« У Лукі цяпер няшмат артыстаў засталося »
Клюеў
Пётр
Фота: Эўрарадыё

Пётр Клюеў

«У Лукі цяпер няшмат артыстаў засталося»
Фота: Эўрарадыё
Піяніст, спявак, кампазітар, аўтар тэкстаў, удзельнік гурта “ЛСП”, рэалізоўвае шмат якія сольныя праекты. Нарадзіўся ў Гродне, жыў у Польшчы, вучыўся ў Аўстрыі ды Італіі. Музычную кар'еру пачаў у гродзенскім гурце Stop Time. Пасля пераезду ў Мінск – з 2012 да 2016 года – актыўна браў удзел у інфармацыйна-асветнiцкай установе “Арт Сядзiба” і быў яе сузаснавальнікам. Разам з камандай “Арт Сядзібы” спрычыніўся да рэалізацыі шмат якіх нацыянальна арыентаваных культурніцкіх праектаў. У першы крывавы вечар пасля выбараў-2020 быў каля стэлы. Выступаў на плошчы Незалежнасці. Браў удзел у дваравых канцэртах.
Піяніст, спявак, кампазітар, аўтар тэкстаў, удзельнік гурта “ЛСП”, рэалізоўвае шмат якія сольныя праекты. Нарадзіўся ў Гродне, жыў у Польшчы, вучыўся ў Аўстрыі ды Італіі. Музычную кар'еру пачаў у гродзенскім гурце Stop Time. Пасля пераезду ў Мінск – з 2012 да 2016 года – актыўна браў удзел у інфармацыйна-асветнiцкай установе “Арт Сядзiба” і быў яе сузаснавальнікам. Разам з камандай “Арт Сядзібы” спрычыніўся да рэалізацыі шмат якіх нацыянальна арыентаваных культурніцкіх праектаў. У першы крывавы вечар пасля выбараў-2020 быў каля стэлы. Выступаў на плошчы Незалежнасці. Браў удзел у дваравых канцэртах.
Пра роднае Гродна
Пра роднае Гродна
Там людзі заўжды былі больш прасунутыя. Літва побач, Польшча побач – больш магчымасці пабачыць. І нават тыя самыя міліцыянты, якія там працуюць… Хоць не выключаю, што на пратэсты іх засылалі з іншых раёнаў краіны.

Вядома, добрая ідэя з бязвізам. Я б на месцы ўладаў зрабіў бы карту беларуса. Я ўпэўнены, што тысячы латышоў, літоўцаў і палякаў рабілі б яе, ездзілі, лекаваліся ці штосьці прадавалі.
Бэкграўнд
Бэкграўнд
У мяне такое кола камунікацыі, што ніякіх разыходжанняў у стаўленні да пратэстаў не было. І ў вялікай сямʼі не было. Няма такіх, хто б прысягаў СССР і не хацеў ад гэтага адмаўляцца. Хоць, вядома, шмат у каго такія праблемы ёсць.

На дзяржаву я ніколі не працаваў, таму і з былымі калегамі такіх гісторыяў не было. Праўда, я працаваў з дзяржавай. У мяне была цэлая гісторыя, калі мяне ледзь не засадзілі ў турму. У 2012-13 гадах у мяне былі гостэлы. Я быў адным з першых уласнікаў у Мінску.

Мой бізнес праіснаваў паўтара года. Усё гэта закрылі, бо ў мяне начавалі замежнікі. Чыноўнікі паглядзелі, маўляў, што гэта такое: чаму яны начуюць за 15 долараў у гостэле, а не за 200 еўраў у Crowne Plaza. Яны ж не разумеюць, што гэта не секс-турысты. Гэта іншы пласт.
Я адчыніў тры гостэлы за год. Пасля ў мяне было б шэсць, дзевяць. І цяпер я б нармальна зарабляў. А ў Беларусі такія рэчы спыняюцца, бо небяспечна бачыць незалежных асобаў. І тады ў мяне была камунікацыя з дзяржаваю, калі разборкі адбываліся. А так не, вы што! На савецкасць гэтую працаваць?..

Дзейнасці меў розныя, хоць асноўнаю заўсёды была музыка. Але, напрыклад, у Гродне ў мяне была маленькая зялярня. Прадаваў фасаваныя зёлкі са Швецыі. Бізнес быў не суперпрыбытковы, але мне хапала на жыццё. Крамка была побач з універмагам у Гродне – на вуліцы Савецкай.

Зачыніў, бо ў 2011-м з краіны знікла валюта, і не было як закупляць тавар. Пасля былі гостэлы, а пасля гостэлаў я сказаў сабе, што бізнесу ў Беларусі больш рабіць не буду. Пакуль Лу жывы.
Адрэналін
Адрэналін
Першыя маршы я адхадзіў усе. Усе нармальныя людзі хадзілі. І ў дваравых канцэртах браў удзел. І на 25 жніўня на ўгодкі абвяшчэння Незалежнасці ў 1991 годзе выступаў каля Чырвонага касцёлу. Я рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права – казаць, што я думаю.

У нас у Мінску ў мікрараёне Каменная Горка была школа, там на выбарчым участку 9 жніўня 2020-га ў дзень выбараў не вывесілі нават вынікаў, колькі людзей прыйшло прагаласаваць. Я не кажу пра штосьці большае. Абсалютная непавага да грамадства. Людзі, якія прыйшлі, атачылі школу і крычалі: “Выходзь, выходзь!” Пад’ехаў АМАП, забраў камісію. Яны з’ехалі, і ўсё.

Добра памятаю тую ноч на 10 жніўня, калі пачалі кідаць гранаты ў людзей. Сур’ёзнасць сітуацыі я зразумеў, калі недалёка ад сябе пабачыў хлопца, якога я б назваў кітайскім студэнтам. Магчыма, ён проста прыйшоў паглядзець. Ён быў скрываўлены. Гэтае відовішча было як наркатычны прыход. Адрэналін настолькі моцна пачаў валіць, атмасферу не перадаць!

Я зразумеў, што можна фізічна загінуць. Гэта быў вельмі эмацыйна моцны псіхалагічны шок. Калі пачалася рэальная мясарубка. А людзі ў большасці – з добрымі сэрцамі, талерантныя, мірныя.

Памятаю, як нейкі хлопец пачаў крычаць: “Хопіць баяцца, столькі гадоў ужо!” Адзінкі крычалі, каб згуртавацца.

У мяне перад тым спыталі, навошта я еду ў цэнтр Мінску. У мяне ж дзеці. Я патлумачыў: у мяне дзеці, я хачу штосьці змяніць.
Цяжка апераджаць час
Цяжка апераджаць час
На наступны дзень людзі сталі ад станцыі метро “Каменная Горка” да “Пушкінскай”. Я выйшаў з дзецьмі, малодшы быў у вазку. Я са сцягам. Цікава, што толькі адна жанчына падышла з такою прамовай: “Я з вамі, але ж вы разумееце, што гэты сцяг можа быць супярэчнасцю?” Потым для мяне было квінтэсенцыяй на першым масавым маршы, 16 жніўня: усе пад БЧБ! Я думаю: о, а дзе ж вы ўсе раней былі?

Я 1989 года нараджэння. Таму пачаў грамадскі актывізм з Плошчы-2006. Памятаю Плошчу-2010. А потым было моцнае зацішша. Калі мы з “Арт Сядзібаю” выходзілі на акцыі, нас было 800, 1000. А тут я ўбачыў цэлы горад. Падумаў, як цяжка апераджаць час. Але гэта маглі сказаць і пакаленні, якія выходзілі ў 1990-ыя ды раней.
Чаканні і нечаканасці
Чаканні і нечаканасці
Жарт быў: перапахавалі Каліноўскага – і пачаліся перамены ў Беларусі. Дакладней, гэта сталася прадвесцем зменаў. А ў 2020 годзе, калі пачаліся сустрэчы з кандыдатамі, было адчуванне, што будзе неяк звычайна. Бо я думаў, што і гэтага не дазволяць. Наадварот, у Гродне, напрыклад, адміністрацыя дазволіла канцэрт для перадвыбарчай агітацыі. То бок былі хвалі надзеі. Хвалі расчаравання. І так шмат разоў.

Нечаканасцямі былі арышты Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі. Я думаў, што прынамсі пасля выбараў. А гэта было ўжо зусім неяк [разводзіць рукі]. Расчараванне.

Калі зарэгістравалі Святлану Ціханоўскую – нечакана. І зноў надзея.
Рэвалюцыя і творчасць
Рэвалюцыя і творчасць
Шмат хто пісаў пратэставыя песні. Я не хацеў гэтага рабіць. Я пратэст выказваў праз сваю грамадзянскую актыўнасць. Я і на плошчы спяваў песні, і ездзіў да людзей.

25 жніўня, да 30-х угодкаў надання дэкларацыі пра незалежнасць законнай моцы, выступалі колішнія дэпутаты: Сяргей Антончык, Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі. Пасля я праспяваў цэлы сэт. Дзяліўся з людзьмі энергіяй. І шчыра быў рады, што магу быць рэзанатарам у гэтых падзеях. Як артыст ад сэрца рабіў усё што мог.
Мне прынцыпова прайсці праз тое, што пратэст-пратэст, цяжка-цяжка. У апазіцыю да гэтага я цяпер напісаў шмат папсовых песень. У пратэст да ўсёй гэтай дэпрэсіі хачу радавацца. Лу-рэжым хоча, каб мы плакалі, а мы будзе ісці наперад.

А на самых пратэстах я спяваў свае лірычныя песні пра любоў, пра каханне. Таксама выконваў кампазіцыі на вершы Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна.

Таксама яшчэ такая хваля была: усюды песні пратэсту альбо песні аб пратэсце. Гэта мусіць быць шчыра. А я думаю, што часта гэта была кан’юнктура. Гэта кожнага права. Але я як кампазітар кажу, што песня мусіць быць натуральная. Прыйшоў на пратэст, вярнуўся, сеў – пішаш. А некаторыя, я бачыў: а, пратэсты, трэба напісаць, праглядаў нармальна будзе.

Я столькі пабачыў артыстаў, якія калісьці спявалі на славянскіх базарах. Проста памятаю такіх людзей, якія да мяне: маўляў, ты там сцяг, усе дзялы… Скептычна так. Хоць, вядома, ніколі не позна навярнуцца ў веру. “У госці да Бога не бывае спазненняў”. Таму, калі чалавек рэальна сцяг – мова – культура: вой, нарэшце, як крута, што ты ў нашым клубе хоць цяпер. Маю надзею, што ў яго сапраўды ў сэрцы полымя загарэлася. А не праз тое, што ён зразумеў, што пераладоўваецца, бо Лука прайграе.

У Лукі цяпер няшмат артыстаў засталося. А калі Лука фізічна сканае – усё. Яны ніколі больш не змогуць спяваць у Беларусі. Нідзе, ніяк, ні пры якіх абставінах. Са смерцю Лу памрэ цэлы пласт псеўдаартыстаў. “Партыйныя артысты” я іх называю. Яны зрабілі свой выбар.

Шмат якія артысты былі на баку Гітлера ў 1930-ыя гады і маўчалі, калі былі габрэйскія пагромы. Іхнае права, але мне ад такога баліць сэрца.
Мірныя пратэсты не перамаглі б
Мірныя пратэсты не перамаглі б
Я не думаў, што Лукашэнка пойдзе на такія жорсткія захады. Думаў, што, пабачыўшы такі ўздым грамадства, ён саступіць. І са сваймі мільярдамі зможа жыць нармальна каля Растова. Але ўвечары 9 жніўня я зразумеў, што ўсё будзе інакш. Хоць у сэрцы я і раней разумеў, што кампраміс не свеціць. Але ж ці была надзея, што, пабачыўшы такую актыўнасць грамадства, будзе інакш? Не.

Нават калі б у Беларусі пратэстоўцы скансалідаваліся, замест таго каб разысціся пасля першага масавага выступу, калі б пайшлі на штурм рэзідэнцыі і нават калі б тэарэтычна сілавыя структуры не супрацьстаялі людзям, Лукашэнка зачыніўся б у сваім бункеры. Так, тут мог бы быць адзін з ягоных фіналаў – самагубства. Але ён такі цвердалобы, што на дурня будзе стаяць да апошняга. Увесь свет будзе супраць яго, а ён будзе ганарыцца яшчэ.

Па-другое, з гісторыі: аніводная дыктатура такога ўзроўню, як у Беларусі, не скончылася негвалтоўным шляхам. Гэта не кветкавыя рэвалюцыі, дзе выйшлі, паспявалі песні – і ўра! А ўлады, такія: ах, паўмільёна, трэба ісці ў адстаўку! У Беларусі негвалтоўны шлях я бачу немагчымым. Можа, таму, што маем такую ментальнасць. Ці таму, што людзі ў ХХІ стагоддзі не бачаць сэнсу аддаваць жыцці фізічна, як у ХІХ стагоддзі. Цяпер не той час.
Пазітыўныя ўражанні
Пазітыўныя ўражанні
Дваравыя варушнякі: людзі пазнаёміліся адно з адным. Я таксама выступаў на гэтых дваравых канцэртах. Гэта ўсё было вельмі файнае, культурнае, прыемнае.

Беларусы толькі калі вып’юць, троху адкрытыя. А так… Жывеш у той Каменнай Горцы, ведаеш некалькі суседзяў вакол сваёй кватэры, і ўсё. А тут кансалідацыя, грамадская супольнасць, камунікацыя!

А самае прыемнае, калі вернемся да 16 жніўня: людзі адно аднаму ваду давалі, рэгулявалі рух. Ёсць пазітыўныя аспекты ў нашых людзях. Файныя пазітыўныя рысы адкрыліся ў беларусах ажно ў такім адсотку. Але, на жаль, трэба больш плаціць за свае правы.
Сацыяльныя нейрасеткі
Сацыяльныя нейрасеткі
Я ўпэўнены, што, калі б у 2020 годзе рэвалюцыя перамагла, навошта той ЖЭС! Ёсць чат. І гэта фактычна кандамініум дому ці двара. Ёсць адміністратар чату, ён жа фактычна старшыня той ЖЭС (жыллёва-эксплуатацыйнай службы. – Заўвага рэд.). Выносіцца на галасаванне, што робім, з якім бюджэтам. І кожны адчувае сваю значнасць, бо кожны можа выказаць сваё меркаванне.

Гэта магла быць спроба пабудаваць сучасную дзяржаву. Хоць, відавочна, былі раёны, якія не надта актыўна бралі ўдзел у пратэстах і самаарганізацыі праз чаты. Але эксперыментаваць з самакіраваннем было можна.
Чаму з’ехаў за мяжу
Чаму з’ехаў за мяжу
Я зразумеў, што я малады, што хачу спяваць, пісаць музыку, радавацца жыццю. А калі застаешся ў Беларусі, ты займаешся самападманам, нібы ўсё добра. У Мінску ж вісіць у паветры недаказанасць, недаробленасць, неда-неда. Для мяне як для творчага чалавека, які стварае духоўны кантэнт, музыку, я пабачыў мэтазгодным і магчымым не заставацца ў Беларусі. Канцэрты мае забароненыя. Песні мае з радыё знятыя. Улады робяць такія варункі артыстам, каб тыя звалілі за мяжу.

Дзесьці праз месяц з пачатку рэвалюцыі я зразумеў: публічна казаць, што думаеш, робіцца немагчымым. Таму мы з сям’ёю з’ехалі ў Польшчу. Тут я працягваю зарабляць кампазітарствам, хоць час ад часу былі і канцэрты – найперш ва Украіне і Расеі.

У Беларусі наш гурт забаронены.
У Варшаве
У Варшаве
Я пішу музыку. Зрабіў праграму “Музыка для сну”, “Музыка для прабуджэння”, “Музыка для цяжарных”, “Музыка для дзяцей”. Таксама пішу музыку, якую прадаю іншым выканаўцам: розным, ад расейскіх да еўрапейскіх.

І вядома ж, аўтарскія адлічаюцца за праслухоўванне на розных інтэрнэт-пляцоўках.

А вось канцэртавая дзейнасць мінімальная праз ковідныя абмежаванні ў розных краінах. Былі ва Украіне, былі ў Расеі. Але там трэба альбо ПЛР, альбо прышчэпкі ў гледачоў, а з гэтым там цяжка. Але гэта ўсё часова, я ўпэўнены.
Новая эміграцыя
Новая эміграцыя
Пачнем з таго, што самая моцная хваля эміграцыі пачалася ўвосень 2021 года. Толькі цяпер людзі асэнсавалі, што палітычная сітуацыя ў Беларусі можа цягнуцца нявызначаны тэрмін.

Што мне не падабаецца: я назіраю ў новапрыбылых недавер адно да аднаго. Лука зрабіў так, каб усе думалі, што той агент, гэты агент. Я не ведаю, наколькі моцна працуе ягоная агентура за межамі Беларусі. Думаю, у іх на гэта шмат фінансаў няма.

У кожным разе беларусам за мяжою можна было б кансалідавацца больш. Магчыма, гэта пакуль, бо ў 2020 годзе было засеянае зерне перамогі, але праз незавершанасць у людзей змяніўся настрой.

З іншага боку, на ўсё трэба час. Так што, хоць я і кажу троху песімістычна, усё можа змяніцца.
Перспектыва Беларусі
Перспектыва Беларусі
Я аптыміст, але тут пакідаю свой аптымізм убаку. Бо я люблю гісторыю, а гісторыя падказвае нам будучыню. Лукашэнка будзе трымацца да смерці. Калі б у яго быў мінімальны давер хоць да кагосьці, ён бы прынамсі паставіў марыянетку на адзін тэрмін. Зрабіў бы пэўную ракіровачку. Але даверу нават да сына Віктара няма. Гэта паказвае слабасць Лукашэнкі, бо з ягонаю смерцю будзе канец эпохі Лу.

Я хачу, каб мае словы зняпраўдзіліся. Але трэба рыхтавацца да найгоршага. І тады, калі нешта добрае адбудзецца, будзе прыемная неспадзяванка.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты