіснасці нібыта збоку. Эміграцыя дае магчымасць зразумець, што праблемы звязаныя не толькі з лакальным, але і глабальным кантэкстам. Што паўсюль ёсць свае цяжкасці, праблемы, якія варта развязваць комплексна на ўзроўні супольнасці ўсіх жыхароў планеты.
Калі ў Мінску былі першыя канцэрты Port Mone, нас пыталі, што такое мы граем
– Культура слухання, спажывання музычнага прадукту ў Польшчы на некалькі парадкаў вышэйшая, чым у Беларусі. Вось якіх беларускіх кампазітараў вы назвалі б? А польскіх? Шапэна, думаю, згадваюць найчасцей. А вось жыхар Польшчы ведае іх мноства! Музычная адукацыя, падрыхтоўка тут зусім іншай якасці, людзі нашмат больш у кантэксце. Нават калі глядзець з пункту гледжання імправізацыйнай музыкі, то ў кожным горадзе ёсць такі аркестр, а ў Варшаве іх, напэўна, не менш за пяць.
Калі мы разам з Port Mone ў Мінску гралі свае першыя канцэрты, нам задавалі пытанні, што такое мы граем. У Варшаве такіх пытанняў не было. Імправізацыя ўваходзіць у абавязковую праграму падрыхтоўкі музыканта, а нашыя заняткі ва ўніверсітэце ў прафесара Кшыштафа Кнітэля часта праходзілі з харэографамі.

У Беларусі музыканты навучаюцца ў найлепшым выпадку джазавай імправізацыі. А на сайце Акадэміі музыкі ў Мінску свабодная імправізацыя згадваецца аднойчы – у сувязі са стажыяваннем групы беларускіх студэнтаў у акадэміі музыкі ў Мальмё.
Калі мы разам з Port Mone ў Мінску гралі свае першыя канцэрты, нам задавалі пытанні, што такое мы граем. У Варшаве такіх пытанняў не было. Імправізацыя ўваходзіць у абавязковую праграму падрыхтоўкі музыканта, а нашыя заняткі ва ўніверсітэце ў прафесара Кшыштафа Кнітэля часта праходзілі з харэографамі.

У Беларусі музыканты навучаюцца ў найлепшым выпадку джазавай імправізацыі. А на сайце Акадэміі музыкі ў Мінску свабодная імправізацыя згадваецца аднойчы – у сувязі са стажыяваннем групы беларускіх студэнтаў у акадэміі музыкі ў Мальмё.
Узровень эмпатыі польскага слухача таксама адрозніваецца! Калі чалавек свабодны, ён можа з лёгкасцю ўсміхацца, плакаць, сумаваць, выказваць салідарнасць тады, калі яму гэтага хочацца. Я не ўяўляю, каб у Беларусі быў магчымы творца ўзроўню Кшыштафа Пэндэрэцкага ці Джона Кейджа. Вядома, яны ў нас нараджаліся, але сваю значнасць у сусветным кантэксце не змаглі б паказаць.
Шмат знакамітых беларусаў сярод тых, хто з’ехаў. І так павялося здаўна.

Некалі мне ў твар казалі: “Мы не працуем з музыкантамі краінаў Трэцяга свету”. Так, Беларусь – краіна Трэцяга свету. Але вось дылема: у Мінску я магу практычна ўсё, мяне ўсе ведаюць і я ўсіх ведаю. У Польшчы я ведаю толькі некалькі значных фігураў, але я не граў тут у клубах з 12 гадоў. Складана пачынаць усё спачатку... Цяпер заканчваю навучанне ў музычным універсітэце, вельмі задаволены вынікам. Магу дакладна сказаць, што з метадам імправізацыі я яшчэ папрацую
Адбываюцца дзікія рэчы, якім у нармальнай рэчаіснасці няма месца
– Навокал столькі маніпуляцыяў і падману, што складана зразумець, адкуль чэрпаць праўдзівую інфармацыю. Калі я быў на Данбасе, то сепаратысты казалі: “Мы проста хочам разабрацца, зразумець, што адбываецца”. А ў гэты час іншыя мянялі сцягі, прызначалі новых начальнікаў адміністрацый, пад пагрозаю ваеннага гвалту вырашалі ўсё на сваю карысць. Ідзе барацьба не дабра са злом, а змагаюцца банды карупцыянераў. І паняцці дабра і зла ў іхных руках – толькі фігуры для маніпуляцыяў.

Які менавіта момант можна назваць фінальнаю кропкаю рэжыму? Гаворка ж не пра аднаго чалавека. Мне падаецца, вельмі важна назваць усе злачынствы рэжымаў, што здзекаваліся з народу Беларусі, злачынствамі. І рэч нават не ў мерах пакарання, а ў тым, каб проста называць рэчы сваймі імёнамі. Што гэта было? Як можна нават уявіць такое? Адбываюцца дзікія рэчы, якім у нармальнай рэчаіснасці няма месца. Гэта не прадукт волі аднаго чалавека, а вынік неабазнанасці вельмі многіх. І – па вялікім рахунку – калі дурныя людзі нешта робяць, а разумныя ім дазваляюць, заплюшчваюць вочы, то гэта таксама дыягназ, саўдзел.
Мне падаецца, што нашую радзіму ўжо даўно захапілі. Было такое адчуванне: нібыта не дома жывеш.

Творчасць – частка нашай прыроды, элемент спазнаваўчай і адаптыўнай здольнасці. Калі казаць пра імправізацыю, то для мяне гэта, апроч музыкі, яшчэ і праява сацыяльнай адказнасці. Як некаторыя ходзяць прыбіраць лес, бо так правільна, то я свядома раблю нешта добрае не дзеля выгады, а каб адбываліся станоўчыя трансфармацыі ў грамадстве.

Трэба станавіцца моцнымі і незалежнымі. Трэба набіраць моц і пазбаўляцца захопнікаў. Дзяржаву ўсё ж фармуюць людзі, а не толькі наглядчыкі.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты
Галоўная старонка
Да галоўнай
Наступны матэрыял
Да наступнага матэрыялу