Яшчэ да жніўня 2020-га ведаў, што затрымаць могуць кожнага за ўсё на свеце, таму да свайго немінучага затрымання паставіўся спакойна. За 15 содняў пабываў на Акрэсціна, у Жодзіне, Магілёве. Страціў 12 кілаграмаў вагі і падчапіў каронавірус, ад якога яшчэ доўга адыходзіў.
Называйма рэчы сваімі імёнамі. Цябе не саджаюць у турму, не караюць, не абмяжоўваюць тваёй волі. Цябе бяруць у палон. Кагосьці на содні, а кагосьці і на гады. Мы ўсе ваеннапалонныя. Іх мэта – стварыць такія ўмовы, каб ты пажадана пасля гэтага кароткатэрміновага ці доўгатэрміновага палону падох. А калі не памрэш, каб выйшаў максімальна напужаным ці пашкоджаным. Для гэтага яны робяць усё і будуць працягваць рабіць.
У гэтых умовах ты ўсё адно павінен намагацца захаваць сябе. Так, цябе могуць біць, могуць забіць. Гэта традыцыі савецкай турмы, дзе катаванні былі дзеля задавальнення, а вязняў, асабліва палітычных, ніхто за людзей не лічыў. Часта збіваюць да паўсмерці, але спыняюцца толькі таму, што смерць вязня – лішнія паперы і праблемы для ахоўнікаў. Ці трэба гэтага баяцца? Я лічу, што не. Бо ўсе мы рана ці позна памром, а чалавекам трэба заставацца заўжды. Цяпер пастаянна трэба быць гатовым, што цябе возьмуць у палон, кінуць у вязніцу, змесцяць ва ўмовы, горшыя за жывёльныя. Прычым кожнаму жыхару Беларусі, незалежна ад палітычных перакананняў.