Калі вы бывалі ў цэнтры Мінску 28 жніўня і 6 верасня, то, хутчэй за ўсё, бачылі Папу Бо. Ён стварыў выдатны музычны перформанс: дыджэйскі пульт на рамянях нёс на сабе, а побач сябар на вазочку цягнуў гукаўзмацняльную сістэму.
Саша Багданаў aka Папа Бо – клубны чалавек. Дыджэй і арганізатар імпрэзаў. Стваральнік культурніцкай прасторы “Корпус” у Мінску. Быў шырока вядомым чалавекам у вузка сегментаванай частцы беларускай культурніцкай публікі. Быў вузкаскіраваным да жніўня 2020 года, калі стаўся адным з цэнтраў гукавой, візуальнай і сэнсавай увагі падчас двух вялікіх рэвалюцыйных маршаў у Мінску.
8 траўня побач з “Корпусам” праходзіла вайсковая тэхніка на рэпетыцыю параду да 9 траўня. Папа Бо на гэтым візуальным фоне зарганізаваў дыджэйскі сэт, які падкрэсліваў абсурднасць праходу войска па цэнтры беларускай сталіцы ў мірны час.
Гэта цяпер мы ведаем, што Лукашэнка рыхтаваўся да сапраўднай вайны на баку расійскага агрэсара. Але ў 2020 годзе танкі, БТРы ды іншыя БМД з артылерыяй візуальна і эмацыйна ўспрымаліся як акупацыйнае ўварванне. Праз тры месяцы беларусы ўбачылі частку тых самых баявых машынаў, чые экіпажы былі гатовыя расстраляць мірных дэманстрантаў. Таму ўсе тры перформансы Папы Бо беспасярэдне звязаныя.
Аляксандра Багданава затрымалі ў 2021 годзе. Зламалі рэбры, пагражалі большымі пакутамі, пратрымалі 3,5 месяца ў Валадарцы. Пасля ён здолеў складанымі шляхамі эвакуявацца як з РБ, так і з Мордару – Расійскай Федэрацыі. На момант гутаркі працягвае выступаць як дыджэй і працаваць як арганізатар культурніцкіх праектаў ужо ў Грузіі.