« Многія выходзілі на пратэсты дзеля песні »
Грыневіч
Таццяна
Тэкст: Марына Весялуха
Фота: Яўгенія Прыгодзіч

Таццяна Грыневіч

«Многія выходзілі на пратэсты дзеля песні»
Тэкст: Марына Весялуха
Фота: Яўгенія Прыгодзіч
Таццяна Грыневіч – першая скрыпка беларускіх пратэстаў. Нарадзілася ў Ашмянах, скончыла Маладзечанскую музычную вучэльню імя Агінскага і Беларускі ўніверсітэт культуры (цяпер БДУКіМ). Працавала ў складзе камернага хору Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Укладальніца шмат якіх музычна-метадычных зборнікаў для дзяцей, але сваім самым паспяховым праектам лічыць сына Адама. З ейнае лёгкае рукі і смычка песні “Купалінка” і “Калыханка” зрабіліся гімнамі-сімваламі беларускага пратэсту. З восені 2020 года жыве ў Стамбуле. Верыць, што жыццё нам увесь час даруе цуды. Упэўненая, што Беларусь жыве ў беларусах.
Таццяна Грыневіч – першая скрыпка беларускіх пратэстаў. Нарадзілася ў Ашмянах, скончыла Маладзечанскую музычную вучэльню імя Агінскага і Беларускі ўніверсітэт культуры (цяпер БДУКіМ). Працавала ў складзе камернага хору Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Укладальніца шмат якіх музычна-метадычных зборнікаў для дзяцей, але сваім самым паспяховым праектам лічыць сына Адама. З ейнае лёгкае рукі і смычка песні “Купалінка” і “Калыханка” зрабіліся гімнамі-сімваламі беларускага пратэсту. З восені 2020 года жыве ў Стамбуле. Верыць, што жыццё нам увесь час даруе цуды. Упэўненая, што Беларусь жыве ў беларусах.
Рос сын, і разам з ім – мой беларускі слоўнікавы запас
Рос сын, і разам з ім – мой беларускі слоўнікавы запас
Я вучылася ў інстытуце культуры, і ў той час большасць выкладчыкаў былі беларускамоўнымі. Усе такія цікавыя! У нас выкладалі Іван Цішчанка, Мікалай Крукоўскі, Юлія Чарняўская, Вера Пракапцова. У сяброў выкладаў Вячаслаў Ракіцкі, і яны заўжды з захапленнем пра яго расказвалі. Таму я таксама аднойчы наведала ягоную лекцыю па гісторыі тэатру, і тое захапленне сяброў перадалося мне, пасля чаго прыйшло рашэнне вывучаць беларускую мову і размаўляць на ёй. Чытанне “Каласоў пад сярпом тваім” Караткевіча са слоўнікам вельмі ў гэтым дапамагло. Гэта было ў мае 18 гадоў.

Аднойчы ў Полацку пасля выступлення слухачы мне сказалі: “Вам добра, бо ў Мінску ёсць з кім размаўляць і практыкаваць беларускую мову, а нам тут няма з кім”. На што я адказала: “У мяне была такая ж праблема, і я нарадзіла сабе сына – суразмоўцу, з якім размаўляю толькі па-беларуску. Сын расце, і разам з ім расце мой слоўнікавы запас”. У 2009 годзе адбылася мая першая творчая вандроўка ў ЗША (разам са Змітром Сідаровічам), тады я пазнаёмілася з Сержуком Сокалавым-Воюшам, з якім мы ажыццявілі шмат творчых праектаў і які мне дапамог глыбей адчуць родную мову, пасля чаго іншымі мовамі карыстаюся толькі пры вялікай патрэбе.

“Дрэва без кораня гіне, а мова і ёсць для нас гэтым коранем”: гэтая выснова, да якой я ўрэшце прыйшла, увесь час штурхала мяне наперад.
Праграма спеваў на плошчах саспела цягам вандровак па Беларусі
Праграма спеваў на плошчах саспела цягам вандровак па Беларусі
Калі сапраўды хочаш нешта рабіць, то будзеш гэтым займацца пры любым клімаце. Ад нараджэння сына, калі я зразумела, што мне трэба выгадаваць беларуса, мы ладзілі шмат праектаў, скіраваных менавіта на дзяцей. Апрацоўвалі дзіцячыя народныя, калядныя песні, запісвалі навагодні рэпертуар, складалі дапаможнікі для школаў па літаратуры. Так выйшлі зборнікі “Няма прыгажэй ад маёй Беларусі”, “Сотня вершаў”, “Галасы паэтаў”, дзе ў межах аднаго дыска я сабрала запісы галасоў 60 беларускіх паэтаў: ад Якуба Коласа і Янкі Купалы да выдатных сучасных маладых творцаў. Каб гэтыя дапаможнікі данесці да мэтавай аўдыторыі, разам з Міхасём Скоблам ездзілі з выступамі па школах.
А за два гады да апошніх выбараў я выправілася ў вялікую вандроўку па Беларусі. Якраз сын паехаў вучыцца ў Польшчу, у мяне зʼявіўся час на ўласныя справы, рэалізацыю даўніх задумаў. Хацелася, як Язэп Драздовіч, вандраваць ад вёскі да вёскі, ад гораду да гораду. Так і адбылося: разам з праектам “Мова нанова” наведала амаль усе гарады, у якіх адбываліся гэтыя курсы, а па дарозе завітвала ў школы, дзе разам з дзецьмі слухалі галасы паэтаў, спявалі песні, танчылі беларускія народныя танцы. Часам за дзень адбываліся па 3-4 сустрэчы. І здавалася, гэтым можна займацца бясконца.
А за два гады да апошніх выбараў я выправілася ў вялікую вандроўку па Беларусі. Якраз сын паехаў вучыцца ў Польшчу, у мяне зʼявіўся час на ўласныя справы, рэалізацыю даўніх задумаў. Хацелася, як Язэп Драздовіч, вандраваць ад вёскі да вёскі, ад гораду да гораду. Так і адбылося: разам з праектам “Мова нанова” наведала амаль усе гарады, у якіх адбываліся гэтыя курсы, а па дарозе завітвала ў школы, дзе разам з дзецьмі слухалі галасы паэтаў, спявалі песні, танчылі беларускія народныя танцы. Часам за дзень адбываліся па 3-4 сустрэчы. І здавалася, гэтым можна займацца бясконца.
Той досвед, які я атрымала ў працяглым турнэ па Беларусі, уменне зацікавіць дзяцей беларускаю моваю, культураю, песняю, танцам, уменне лепей камунікаваць са слухачамі, адчуваць іх, у 2020-м я актыўна скарыстоўвала на плошчах і на дваравых сустрэчах.

З практыкай усё прыходзіць, нават італьянская мова ў свой час прыйшла, калі сталася патрэбная для працы. Тое самае перажываю з турэцкай. У школе, напэўна, у нас ува ўсіх выхавалі комплекс, што мову нельга вывучыць, што з памылкамі гаварыць сорамна. А без памылак жа немагчыма. Падаецца, нам усім трэба пераадольваць гэты школьны стэрэатып.
Працягваць працу ў такім напале, вастрыні супрацьстаяння было немагчыма
Працягваць працу ў такім напале, вастрыні супрацьстаяння было немагчыма
Цягам 12 гадоў я працавала ў Дзяржаўным камерным хоры ў філармоніі, і мне ўдавалася знаходзіць баланс паміж працай у дзяржаўнай структуры ды нейкімі праектамі для душы. Але ў нейкі момант мяне пачалі часта выклікаць у ідэалагічны аддзел, а аднойчы ахоўнік філармоніі забараніў мне выходзіць на сцэну 3 дні, бо гэта былі 3 вялікія “правіцельственныя” канцэрты. Дый душа рвалася ў падарожжы: то мяне чакае школа, то трэба паехаць у Амерыку паспяваць на Вялікдзень.
Вядома, такое не спадабаецца ніводнаму дырыжору, таму было пастаноўлена са мною развітацца.

Навіну я ўспрыняла балюча, і тады за мяне заступіліся беларускія творцы, нават міністр культуры загадаў вярнуць мяне на працу. Але, дзякуй Богу, што не склалася вяртанне, пасля чаго я змагла спакойна вандраваць з выступамі па Беларусі і свеце. Таксама адчуваю вялікую ўдзячнасць да былых калегаў, якія выйшлі пасля выбараў і падтрымалі пратэсты. Тое, што я несла сваёй грамадзянскаю пазіцыяй, моваю, праз гады адгукнулася ў калегах. Я іх пабачыла і на ганку філармоніі, і на маршах.
Гэта быў мой выбар: быць паспяховаю ці спяваць беларускае
Гэта быў мой выбар: быць паспяховаю ці спяваць беларускае
Усё юнацтва я хацела быць опернаю спявачкай. Але з часам зразумела, што оперу можа спяваць хто заўгодна. А выконваць беларускі рэпертуар наўрад ці знойдзецца шмат ахвочых, бо попыт на такую музыку ёсць толькі ў невялікага кола людзей. І грошай такая праца не прынясе. Гэта быў мой свядомы выбар: спяваць беларускае і па-беларуску. Да сваёй апошняй хвіліны буду спяваць для радзімы, для таго, каб захаваць Беларусь.
А разам са мной усе гэтыя гады спяваў і спявае мой сын. Спачатку дзіцячыя песенькі, потым сын – першым голасам, я – другім, потым наадварот, пасля стварылі квартэт, дзе Адась спяваў басам. Я ведала, што сыну трэба аддаць, перадаць усё найлепшае. І так склалася, што і сыну, і Беларусі я гэта перадавала супольна.

З 2005 года я ў той ці іншай ролі ўзяла ўдзел у стварэнні, запісе, прадзюсараванні 15 дыскаў. Яшчэ адзін наш вялікі праект – адраджэнне беларускага танцу з капэлаю “На таку” (дзе я скрыпачка) і танцавальным клубам “Сіта”. Але найпаспяховейшым сваім праектам лічу сына Адася, які творча дапамагае мне ўва ўсім і працягвае маю працу. Менавіта дзеля яго, дзеля таго, каб ён стаўся сапраўдным беларусам, рабіліся ўсе гэтыя шматлікія праекты.
Пачынала граць скрыпка – і страх знікаў
Пачынала граць скрыпка – і страх знікаў
Кожны раз, як адбываліся выбары, мне хацелася верыць у цуд. Памятаю, у 2001 годзе, калі Адась быў зусім немаўляткам, мы ўсёю сямʼёю пайшлі на выбары. Участак для галасавання быў досыць далёка, мы з вазочкам ехалі ў тралейбусе, але для нас надзвычай важна было ўзяць удзел, аддаць свой голас.
У 2020-м таксама была надзея, цэлае лета мы з мамаю глядзелі стрымы. Абнадзейвала тое, што людзі масава збіраюцца галасаваць, што яны гэтым разам уключаныя ў працэс.
Я такі чалавек, які верыць у цуды. Усе важныя справы, што адбываюцца з намі, – гэта ж цуды! І ў 2020-м хацелася спадзявацца на гэты падарунак ад жыцця. Асабліва калі пачаліся затрыманні, арышты, забойствы, было спадзяванне на цуд, які кардынальна зменіць сітуацыю ў краіне. І дасюль я яго чакаю.

На нашым участку перамагла Святлана Ціханоўская, і камісія абвесціла сапраўдныя вынікі. Усе былі вельмі задаволеныя ў той дзень. Я прыйшла дадому шчаслівая, але вымкнулі інтэрнэт, пачаўся жах... Мы ўсю ноч не спалі, да Мінску не маглі даехаць, бо было ўжо позна. Спачатку баяліся выходзіць на пратэсты: было напраўду страшна ад той невядомасці і ад тых жахаў на вуліцах. І толькі на трэці дзень пайшлі з кветкамі да “Пушкінскай”.
Я такі чалавек, які верыць у цуды. Усе важныя справы, што адбываюцца з намі, – гэта ж цуды! І ў 2020-м хацелася спадзявацца на гэты падарунак ад жыцця. Асабліва калі пачаліся затрыманні, арышты, забойствы, было спадзяванне на цуд, які кардынальна зменіць сітуацыю ў краіне. І дасюль я яго чакаю.

На нашым участку перамагла Святлана Ціханоўская, і камісія абвесціла сапраўдныя вынікі. Усе былі вельмі задаволеныя ў той дзень. Я прыйшла дадому шчаслівая, але вымкнулі інтэрнэт, пачаўся жах... Мы ўсю ноч не спалі, да Мінску не маглі даехаць, бо было ўжо позна. Спачатку баяліся выходзіць на пратэсты: было напраўду страшна ад той невядомасці і ад тых жахаў на вуліцах. І толькі на трэці дзень пайшлі з кветкамі да “Пушкінскай”.
У наступныя дні мы актыўна далучаліся да ўсіх акцыяў па горадзе, а вечарамі збіраліся на плошчы, і я неяк сама для сябе заўважыла: людзей сабралася шмат, яны стаяць, але на пляцоўцы нічога не адбываецца. А можна было б паспяваць, патанчыць! У адзін з вечароў так і адбылося: я ўзяла з сабою на плошчу скрыпку, зладзіла спеўна-танцавальны сход. І пасля такім жа чынам на плошчы праходзіў кожны вечар – з беларускімі песнямі і танцамі.

Часам мне было страшна. Аднойчы, каля Чырвонага касцёлу, калі першы раз пасля выбараў адбылася зачыстка плошчы, мы спакойна спявалі “Калыханку” Генадзя Бураўкіна. І раптам пабеглі людзі, я таксама падхапілася – мая скрыпка ўпала на дол і пабілася... Аднойчы за мною сачылі ціхары, некаторы час давялося хавацца ў кватэры добрага знаёмага. Я нават папрасіла аднаго сябра, каб ён выконваў функцыю ахоўніка, які б мог сачыць за агульнай абстаноўкаю. Калі я абʼектыўна – граючы, спяваючы і танчачы – не магла ацэньваць раскладу рэчаў.

На плошчы Незалежнасці быць у тыя дні сапраўды было вельмі страшна. І мне пазней казалі жанчыны і дзяўчаты: бывала, ад страху хацелася ўцячы ды ніколі больш не прыходзіць. Але пачынала граць скрыпка ці зацягвалася беларуская песня – і страх знікаў. Дзеля песні шмат хто заставаўся і выходзіў на плошчу.

Мы пратрымаліся месяц, а пасля гэта стала больш немагчымым.
Хацелася напоўніць пратэст беларускім зместам
Хацелася напоўніць пратэст беларускім зместам
“Купалінка” – песня, якую са школьнай праграмы ведаюць усе. І тое пакаленне, хто 20 гадоў таму хадзіў у школу, гэтую песню ведае дакладна. Як і “Калыханку” на верш Бураўкіна. Кожны чалавек яе памятае. І пратэставая сіла гэтых песень была менавіта ў тым, што яна яднала. Мы браліся за рукі і спявалі.

Тады ж выйшлі спеўнікі “Годныя песні”, яны сталіся дапаможнікам, каб усе вывучылі словы і разам спявалі. Вельмі хацелася напоўніць пратэст беларускім зместам. І ўрэшце так сталася. Калі на плошчы выступаць больш не выпадала, пачаліся запрашэнні ў двары. За дзень былі тры-чатыры сустрэчы.

А ўжо калі пачалі браць музыкаў з дваровых канцэртаў, то мой турэцкі сябра захваляваўся і набыў мне квіток да Стамбулу. З такім разуменнем, што два-тры месяцы – і ўсё зменіцца да лепшага, можна будзе вярнуцца. Зваротны квіток таксама быў, але я ім, на жаль, не скарысталася. Так пачалося маё жыццё ў Турцыі.
Калі я прыехала ў Стамбул, то была вельмі стомленая сталым страхам, стрэсам. За тых паўтара месяца пратэстаў я схуднела на 7 кілаграмаў.
Мы і ёсць Беларусь, мы ёсць свабода, радзіма
Мы і ёсць Беларусь, мы ёсць свабода, радзіма
У Стамбуле вельмі складана сабраць беларусаў на сустрэчу, бо горад вельмі вялікі, прызначыць месца і час, каб было ўсім зручна, проста нерэальна: ува ўсіх дзеці, нейкія хатнія клопаты. Некалькі чалавек прыйдзе – і радуешся хаця б такому святу.

Я прыехала запаленая пратэстамі, хадзіла са сцягам на плячах, спявала на пароме, грала на скрыпачцы каля Сафіі. І на беларускія мелодыі адгукаліся турысты-беларусы. Калі я прапаноўвала ім разам сфатаграфавацца на памяць, даставалі з торбаў бел-чырвона-белыя сцягі. Каб фота было сапраўдным.
Калі прыязджаюць свае людзі – гэта як подых радзімы, бо мы і ёсць Беларусь, мы ёсць свабода, радзіма. Так, у Беларусі цяпер не найлепшы час. Але мы ёсць. І мы абавязкова вернемся.

Вандроўка па Польшчы, што здарылася ў кастрычніку, была доўгачаканая. Па-першае, я год не бачыла свайго сына. Па-другое, вельмі засумавала па сустрэчах з беларусамі, па спеўных сходах, па танцах. І ўсё гэта ажыццявілася так, як я марыла: творчыя сустрэчы, акцыі, танцавальныя і спеўныя вечарыны, “Мова нанова” для дзяцей і дарослых, нават запіс чатырох песень у студыі.

І зноўку я вандравала, як той Язэп Драздовіч, толькі гэтым разам па польскіх гарадах і мястэчках: Варшава, Беласток, Гайнаўка, Студзіводы, Люблін, Гданьск, Познань, Вроцлаў, Кракаў, дзе мяне сустракалі шчырыя беларусы.
Працы проста непачаты край
Працы проста непачаты край
Вельмі хачу дадому, да мамы, але яе за гэты час ужо не стала. Ковід. Вельмі балюча.

У Мінску, дый у цэлым у Беларусі за гэты час шмат змянілася. Сябры зʼехалі, арганізацыі зачынілі. Нават калі і прыедзеш, то ўсё ўжо не тое...

Ад горкіх думак адцягвае музыка. Перад локдаўнам набылі клавішы, і я згадала ўсе свае ўменні. Падрыхтавала праграму песень пад акампанемент фартэпіяна. Насамрэч я ўсё жыццё на ім грала, але калі стала актыўна вандраваць з выступамі, то мусіла перайсці на больш мабільныя інструменты – гітару і скрыпку.

Разам з Сержуком Сокалавым-Воюшам мы пачалі рабіць музычныя сустрэчы ў Zoom. З сынам пачалі весці YouTube-канал Matafan Records. Апошнім часам у мяне назіраецца творчы ўздым. Суседзі часта скардзіліся на мае заняткі дома і раз выклікалі нават паліцыю, то цяпер я хаджу займацца ў дом творчасці, што непадалёк.

У Беларусі такое нават уявіць немагчыма, каб чалавек з вуліцы проста прыйшоў і папрасіў кабінет для заняткаў. А тут я папрасіла – і мне далі.

Цяпер хаджу туды як на працу. І, напэўна, упершыню зразумела Адама Мальдзіса, які казаў, што яму не стае гадзінаў у соднях, каб зрабіць усё задуманае. Бо працы з беларускімі песнямі, нотамі, не кажучы ўжо пра сусветную класіку, проста непачаты край.

А гэта ўсё хочацца ахапіць.
Песня на верш Ларысы Геніюш
Зум-вечарына з Сержуком Сокалавым-Воюшам
Паланез Агінскага
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты