« Гэта беларускі біблейскі пеплум. Падняўся ўвесь народ супраць фараона »
Тарналіцкі
Тарас

Тарас Тарналіцкі

«Гэта беларускі біблейскі пеплум. Падняўся ўвесь народ супраць фараона»
Тарас Тарналіцкі – журналіст і кінакрытык. Стваральнік каналу "Священный Белавуд”, прысвечанага падзеям і інтрыгам "Беларусьфільму” і беларускага кіно. Гісторык-архівіст з адукацыі. Браў удзел у кампаніі 2020–21 гадоў, прайшоў праз арышт.
Ціхая правінцыя і мяцежны Мінск
Ціхая правінцыя і мяцежны Мінск
– Калі я жыў у Коласаве, невялічкай мясцовасці недалёка ад Мінску, за кіламетраў 65, інфармацыя пра палітычныя выступы туды не даходзіла. Я пра незадаволенасць Лукашэнкам, уладамі амаль нічога не ведаў. Дазнаўся пра гэта, калі ў 17 гадоў прыехаў у Мінск, у 2006-м, каб паступіць ва ўніверсітэт на гісторыка-архівіста.

Я вучыўся на гісторыка, таму мне ўсе гэтыя грамадскія падзеі былі цікавыя. А ўпершыню я ўзяў удзел у іх у 2010 -м, калі хадзіў на Плошчу. Быў з усімі на Кастрычніцкай, потым на плошчы Незалежнасці, але паспеў сысці ў апошні момант да разгону. Потым яшчэ быў на маўклівых маршах 2011 года, дзе пляскалі. На дэманстрацыях у 2017-м, калі выйшаў дэкрэт пра дармаедаў. Але нешта вялікае пачало выспяваць у 2020-м.
Пра цэнзуру. “А мне казалі: “А-та-та!”
Пра цэнзуру. “А мне казалі: “А-та-та!”
Была цэнзура, калі я служыў у арміі, там гэта было вельмі заўважна. І калі я працаваў 2016 годзе ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу і кан’юнктуры цэнаў. Цікавае месца. Яны выдавалі часопісы і прасоўвалі магчымасці беларускіх прадпрыемстваў на замежным рынку. І мне рабілі заўвагі наконт таго, калі я нешта свавольна пішу ў “Фэйсбуку”, напрыклад, пра “справу БелТА і TUT.by”, а мне казалі: “А-та-та!”, хаця цэнтр маркетынгу і БелТА – розныя арганізацыі. Дарэчы, у Нацыянальным архіве, дзе я таксама працаваў як шараговы гісторык, на нізавым узроўні цэнзуры не было.
Наагул у дзяржаўных СМІ патрабуюць пэўнай формы “изложения мысли”. Там не трэба пісаць тое, чаго не трэба. Я супрацоўнічаў пэўны час з газетаю “Культура”, складаў для іх рэцэнзіі, а мяне падразалі. Былі спрэчкі з рэдактарам, маўляў, пэўную фразу трэба прыбраць, бо будзе незадаволенае Міністэрства культуры. І гэта дакладна не для мяне, бо хочацца пісаць свае думкі пра кіно і пэўныя падзеі без самацэнзуры. А таму працаваць на дзяржаўныя СМІ я не мог.
Таямніцы “Священного Белавуда”
Таямніцы “Священного Белавуда”
– Я не толькі працаваў на незалежныя СМІ, але стварыў свой канал “Священный Белавуд”, у якім публікуецца інфармацыя пра “Беларусьфільм” і захады Міністэрства культуры ў сферы кіно. Я не казаў бы, што ён вельмі масавы, у нас ёсць 2000 падпісантаў, гэта недастаткова. На фоне каналаў, прысвечаных беларускай літаратуры ды культуры, не гаворачы ўжо пра каналы палітычныя, ён не вельмі масавы. Але для мяне добры паказнік – рэакцыя чыноўнікаў. Мне прысылалі звесткі людзі, звязаныя з Міністэрствам культуры і кінастудыяй, злівалі інфу. Ананімна, безумоўна. Каб чалавек расказаў нешта цікавае, трэба гарантаваць бяспеку суразмоўцам, каб людзі не баяліся падзяліцца навіною пра беларускае кіно.
Напярэдадні жніўня-2020: У той момант я зразумеў, што будзе вялікі варушняк
Напярэдадні жніўня-2020: У той момант я зразумеў, што будзе вялікі варушняк
– Спачатку я не верыў Бабарыку, думаў, што гэта будзе спойлер Лукашэнкі, бо як у тых умовах – а гэта быў травень 2020 года – паверыць, што хтосьці можа выйграць у гэтых выбарах. Усе ж ведаюць, як у нас галасы лічацца і што бывае з тымі, хто вылучаецца на пасаду прэзідэнта. Таму я меркаваў, што тут ёсць пэўная дамоўленасць. Але мне было цікава, бо я пабачыў у грамадстве ўсплёск, і тады запісаўся ў каманду Бабарыкі, каб ацаніць запыт на перамены.

Было вельмі драйвова збіраць подпісы. Збіраў там, дзе жыву: на вуліцах Сухарава і Семянякі. Праз “Вайбэр”, развесіў аб’явы на пад’ездах – і людзі самі да мяне тэлефанавалі, казалі: “Вось мы хочам распісацца за Бабарыку”.

У той момант я зразумеў, што не меў рацыі, калі лічыў, што год пройдзе сціпла, бо будзе вялікі варушняк. З’явілася прадчуванне, што нешта выспявае.

А ўжо пасля было весялей.
Маршы Свабоды: “Я бачыў новыя твары
Маршы Свабоды: “Я бачыў новыя твары
– Мне пашанцавала: у маёй сям’і ўсе былі дакладна супраць Лукашэнкі. Не было людзей, якія не падзялялі б маіх поглядаў. Але ніхто актыўна не ўдзельнічаў. Таму на маршы я хадзіў з сябрамі: у маім коле знаёмых усе былі за тое, каб паспрабаваць змяніць сітуацыю.

У пэўны момант было адчуванне, што вось-вось усё зменіцца. Я нават званіў сваякам, казаў, што гэта адбудзецца сёння ці заўтра. Так было яшчэ ў пачатку жніўня, ну а бліжэй верасня стала зразумела, што, напэўна, гэта расцягнецца вельмі надоўга. Бо людзі, вядома, выходзілі, але ты неяк трапляеш на карусель. Яна пракручваецца, людзей становіцца меней, а нічога не адбываецца. Я ўжо зразумеў, што штосьці тут не так, але працягваў хадзіць. Быў на 12 нядзельных маршах, у жніўні стаяў у ланцугу ад Акрэсціна да Курапатаў, хадзіў да Акрэсціна, калі збіраліся ля Дому ўраду. У 10–15 маршах я браў удзел: пахадзіў, паглядзеў. Было цікава. Мо гэта не вельмі добры адказ, але я не адчуваў, што штосьці можа змяніцца. Мне было проста цікава як гісторыку.

Гэта было больш пачуццё не рацыянальнае, а эмацыйнае. Я адчуваў эйфарыю, я бачыў новыя твары, там былі розныя людзі: і працоўны люд, і інтэлігенцыя, і моладзь. То бок гэта былі розныя слаі грамадства, якія бралі ўдзел у супольнай грамадзянскай акцыі. І яны выходзілі кожны дзень. Гэта было вельмі цікава, вельмі захапляльна. Была вялікая ўзрушанасць, але і пэўны скепсіс, бо было ясна, што няма дакладнага плану. Людзі разыходзяцца, потым сыходзяцца. Ну, гэта вельмі цікава, але было адчуванне, што гэта ні да чаго не прывядзе. І былі вельмі вялікія спрэчкі са знаёмымі, якія мне даказвалі, што ўсё ідзе як трэба. А скептык ува мне казаў, што штосьці тут не тое.

Што найбольш уразіла ў акцыях 2020 года
Што найбольш уразіла ў акцыях 2020 года
Найперш вялікая колькасць людзей, асабліва ў першую нядзелю. Я стаяў на ўзгорку каля гатэлю “Планета” і бачыў, як людзі ідуць і ідуць, гадзінамі ішлі. А там бясконцая плынь людзей. Збіраліся вакол стэлы, гэта было вельмі эмацыйна, вельмі моцна, такога раней я не бачыў. Я быў на вялікіх канцэртах, на оўпэн-эйрах розных, і за мяжой, але такой плыні – эмацыйнай, энергетычнай – дакладна не было. І гэта першы момант. То бок маса людзей, што ўдзельнічае, і гэтыя людзі падзяляюць мае погляды, бо яны таксама хочуць новага.

А другое – гэта, натуральна, прабежкі ад АМАПу. Безумоўна. Бо было і не адзін раз, калі я ўцякаў, было аднойчы, калі я ўцякаў у пад’езд. Але ў асноўным у мяне была тактыка хадзіць паміж імі: яны бягуць, а я іду спакойна, не рэагую на іх, і мяне гэта разы тры ці чатыры ўратавала. Але 15 лістапада не спрацавала, і мяне затрымалі. Адразу заламалі… Таму, з аднаго боку, было відовішча маштабнае, а з другога – экшн, калі ты ўцякаеш, а цябе даганяюць.
Кіно за кратамі
Кіно за кратамі
Я браў удзел у Маршы памяці Рамана Бандарэнкі. Калі выходзіў, то зразумеў, што мяне схопяць. Было такое ўнутранае прадчуванне пятлі: рэпрэсіі ўжо сціскаліся вакол шыі, і не толькі маёй, але і іншых людзей. Было жаданне выйсці. Таму я выйшаў, дайшоў да вуліцы Арлоўскай, там ёсць чыгуначны мост. Мяне там якраз і затрымалі. Гэта было маё першае пакаранне. Далі 23.34, гэта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. І яшчэ 23.4, калі ты не падпарадкоўваешся міліцыі. Але гэтага не было, мяне там адразу кінулі ў аўтазак. 25 содняў далі, бо я адказаў, што я журналіст. Калі б сказаў, што беспрацоўны, нічога, магчыма, не было б. Але я не ведаў, чаму трэба было б хлусіць. Распавёў як ёсць. Тады такія вялікія тэрміны былі яшчэ нераспаўсюджаныя. І ўсе здзіўляліся, чаму мне адразу далі 25. Тады гэта здавалася шмат: давалі 15 + 15, а тут адразу 25. Не сказаў бы, што гэта быў вельмі добры досвед. Але было і было.
Я дакладна зразумеў, як у нас працуе пенітэнцыярная сістэма, як у нас працуюць турмы. І гэта, вядома, не вельмі добра, бо ў нас… Магчыма, гэта было з звязана з тым, што ў нас было СІЗА вельмі старое, у новым сядзелі сапраўдныя зэкі, а палітычныя сядзелі, дзе змаглі знайсці месца. І мы сядзелі ў дэкарацыях… ну, “Даў”, напрыклад (карціна пра сталінскі час. – АП), ці турмы 90-ых гадоў, калі ўсё аблуплена, абшарпана, звараныя нары… Калі вы глядзелі савецкі фільм, перабудовачны “Беспредел”, вось там нешта падобнае. Але нават там было лепш, чым у нас. Там у нас такія дэкарацыі, напэўна, больш падобныя да расійскіх фільмаў пачатку 2000-х. Вось гэта дакладна. Там, дзе пра турму, пра бойкі ў турмах. У нас боек не было, але мяне ў першую чаргу ўразіла месца, куды мы трапілі: нават Акрэсціна ў гэтым сэнсе было нармалёвым, а Баранавіцкі СІЗА быў больш брутальны.

І трэба было штосьці рабіць са сваім свабодным часам: вось гэта было самае невыноснае. Напэўна, таму, што, калі цяжка доўга размаўляць з людзьмі, трэба было чытаць. І я вельмі чакаў, калі хтосьці атрымае кнігу, і ўгрызаўся ў яе, чытаў розных класікаў замежных. А яшчэ Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” і Быкава “Чорную зграю”. Там усё было такое сімвалічнае і мясцоваму кантэксту добра пасавала.
Гісторыя сучаснай Беларусі – біблейскі пеплум
Гісторыя сучаснай Беларусі – біблейскі пеплум
Калі ацэньваць падзеі як кінакрытык, я сказаў бы, што адбыўся сучасны беларускі пеплум. Дакладна, пеплум. Бо пеплум – па-першае, відовішча з удзелам вялікай колькасці людзей, а па-другое, відовішча гістарычнае.
*Пеплумы, або фільмы мяча і сандаляў – карціны пра антычнасць і біблейскія часы з характэрнаю вялікаю працягласцю, маштабнымі масавымі сцэнамі з далёкімі ды агульнымі планамі. Тыповыя прыклады пеплумаў – стужкі “Кабірыя” (1914), “Дзесяць запаведзяў” (1956), “Спартак” (1960), “Quo Vadis” (1951, 2001).
Ролік пеплуму “Дзесяць запаведзяў” Сэсіла ДэМіла
Там, на нашых Маршах Свабоды, вядома, ніхто не скакаў на конях, не біўся. Але па эмоцыях было зразумела, што гэта сапраўдны беларускі блакбастар. Жыццёвы. Якога раней ніхто не зняў. Ніякая “Анастасія Слуцкая” і блізка не стаяла!

І я б сказаў, што гэта хутчэй біблейскі пеплум. Бо для мяне антычнасць – гэта найперш трагедыя, хаця ў нас яна таксама ёсць. А тут маем беларускі біблейскі пеплум, бо падняўся амаль увесь народ супраць фараона. Такая алюзія адразу прыходзіць у галаву. І гэта амаль што выхад з Егіпту, пошук радзімы: у мяне такія думкі былі, калі мы ішлі ва Уручча, у Курапаты. Мы перайшлі нават МКАД, то бок выйшлі за межы Мінску. І адразу такая думка: гэта вызваленне народу. Можа, цяпер не на духоўным узроўні, але ментальнае. Бо мы мелі на ўвазе беларускі народ. І людзі, якія выходзілі, дакладна зразумелі, што ў той дзяржаве, якая ёсць, ім няма як жыць. Ім патрэбныя новыя гарызонты, новыя жыццёвыя ўстаноўкі, каб яны разумелі, для чаго ім трэба працаваць і чаго яны чакаюць у будучыні. А мы пакуль яшчэ ў такім замарожаным на 26 гадоў грамадстве, таму прадчуванне будучыні зацягнутае.
Напэўна, пеплум 2020 года скончыўся. Напэўна, нас чакае штосьці новае. І гэта будзе, калі адчыняцца вокны магчымасцяў. Можа быць, увосень, калі адбудуцца выбары, ці ў пачатку 2022-га года, калі будзе рэферэндум, пра які казалі… Карацей, калі ўзнікнуць гістарычныя магчымасці ўзнавіць грамадскі рух. У першую чаргу. І тады з’явіцца магчымасць новага кінарэалізму.

Цяжкае пытанне, чаму наш біблейскі пеплум яшчэ не завяршыўся выхадам з Егіпту. У нас была вялікая магчымасць і ўзрушанасць, але не было дакладнага плану. Ніхто не змог на сябе ўзяць адказнасці, а гэта таксама вельмі важна. Калі штосьці робіш як палітык, трэба браць на сябе кіраўніцтва і казаць людзям, што рабіць. Калі людзі выйшлі, ім трэба было казаць, што далей: ці мы застаёмся, ці мы штосьці патрабуем. А мы проста прайшлі…

Так, гэта было вельмі прыгожа, вельмі эстэтычна, было вельмі эмацыйна і ўзрушальна. Але наш постсавецкі аўтарытарны рэжым вельмі жорсткі. Гэта не савецкі рэжым, не Гарбачоў, не ўсе гэтыя старэчы з Палітбюро. Лукашэнка – учэпісты аўтарытарны лідар, ягоная вертыкаль улады, як мы бачым, адбудаваная. І ўдары, што грамадства па гэтай вертыкалі наносіць, не прынеслі ёй вялікіх стратаў. Грамадства зламіць яе пакуль не можа.
Штодзённасць-2021
Штодзённасць-2021
Раней яшчэ можна было займацца культурніцкаю журналістыкаю, неяк зарабіць, да кагосьці звярнуцца на замову. Але ў нас такі невялікі рынак, што пра беларускае кіно і наагул кіно вельмі цяжка штосьці прасунуць. Гэты боль не толькі мой, але і іншых аўтараў, звязаных з тэкстамі забаўляльнага кантэнту.

Але цяпер стала яшчэ цяжэй, бо інфармацыйная прастора амаль зачышчаная. І зачышчаецца надалей. Пачалі закрывацца медыі, у іх абмежаваныя магчымасці заробкаў, хтосьці з аўтараў з’ехаў, зніклі фонды. І працаваць у такіх умовах вельмі цяжка. Таму я часова перайшоў у сферу рэкламы. І мяне гэта ўратавала ад пераезду, бо інакш зусім не было б магчымасці працаваць.

Я яшчэ думкамі ў тых падзеях. Зразумела, што ўсё паводле гісторыі: пасля незавершанай рэвалюцыі надыходзіць рэакцыя. А мы цяпер жывём у рэакцыйны час. Колішні драйв сышоў, але я гэта ўсё не адпускаю, неяк адчуваю сябе ў моманце, сачу за навінамі, трымаю настрой. Бо гэта вельмі цікава. Не ўсім выпадае ў жыцці ці браць удзел, ці назіраць за такімі гістарычнымі падзеямі. Таму я сачу, дакладна сачу. І штосьці дапамагаю рабіць.

Я не стаў бы рабіць прагнозаў, бо прагнозы могуць не здзяйсняцца. Але чакаю пэўных зрухаў, магчыма, налета, ці ў другой палове сёлета. Калі, можа, пачнуць рэгістраваць партыі, і я нават запісаўся – таксама з цікаўнасці – у партыю Бабарыкі. Яе, напэўна, не зарэгіструюць, але цікава, як гэта будзе. Такіх масавых партыяў у нас не было з 1990-х гадоў. Цяпер у людзей запыт на лепшае жыццё. А дзейныя ўлады, ясна, гэтага запыту задаволіць не могуць. Ні адказу, ні магчымасці зрабіць штосьці новае, змяніць у жыцці. Таму будзем штосьці глядзець, рабіць, даглядаць.

А што рабіць людзям? Я адказаў бы, што трэба рабіць тое, што вам ляжыць на душы. Бо ўніверсальныя парады не вельмі зручныя.

Калі хочаце з’ехаць, і вам эмацыйна будзе лягчэй за мяжою, то лепш з’ехаць. Бо ментальна, калі гэта будзе псаваць вашае здароўе, зробіцца горш і вам, і вашым родным ды знаёмым. А калі вы вырашылі застацца, то варта, можа, неяк перадыхнуць. Ці чытаць навіны з незалежных СМІ, слухаць незалежнае радыё, глядзець беларускія фільмы, асабліва дакументалістыку. Ёсць дастаткова фільмаў, звязаных з 2020 годам – мо гэта вашыя раны неяк залагодзіць.
У прадчуванні хэпі-энду
У прадчуванні хэпі-энду
Мы, напэўна, вельмі шмат зрабілі, я не ведаю, што нам яшчэ трэба зрабіць. Я б казаў, што нам трэба трымацца. Каб накоплены патэнцыял, што ўзнік у 2020 годзе, захаваўся. І, магчыма, прымножыўся сёлета. Перамены так ці інакш прыйдуць, пытанне ў часе, натуральна. Час – асноўны рэсурс. І ён наш саюзнік, але і вораг – у адным спляценні. Але трэба трымацца і рабіць сваю справу. Каб, калі штосьці зменіцца – а зменіцца дакладна, – вы маглі б разгарнуцца ўжо ўва ўсю моц.

Цяпер мы жывём у стане постдоку: усё нібыта рэалістычна, але бачна, што пэўныя людзі граюць нейкія ролі. То бок яны не дзеюць, зыходзячы са сваіх інтарэсаў, а дзеюць, бо ім так загадалі. Таму, як на мяне, сёння гэта такі гібрыд дакументальнага ды ігравога кіно. З большым упорам на дакументалістыку. А заўтра, дай бог, каб не пачаўся фільм жахаў. Добра, каб гэта была лірычная камедыя. Каб яна падымала настрой, як фільмы пасля амерыканскай Вялікай дэпрэсіі. З абавязковым хэпі-эндам. Каб усе жылі доўга і шчасліва, а зло было пакаранае за свае злачынствы.
Дадатак
Дадатак
Я, безумоўна, параіў бы фільм Аляксея Палуяна “Смеласць”, але яго пакуль немагчыма нідзе паглядзець.
У інтэрнэце ёсць фільм Алеся Лапо “Я – Святлана Ціханоўская”.
Адзначу альманах, які здымалі Андрэй Куціла, Максім Швед і Кацярына Маркавец. Яны зрабілі тры гісторыі, звязаныя з 2020 годам, для газеты The Guardian пад агульнаю назваю “Беларусь: асабістыя гісторыі з краіны ў роспачы”. Для The Guardian яны сабралі адзін мантаж, а на «Белсаце» выйшла іншая версія – у аўтарскім мантажы. Гэта ўжо паўнавартасныя фільмы.
Таксама параіў бы фільм "Мы не ведалі адно аднага да гэтага лета", яго можна знайсці на сайце “Настоящего времени.
У Андрэя Куцілы быў яшчэ файны рэпартаж “Муры”. Ён хранікальны, і гэта добра: аўтар не робіць ніякіх акцэнтаў, а толькі дакладна фіксуе падзеі.
У Андрэя Куцілы быў яшчэ файны рэпартаж “Муры”. Ён хранікальны, і гэта добра: аўтар не робіць ніякіх акцэнтаў, а толькі дакладна фіксуе падзеі.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іхныя новыя праекты