Пасля 9 жніўня, вядома, я апынуўся на вуліцы, з людзьмі. Пакуты вельмі моцна наблізіліся да мяне. Хлопец маёй малодшай дачкі ў ноч на 13 жніўня быў да паўсмерці збіты ў аўтазаку, апынуўся ў рэанімацыі. Паўтара тыдня я два разы на дзень ездзіў у шпіталь хуткай дапамогі, адвозіў і забіраў дачку. Я быў укінуты ў гэты кацёл і стаў браць удзел у ланцугах, шэсцях, канцэртах... Мяне распазналі на відэа і 21 кастрычніка пасадзілі на 13 содняў.
Я не ставіў сабе задачы напісаць дзённік рэвалюцыі. Проста так склалася. Сапраўды, энергіі было вельмі шмат вакол, шмат крэатыву, мы ўсё гэта перажывалі. І, безумоўна, для мяне ўва ўсім гэтым было шмат шчаслівага. Адкрыццё новых людзей, новых стасункі са старымі знаёмымі. Сустрэча з гэтаю новаю Беларуссю, калі ты раптам адчуваеш, што ўсе твае суседзі – гэта не проста цені, а людзі з жывою душою.
Руслан Вашкевіч неяк даслаў мне апытальнік што да мастацтва рэвалюцыі. Адказваючы, я даволі выразна сёе-тое для сябе сфармуляваў. Галоўная навізна пасля 9 жніўня – не толькі для паэзіі, а ўвогуле для мастацтва – гэта дзіўнае перажыванне адначасова каласальнай рызыкі і вялізнага шчасця. Гэта значыць, я шчаслівы ў творчасці тады, калі гатовы на рызыку.
Вось бубнач выязджае на вазку на марш. Усе ўцякуць – ён не ўцячэ. І ўсе гэта разумеюць, усе яму вельмі радыя. Хтосьці пераапрануўся ў карнавальны касцюм, стаў на хадулі – усе ўцякуць, ён не ўцячэ. І ён тут самы жаданы... Такая быццам паверка рызыкай, якую ўсе адчулі як праўду. Я рызыкую – значыць, я не проста займаюся мастацтвам нейкім лабараторным альбо келейным, а я далучаны. Бяру гітару, еду на дваровы канцэрт – я не ведаю, чым скончыцца мая прыгода, але гэта інтрыгуе. Трэба пераступіць праз свае страхі, фобіі. І калі ты гэта зрабіў – ты шчаслівы. Бо атрымаў зваротную рэакцыю, удзячнасць.
Гэта зусім не пустое, не павярхоўныя рэчы, гэта ў прынцыпе ўласцівасць мастацтва. Бо калі мастак, нешта паведамляючы, не рызыкуе, ён не можа разлічваць на сурʼёзную рэакцыю. Не толькі ў палітычным сэнсе, але і ў эстэтычным. Ён паведамляе нейкую навіну, небяспечную для сябе. І можа быць фіяска. Бо шмат разоў было так: ты рызыкуеш, нешта паведамляеш, і ўсё нібыта ў вату. Цяжка патлумачыць чаму. Ці то проста людзям страшна, і яны робяць выгляд, што цябе няма побач з імі. А можа, ты паведаміў нейкую вельмі складаную рэч, і яны яе не зразумелі. Ім проста падалося, што цвіркаў салавей… А тут ты кажаш – і цябе чуюць.
Для мяне было нейкім цудоўным падарункам, калі я пішу верш, не надта думаючы пра дасканаласць формы… Проста таму, што я ўзрушаны, мне вельмі страшна – за сябе і не за сябе. І ў такім стане пішу верш, вешаю ў Facebook, прачынаюся – а гэта ўжо перакладзена на англійскую і апублікавана ў англійскім часопісе! Атрымліваецца такая спалучанасць, звязанасць, вельмі багатае культурнае суперажыванне сітуацыі.