« Беларусы – самураі »
Шукюрава
Марына
(Руся)

Марына Шукюрава (Руся)

«Беларусы – самураі»
Руся (Марына Шукюрава) нарадзілася 15 сакавіка 1980 года. Скончыла факультэт міжнародных стасункаў. Пачынала музычную кар'еру як вакалістка гурта Indiga. Рок-князёўна па выніках 10-й "Рок-каранацыі". 18 ліпеня 2003 года ў складзе Indiga перамагла на фестывалі "Басовішча". Брала ўдзел у гурце Akana-NHS. Вакалістка Šuma. Пасля шчыльнай працы са штабам Віктара Бабарыкі ды актыўнага ўдзелу ў пачатку беларускай рэвалюцыі 2020 года выехала за мяжу.
Руся (Марына Шукюрава) нарадзілася 15 сакавіка 1980 года. Скончыла факультэт міжнародных стасункаў. Пачынала музычную кар'еру як вакалістка гурта Indiga. Рок-князёўна па выніках 10-й "Рок-каранацыі". 18 ліпеня 2003 года ў складзе Indiga перамагла на фестывалі "Басовішча". Брала ўдзел у гурце Akana-NHS. Вакалістка Šuma. Пасля шчыльнай працы са штабам Віктара Бабарыкі ды актыўнага ўдзелу ў пачатку беларускай рэвалюцыі 2020 года выехала за мяжу.
Мы – вялікі род
Мы – вялікі род
Я з мястэчка ў Гомельскай вобласці, з Церахоўкі. Там заўжды былі і Купалле, і Каляды. Так ці інакш народная культура была рэпрэзентаваная. Памятаю такі шчаўчок, калі я была маленькая, у перадшкольным дзяцінстве, апынулася на пахаванні адной са сваячак. А ў такім узросце не ўсведамляеш смерці. Ну, хтосьці памёр. Гэта было першае маё пахаванне ў жыцці. І туды прыйшлі плакальшчыцы. І калі яны загаласілі, уся сям’я пачала скавытаць і плакаць. Я адчула, як у прасторы штосьці змянілася. Нібы плакальшчыцы адкрылі штосьці ключыкам. І палілося. Мяне сітуацыя моцна ўразіла.

Калі сталела, згадвала гэты эпізод. Магчыма, менавіта ён паўплываў на тое, што я занялася вывучэннем народных спеваў і традыцыяў.
Песня была са мною заўсёды. Чаму я пастанавіла сумяшчаць з іншымі відамі і жанрамі мастацтва? Гісторыя такая. Мая маці пэўны час працавала валанцёркай у праграме "Дзеці Чарнобылю". Там не плацілі заробкаў, але дазвалялі раз-пораз адпраўляць дзіця на аздараўленне ў Еўропу. Замест ганарару такі падарунак. Маці мяне адпраўляла ў Італію, Нямеччыну, Аўстрыю. І кожны раз я там заўважала: калі людзі збіраліся разам, яны часта спявалі традыцыйныя песні. Мяне дзівіла: чаму ў нас такога няма, у чым паміж намі розніца? Я пачала думаць, што такое ў іх ёсць, а ў нас няма. І зразумела, што гэта нацыянальная ідэя.

Я ж займаюся традыцыйнымі спевамі, родавымі ўсялякімі практыкамі, вывучэннем каранёў, як на нас гэта ўсё ўплывае праз музыку, праз словы. І гэтак я адчула, што мы вялікае племя, увесь беларускі род. Хоць, паводле апытанняў маёй сям’і, у нас не назіраецца беларускай крыві. Мама азербайджанка, тата з Расіі. А сувязь ёсць.
Як прасякліся беларускаю нацыянальнай ідэяй
Як прасякліся беларускаю нацыянальнай ідэяй
Увогуле мая маці – змагарка. Яна ўцякла з азербайджанскай ісламскай сям’і ва ўзросце шаснаццаці гадоў, прыехала да сваякоў у Беларусь і тут засталася будаваць сябе нанова. Ведаючы, што ад яе адцураецца бацька, сям’я.

Уявіце: у Азербайджане ў той мясцовасці, дзе маці хадзіла ў школу, калі хлопчык сядзеў на лаўцы, пасля ўстаў, а на цёплае ад попы месца села дзяўчынка, яе пужалі, што яна зацяжарыць. Што яна прастытутка і што ж такое нарабіла – села пасля хлопца!

Мая маці сказала сваёй маці: "Мне свабода даражэйшая!" Яна фактычна першая феміністка ў нашай сям’і. І для мяне свабода – прыярытэт. Таму цяжка доўга заставацца ў стасунках.

Маці некалькі разоў была замужам. І свой другі шлюб яна ўзяла з мужчынам, які выкладаў гісторыю. Ён быў вельмі беларускаарыентаваны. У нас у сям’і былі дні беларускай мовы. Сям’я расійскамоўная, але мяне вучылі і беларускай мове, павазе да яе і шанаванню беларускіх традыцыяў.
Таксама мяне рыхтавалі да актыўнай палітычнай пазіцыі. Калі мне споўнілася 18, айчым сказаў: "Можа, у партыю ўступіш?" – "Якую?" – "Моладзь любіць, дзе за легалізацыю марыхуаны. Ідзі ў Партыю зялёных".

Пасля я закахалася ў актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пачала там тусавацца. Расчаравалася, калі пабачыла як усё гэта знутры выглядае, як размяркоўваюцца грошы. І пастанавіла проста быць актыўнаю грамадзянкаю без прыналежнасці да арганізацыяў.

Зразумела, што хачу сеяць зерне беларускасці праз культуру, музыку.
Музыка: начны клуб, Хаменка, Хадановіч
Музыка: начны клуб, Хаменка, Хадановіч
Спецыяльна музыцы не вучылася, гэта мой дар.

У Мінск на навуку мяне спакусіў Алег Хаменка [стваральнік і лідар рок-фолк гурта "Палац". – Заўвага рэд.]. Я сабе вучылася ў Рэчыцы ў педагагічным каледжы на выкладчыцу беларускай мовы і літаратуры ды англійскай мовы і літаратуры.

Аднойчы пайшла ў начны клуб на спеўны конкурс. Перамагла і пачала выступаць там. У той клуб прыехаў з праграмаю "Палац". Алег Хаменка пачуў мяне: "Ты такая таленавітая! Табе трэба ў Мінск! Рэчыца не твой узровень!" Так паехала ў Мінск і знайшла там рок-гурт Indiga.

У Мінску ў БДУ ў мяне сусветную літаратуру выкладала жонка Андрэя Хадановіча – Марына Шода. Яна, такая, кажа: "Штосьці вы, Шукюрава, прагульваеце заняткі". Я распавяла пра музыку, пра рэпетыцыі. Марына даравала мне прагулы. Але прапанавала, каб ейны муж пераклаў расійскамоўныя тэксты нашага гурта Indiga на беларускую мову.

Мы паехалі на "Басовішча" і ўсіх там парвалі. Гэта быў моцны фемінісцкі праект.

Андрэй Хадановіч і Марына Шода – мае хросныя бацькі як беларускамоўнай артысткі. Цяпер, калі ў Šuma нейкі поспех, я заўсёды пішу гэтай сям’і: гэта і ваш унёсак! Тут цэлая традыцыя падзяляць разам поспех.
Гук і свядомасць
Гук і свядомасць
Раней мы не так заўважалі патрэбаў у сваім нацыянальным, бо ў Беларусі пануе расійскі і расійскамоўны кантэнт. Серыяльчыкі, артысты і ўсё што заўгодна – збольшага расійскай вытворчасці.

Пазней, пасля таго як я занялася музыкаю, мяне зацікавіла псіхаакустыка: як музыка і гук уплываюць на свядомасць чалавека, на паводзіны, эмацыйныя рэакцыі. Як на стан чалавека ўплывае слова, розныя мовы.

Таму я зацікавілася і музычнаю тэрапіяй, і вакальнаю тэрапіяй. І менавіта тым, як працуе ў псіхалагічнай тэрапіі карнявая культура. Чаму, напрыклад, мы слухаем афрыканскія шаманскія скокі пад бубен – і нашае цела само ўстае ды танчыць. Альбо калі мы слухаем індыйскія рагі [рага – музычная эстэтычная і этычная канцэпцыя. – Заўвага рэд.] ёсць такое адчуванне, нібы халодны дымок у сэрца пайшоў. Нешта такое лёгкае, прыемнае. А як мы перажываем праслухоўванне беларускіх спеваў? Я пачала паглыбляцца ў тэму.

Ужо скончыўся мой рок-гурт Indiga, надакучыла мне рок-н-роліць. Я шукала сабе новае месца ў музыцы. Бо мне стала проста сумна. Быў перадоз гітарамі, гостэламі, таннымі гастролямі, валасатымі хлопцамі ў татухах. Аднойчы ўсё гэта перастала мяне радаваць.
І дасюль я не люблю гітараў, жывых бубнаў. Люблю голую акапэльную музыку альбо джаз. А самая ўлюбёная – электронная музыка.

Я знайшла сабе месца ў этнічных спевах, афігела, калі пачала вывучаць іх прафесійна. Наколькі гэта складаная культура! Сучасныя беларусы збольшага ведаюць штосьці кшталту "Цячэ вада ў ярок". [Тут Руся робіць прыклад іншага вельмі складанага для выканання спеву.] А вось такога няма нідзе, ні ў адной спеўнай культуры.

Я шукала шлях, як сваё захапленне данесці да людзей, падобных да мяне. З падобнымі эстэтычнымі, наагул культурніцкімі запытамі. Але гэтыя людзі не пойдуць у бібліятэкі чытаць кніжкі. І я стварыла свой праект Šuma – як мосцік ад традыцыяў да сучаснасці. Хадзіў чалавек на рэйвы, а тут на рэйве раптам "Колядо, ой колядо!". І так ён далучыўся да старадаўняга.

У нас недастатковае веданне сваёй карнявой культуры. Але ў беларускім грамадстве ёсць запыт на такія веды. І ў 2020 годзе гэтая патрэба сталася відавочнаю.
Швейцарскі досвед: беларусы як свежая кроў
Швейцарскі досвед: беларусы як свежая кроў
Мы прапрацавалі ў Швейцарыі 10 гадоў. Наездамі на гастролі і на запісы.

Важная гісторыя, чаму мы з дзяўчатамі апынуліся ў Швейцарыі. Там каласальнае падтрыманне культуры. Кожны грамадзянін і юрыдычная асоба 1 % са сваіх падаткаў аддае на культуру. І вось у Швейцарыі пачалі думаць, чаму ў іх няма такога культурніцкага прадукту, які б падкрэсліваў менавіта швейцарскую адметнасць. Каб ён быў эмблемаю, брэндам усёй краіны.

А карнявая швейцарская культура пабудаваная на культуры Альпаў. Апроч швейцарцаў, Альпы – гэта і французы, і немцы, і аўстрыйцы, і славенцы, і італьянцы. Незразумела, як з гэтай альпійскай мультыкультурнасці вылучыць штосьці ўласна швейцарскае. І запрасілі нашае трыа Akana – свежую кроў беларускую ў швейцарскі джаз.

Я адразу заўважыла, што еўрапейская публіка глядзіць на нас, як мы на індусаў ці афрыканцаў. Няма кантакту на адным узроўні. Швейцарцы такія свецкія ды адукаваныя, а мы такія сяляне са сваёй традыцыйнаю культураю. То бок гэта цікава, але не было дыялогу на роўных.
Я распавядала перад выступам аўдыторыі, што вывучаю дахрысціянскую культуру, жаночыя спевы праз прызму фемінізму. Як у такі спосаб выглядае фігура жанчыны. Чым яна жыве, як яна ставіцца да мужчыны. Што для яе сям’я, хоча яна брацца шлюбам ці не. Якія стасункі паміж жанчынамі, ці ёсць там тэма сястрынства і жаночай кансалідацыі. Падчас выканання пускала цітрамі пераказ зместу песні. Вось так мы сталі размаўляць на роўных.

Швейцарыя захапляецца дасюль. Ідзеш па Бэрне – людзі цябе пазнаюць: "О! "Казальпэль!" [назва праекту: швейцарскія музыкі + тры галасы з Беларусі. – Заўвага рэд.].

Швейцарскі досвед даў мне зразумець важныя рэчы. Напрыклад, некаторыя суседзі беларусаў называюць нашых людзей гопніцка-зонаўскім словам "цярпілы". Я думаю, што беларусы ў першую чаргу адаптыўныя.

Гэта не "цярпілы", гэта самураі.
2020-ы: здзіўленне, надзея, эйфарыя
2020-ы: здзіўленне, надзея, эйфарыя
Я вельмі здзівілася, калі пабачыла, колькі людзей прыйшло на выбарчыя ўчасткі ўвечары 9 жніўня, каб аспрэчыць афіцыйную версію вынікаў выбараў. Здзівіла, як шмат людзей выйшла на вуліцы. І я адчула: о, штосьці новенькае!

Бо заўсёды былі змагары, але раней ты збольшага ведаў, хто выйдзе. Актыўны пласт быў заўважны. Тут выйшлі новыя людзі, і я адчула, што зусім па-іншаму можа развярнуцца гісторыя. Так і адбылося.

У мяне было вельмі шмат надзеяў. І эйфарыя, якую я адчувала падчас шэсцяў… Гэта немагчыма параўнаць ні з якім псіхадэлічным досведам.

Можа быць, гэта гучыць досыць дзіўна, але я вельмі ўдзячная свайму лёсу і часу за тое, што я мела доступ да гэтых перажыванняў. Бо да рэвалюцыі я думала: ну што для мяне Беларусь? Гэта радзіма, гэта кантэкст, кантэнт, народная творчасць. Але я не адчувала сябе часткаю нацыі. Мне падавалася, што нацыя – гэта філасофскі канструкт для маніпуляцыі грамадскаю свядомасцю.

Але калі я першы раз апынулася ўсярэдзіне шэсця, гэта быў вельмі моцны досвед. На ўзроўні і цела, і мыслення. Эмацыйна гэта проста невераемны шок. Я адчула, што такое нацыя: нібыта я ведаю гэтых людзей даўно.

Гэта была як святая оргія. Не ведаю, як гэта лепей апісаць. Калі цела трымціць, калі ў кожнага закаханы, калі вочы ў вочы, твае грудзі распірае ад гэтага натхнення, ад любові, захаплення, надзеі, веры. Ўаў! Псіхолагі тлумачылі гэта так, што звычайны трывожны беларус, калі трапляе ў шэсце, – як пад кайфам. І людзі падселі і хадзілі.
Жаночая рэвалюцыя ў Беларусі
Жаночая рэвалюцыя ў Беларусі
Я ўдзельніца самай першай акцыі жанчын у белым на Камароўцы. Тады да мяне прыехала сястра. Мы такія ўсхваляваныя, плакалі, схавалі тэлефоны ў прадавачкі на рынку, напісалі ёй нумар: “Калі прыйдзе такі хлопец, аддайце яму”. На выпадак, калі нас павяжуць.

Было страшна і прыемна адначасова.

Разважаючы пра тэму жанчын у рэвалюцыі, хачу сказаць словамі Вольга Шпарагі. Цытата не дакладная, але агульная думка такая: у Беларусі скончыўся патрыярхат, калі Лука пачаў саджаць жанчын за краты. Бо ён прызнаў у жанчыне моц палітычнага суперніка. І ўвогуле ўбачыў фігуру жанчыны ў палітычным полі.
Хто будзе адказваць за дачку?
Я выехала з Беларусі 28 жніўня 2020 года. Увогуле думала займацца рэвалюцыяй. Але яшчэ да жніўня мяне гэта моцна выматала. У жніўні я была поўная параноі, страху. Хадзіла да турмы на Акрэсціна, чула як крычаць мужчыны, якіх збіваюць. Гэта трындзец. Гэта мяне моцна падкасіла.

З іншага боку, я мела перад сабою шмат вінаватасцяў, што я праводжу вельмі шмат часу на вуліцы, што мяне няма з дачкой Аяй [на той момант дачцэ было паўтара года. – Заўвага рэд.]. Я сваё жыццё падзяліла: на 2-3 дні – на рэвалюцыі, а дзень удома пабыць мамай, адпачыць.

Нас так шмат, пасля – так небяспечна, пасля – нас зноў шмат… Гэтыя арэлі псіхічнага стану мяне проста даканалі. Я напужалася, што магу страціць розум. Калі паедзе дах і са мною што-небудзь здарыцца, хто будзе адказваць за дачку?
А да таго я працавала для каманды агітатараў штабу Віктара Бабарыкі. Заняткі праз Zoom, дзе я вучыла кіраваць голасам. І цяпер гэтым трэнінгам зарабляю: як спіч-коўч і вакальная тэрапеўтка. Людзей таксама трэба было натхніць, у нас былі вельмі гарачыя размовы. Што трэба зрынуць рэжым, што трэба з Лукою разабрацца. Усё гэта было на відэа.

А пасля пачаліся ператрусы ў офісах Бабарыкі, выманне камп'ютараў. Потым абвесцілі, што будзе закрытая мяжа з Украінаю.

Вось так усё сабралася ў адно для прыняцця рашэння: з’ехаць.
Кіеў: каханне, творчасць, натхненне
Кіеў: каханне, творчасць, натхненне
Мы паехалі ў Кіеў: я, дачка і мама, якая пагадзілася быць няняй. Хацелася троху апрытомнець, і далей працаваць з больш бяспечнай дыстанцыі. Трэба было псіхалагічна ачуняць. Бо яшчэ доўга пасля маіх паходаў на Акрэсціна маё цела сціскалася, як я бачыла любога мужыка спартовага выгляду і вайсковай выпраўкі. Ці проста высокага крэпкага дзядзьку.

А ў Кіеве ў мяне жывуць вельмі блізкія сябры, якіх я лічу сваёй сям’ёй. У жыцці ёсць бацькі ад прыроды, а ёсць сям’я, якую мы сабе абіраем. Мае ўкраінскія сябры вельмі актыўныя палітычна. І з працаю дапамаглі. Апроч вакальных трэнінгаў, я зарабляю яшчэ з музычных выступаў, а таксама яшчэ крыніца даходу – агучванні. "Паважаныя пасажыры, цягнік Мінск – Гомель адправіцца ў 13 гадзін 15 хвілін" [голас Русі вы часта маглі чуць на беларускай чыгунцы. – Заўвага рэд.].
У Кіеве я таксама вакзалы агучвала. Украінскія знаёмыя прыходзілі, глядзелі: "Вось гэта праца!" Стаяць, як робат чытаць. Там жа трэба трымаць тэмп. Тон голасу, характар. Сябры далі мне ў карыстанне офіс у цэнтры Кіева. За апошнія гады гэта быў самы напоўнены перыяд кіеўскага жыцця: каханне, творчасць, натхненне. Прыгоды, блізкасць, любоў.

Было вельмі класна.

У Кіеве мы пражылі паўтара года. Дачка пераехала з Мінску, калі ёй было паўтара. І яна памятае сябе кіяўлянкаю.

Калі пачалася вайна… У такім шоку бацькі не фільтруюць, што яны кажуць, якія навіны глядзяць. Мы сядзелі перад целікамі, утаропіўшыся ў экраны. Сваім дзіцячым розумам дачка была ўлучаная ў кантэкст. Яна разумела, што Кіеў нехта крыўдзіць, што адбываецца штосьці нядобрае. Штодня пытала, як там Кіеў, ці па-ранейшаму дрэнныя людзі крыўдзяць яго, калі мы паедзем яго ратаваць і аднаўляць.
Беларусы
Беларусы
Нацыя інтравертаў. Але калі здараецца нейкі гамон, то адразу ўсе выходзяць дапамагаць адно аднаму. Таксама са спеваў і проста жыццёвых назіранняў беларусы для мяне – дзэн-будысты.

Яшчэ пра беларусаў кажуць – мая хата з краю. А ў нейкай фальклорнай экспедыцыі я даведалася поўнае выслоўе: мая хата з краю, першым ворага стракаю. І гэта цалкам перакуліла маё ўяўленне пра беларусаў.

Яшчэ беларусы вельмі паважаюць прыватныя межы. Гэта так крута!

Я лічу беларусаў шляхетнаю нацыяй. І падчас катаклізмаў у людзей больш абвострана працуе магічнае мысленне. Дык вось: калі пра беларусаў разважаць мовай эзатэрыкаў, для мяне беларусы – духоўна саспелая нацыя. Якая на ўзроўні высокіх вібрацыяў значна вышэйшая за іншыя народы. І на беларусаў упала такая карма – ваяроў святла.

Беларусаў хэйцяць з Украіны? Ок, са сваёй вышыні мы ўсё разумеем. На энергетычным узроўні беларусы – донары добрых эмоцыяў.

І яшчэ пра беларускіх мужчынаў. Я раней іх недаацэньвала. Цяпер разумею, якія яны класныя!
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты