Я не адчуваю сябе часткай эміграцыі: мне здаецца, што гэта часова. Але падаецца, беларусы паступова становяцца найлепшаю версіяй сябе. Я калі прыехаў, мне імгненна дапамаглі, зарыентавалі ўва ўсіх пытаннях. І гэта не толькі таму, што я музыка: я на свае вочы бачыў прыклады падтрымання іншых людзей. Тут, у Польшчы, склалася досыць абʼяднаная суполка, і было б выдатна, каб так і заставалася. Адчування, што прыехаў у чужую краіну, няма. Бо трапіў у музычнае асяроддзе, якое склалася раней у Мінску, а потым перасунулася сюды. Таму ў Мінску я адчуваў адзіноту, а тут трапіў ізноў да сваіх.
Гарызонт планавання ў нас цяпер вельмі нізкі. Раней будавалі планы на 5 гадоў наперад. І акурат перад пандэміяй распланавалі сваё жыццё да 2024-га. Той план, відавочна, ляснуўся. Асноўнае на сёння – граць канцэрты і запісваць новыя песні. Усё вельмі проста: выступаць і спяваць там, дзе ёсць беларусы.