Важны таксама і дыялог з Богам. Бо я па сабе разумею, што рэсурсу асабіста ў мяне часам не стае. Як можна рэагаваць на забойства дзяцей на вайне? Зразумела, што песня не дапаможа, ні вясёлая, ні сумная. Але Богу можна скардзіцца, жаліцца, на яго можна крыўдаваць, крычаць. Гэта таксама альтэрнатыўны пункт, апірышча. Бо, калі ты маеш талент веры, умееш весці дыялог з Богам, то не цалкам залежыш ад міліцыі, начальніка і свайго настрою. Штонядзелю ідзеш у касцёл, царкву – і гэта застаецца нязменным.
Выконваеш свой звычайны рытуал: становішся на калені, жагнаешся. Гэта таксама табе нагадвае пра тое, што жыццё працягваецца. Ты так рабіў у Мінску, калі не было вайны. Ты так робіш сёння і будзеш рабіць праз тыдзень. І гэтае дзеянне звязвае цябе з нармальнасцю.