« Гэтая кепская сітуацыя – лепш, чым калі б наагул нічога не адбылося »
Кучмейна
Яўген
Тэкст: ВК

Яўген Кучмейна

«Гэтая кепская сітуацыя – лепш, чым калі б наагул нічога не адбылося»

Тэкст: ВК

Яўген Кучмейна – хлопец з Іўя, шматгранны гродзенскі музыка, чые выступы больш нагадваюць эмацыйны шаманскі перформанс. Яўген мае дачыненне да шмат якіх яркіх гродзенскіх гуртоў. Ягоны асабісты творчы праект “.K” – сапраўдная з’ява ў беларускім андэграўндзе, прасякнутая музычнымі ды гукавымі эксперыментамі і дзіўнаю, захапляльнай энергетыкаю. Мы паразмаўлялі з музыкам пра тое, ці застаўся хтосьці па-за палітыкаю пасля жніўня 2020 года, пра страх, кампрамісы і надзеі на будучыню.
Яўген Кучмейна – хлопец з Іўя, шматгранны гродзенскі музыка, чые выступы больш нагадваюць эмацыйны шаманскі перформанс. Яўген мае дачыненне да шмат якіх яркіх гродзенскіх гуртоў. Ягоны асабісты творчы праект “.K” – сапраўдная з’ява ў беларускім андэграўндзе, прасякнутая музычнымі ды гукавымі эксперыментамі і дзіўнаю, захапляльнай энергетыкаю. Мы паразмаўлялі з музыкам пра тое, ці застаўся хтосьці па-за палітыкаю пасля жніўня 2020 года, пра страх, кампрамісы і надзеі на будучыню.
Гучанне Nirvana на касеце з шапіку было для мяне чымсьці несусветным
Маё першае сутыкненне з музыкаю здарылася ў гады тры. Мой баця – гадзіннікавы майстар. Памятаю, як завёў гадзіннічак: унутры круціўся маленькі бубен, бубнач ездзіў па грабянцы і атрымлівалася просценькая мелодыя. Ужо тады я адчуў, што нешта здарылася. Пасля ў целіку пачуў выступ Алы Пугачовай 70-х гадоў. Яна спявала “Мільён пунсовых ружаў”. Таксама Юрыя Антонава ды ягонае “Мора”. Гэткая цягніковая рамантыка, якая зафіксавалася ў памяці.
Музычная прыгажосць мяне настолькі бударажыла, што, здаецца, проста пераварочвала жыццё. Гэта як наркотык, які ты ўпускаеш у сябе, і ён як змей прасочваецца ў галаву, канвертуе мозг, і ты ўжо не можаш быць тым, кім быў раней.

У 1995-м, калі мне было 6 гадоў, у цэнтры гораду я пачуў у шапіку песню Nirvana “Come As You Are”. Гэта гучала так, што мяне проста пераклінавала. Памятаю, што ўнутры ўсё пахаладзела. З’явіўся страх: а што ж гэта такое, як пра гэта даведацца і дзе такое дастаць?
Мама мяне з другога класу аддала ў музычную школу. Два гады вучыўся граць на скрыпцы, пяць – на акардэоне, але мне вельмі не падабалася, мяне гэта нічога не кранала. Я так і не давучыўся. А вось гучанне Nirvana на касеце з шапіку было для мяне чымсьці несусветным. Я пасля ў сястры спёр такую касету, паслухаў. Там быў збор нявыдадзеных трэкаў, розныя трыб’юты на Грэга Сэйджа, гурт Kiss“Do you love me?”, Led Zeppelin, каверы, якія рабіла Nirvana. Гэта было вельмі моцна. Памятаю, прачнуўся на наступны дзень і зразумеў, што я іншы.
Мама мяне з другога класу аддала ў музычную школу. Два гады вучыўся граць на скрыпцы, пяць – на акардэоне, але мне вельмі не падабалася, мяне гэта нічога не кранала. Я так і не давучыўся. А вось гучанне Nirvana на касеце з шапіку было для мяне чымсьці несусветным. Я пасля ў сястры спёр такую касету, паслухаў. Там быў збор нявыдадзеных трэкаў, розныя трыб’юты на Грэга Сэйджа, гурт Kiss“Do you love me?”, Led Zeppelin, каверы, якія рабіла Nirvana. Гэта было вельмі моцна. Памятаю, прачнуўся на наступны дзень і зразумеў, што я іншы.
У шостым класе цётка падарыла мне першую гітару. Я гады два не мог навучыцца граць. Купіў навучальнік на рынку, але было складана. Тады сябар прынёс мне кніжку з песнямі Віктара Цоя з напісанымі акордамі. Новы выбух адбыўся, калі я змог сыграць першую песню. З таго часу вызначыўся, што прысвячу сябе музыцы. Мама вылучыла мне пакой, і там я займаўся творчасцю. У класе 8-м пачаў ужо прыдумваць штосьці сваё. У 2007 годзе скончыў школу, прыехаў з Іўя ў Гродна з думкамі стварыць гурт. І з таго часу я тут.
У доме я паставіў сабе намёт і жыў там, але ўсё роўна замярзаў
З адукацыі я выкладчык гісторыі і грамадазнаўства. Пасля сканчэння гродзенскага ўніверсітэту мяне накіравалі адпрацоўваць два гады ў вёску Суботнікі. Да мяне вельмі добра паставіўся калектыў. Разумеючы, што я хачу ездзіць у Гродна, мне зрабілі толькі чатыры рабочыя дні і не давалі класнага кіраўніцтва.

Я не вельмі добра навучаў дзяцей. Я не імкнуўся даць ім нейкай навучальнай базы, а стараўся зачапіць чымсьці цікавым, якасным. Паказаць і расказаць – пра музыку, літаратуру, стараўся зацікавіць іх чытаць кнігі.

У Суботніках каля 1000 людзей, дзяцей у школе было каля ста. Іх звозілі з усіх бліжэйшых вёсак. Я хадзіў на працу па 5–7 кіламетраў праз лес. І гэта былі адныя з найлепшых гадоў майго жыцця. Я ўзяўся пісаць альбом. Такую задачу я лічыў для сябе невыканальнай. Але ўсё ж зрабіў гэта.
Мне прапаноўвалі працоўнае жытло ў здвоенай кватэры, з суседзямі. Я адмаўляўся, бо хацеў граць – перашкаджаў бы іншым людзям. Шукаў які-небудзь закінуты дом наводшыбе, каб можна было спакойна займацца музыкай і нікому не перашкаджаць. І месяцаў праз 8 знайшоў. Жыць там было няпроста, спачатку было вельмі холадна. У доме я паставіў сабе намёт і жыў там, але ўсё роўна замярзаў. Але ўсё гэта было на карысць. Я тады адчуў, што такое быць дарослым, жыць аднаму, граць і рэалізоўваць сваю мару. Рабіць прыгожа, так, як мне падабаецца. І сябе было цікава выпрабаваць.

За пяць гадоў навучання ва ўніверсітэце, калі я жыў у інтэрнаце ў пакоі на 5 чалавек, я нічога свайго не змог прыдумаць.

Падчас адпрацоўкі ў Суботніках мяне папрасілі выступіць на раённым патрыятычным конкурсе ў Іўі, гэта быў 2013 год. Праверылі тэкст песні, але не чапляліся. Тэкст вельмі прыгожы, яны ўсе ў вёсцы рэлігійныя. Я прыехаў у Іўе, сыграў і атрымаў першае месца на конкурсе. А песня гэта была “Магутны Божа”. Пасля паехаў з ёй на абласны конкурс і сыграў там. Але ўжо не выйграў.

Калі ты не ведаеш усёй гістарычнай паднаготнай, то твор проста прыгожы. І ён класна іграецца – мне было вельмі прыемна яго выконваць. Я хацеў зрабіць класны канцэрт: каб і мне было файна, і каб людзі кайфанулі.
Найлепшым ганарарам за першы альбом стала крутое сяброўства, якое цягнецца дасюль
У Гродне я да 2019 года працаваў гукарэжысёрам на радыё “Гродна”. Сышоў адтуль, бо пасля 5 гадоў працы пабачыў, што ніякага развіцця для мяне там не будзе. Я сядзеў сабе ў кабінеце, да мяне ніхто асабліва не заходзіў, працу было рабіць не складана. Я зрабіў там шмат праектаў, рабіў сваю музычную праграму, практычна ўвесь час займаўся музыкаю. Гэта было кайфова. Але я пачаў проста чмурэць.

Рубішся на зэдліку і ў пэўны момант разумееш, што далей так нельга. З 2019 года пайшоў на вольныя хлябы.

Мой музычны праект “.К” з’явіўся ў 2011 годзе. “Кропка К” – гэта месца на мапе, куды я рухаюся. Канцэнтраваная, канкрэтная рэч, якая не дае мне згубіцца ў энтрапіі майго свету.
У мяне былі назапашаныя песні, я іх сабраў і выдаў свой першы альбом “ОК”. Гэта была самаробка: выдаў 20 асобнікаў і раздаў сябрам. Яны паслухалі і ацанілі маю творчасць, ды так, што мы і сёння разам, дапамагаем адно аднаму. Найлепшым ганарарам за гэты альбом сталася крутое сяброўства, якое цягнецца дасюль.

У Суботніках я запісаў другі свой альбом – “УніСон”. Апошні альбом “Ау” выдадзены ў 2019 годзе. Гэта найвышэйшы пункт майго сольнага развіцця. Над усімі гэтымі альбомамі працавала адная і тая ж каманда: людзі, з якімі я вучыўся ў 5А класе ў Іўі.
Пасля жніўня ці ёсць нехта, хто застаўся па-за палітыкаю?
Тое, што свет змяніўся, я адчуў, калі выбухнуў каронавірус. Такога не было ніколі. Ты глядзіш навіны і бачыш, што параноя распаўсюджваецца па ўсім свеце. Я быў у туры па Расеі ў гэты час. Калі ты ў дарозе, цябе не так параноіць. Мы прыязджалі ў новыя гарады, а людзей папросту не было на вуліцах. А калі нехта і сустракаўся, размаўлялі толькі пра каронавірус. На канцэрт у Валгаградзе прыйшлі тры чалавекі. Мне казалі тады: “Жэня, людзям не да тваіх песень”. Я ўпершыню адчуў, што свет робіцца іншым.

А пасля прыйшоў 2020 год, выбары. Нагнятанне атмасферы, што вось-вось нешта здарыцца, пачалося яшчэ ўвесну. Я сам быў апалітычным чалавекам. Але пасля жніўня ці ёсць нехта, хто застаўся па-за палітыкай? Іншае пытанне – ступень паглыблення. Я паглыбіўся настолькі, наколькі ўдалося. Я б не сказаў, што мне падабаецца заходні свет і капіталістычныя стасункі. Мне бліжэй сацыялістычныя ідэі. Але сістэма, пабудаваная ў Беларусі, дакладна не лепей. І наспеў час казаць пра гэта.

У той момант я быў больш палітычны, чым цяпер. Але цяпер я дакладна не пайшоў бы працаваць у Белтэлерадыёкампанію. Пасля таго, што здарылася, я не змог бы сабе гэтага дазволіць.
Цяперашні час мы будзем пасля доўга згадваць. Як, напрыклад, мужыкі за даміно ў дварах прыгадваюць, як два гады праслужылі ў савецкім войску. Але, безумоўна, у тых, хто страціў сваіх дзяцей, хто перажыў цяжкія прыніжэнні і гвалт, не будзе такога рамантычнага ўспрыняцця ды ўспамінаў. Для іх гэта будзе час, які хочацца забыць.

Цяпер, калі выйдзеш з плакатам выказаць сваё меркаванне, то практычна на 100 % прысядзеш. Для мяне гэта без сэнсу: ісці на такое дзеля таго, каб сесці. Бо за кратамі я нічога не змагу зрабіць. Салжаніцын казаў: “Якое шчасце, што Бог даў мне 7 гадоў катаргі: я стаў сапраўдным пісьменнікам!” Ці Ўільям Бэраўз, які забіў жонку, казаў, што без гэтага не стаў бы пісьменнікам [на адной з вечарынак Бэраўз паставіў шклянку на галаву жонцы Джоўн Волмэр і стрэліў з пісталета: ад трапляння ў галаву Джоўн загінула]. Забіваць жонку, каб стаць пісьменнікам? Ды ладна!
Наш цяперашні час дае шмат надзеяў. Хоць і стрыкотна
Гэты год быў выключны. Спачатку здавалася, што вось зараз пачнуцца змены. Пасля здавалася, што не, нічога не будзе. Пасля зноўку надзея, за ёй расчараванне. Арэлі. У пэўны момант стала канчаткова ясна, што зменаў пакуль не будзе, усё заціскаецца.

Я працаваў з рознымі музыкамі, якія прыходзілі да мяне пісацца ў студыю, і сярод усіх панаваў страх і параноя. Шмат хто з’язджае. Але гэтая кепская сітуацыя – лепш, чым калі б наагул нічога не адбылося. Калі б нічога не адбылося і ўсё прайшло як заўсёды, гэтае жыццё было б больш падобнае да смерці.

Тое, што людзі з’язджаюць, не варта ўспрымаць як паразу і канец усяму. Не, гэта не канец. У такі час з’яўляюцца новыя рэчы ў культуры.

Вазьміце пачатак ХХ стагоддзя: Шагал, Малевіч, баўгаўс [bauhaus – напрамак мадэрнісцкай архітэктуры, які зарадзіўся ў Нямеччыне ў 1919 годзе і стаў самаю прыкметнаю з'явай у дызайне ды архітэктуры XX стагоддзя. Прынцыпы школы і стылю bauhaus распаўсюдзіліся па ўсім свеце ды сталіся асновамі мадэрнізму].
Рахманінаў з'ехаў з СССР, але ён быў і вельмі крута лабаў на фано. Пракоф'еў не з'ехаў, і гэта таксама добра, хоць, можа, яму і цяжка жылося ў сістэме. Растраповічу дакладна цяжка жылося, але ён – дзіця той рэвалюцыйнай эпохі, і музыка ў яго абсалютна іншая. Ці згадайма электронны інструмент тэрменвокс, створаны ў 1920 годзе савецкім вынаходнікам Львом Тэрменам у Петраградзе. То бок савецкі чалавек, які бачыў Леніна, стаў пачынальнікам электроннае музыкі! Таму наш цяперашні час дае шмат надзеяў. Хоць і стрыкотна.

Цягам апошняга года, а калі яшчэ захапіць і час з’яўлення каронавіруса, адчуваеш, што Беларусь і наагул увесь свет – на зломе, у пераходным, магутным моманце. Нібыта гэта цяпер ХХІ стагоддзе пачалося, а не ў 2001 годзе. І гэтае пачуццё вельмі глабальнае, агульнае для ўсіх: для бабулі на лавачцы, для касіра ў краме – каго ні вазьмі. У дзеда майго толькі няма такога пачуцця – ён на хутары жыве. Але там і 20 гадоў таму было гэтак жа, як цяпер.
У сапраўдных творцаў кампрамісы не вітаюцца
Мне вельмі не падабаюцца спекуляцыі. Некаторыя гурты хайпуюць на тэме рэвалюцыі. Для сябе гэта трэба вельмі дакладна размяжоўваць: дзе спекуляцыя, а дзе выказванне ўласнай пазіцыі праз творчасць. Напрыклад, некаторыя спачатку кажуць, што мы па-за палітыкай, а калі на вуліцы выйшлі сто тысячаў, яны становяцца спевакамі рэвалюцыі, яшчэ і кліп здымаюць. Гэта спекуляцыя. А ўзяць нашага легендарнага Лявона Вольскага, дык ён як усё жыццё быў рэвалюцыянерам, так ім і застаўся. І цяпер вельмі дастойна праз музыку і песні выказвае сваю пазіцыю, застаўшыся сабою.
Мне вельмі не падабаюцца спекуляцыі. Некаторыя гурты хайпуюць на тэме рэвалюцыі. Для сябе гэта трэба вельмі дакладна размяжоўваць: дзе спекуляцыя, а дзе выказванне ўласнай пазіцыі праз творчасць. Напрыклад, некаторыя спачатку кажуць, што мы па-за палітыкай, а калі на вуліцы выйшлі сто тысячаў, яны становяцца спевакамі рэвалюцыі, яшчэ і кліп здымаюць. Гэта спекуляцыя. А ўзяць нашага легендарнага Лявона Вольскага, дык ён як усё жыццё быў рэвалюцыянерам, так ім і застаўся. І цяпер вельмі дастойна праз музыку і песні выказвае сваю пазіцыю, застаўшыся сабою.
Калі музыку дарагая ягоная творчасць, і там ёсць ідэя, то, вядома, ён мусіць выказвацца пра падзеі ў краіне. Але кожны з самога пачатку павінен дакладна для сябе вызначыцца з гэтым пытаннем, бо аднойчы можа наступіць момант, калі ты зразумееш, што частку жыцця пражыў нізка. І гэта будзе катастрофа.

За апошні год вельмі вырасла самацэнзура. Часта думаю, як сябе паводзіць, каб не асарамаціцца перад сабой і сваім сумленнем. Калі запрашаюць на канцэрце сыграць, арганізатары пытаюць: “А ў вас песні не палітычныя?” Але ў самых песнях самацэнзуры няма ніякай. Гэты момант нават не абмяркоўваецца. Што ты можаш сабе дазволіць, каб не адчуваць сябе пасля паршыва? Табе ж пасля самому гэта ўсё давядзецца спяваць усё жыццё.

У сапраўдных творцаў кампрамісы не вітаюцца, гэта кепска адлюстроўваецца на культуры. Свабода вельмі патрэбная творчасці, без яе ўсё бессэнсоўна. Без свабоды ты не можаш нічога нармальна зрабіць. Гэта як на пяску пачаць будаваць вялікі дом. Ты, можа, яго і пабудуеш, але на зыбкім фундаменце ён будзе прасядаць, разбурацца. І шкада ўкладзеных табою высілкаў.
Які ў салдата можа быць крызіс?
Пасля жніўня-2020 у мяне быў духоўны і творчы ўздым. Зіму я пражыў у садовым таварыстве “Смародзінка”. У доме адзін з катом. Пісаў песні. Напрыклад, адна з іх называецца “Смешны дзед”. Тэксты ішлі выдатныя. Я напісаў 17 песень – гэта новы альбом.

Столькі ўсяго зроблена за гэты час, проста ашалець! Я столькі за ўсё жыццё не зрабіў, як за апошнія два гады. Для мяне як для творцы гэта найлепшы час.

Чым магу дапамагаю гродзенскаму андэграўнду. Я маю досвед гукарэжысёра, таму запісваю розныя музычная праекты, апрацоўваю галасы для падкастаў. З Максімам Жбанковым запісалі аўдыякнігу – вельмі амбітны праект. Таксама апрацоўваў галасы для праекту “Апостраф”. Зрабіў з Марыяй Лапонай аўдыяспектакль. З Іллём Аронавым зрабілі spoken word паводле румынскага філосафа Эміля Чарана. Ён 40 хвілінаў вяшчае, а я ўкараніў электронную музыку і ўсё музычна абагаціў. Запісвалі ў студыі сольнік Алеся Дзянісава, я зводзіў усе трэкі. У 2021 годзе разам з выдатным музыкам Змітром Барысавым запісалі альбом “Король червей”.

І мне ўсё роўна, слухаюць гэты альбом ці не. Я ўключаю гэтую музыку – і яна мяне падтрымлівае.

Вось такі мой унёсак: раблю тое, што магу рабіць.

У мяне ёсць сябар, Ілля Аронаў. Кажу яму неяк, маўляў, Ілля, мне здаецца, у мяне творчы крызіс. Цяпер цяжкія ўмовы для творчасці, грошай няма, усё заціскаецца. Ён мне: “Жэня, які творчы крызіс? Гэта ў якіх-небудзь дэндзі можа быць творчы крызіс, а ты салдат фронту. Які ў салдата можа быць крызіс? Не дуры галавы”.

Страх? Вядома, прысутнічае, але ён не галоўны. Мне не трэба на працу падымацца ранкам з 2019 года. Паехаў на вёску, узяў дзве калонкі і кампʼютар, хлеба, капусты – самай простай ежы. І ў гэтай простасці ў мяне няма ніякага творчага крызісу. Калі ў мяне творчы крызіс, то таму, што вельмі шмат усяго ў мяне з’явілася: віяланчэль, гітара... Гук занадта кайфовы.
Я шчаслівы, бо магу рабіць музыку так, як хачу
Як творчаму чалавеку мне хацелася б сыходзіць ад няславы, але пры гэтым не думаць аб прызнанні. Цяжка займацца творчасцю, калі ты нікому не патрэбны. Асабліва калі гадамі робіш і адчуваеш: не, гэтага не дастаткова. Недаслухалі, недапрызналі, не далі дастатковага фідбэку.
З іншага боку, я шчаслівы, бо магу рабіць музыку так, як хачу. З мяне і патрабаванні невялікія, у мяне няма такой славы, як, напрыклад, у Міхалка. Слава абавязвае. Як казаў Ніцшэ: “Шчаслівым чалавекам можа быць толькі той, хто можа ацаніць тое, што мае”. Калі б мне сказалі, маўляў, Жэня, ты будзеш знакамітым, але згубіш свабоду рабіць тое, што ты хочаш, то я, напэўна, адмовіўся б ад славы.

Калі ты прызнаны, свабоду захаваць нашмат цяжэй. Гэта аксіёма.

З іншага боку, я шчаслівы, бо магу рабіць музыку так, як хачу. З мяне і патрабаванні невялікія, у мяне няма такой славы, як, напрыклад, у Міхалка. Слава абавязвае. Як казаў Ніцшэ: “Шчаслівым чалавекам можа быць толькі той, хто можа ацаніць тое, што мае”. Калі б мне сказалі, маўляў, Жэня, ты будзеш знакамітым, але згубіш свабоду рабіць тое, што ты хочаш, то я, напэўна, адмовіўся б ад славы.

Калі ты прызнаны, свабоду захаваць нашмат цяжэй. Гэта аксіёма.
Быць музыкам у Беларусі даволі тухла, асабліва ў параўнанні з Польшчай, Еўропай дый нават Расіяй. Перад пандэміяй у 2019 годзе я зрабіў тур па Расіі: Варонеж, Краснадар, Валгаград, Самара, Саратаў, Санкт-Пецярбург, Масква. Там усё нашмат весялей. У Беларусі я ездзіў выступаць у Мінск, у Гродна з выступамі складаней. З аднаго боку, ціснуць зверху, гэты калгас не дае нічога зрабіць. А з другога – і знізу нікому гэта не трэба. Я часам адчуваю сябе ў маргіналітэце. Сябры кажуць: “Ды ты проста ва ультраавангардзе, ты суперпрагрэсіўны!” Але гэта мы сябе так супакойваем. Мне хацелася б, каб больш людзей слухала розную якасную музыку, а не задавальнялася выступамі кавер-бэндаў у рэстаранах.

Неяк быў у Польшчы: ідзеш – побач у садзе нехта грае на фартэпіяна. У нас жа на цэнтральнай вуліцы гораду грае бабка на акардэоне. У таксі едзеш – слухаеш кальянны рэп пра тое, што твой пісталет не страляе. Выходзіш – чувак спявае пра “Батарэйку” пад гітару. Ну надакучыла ўжо гэтая песня, колькі ж можна! Ёсць, праўда, і файныя прыклады: напрыклад, трыа на балалайках у Гродне. Хочацца, каб такой вулічнай музыкі было больш.
Заўсёды трэба спяваць, а цяпер – больш як калі-кольвек
Калі мяне запрашаюць сыграць на канцэрце, першае маё пытанне да арганізатараў – ці магу я спяваць тое, што хачу. Калі так, то я сыграю паўсюль. Калі б мяне папрасілі выступіць перад міліцыянтамі, я б пагадзіўся. Пры ўмове, што буду выконваць, што палічу патрэбным. І што мяне не вырубяць на трэцім трэку. Я не займаюся забаўкамі, у мяне свая задача: абудзіць у чалавеку чалавечае. Арыентуюся на таго, хто перада мною сядзіць, і спрабую наладзіць правільны ўзаемны кантакт. Я ездзіў граць у жаночую калонію каля Гомля – і гэта быў вельмі цікавы досвед.

Сакураў казаў, што вельмі шмат жорсткасці ў сэрцах людзей. Зрабіць іх мяккасардэчнымі – гэта не прымусіць іх заплакаць, а зрабіць іх больш чуллівымі. За маім акном – бязлітасны бетон і бездухоўная тынкоўка. У людзей – тое самае, іхная “тынкоўка” не дазваляе наладзіць кантакту, выклікаць спачування. А музыка дапамагае вырваць чалавека з бетоннага стану ў чуллівасць, чалавечнасць.

Заўсёды, пакуль існуе жыццё і паветра, па якім можа ісці музычная вібрацыя, музыка павінна гучаць. І мастак не мусіць спаць. Не спі! Прачынайся, дзейнічай! Заўсёды трэба спяваць, а цяпер – больш як калі-кольвек. Трэба зрабіць так, каб нават цішыня зрабілася музыкай.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты