— Тое, як я спрабую жыць, і тое, чым я спрабую займацца, замінае і раздражняе людзей сістэмы, дзяржавы, рэпрэсіўнага апарату. Мне дае сілы веданне, што я мушу быць такім, які я ёсць. Насуперак таму, што ім бы гэтага не хацелася. Яны мараць, каб я ці з'ехаў падалей, ці заткнуўся і гуляў паводле іхных правілаў ва ўсім. Але творчасць — гэта прастора, дзе я раблю так, як лічу патрэбным. Гэта, уласна, і дае натхненне.
Нам пагражалі, што калі ў краіне адбудуцца змены, то вернуцца ліхія 90-ыя, а я думаю, што яны акурат і вярнуліся. У маім жыцці, акрамя як у дзяцінстве, якое прыпала на 90-ыя, не ўзнікала такіх страхаў, як цяпер. Калі трэба асцерагацца нейкіх невядомых бандытаў на вуліцах, калі, перш чым выйсці ў пад'езд, глядзіш у вочка, калі ўвесь час насцярожаны. 20 гадоў — як скрадзеныя з жыцця.
Але вярнулася вера ў чалавека. Скажам так, я доўгі час жыў у створаным мною ж мікракосмасе і, каб не псаваць сабе настрою, папросту не думаў, што там адбываецца звонку. Але гэты год паказаў мне, што ў Беларусі ёсць людзі, якіх нямала, і яны захоўваюць годнасць. Гэта вельмі крута! Мяне цешыць, што гэта мае суайчыннікі. Цяпер я ведаю, як гэта — выпадкова сустрэцца на вуліцы з незнаёмым чалавекам салідарнымі позіркамі.
Досвед выступаў у дварах паказаў мне людзей, якія ўпершыню пачулі беларускіх музыкаў, хоць раней нават не задумваліся, ці ёсць мы. Непаўторная атмасфера маршаў і дваравых выступаў застаецца ў памяці адным з самых каштоўных успамінаў.
Беларускія музыкі, мне здаецца, камплексавалі нейкі час, маўляў, беларуская музыка няякасная ў плане гуказапісу. Але мы не ў стане сёння рабіць так, як робяць у Нью-Ёрку ці Лондане, для гэтага трэба, каб тут існавала пяцідзесяцігадовая індустрыя з вялізнымі грашыма. Але паступова музыкі зразумелі, як трэба працаваць, каб дасягнуць максімальнай якасці, калі вельмі хочацца. А прымальную якасць саўнду нам паказалі ў 2010-ыя гады (асабліва маладыя індзі-гурты), і пасля гэтага, здаецца, усе неяк "выдыхнулі", маўляў, мы таксама можам. І ў той жа час зразумелі: калі ў аснове няма цікавага матэрыялу, падачы і артыста, гэта будзе выдатна запісанае бяздушнае лайно. Таму пачалі лягчэй да ўсяго ставіцца, бо спаборнічаць з умоўным Лонданам сэнсу няма. Калі твор працуе — усё клас!
Я згодны з меркаваннем, што ўсё ўжо здзейснілася. Што беларусы, нягледзячы на атмасферу, у якой выхоўваліся цэлымі пакаленнямі, сабраліся і заявілі пра сябе. Ніхто ж і не думаў, што 9–11 жніўня выйдуць людзі. Але яны выйшлі, каб сказаць: зноўку ўлады кажуць абы-што. Для кагосьці гэта было ўпершыню, але людзі заяўлялі, што яны — ёсць. Няхай, можа, і давядзецца працягваць жыць з гэтым татальным падманам. Я не ведаю, што будзе далей, але галоўнае — здзейснілася. Тое, што адбылося, нельга адкаціць.