– Яна насамрэч ужо была ў чаканні пераменаў, асабліва маладая, асабліва асветніцтва, асабліва навукова-папулярны кірунак. Культура вельмі ўзбуяла перад 2020 годам, мне было цікава жыць у той час, я бачыла, што з кожным днём яна нешта прыбаўляе. Таму не тое каб беларускую культуру пераламала, проста яна ў мінулым годзе выбухнула. Усё, што адчувалася, хацелася, рыхтавалася, успыхнула.
Гэта перадусім, вядома, моладзь, бо старэйшае пакаленне – усё. Я бачу, што гэты час яно ўжо не можа ўсвядоміць, апісаць, адрэфлексаваць. Маладыя людзі ўвогуле значна больш карысныя для новай беларускай супольнасці, чым мы, старыя аскепкі, якія нарадзіліся ў СССР і цягнем за сабою шлейф патрыярхальных закідонаў.
Я лічу, памежныя сітуацыі для культуры – гэта добра. Хацелася б, каб і культурная супольнасць, і правілы паводзінаў у ёй таксама змяніліся. Бо гэта было непрыемнае месца, скажу па праўдзе. Людзі ў гэтай супольнасці як павукі ў слоіку, і ва ўмовах, калі мала чытачоў, гледачоў, спажыўцоў, тут узнікае досыць дробязная канкурэнцыя. Вельмі хочацца, каб па ёй прайшла вялікая калона з прыгожымі сцягамі і гэта ўсё вымыла.