« З’яўляліся абсалютна неймаверныя асобы »
Дабравольская
Паліна
Тэкст: Настасся Панкратава
Фота і відэа з архіву гераіні

Паліна Дабравольская

«З’яўляліся абсалютна неймаверныя асобы»

Тэкст: Настасся Панкратава

Фота і відэа з архіву гераіні

У Паліны Дабравольскай шмат увасабленняў. Характарная акторка, якая скарала публіку ў спектаклях прыватнага тэатру “Тэрыторыя мюзіклу” і ў шматлікіх эксперыментальных праектах. Рэжысёрка, якая любіць спрабаваць нешта новае ў працы з матэрыялам і формаю. Кампазітарка і выканаўца, якая свой першы альбом Charnabrova выпусціла адразу на Spotify ды іншых папулярных музычных дадатках. Актыўна гастралюе ды рыхтуе новую кружэлку. А яшчэ Паліна вядомая як адна з актыўных удзельніц “Кульпратэсту”, праз што ёй давялося з’ехаць з Беларусі і пачаць прасоўваць айчыннае мастацтва на замежных прасторах.
У Паліны Дабравольскай шмат увасабленняў. Характарная акторка, якая скарала публіку ў спектаклях прыватнага тэатру “Тэрыторыя мюзіклу” і ў шматлікіх эксперыментальных праектах. Рэжысёрка, якая любіць спрабаваць нешта новае ў працы з матэрыялам і формаю. Кампазітарка і выканаўца, якая свой першы альбом Charnabrova выпусціла адразу на Spotify ды іншых папулярных музычных дадатках. Актыўна гастралюе ды рыхтуе новую кружэлку. А яшчэ Паліна вядомая як адна з актыўных удзельніц “Кульпратэсту”, праз што ёй давялося з’ехаць з Беларусі і пачаць прасоўваць айчыннае мастацтва на замежных прасторах.
Дзяўчаты-актрысы ніводнаму тэатру ў краіне не асабліва патрэбныя
Я вучылася на драматычную актрысу ў Мікалая Кірычэнкі. Хоць прыёмная камісія Акадэміі мастацтваў, пабачыўшы мае вельмі высокія балы школьнага атэстату і ЦТ, угаворвалі перакінуць дакументы на рэжысуру. Як вядома, на тэатральны факультэт часцяком ідуць тыя, хто не паступіў у іншыя ВНУ праз невысокія адзнакі. Аднак я адмовілася ад прапановы: у нашым надзвычай патрыярхальным беларускім асяроддзі жанчыну ў якасці рэжысёра амаль не разглядаюць. Ды і размовы не магло быць пра такую “сталую” прафесію, калі табе няма яшчэ і 35 гадоў.

У свае 17 я адчувала жаданне займацца рэжысурай, але пад дзвярыма Акадэміі мастацтваў здавалася, што для мяне гэта проста немагчыма.

Падчас вучобы мне падабалася ставіць эцюды, выбудоўваць цікавае абгрунтаванне абставінаў. Да таго амаль усім аднакурснікам дапамагала са святлом і з гукам на рэпетыцыях, на практыцы набываючы разуменне, як з дапамогаю тэхнікі зрабіць мізансцэны так, каб яны сталі больш дакладнымі. Дарэчы, тыя тэхнічныя навыкі не прайшлі дарэмна: цяпер я сама пішу музыку і мантую сабе відэа. Мне прасцей зрабіць самою, чым тысячу разоў камусьці тлумачыць, а потым перарабляць.
За год да атрымання дыплому я ўжо выходзіла на прафесійную сцэну. Калі ў 2017 годзе на размеркаванне прынесла прапанову ад “Тэрыторыі мюзіклу”, камісія вельмі ўзрадавалася: мне сказалі, што дзяўчаты-актрысы ніводнаму тэатру ў краіне не асабліва патрэбныя, адпраўляць выпускніц няма куды.

Дзякуючы добрай вучобе я адна з першых ішла на размеркаванне, за мною чакаў накіравання цэлы курс. Вось і давялося перадаць дзяўчатам, якая “вясёлая” сітуацыя іх чакае.

Мне ж не трэба было ў тэатры даказваць сваю неабходнасць: я прыйшла ў калектыў, дзе ўсё было пабудавана на сяброўстве, сямейнасці. У “Тэрыторыі мюзіклу” панавала адчуванне, што ў нас насамрэч можа атрымацца нешта цікавае, бо мы можам рабіць зусім іншае, у адрозненне ад дзяржаўных сцэнаў.
Каб неяк жыць, працавала ў краме бялізны
У “Тэрыторыі мюзіклу” ў мяне была сталая занятасць: рэпетыцыі кожны дзень, шмат дзённых і вечаровых спектакляў. Камерцыйны тэатр у Беларусі мае большую свабоду ў фармаванні рэпертуару, выбару матэрыялу, прачытання вобразу. Аднак у плане заробку ён не можа выйсці за звычайныя для айчыннага актора лічбы.

Выбачайце, але пры такой нагрузцы мой заробак складаў 300 беларускіх рублёў. Гэтай сумы штомесячна хапала толькі на бензін.

Здаецца, у краіне наўмысна было зроблена ўсё такім чынам, каб прыватнікам нельга было існаваць. Па-за дзяржаўнымі сценамі творцы заўсёды змагаліся з пазыкамі, бо падаткаў станавілася больш. Тут пастаянная рызыка: не змог сабраць цэлыя залы, то няма чым будзе адбіць арэнду пляцоўкі і заплаціць артыстам. Таму творчасць многія акторы як дзяржаўных, так і альтэрнатыўных тэатраў вымушаныя сумяшчаць са шматлікімі падпрацоўкамі. У прыватнасці я, каб неяк жыць, увесь той час дадаткова працавала ў краме бялізны.
Аднак не скажу, што моцна разрывалася паміж тэатрам і крамаю. Больш за тое, хутка я пачала яшчэ і рэжысураю займацца. Гэта пачалося вельмі спантанна, як і многае ў маім жыцці. Праз год пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў Анастасія Васілевіч з Цэнтру беларускай драматургіі прапанавала мне правесці чытку якой-небудзь з шасці п’есаў, абраных ЦБД. Тады той мэйл падаўся мне вельмі смешным, бо, думала я, які ж з мяне, актрысы, рэжысёр. Пагатоў і тэксты не зацікавілі. А праз месяц, калі нарэшце вырашыла адмовіцца, знайшла ў пошце непрачытаны мною матэрыял… і тут жа ўзялася яго ставіць. За тры рэпетыцыі ды некалькі вулічных відэаздымак узнікла “П’еса ў шасці агідных сцэнах” Вольгі Раманавай. Вось тады ўсё склалася: я зразумела, што мне значна больш падабаецца быць па іншы ад акторства бок і кіраваць усімі працэсамі адразу.
Аднак не скажу, што моцна разрывалася паміж тэатрам і крамаю. Больш за тое, хутка я пачала яшчэ і рэжысураю займацца. Гэта пачалося вельмі спантанна, як і многае ў маім жыцці. Праз год пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў Анастасія Васілевіч з Цэнтру беларускай драматургіі прапанавала мне правесці чытку якой-небудзь з шасці п’есаў, абраных ЦБД. Тады той мэйл падаўся мне вельмі смешным, бо, думала я, які ж з мяне, актрысы, рэжысёр. Пагатоў і тэксты не зацікавілі. А праз месяц, калі нарэшце вырашыла адмовіцца, знайшла ў пошце непрачытаны мною матэрыял… і тут жа ўзялася яго ставіць. За тры рэпетыцыі ды некалькі вулічных відэаздымак узнікла “П’еса ў шасці агідных сцэнах” Вольгі Раманавай. Вось тады ўсё склалася: я зразумела, што мне значна больш падабаецца быць па іншы ад акторства бок і кіраваць усімі працэсамі адразу.
З гэтага моманту ў маім жыцці ўзніклі чыткі, рэжысёрскія лабараторыі, пастановачныя спробы ў “Ок16”. Праўда, гэта ўсё ішло на энтузіязме, бо рэжысёрская праца на пачатку кар’еры зноў-такі грошай не прыносіць.
Вельмі хутка “Ок16” стаўся другім домам
Услед за “П’есай у шасці агідных сцэнах” была першая рэжысёрская лабараторыя ў “Ок16”, дзе Мікіта Ільінчык з Анастасіяй Васілевіч ставілі эскіз паводле Вальжыны Морт “Горад М”. Я забегла да іх на віно, а ў выніку пачала супрацоўнічаць у якасці памочніка рэжысёра і правяла амаль усе рэпетыцыі з маналогамі ды танцамі, бо Насця з Мікітам у самы недарэчны час захварэлі.

Пасля ў тым жа “Ок16” закруціліся хорар-чыткі паводле драматургіі Канстанціна Сцешыка, на якіх я пазнаёмілася з кампазітарам Сашам Мірончыкам. Менавіта ён пісаў музыку да майго спектаклю “Бог ездзіць на ровары”, які ў лютым 2020 года паспеў выйсці ў Магілёўскім драматычным тэатры.

На другой рэжысёрскай лабараторыі сабралася кампанія рэжысёрак: у сценах “Ок16” з’явіліся Ліза Машковіч і Жэня Давідзенка. Я тады ставіла вакальна-пластычную гісторыю пра возера “Свіцязь”. На ёй завязаліся стасункі з цудоўным Сашам Адамавым. На момант нашага знаёмства ён не займаўся сцэнаграфіяй, я ж прапанавала мастаку паспрабаваць сябе ў новым кірунку. У выніку ён рабіў сцэнаграфію да “Свіцязі” і да “Бог ездзіць на ровары”.

Вельмі хутка “Ок16” стаўся для мяне і другім домам. Тут я ведала ўсіх, таму з новым праектам заўсёды ішла да тутэйшых канкрэтных людзей, разумеючы, што ім могуць спадабацца мае пошукі. Можна было абмеркаваць творчыя планы з арт-дырэктаркаю цэнтру гэтага культурніцкага хабу Марыяй Калеснікавай, зазірнуць да прадзюсаркі Іны Кавалёнак.

Менавіта Іна, пабачыўшы маю пастаноўку “Пакой памірае” ў “Другім паверсе”, прапанавала перанесці яе ў іхную прастору. На пляцоўку ў 10 разоў большую! Oh my God! Натуральна, я ўзрадавалася такому павароту! Там ён загучаў, як задумваўся: з гэтым бункерам, з гэтым балконам! А ўнутры мяне ўжо спелі новыя планы: я завяла размову пра спектакль “СармаТЫ/Я” паводле аднаго з самых жорсткіх і важных паэтычных тэкстаў Марыі Мартысевіч.

У тыя гады з’явілася неверагоднае адчуванне, што мы зможам вывесці беларускі тэатр на новую прыступку. “Ок16” для многіх станавіўся сапраўдным месцам моцы. Да таго літаральна за 3-4 гады адзін за адным адкрываліся новыя тэатральныя прасторы, як Loft, Hide і іншыя, запаўняліся гледачамі і розгаласам “Другі паверх” і “Корпус”.

Адначасова распачаўся ўнікальны рух: шмат актораў розных пакаленняў былі ахвочыя браць удзел у чымсьці іншым, што адрознівалася ад традыцыйнага рэпертуару дзяржаўных пляцовак. Нават вядомыя артысты імгненна адгукаліся на прапановы маладых рэжысёраў, хоць іх клікалі ўзяць удзел усяго ў чытанні. Сапраўды пад'ёмны час быў!
Зусім не заставалася сілаў на асабістую творчасць
Перадвыбарчая кампанія дадала веры ў магчымасць нейкіх зменаў, таму многія творцы ў пачатку таго лета сталі аб’ядноўвацца ў рух “Культпратэст”. Мы пачалі праводзіць шматлікія акцыі: заклікалі культурніцкіх дзеячаў запісваць відэазвароты і адмысловыя песні, стваралі плакаты, ладзілі танцы, аб’ядноўвалі як прафесійных мастакоў, так і аматараў з пачаткоўцамі. Асабіста я цалкам занурылася ў гэты працэс, штодзень прыдумляла праекты, прапаноўвала актыўнасці.

2020 год у цэлым паўплываў на беларускае мастацтва ў лепшы бок. З’яўляліся абсалютна неймаверныя людзі ў тэатры, музыцы, выяўленчым мастацтве. І ты разумееш, што вось яно – новае беларускае мастацтва. Мне падаецца, усё гэта патрэбна было як мінімум для таго, каб з усёй масы з’явілася штосьці вельмі цікавае, таленавітае і якаснае.
Усё лета таго года я правяла ў шалёным тэмпе, а ў пачатку восені стала ясна, што праз гэтую грамадскую дзейнасць у мяне зусім не застаецца сілаў на асабістую творчасць. Кожны дзень ты аддаеш сваю энергію на дапамогу іншым, праз гэта свае праекты адкладваюцца на самую далёкую паліцу.

Трэба было шукаць крыніцу натхнення. Яго даў апошні “ТэАарт”, дзе мы змаглі паказаць некалькі спектакляў. Я выправілася на месяц у Вільню, дзе разам з іншымі беларускімі акторамі брала ўдзел у Рускім тэатры Літвы ў праекце “Kvėpuojame drauge / Дыхаем разам / Дышим вместе”. Драматургію да спектаклю, заснаваную на нашых сведчаннях пра 2020 год, ствараў літоўскі драматург Марус Івашкавічус, рэжысёрам выступаў Аляксандр Марчанка. Пасля гэтай вельмі важнай пастаноўкі быццам другое дыханне адкрылася. Я ўпершыню пачала пісаць песні.
Стала зразумелым: альбо мы пакідаем краіну, альбо сядаем
Першая песня з’явілася падчас тых самых рэпетыцыяў у Вільні. Я чарговы раз узяла пачытаць “Сарматыю” Марыі Мартысевіч, а паэма адкрылася на радку “Вільня ў спрэчках ставіць шах і мат”.

Выклік быў прыняты: я спампавала праграму для напісання музыкі і стварыла першую кампазіцыю. За месяц да яе дадала яшчэ 3-4 песні. А на Новы год захварэла на ковід і гэтыя два тыдні сталіся для мяне найлепшым у творчым плане часам: я сядзела дома і спакойна пісала музыку да паэмы. З таго часу ў мяне з'явіўся новы напрамак у творчасці. У Мінску я нават узяла ўдзел у конкурсе маладых выканаўцаў “Заспявай” ад парталу Tuzin.fm. Хоць і не лічу сябе спявачкаю.

Пабачыла ў спісе сучасных аўтараў, на творы якіх можна напісаць песню, Мартысевіч. Астатнія вершы былі простыя: я там адразу бачу, дзе будзе запеў, дзе прыпеў. З такім падыходам не адчуваеш ніякага чэленджу. А ў Мартысевіч бачыш наўпрост тэкст на тры старонкі. І адразу з’яўляецца азарт: маўляў, давайце паспрабуем зрабіць з найскладанейшага матэрыялу песню.
З ёй я дабралася да паўфіналу конкурсу.

З аднаго боку, у мяне ішоў творчы ўздым. З другога – мы ўсе назіралі, як у культурніцкай сферы закручваюцца гайкі. Закрылі “Ок16” – адну з самых вялікіх творчых пляцовак. У знаёмых пачаліся адмены спектакляў. Чаго толькі вартая гісторыя з прэм’ераю “Рычарда ІІІ” Марыі Танінай, калі за дзве гадзіны да спектаклю ім сказалі не. Ці онлайн-прэм’еру “Белы трусік, чырвоны трусік” прыватнага тэатру Homo Cosmos, калі пасярод паказу ў кавярню прыйшлі сілавікі і забралі ўсіх, хто глядзеў спектакль на экране.

Калі ж у маім доме адбыўся ператрус, а маму забіралі, стала зразумелым: альбо мы пакідаем краіну, альбо сядаем. У канцы сакавіка 2021 года мы з мамай і сястрою пераехалі ў Кіеў.
Сілаў ставала толькі на тое, каб ляжаць і есці
Першы месяц у Кіеве я не магла ўстаць з ложка. Сілаў ставала толькі на тое, каб ляжаць і есці. Праз колькі тыдняў прымусіла сябе ўстаць і пайсці на працу. Але ні пра якое мастацтва ў той час размовы не было.

Аднак ты ж выходзіш, паціху пачынаеш знаёміцца з цікавымі людзьмі, сярод якіх сустракаеш нямала клёвых культурніцкіх дзеячаў. Праз іх патроху вяртаешся да творчасці, раздупляешся. Яны штосьці прапаноўваюць, і ты пачынаеш выходзіць з адубення, гаворыш OK і запаўняеш заяўкі.

У Кіеве з’явілася ідэя музычнага праекту Chornabrova. Пасля пераезду ў Польшчу ўжо ўвосень 2021-га я выпусціла пад гэтым імем першы музычны альбом “Слова”. Планую ў хуткім часе выпусціць другую кружэлку, гэта будзе ўлюбёная “СармаТЫ/Я”. Я з самога пачатку хацела зрабіць два праекты паводле гэтага твору Мартысевіч: спектакль і асобна музычны альбом.
Насамрэч для мяне абсалютна празрыстыя і зразумелыя межы паміж усімі маймі ролямі. Калі я прыходжу на некага ў праект у якасці актрысы, то ніколі не буду гаварыць: я ж тут рэжысёрка, і мне не падабаецца ў вашай пастаноўцы вось гэта і гэта, таму давайце перарабляйце. Калі мне самой падабаецца нейкі матэрыял, я з задавальненнем бяруся яго ставіць. Пасля рэпетыцыяў магу заняцца напісаннем песні ці паехаць з выступамі Chornabrova.

Актрыса, рэжысёрка, кампазітарка, выступоўца – гэта ўсё я. Аднак кожная з працаў не перашкаджае іншай, яны размяркоўваюцца ў маім уяўленні, як тэчкі на працоўным стале ноўта.
Я толькі пачынаю свой рух
Мне падабаецца кірунак, у якім я крочу. Пакуль загрузка не на поўную моц, бо ў мяне ёсць яшчэ адна – нятворчая – праца (тут ізноў успамінаем, што на рэжысёрскія-акторскія грошы не выжыць). Магчыма ў фінансавым плане штосьці зменіцца, калі мае праекты будуць распісаныя на год наперад. Але ў гэтым еўрапейскім асяроддзі я толькі пачынаю свой рух.

У планах, акрамя музычнай “Сарматыі”, – паездкі з аднайменным спектаклем. У красавіку я выступала з гэтай імпрэзаю на фестывалі ў Дрэздэне, дзе мне нарэшце запісалі прамацыйнае відэа нармальнай якасці. Якое я змагу дасылаць па фестывалях альбо ў тэатры, каб прапанаваць ім гэты праект.

У канцы траўня з паэмаю Мартысевіч я выступала на тэатральным фестывалі ў чэшскім Брно. Туды вярнуся ў наступным годзе: мяне запрасілі ў Брно на пастаноўку па чэшскім фальклоры, куды я ўпляту яшчэ і беларускія матывы.

Шчыра кажучы, у гэтым кругавароце проста не стае часу запаўняць заяўкі на ўдзел у фестывалях і рознага плану праектах. Хоць на гэта часцяком і патрабуецца не больш за 20 хвілінаў. Сапраўды цяжка прымусіць сябе нават раз на месяц выкласці пост у Instagram.
Мне не стае сілаў на менеджмент. На маё адчуванне, гэта ўвогуле вялікая праблема для большасці айчынных творцаў: нам не стае добрага агента ці прадзюсара.

Паглядзіце беларускія медыі: у навінах людзі бачаць, часцей за ўсё, тыя постаці, якія прафесійна граюць у самапрасоўванне. Прычым у творчым плане найчасцей гаворка не пра нешта якаснае і цікавае, аднак самапіярам яны валодаюць непараўнальна. Яны зарабляюць на хайпе.

Каб з’явіцца ў стужцы навінаў, неабходна быць знаёмым знаёмага. Пра якія тут новыя п’есы можна казаць, эксперыментальныя пастаноўкі? Калі ўсё роўна ўсё зводзіцца да таго, што людзям даюць інфармацыю пра адных і тых жа людзей?
Мне не стае сілаў на менеджмент. На маё адчуванне, гэта ўвогуле вялікая праблема для большасці айчынных творцаў: нам не стае добрага агента ці прадзюсара.

Паглядзіце беларускія медыі: у навінах людзі бачаць, часцей за ўсё, тыя постаці, якія прафесійна граюць у самапрасоўванне. Прычым у творчым плане найчасцей гаворка не пра нешта якаснае і цікавае, аднак самапіярам яны валодаюць непараўнальна. Яны зарабляюць на хайпе.

Каб з’явіцца ў стужцы навінаў, неабходна быць знаёмым знаёмага. Пра якія тут новыя п’есы можна казаць, эксперыментальныя пастаноўкі? Калі ўсё роўна ўсё зводзіцца да таго, што людзям даюць інфармацыю пра адных і тых жа людзей?
Таленавітыя ж часцей за ўсё не ўмеюць займацца менеджментам, таму іх не чутно. Цяжкае пытанне: як зрабіць, каб творчы андэграўнд стаў больш вядомы шырокаму колу людзей? Выправіць сітуацыю перыядычна імкнуцца, ствараючы прыватныя курсы тэатральных прадзюсараў, арт-менеджараў і маркетолагаў. Аднак праблема такога навучання звычайна ў тым, што… у навучэнцаў няма ведаў пра кантэнт. У маім ідэальным сусвеце ў праграме будучых маркетолагаў абавязкова павінны быць сустрэчы з артыстамі.
Мастацтва не прывязана да зямлі, дзе ты ёсць
Чаго мне яшчэ бракуе, дык гэта аналізу агульнай сітуацыі: што адбываецца з беларускім мастацтвам? Ясна, цяпер усе параскіданыя: хтосьці застаўся ў Беларусі і спрабуе там працягваць сваю дзейнасць. Іншыя выехалі за межы краіны і паразляталіся па розных краінах. Айчынныя дзеячы мастацтва сталі досыць разрозненыя.

Аднак без агульнага даследавання сучасных працэсаў і творцы, і публіка не змогуць пабачыць многіх з’яваў, што сёння віруюць у беларускай культурніцкай прасторы.
Мы з сябрамі гуртуемся вакол Free Belarus Center і Новага тэатру. Тут шмат клёвых незалежных дзеячаў, сярод якіх разумееш, што тут усе свае людзі. Дзякуючы супадзенню думак, памкненняў, поглядаў атрымліваецца тое камфортнае, плённае мастацкае асяроддзе, у якім хочацца спрабаваць стварыць нешта новае.

Часам чую, маўляў, мастацтва за мяжою развіваецца ў адрыве ад сваёй краіны, таму не можа адносіцца да ўласна беларускага. Але чаму мастацтва пэўнай краіны павінна развівацца толькі там, дзе яно ёсць? Як забараніць мне напісаць беларускамоўную песню толькі з той прычыны, што я ў Варшаве? Гэта ж абсурд!

Прынамсі я, у якім праекце ні была б занятая, заўсёды свядома кажу, што я – беларуска, беларуская рэжысёрка, беларуская акторка і гэтак далей.

Мастацтва не прывязанае да зямлі, дзе ты ёсць. Творцы, якія не са сваёй волі апынуліся за межамі Беларусі, працягваюць уплываць на агульнае развіццё айчыннай культуры ды на яе пазнавальнасць у свеце.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты