« У 2020-м мы марылі рабіць у тэатры больш, чым тады было можна »
Бардухаеў-Арол
Андрэй
Тэкст: Анастасія Панкратава

Андрэй Бардухаеў-Арол

«У 2020-м мы марылі рабіць у тэатры больш, чым тады было можна»

тэкст: Анастасія Панкратава

У свой час гомельскія акторы Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арлы сышлі з дзяржаўнага тэатру, бо не хацелі больш мірыцца з рэпертуарнаю закасцянеласцю ды абавязковымі ўзгадненнямі творчых пытанняў з мясцовымі чыноўнікамі. Сужэнцы заснавалі Team Theatre – творчую лабараторыю, дзе маглі эксперыментаваць з формай і матэрыялам. Паступова прыватная гомельская пляцоўка абрала кірунак на стварэнне імерсійных спектакляў для людзей з дадатковымі патрэбамі. Пры тэатры ўзнік дабрачынны фонд “Разам тут”. У 2020 годзе гомельскія ўлады закрылі ўнікальны праект, а Андрэю ды Алесі праз пагрозу арышту давялося з’ехаць з Беларусі. Пасля паўгода пакутаў і нявызначанасці дырэктар Team Theatre Андрэй Бардухаеў-Арол загаварыў пра вяртанне да тэатральнай творчасці: інклюзіўны тэатр адраджаецца – цяпер ужо ў польскай прасторы.

Кампанію папярэджвалі: ці яны адмаўляюцца ад супрацы з намі, ці будуць мець праблемы з працаю на Гомельшчыне
2020 год пачынаўся для Team Theatre з добрых падзеяў: мы нарэшце атрымалі ад дзяржавы сталую пляцоўку на бескаштоўнай аснове, а таксама змаглі заснаваць дабрачынны фонд “Разам тут”, каб мець магчымасць дапамагаць людзям з дадатковымі патрэбамі. Яго праца была накіраваная на стварэнне безбар’ернага асяроддзя, якое аб’яднала б невідушчых і людзей са слабым зрокам, тых, хто дрэнна чуе, і глухіх, а таксама інвалідаў-вазочнікаў. Праца ішла ў чатырох напрамках: тэатр, музычныя імпрэзы, трэнінгі і майстар-класы.

Дзейнасць тэатру практычна з самага пачатку была звязаная са спектаклямі для людзей з дадатковымі патрэбамі. Праз год ад яго заснавання мы выйгралі конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend. Там атрымалі свой першы грант: журы ўпадабала нашую прапанову зрабіць спектакль для невідушчых і людзей з праблемамі зроку. Збіраючы дакументы для абгрунтавання такой пастаноўкі, мы высветлілі, што на 2017 год у Беларусі было каля 25 тысяч асобаў з праблемамі зроку, і ўсе яны былі пазбаўленыя хоць нейкай магчымасці далучыцца да тэатральнага мастацтва.
Ідэяй спектаклю, у якім акцэнты са зрокавага ўспрымання перанесеныя на такія органы пачуццяў, як слых, нюх, дотык, зацікавіў мабільнага аператара “А1”. Пры іх падтрыманні ў 2018 годзе мы паставілі дзіцячы імерсійны спектакль “У казку можна і не верыць…” паводле п’есы Рагіма Мусаева, у аснове якой ляжала казка Андэрсана “Снежная каралева”. Тады мы змаглі набыць неабходнае абсталяванне, рэквізіт, замовіць спецыяльныя касцюмы, якія можна было “чуць” і адчуць навобмацак.

На жаль, узаемадзеянне з “А1” на тым нечакана і завершылася. Як сказаў мне адзін з менеджараў, гомельскае кіраўніцтва выставіла ўльтыматум: ці кампанія адмаўляецца ад супрацы з намі, ці ў яе будуць праблемы з працаю на Гомельшчыне. Мы чакалі нечага такога, бо да гэтага пакінулі дзяржаўны тэатр праз канфлікт з ідэолагам Гомельскага гарвыканкаму і разумелі, як да нас пасля гэтага будуць ставіцца гарадскія ўлады. Аднак працягвалі рабіць сваю справу.

Рэпертуар хутка павялічыўся да пяці імерсійных спектакляў для дарослых і дзвюх казак для малечы. У нас не было людзей у штаце, але пры тэатры стала працавалі 8 чалавек, якія займаліся ўсім – ад стварэння рэквізіту, касцюмаў і да выхаду на сцэну. Да таго практычна ў кожнай пастаноўцы былі задзеяныя два, тры акторы з гомельскіх дзяржаўных тэатраў.

І гэта амаль пры поўнай адсутнасці інфармацыйнага падтрымання мясцовых медыяў! Даходзіла да смешнага: пра Team Theatre актыўна расказвалі рэспубліканскія газеты і часопісы, здымала сюжэты пра наш праект цэнтральнае тэлебачанне, у той час як у Гомлі ніводнае выданне не мела права браць у нас інтэрв’ю.

На апошні інклюзіўны баль, якога нам так і не далі правесці, збіраліся завітаць 250 чалавек
Мы ж працягвалі працаваць, бо ўжо дакладна бачылі сваю мэту – стварыць нейкую інклюзіўную прастору ў Гомлі. Мы адчувалі запатрабаванасць публікі. Прынамсі на апошні інклюзіўны баль, якога нам так і не далі правесці, збіраліся завітаць 250 чалавек. Такога кшталту імпрэза для людзей з дадатковымі патрабаваннямі магло стаць найбуйнейшым у Гомлі, а можа, і не толькі ў ім.

Рэзананс ад дзейнасці Team Theatre не дазволіў гомельскім уладам проста так ад нас адмахнуцца. Ім давялося прызнаць існаванне тэатру, што займаецца інклюзіяй. У 2019-м дзяржава выдала нам залу на 45 месцаў пры Палацы культуры “Беліцкі”.

У 2020 годзе мы марылі рабіць у тэатры больш, чым тады было можна. Па-першае, хацелася, каб спектаклі былі даступныя большай колькасці людзей. Па-другое, інклюзіўнаму тэатру не дапякала цэнзура, аднак добра адчувалася: калі паставім нешта не так, як падаецца “правільным” чыноўнікам, то страцім пляцоўку. Таму мы поўніліся спадзяваннямі, што з беларускіх тэатраў знікне замацаваная ідэалагічная структура і пастаянны кантроль.

Вядома, мы з жонкаю разумелі, што нашыя чаканні даволі эфемерныя. Было б надзвычай проста, калі б усе праблемы ў культуры Гомельшчыны спараджаў нейкі адзін чалавек. Тады яго можна было б пасунуць – і ўсё адразу б змянілася. Не ведаю, як у іншых гарадах, але ў Гомлі доўгія гады існавала вялікая закасцянелая сістэма, якая цалкам адсочвала, што можна ставіць, каго браць ці не ў тэатр. Імгненна змяніць такі механізм надзвычай складана.

Да таго ж у краіне з пэўнага часу культуру падмянялі ідэалогіяй, і апошняя паступова сталася галоўным крытэрам працы творцаў. Для гэтай мэты яшчэ ў канцы нулявых па ўсёй краіне аддзелы культуры ператваралі ва ўпраўленні ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі, а на пасады іх кіраўнікоў усё часцей пачалі прызначаць ідэолагаў.

Аднак у 2020-м у нас, як і ўва ўсіх, была глабальная надзея, усё здавалася аптымістычным і досыць рэальным. Пачынаючы з траўня таго года, мы актыўна бралі ўдзел у палітычным жыцці краіны, а таксама будавалі вялікія творчыя планы. Акрамя інклюзіўнага балю, літаральна ў верасні таго года павінна была адбыцца прэм’ера з удзелам невідушчых актораў. Аднак адным росчыркам пяра нашыя памкненні былі перакрэсленыя.
Давялося папрацаваць сантэхнікам
У жніўні праз актыўную грамадзянскую пазіцыю нас пазбавілі той самай доўгачаканай пляцоўкі. За гады працы Team Theatre разжыўся касцюмамі, дэкарацыямі, тэхнікай – гэта ўсё давялося прыстройваць па знаёмых. У нас з жонкаю засталася адзіная крыніца існавання – праца на чвэрць стаўкі ў Гомельскім цэнтры інклюзіўнай культуры. Маючы трох дзяцей, жонка атрымлівала 60 долараў, а я крыху больш – 90. Аднак усё яшчэ спадзяваліся на перамены. Працягвалі весці актыўнае грамадскае жыццё, пакуль нам адкрытым тэкстам не сказалі: даражэнькія, калі цягам двух тыдняў вы не з’едзеце з Беларусі, будзеце таптаць нары.

Тэрмін быў жорстка пазначаны, але ў нашым календары праз дзень ад таго дэдлайну значылася прэм’ера з акторам, у якога моцнае парушэнне слыху, у Цэнтры інклюзіўнай культуры. Ці маглі мы яго кінуць?! На спектаклі мы чакалі, што нас вось-вось забяруць. На нашае шчасце, здолелі адыграць гэты паказ, а наступным днём выправіліся ў Польшчу.

Калі шчыра, тыя першыя паўгода ў Варшаве былі для нас сапраўдным кашмарам. Мы з’ехалі практычна ні з чым, на новым месцы трэба было ўсё пачынаць з нуля. Ішлося даслоўна пра выжыванне, таму я браўся за любую працу. Давялося пабываць сантэхнікам, мерчандайзерам, статыстам на здымачных пляцоўках. Але нават у такіх акалічнасцях мы з жонкаю працягвалі валанцёрыць для Беларусі: агучвалі ролікі, рабілі дабрачынным арганізацыям сайты.

Гэта быў наш парыў. Натуральна, мы хацелі дапамагчы і рабілі што маглі.
Праблема шмат якіх беларускіх актораў за мяжою – татальнае няведанне мовы
Глынуць свежага паветра ўдалося, толькі трапіўшы на рэзідэнцыю ў польскі тэатры TR Warszawa. У яе межах мы выпусцілі свой першы спектакль у Польшчы – “Вярцінскі. Эміграцыя”. Гэты матэрыял выбралі арганізатары, мы ж разам з яшчэ адной акторскаю параю з Беларусі – Андрэем і Дар’яю Новікамі – дадалі да выказванняў Вярцінскага свой эмігранцкі досвед.

Падчас рэзідэнцыі нам з жонкаю пашчасціла адглядзець увесь рэпертуар TR Warszawa. Амаль пасля кожнага спектаклю гаварылі адно аднаму: “Вось гэтак сама мы рабілі ў Гомлі!” Мы прытрымліваліся такога ж пошуку нечага новага, некласічнага. Толькі ў Варшаве творчы эксперымент падмацаваны шыкоўнаю матэрыяльнаю базаю, чаго нам у Гомлі вельмі бракавала. Тут мы слінкі глыталі: з годным тэхнічным забеспячэннем відовішча атрымліваецца больш эфектным, таму ўзаемадзеянне з гледачом узмацнілася разоў у пяць!
Занурэнне ў тэатральную прастору дапамагло нам ізноў паверыць у свае сілы. Праблема шмат якіх беларускіх актораў за мяжою – татальнае няведанне мовы. Складана ўбудавацца ў тамтэйшае тэатральнае асяроддзе, калі не можаш карыстацца галоўнай акторскаю зброяй – словам. Вядома, можна спрабаваць выстройваць фокус сваёй працы выключна на такіх жа эмігрантаў, як і ты сам. Аднак хочацца большага: стацца паўнавартасным чальцом тутэйшага грамадства. У тым ліку мастацкага.

Рэзідэнцыя натхніла нас з жонкаю пачаць ізноў складаць творчыя планы. Пры падтрыманні Беларускага моладзевага хабу мы атрымалі грант, з дапамогай якога аднаўляем Team Theatre. 4 і 5 чэрвеня на сцэне TR Warszawa загучыць перанесены з Гомля спектакль-занурэнне “Вераскавы мёд” паводле п’есы гомельскага драматурга Ульяны Міхальцовай. Хто б мог падумаць, што балада Стывэнсана пра годнасць, гонар і высакароднасць так актуальна загучыць на фоне падзеяў ва Украіне…

Аднак нават трагічнае заканчэнне літаратурнай гісторыі ўсё роўна дае надзею: мы імкнемся расказаць, што, як бы жудасна ні было, чалавек з усім зможа справіцца. Нават у сітуацыі, калі, здавалася б, выхаду няма.
Спрабуем зрабіць частку тэксту па-польску, каб пастаноўка была даступная і мясцовым гледачам
TR Warszawa просіць зрабіць “Вераскавы мёд” яшчэ і з польскімі акторамі, каб пакінуць наш спектакль у рэпертуары іх тэатру. З замежнымі калегамі цікава працаваць, хоць, відавочна, ёсць нюансы. Беларуская і польская акторскія школы крыху адрозніваюцца ў тэхнічных момантах, напрыклад, у падачы голасу. Складана апісаць гэтыя тонкасці, аднак на сцэне, калі на адной пляцоўцы сыходзяцца польскі і беларускі артысты, адразу – незалежна ад мовы, на якой гаворыць чалавек, – робіцца ясна, хто з двух – беларус. Праз гэта неяк па-іншаму выбудоўваецца нават сюжэтны канфлікт, самі адрозненні дадаюць новыя адценні ўсёй пастаноўцы, таму я імкнуся іх захоўваць.

Мы яшчэ не так шмат узаемадзейнічаем з польскаю тэатральнаю грамадскасцю, аднак тыя дзеячы, з якімі мы перасякаліся, сапраўды натхняюць. Я бачу, як у польскім калектыве ўсе зацікаўленыя вынікам, разам робяць адну справу і нікому не напляваць на будучую пастаноўку. Адразу ўспамінаюцца айчынныя дзяржаўныя тэатры. Прынамсі я змяніў тры і раз за разам сутыкаўся з тым, што кожны з цэхаў займаецца нечым сваім. Стандартная карціна: рэжысёр песціць задуму, акторы рухаюцца ў сваім напрамку, спектакль жыве ўвогуле адмысловым жыццём. У польскім тэатры такога і ўявіць нельга.

Да слова, мы і самі спрабуем зрабіць частку тэксту па-польску, каб пастаноўка была даступная і мясцовым гледачам. А на прэм’еру запрашаем кіраўніцтва таварыства невідушчых Польшчы. Спадзяемся, што пасля прагляду яны зацікавяцца супрацай. У Польшчы для нас сапраўды вялікае поле для дзейнасці, бо такіх паўнавартасных атмасферных спектакляў мы тут пакуль не сустракалі.
У замежжы беларускія акторы адно аднаго вельмі падтрымліваюць
Акрамя рэпетыцыяў на сцэне TR Warszawa “Вераскавага мёду”, мы з Алесяю бяром удзел у чарговай паўгадавой рэзідэнцыі. Яшчэ рыхтуемся да магчымых гастроляў у Нямеччыну. Мы цалкам занураныя ў творчы працэс, таму часу на нешта яшчэ амаль не застаецца. На сямейнай нарадзе пастанавілі, што Алеся часова прыпыніць сваю валанцёрскую дзейнасць. Яна шмат якім арганізацыям дапамагала, але гэта праца забірала ў яе час і ад творчасці, і ад сям’і. Цяпер жа хочацца сканцэнтравацца на галоўнай справе нашага жыцця.

Дарэчы, у Варшаве не пакідае адчуванне, што большасць айчынных актораў – за межамі Беларусі. Прычым з’ехала найлепшая частка творцаў. І скажу: беларускія акторы адно аднаго вельмі падтрымліваюць, пачынаючы ад фінансавай дапамогі і заканчваючы творчымі праектамі. Першапачатковы эмігранцкі шок паступова мінае, таму мы паціху пачынаем узаемадзейнічаць.

Нарастае агульнае жаданне зрабіць у замежжы беларускі тэатр.

З’яўленне ў польскай афішы назвы Team Theatre дае нам надзею, што ўсё ў нас павінна атрымацца. Ёсць адчуванне: калі тэатр не памёр, то і мы зможам вярнуцца.

Цяпер я добра разумею, якім можна задумаць спектакль у Гомлі, калі б там мець тыя пастановачныя магутнасці, што ёсць у Польшчы. Насамрэч для плённай працы было б дастаткова, калі б у мяне з’явілася магчымасць ствараць дома тое, што я раблю ў Варшаве.

Досвед нечаканага пераезду за мяжу, спробы пачаць усё нанава вучаць не адступаць і не здавацца. Насамрэч гэта каласальны досвед і моцная праверка: а ці сапраўды ты можаш? Ці займаўся тым, чым павінен?

Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты