« Аматаршчына – біч гэтай сістэмы і прывядзе яе да злому »
Грыневіч
Сяргей
Тэкст: ВК

Сяргей Грыневіч

«Аматаршчына – біч гэтай сістэмы і прывядзе яе да злому»

Тэкст: ВК

Мастак-манументаліст Сяргей Грыневіч – сярод самых папулярных і запатрабаваных мастакоў у Беларусі. Ягоныя палотны захапляюць і ўражваюць, у іх можна пабачыць і адчуць сапраўдную магію. Разам з тым нязменнаю застаецца грамадзянская пазіцыя творцы. Мы паразмаўлялі са спадаром Сяргеем пра тое, чым для яго сталіся падзеі жніўня-2020, чаму афіцыёзная культура не мае ніякіх шанцаў на існаванне, на якім баку апынуліся беларускія творцы і чаму беларуская рэвалюцыя самая прыгожая.
Мастак-манументаліст Сяргей Грыневіч – сярод самых папулярных і запатрабаваных мастакоў у Беларусі. Ягоныя палотны захапляюць і ўражваюць, у іх можна пабачыць і адчуць сапраўдную магію. Разам з тым нязменнаю застаецца грамадзянская пазіцыя творцы. Мы паразмаўлялі са спадаром Сяргеем пра тое, чым для яго сталіся падзеі жніўня-2020, чаму афіцыёзная культура не мае ніякіх шанцаў на існаванне, на якім баку апынуліся беларускія творцы і чаму беларуская рэвалюцыя самая прыгожая.
У нас вучаць рамяству, а не мастацтву
Я навучыўся маляваць хутчэй, чым хадзіць. Прынамсі так казала мама. У дзяцінстве малююць усе, да 10 гадоў – больш-менш аднолькава. Заўважыў, што ў 11 гадоў наступае пэўны пералом: калі ў гэтым узросце дзеці працягваюць маляваць і не бачаць свайго жыцця без гэтага – гэта патэнцыйныя мастакі.

Я разам з сябрам Сашам, які жыў па суседстве, разгортвалі сшытак і малявалі індзейцаў, гусараў: у той час якраз выйшаў фільм “Гусарская балада”. Аднойчы, калі нам было па 10 гадоў, я разгарнуў сшытак, запрапанаваў памаляваць, а ён адказаў, маўляў, нешта не хочацца. Так ён і скончыў сваё маляванне, хоць маляваў не горш за мяне. Я ж у 11 гадоў паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. І з таго часу толькі і займаюся мастацтвам.
Ці можна навучыцца быць мастаком? У савецкі час усё было загнанае ў пэўныя рамкі, і без вышэйшай прафесійнай адукацыі ты не стаў бы мастаком. Такі шлях у мастацтва быў адзін, ён вельмі падобны ўва ўсіх.

У нас застаецца савецкая школа, у якой вучаць рамяству, а не мастацтву. Нас выдатна вучылі замешваць тынк, калоць смальту альбо рэзаць шкло. Гэта канечне прыдалося ў жыцці. Але не вучылі кампазіцыі. Альбо як размаўляць з замоўцамі. Сучаснае візуальнае мастацтва выглядае кардынальна па-іншаму, але ніякіх навучальных праграмаў у гэтым кірунку не распрацавалі. Савецкая акадэмічная школа застаецца падмуркам, каб навучыцца маляваць краявіды, людзей, упэўнена адчуваць сябе ў традыцыйных відах мастацтва. Сучаснымі ж відамі часта займаюцца людзі без прафесійнай адукацыі.
Ці можна навучыцца быць мастаком? У савецкі час усё было загнанае ў пэўныя рамкі, і без вышэйшай прафесійнай адукацыі ты не стаў бы мастаком. Такі шлях у мастацтва быў адзін, ён вельмі падобны ўва ўсіх.

У нас застаецца савецкая школа, у якой вучаць рамяству, а не мастацтву. Нас выдатна вучылі замешваць тынк, калоць смальту альбо рэзаць шкло. Гэта канечне прыдалося ў жыцці. Але не вучылі кампазіцыі. Альбо як размаўляць з замоўцамі. Сучаснае візуальнае мастацтва выглядае кардынальна па-іншаму, але ніякіх навучальных праграмаў у гэтым кірунку не распрацавалі. Савецкая акадэмічная школа застаецца падмуркам, каб навучыцца маляваць краявіды, людзей, упэўнена адчуваць сябе ў традыцыйных відах мастацтва. Сучаснымі ж відамі часта займаюцца людзі без прафесійнай адукацыі.
За савецкім часам пасля навучання малады мастак ішоў выкладаць альбо працаваць у вытворчы мастацкі камбінат, гэта камерцыйны аддзел Саюзу мастакоў, дзе рабіліся і прапаганда, і творчыя рэчы. Размовы з замоўцам вёў майстар, усё зацвярджала мастацкая рада. Гэта была даволі сумная гісторыя, якая і сёння працягваецца, але ўжо ў такой квазіформе: у дзіўным і смешным выглядзе, што памірае. Нашая краіна адзіная, дзе такое яшчэ існуе.

Я таксама праз гэта прайшоў: быў накіраваны ў гродзенскія вытворчыя майстэрні. У нас пасля вучобы і выбару асабліва не было. У такім камбінаце на 1 рубель зарплаты мастака было 5 рублёў усялякіх накрутак, бо трэба было карміць бухгалтэрыю і майстроў. А пасля я пайшоў у кааператыў, зарганізаваны маімі сябрамі-архітэктарамі. Рабіў тое самае, але замоўцу гэта было ў некалькі разоў танней.

З кананнем Савецкага Саюзу і з’яўленнем рынку для выяўленчага мастацтва склалася вельмі трагічная сітуацыя: шмат мастакоў проста спіліся, перасталі працаваць. Вялікая частка пайшла ў выкладанне: з’явіліся розныя прыватныя курсы, ва ўніверсітэтах з’явіліся дызайнерскія спецыяльнасці. А частка засталася ў творчасці, хтосьці даволі паспяхова сябе адчувае ў рынкавых умовах. Усё па-рознаму, у кожнага свая гісторыя. Са з’яўленнем інтэрнэту і з пашырэннем сацыяльных сетак усё яшчэ больш змянілася, з’явілася яшчэ больш магчымасцяў. Шмат галерэяў прапаноўваюць супрацу, проста пабачыўшы твае працы ў сеціве.
Магчымасць быць свабодным вельмі ўплывае на мастацтва
У мяне нетыповая сітуацыя, не характэрная для большасці беларускіх мастакоў. Я ўжо больш за 15 гадоў працую з адным швейцарскім калекцыянерам, Фрыдрыхам. У 2006-м я зрабіў выставу ў Гродзенскай выставачнай зале. У газеце “Вячэрні Гродна” на апошняй старонцы надрукавалі рэпартаж з выставы. І там быў фотаздымак, на якім я даю інтэрв’ю на фоне свайго аўтапартрэту з заплюшчанымі вачыма. Фрыдрых быў у Беларусі ў справах бізнесу. Заязджаючы, ён выпадкова пабачыў фота ў газеце і захацеў набыць маю карціну. Папрасіў адну дзяўчыну пазнаёміцца са мной і пагутарыць наконт гэтай справы. Яна прыйшла, сказала, што швейцарскі знаёмы зацікавіўся карцінай і хоча яе набыць. Я адказаў, што твор занадта прыватны, пакуль не хацеў бы яго прадаваць, але магу прапанаваць штосьці іншае. І даў ёй CD-дыск са сваімі працамі. Так пачалася нашая супраца.

Амаль усё, што я рабіў, адыходзіла яму. Я часта ездзіў у Швейцарыю працаваць над палотнамі, жыў там месяцамі. Вельмі добра ведаю гэтую краіну, і мяне там ужо трошкі ведаюць. Асобным радком у нашай дамове было адзначана, што за мною застаецца поўная свабода творчасці, ніякага дыктату. Фрыдрых шчыра казаў, што кожны мой новы твор для яго – заўсёды сюрпрыз, і яму гэта вельмі да спадобы. Магчымасць быць свабодным вельмі ўплывае на мастацтва.
Самацэнзура была і дасюль застаецца маім галоўным ворагам. Калісьці я быў малады, смелы і недасведчаны. Я маляваў і рабіў усё, што мне прыходзіла ў галаву. І быў абсалютна свабодным. Потым самацэнзура перарасла мяне як мастака. Унутраны самацэнзар мае ўсё большую вагу, чым я як творца і мастак. Усе мае творчыя задумы і патугі ён перапыняе на паўдарогі. Штосьці задумаю – і адразу ўключаецца цэнзар: гэта ўжо было, гэта нікому не трэба, нічога новага не скажа. Гэта вельмі вялікі тормаз для творчасці, з якім я змагаюся. Але калі ўнутраны цэнзар дазволіў зрабіць тое, што я задумаў, мяне ўжо ніхто не пераканае, што гэтага нельга рабіць.

У мяне шмат працаў, якія нельга цяпер выстаўляць. Але я ж іх намаляваў. Ведаю, што калі павешу іх на выставе, то здымуць. І будзе скандал, які ў прынцыпе толькі спрыяе мастацтву. Але людзі прыватна просяць мяне не нарывацца, бо ім ужо патэлефанавалі і папярэдзілі, што могуць быць праблемы.
Быў выпадак, калі некалькі маіх працаў былі знятыя з выставы. Я пагадзіўся, хоць, вядома, можна было стаць у позу. Але тады не адбылося б выставы наагул. І каму ад гэтага было б лепей?

Калі ты кантралюеш самацэнзуру, гэта цалкам нармальна. Яна не дае праходзіць у мастацтва шэрасці, прахадным творам. Але ёсць і знешняя цэнзура, якая ўмешваецца ў творчасць: гэтак званыя мастацтвазнаўцы ў цывільным. І гэта, натуральна, іншая рэч. Вонкавая цэнзура дзяржавы – гэта перажыткі мінулага, якія цяпер забуялі горш чым пры Савецкім Саюзе.
Цяпер, каб зарганізаваць выставу ў галерэі, ты мусіш афармляць усё як масавую акцыю. Матэрыялы з выставы трэба дэманстраваць і зацвярджаць у аддзеле культуры. Пасля яшчэ і ў КДБ. Але ўвесь гэты абсурд мусіць дайсці да канца.

Навошта рабіць выгляд, што нічога не адбываецца? Цяпер на месцы галерэі, дзе ўвосень мінулага года адбылася мая апошняя ў Гродне выстава, адкрылася крама мэблі. Кажуць, харошая. Ведаю, што чыноўнікі бедавалі: вушамі прахлопалі тую выставу “аднаго манументаліста”.
Візуальны твар беларускіх пратэстаў найпрыгажэйшы
Думкі пра тое, што ў краіне можа штосьці змяніцца, з’явіліся пасля 8 траўня мінулага года. Калі я прачытаў персаналіі тых, хто падаўся ў кандыдаты на прэзідэнта, я адразу зразумеў, што нешта будзе. І літаральна праз тыдзень з’явіліся вялікія чэргі, каб паставіць подпіс за кандыдатаў. Стала відавочна, што гэтага ўжо не спыніць. А вось у пачатку 2020 года, мне здаецца, ніхто не мог прадказаць таго, што адбылося, ні адзін астролаг ці палітычны аналітык.

У чэрвені здарылася гісторыя з арыштам “Евы” і калекцыяй “Белгазпрамбанку”. Саюз дызайнераў, з якім я вельмі сябрую, выступіў з адкрытым лістом абурэння сітуацыяй. Я яго таксама падтрымаў. Пачаўся рух, людзі пісалі адкрытыя лісты, пасля выбараў выходзілі на акцыю каля Палацу мастацтва. Я быў на пленэры ў Друі, мы там таксама стварылі свой “партызанскі атрад”. Уздым і надзеі былі каласальныя. Шмат творчых людзей звярнуліся да актуальнага мастацтва, а гледачы сталі больш адгукацца на яго, бо гэтыя падзеі закранулі ўсіх.

З самых яркіх запамінальных момантаў – гісторыі Купалаўскага і Гродзенскага драматычнага тэатраў. Пасля – вялікая тэатральная імпрэза на падворку гродзенскага Цэнтру гарадскога жыцця, у атачэнні аўтазакаў. А якія спевы гучалі ў гандлёвых цэнтрах! Увогуле візуальны твар беларускіх пратэстаў – найпрыгажэйшы за ўсе рэвалюцыі, якія здарыліся апошнімі дзесяцігоддзямі.
Мастацтва і культура ніколі не змогуць сваёй крэатыўнасцю ды разнастайнасцю спрачацца з жыццём. Згадайма маршы: колькі там было крэатыву ад звычайных людзей! Пратэсты ўзбудзілі творчасць масаў, якія раней не мелі дачынення да мастацтва. І яна выглядала больш актуальнаю, натуральнаю. Столькі крэатыву аказалася ў беларусах, што мастакі проста не маглі спрачацца з гэтым і дзесьці нават прайгравалі. Прафесійнае мастацтва тут можа толькі ісці ў нейкім рэчышчы, быць другасным. У такі час яно пэўна мусіць крышку памаўчаць, пачакаць, бо жыццё нашмат цікавейшае, больш крэатыўнае і разнастайнае.

Хоць, безумоўна, ёсць падзеі, на якія ты не можаш не адгукнуцца. Праўда, ты адгукаешся і пасля бачыш, што яно як хутка стала актуальным, гэтак жа хутка страціла сваю актуальнасць.
Мастацтва і культура ніколі не змогуць сваёй крэатыўнасцю ды разнастайнасцю спрачацца з жыццём. Згадайма маршы: колькі там было крэатыву ад звычайных людзей! Пратэсты ўзбудзілі творчасць масаў, якія раней не мелі дачынення да мастацтва. І яна выглядала больш актуальнаю, натуральнаю. Столькі крэатыву аказалася ў беларусах, што мастакі проста не маглі спрачацца з гэтым і дзесьці нават прайгравалі. Прафесійнае мастацтва тут можа толькі ісці ў нейкім рэчышчы, быць другасным. У такі час яно пэўна мусіць крышку памаўчаць, пачакаць, бо жыццё нашмат цікавейшае, больш крэатыўнае і разнастайнае.

Хоць, безумоўна, ёсць падзеі, на якія ты не можаш не адгукнуцца. Праўда, ты адгукаешся і пасля бачыш, што яно як хутка стала актуальным, гэтак жа хутка страціла сваю актуальнасць.
Пераважная большасць дзеячаў культуры перайшла на бок дабра
У першыя тры дні пасля выбараў інтэрнэту не было, у хаце я слухаў радыё “Рацыя”. Тут, недалёка ад мяжы, радыё цягнула і было адзінаю крыніцай інфармацыі. 12 жніўня я ад’язджаў на пленэр у Друю, а 7-й раніцы ўключылі інтэрнэт, і тэлефон, можа, паўгадзіны бесперапынна дзінькаў ад паведамленняў з усяго свету, найбольш з Украіны. Знаёмыя з-за мяжы расказвалі, што ў нас адбываецца.

Такога гвалту з боку сілавікоў ніхто не чакаў. У цэнтры Еўропы – такое дзікунства. Сярэднявечча. Нават не ўяўляю, як гэта ўсё перажывалі маладзёны, дзяўчаты. Я ўсё ж пражыў жыццё, служыў у савецкім войску, наглядзеўся на гвалт, дзедаўшчына і хамства былі страшныя. Але тут… Свае білі сваіх. Скуль гэта ўзялося? Думаю, падобнага ніхто не мог прадугледзець, нават тыя людзі, якія бралі ўдзел у гвалце з адваротнага боку. Гэта быў нейкі масавы псіхоз. Людзі рабілі гэта ўсё як у нейкім наркатычным сне.

Гродзенскія мастакі выступілі з відэазваротам супраць гэтага гвалту. Мы захацелі выказацца вербальна. Тады, мне падаецца, ува ўсіх была перакананасць у хуткай перамозе. Выказваліся ўсе: і настаўнікі, і медыкі, і рабочыя. У канцы жніўня аптымісты казалі, што ўсё скончыцца да халадоў, песімісты – да Новага года. Я казаў, што ўсё скончыцца да зімы. Той бок таксама быў пэўны, што ім засталося месяц, два. Усе так думалі, акрамя аднаго чалавека. Урэшце ён меў рацыю. Усе пралічыліся ў сваіх прагнозах.
Пасля жнівеньскіх падзеяў было вельмі цяжка працаваць як творцу. Але яшчэ вельмі цяжка было ніяк не рэагаваць у творчасці на тое, што адбываецца ў краіне. Мастацтва па-за палітыкаю – гэта анахранізм. Мастацтва дзеля мастацтва скончылася пэўна сто гадоў таму.

Да 2020 года доля канфармізму сярод беларускіх мастакоў была вельмі вялікая. Таленавітыя мастакі часам браліся за ўсё ды ішлі на кампрамісы з уладамі. Я нікога не асуджаю. Але засмучалі больш нават не ўчынкі нашых мастакоў, а стан нашай краіны і ўмовы, якія прымушаюць мастакоў ісці на ўгоды з сумленнем. Апошні год я цешуся тым, што пераважна большасць дзеячаў культуры перайшла на бок дабра. Па той бок засталося мала прафесійных таленавітых людзей, збольшага гэта аматары. Тое, што яны ствараюць, час ад часу атрымлівае вычварэнскія формы, часам камічныя, узроўню “Дажынак” і “Славянскага базару”. І не мае ніякага дачынення да сапраўднай культуры і мастацтва.
Нашая культура штосьці назапашвае для будучага ўздыму, культурніцкага выбуху
Цяпер беларускае грамадства мае глабальныя праблемы, зразумелыя ўсім, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Ёсць і наш беларускі кантэкст, які цікавы найперш нам, але ён можа быць цікавы і іншым, бо ён унікальны. Таму праяўленні ў розных формах мастацтва могуць жыць і гучаць па ўсім свеце ды будуць зразумелыя. Афіцыёзная ж беларуская культура не мае ніякіх шанцаў на існаванне і прамоцыю ў свеце, гэта аматаршчына на вельмі нізкім узроўні. Мастацтва сёння больш глабальнае, яно не можа існаваць, як пры саўку, у цяплічным запаведніку, не выходзячы за межы краіны. Гэта немагчыма.

70 % нашага ўраду – выпускнікі Горы-Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Нічога не маю супраць аграрыяў. Але гэтыя людзі кіруюць культураю, то бок справаю займаюцца тыя, хто не мае да яе ніякага дачынення. Так не толькі ў культуры, але ў спорце, эканоміцы ды іншых сферах. Аматаршчына – біч гэтай сістэмы, які і прывядзе яе да злому. Паўсюль адныя аматары.

Вялікая частка дзеячаў культуры даўно была ва ўнутранай эміграцыі: меней камунікаваць з афіцыёзам, сістэмаю, чынавенствам. У пэўным сэнсе яна была зручнаю: у гэтым выпадку сумленне застаецца больш-менш чыстым. Але ўнутраная эміграцыя цяпер ужо ні ад чаго не ратуе.
Быць абсалютна апалітычным цяпер немагчыма. Ёсць чорнае і белае. Шэрага, нейкіх паўтонаў цяпер няма. І калі сістэма захоча, то сама да цябе прыйдзе, хочаш ты таго ці не.

Я не асуджаю нікога, хто з’ехаў у іншую краіну. Мне пакуль што больш камфортна тут, у Беларусі. Я вельмі шмат ездзіў і жыў за мяжою. Больш за тое, дасюль я маю магчымасць жыць і працаваць у Швейцарыі. У мяне там ёсць майстэрня. Але мяне не прыціснула да такой ступені, каб з’язджаць.

З мастакоў з’ехалі лічаныя людзі. Больш з’язджалі мастацтвазнаўцы, яны больш публічныя. Вось мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч з’ехаў, хтосьці не з’ехаў, як Алесь Пушкін, і апынуўся за кратамі. У яго такая пазіцыя, за гэта я яго паважаю. Такую барацьбу дзяржавы з мастакамі можна назваць невуцтвам на мяжы з дзікунствам і варварствам.

Для творцаў вельмі важнае самавыказванне. Гэта нашая прафесія. Як трэнаванне ў спорце: ты мусіш падтрымліваць свой узровень, каб заставацца ў прафесіі. Што застаецца ў цяперашняй сітуацыі? Ісці ў онлайн. Гэта лепш, чым нічога не рабіць. Заўважаю за сабою, што сам мог бы рабіць значна больш. Але пэўна ў такім выпадку я б ужо сядзеў. Ці вымушаны быў бы з’ехаць, як вялікая частка маіх сяброў і знаёмых.
Пераходны перыяд мы пройдзем за рэкордна кароткія тэрміны
Калі змены адбудуцца за найбліжэйшыя паўгода, то вернуцца 80–90 % тых, хто з’ехаў з Беларусі праз палітычныя матывы ці проста ўцякаў. Каб адаптавацца і асімілявацца, там трэба пажыць. Ясна, што чым больш часу праходзіць, тым больш людзі пускаюць карані на новым месцы. Але я веру ў тое, што значная частка беларусаў вернецца дадому.

Пасля перамогі пераходны перыяд можа зацягнуцца, але не крытычна. Пераходныя перыяды краінаў Усходняй Еўропы – каб дасягнуць стабільнасці і ўзроўню еўрапейскага жыцця, як у Венгрыі, Польшчы, Эстоніі – доўжыліся па 20 гадоў. Мы гэты шлях пройдзем за рэкордна кароткія тэрміны. У нас усё для гэтага ёсць: вялізны інтэлектуальны патэнцыял, інфраструктура, дарогі, геаграфічнае становішча. Тое, што яны прайшлі за 20 гадоў, мы можам прайсці за 3 гады, калі ва ўладзе будуць нашыя людзі. Але вось калі гэты пераходны перыяд надыдзе? Тут я прагназаваць не бяруся.

Цяпер нашае жыццё пастаўленае на паўзу. Такі вобраз паўстае: у кружочку дзве вертыкальныя рыскі, як у YouTube, значак паўзы. Нейкіх тэктанічных зменаў у культурніцкай прасторы мы цяпер не можам чакаць. Удзел у агульнаеўрапейскім ці сусветным культурніцкім працэсе таксама вельмі абмежаваны праз немагчымасць вандраваць, камунікаваць, браць удзел у замежных імпрэзах.

Усе цяпер на паўзе. Магчыма, нашая культура штосьці назапашвае для будучага ўздыму, культурніцкага выбуху. Надзея на гэта дапамагае існаваць у гэтых падвешаных умовах.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты
Галоўная старонка
Да галоўнай
Наступны матэрыял
Да наступнага матэрыялу