« Боль, які мы ўсе адчуваем, – гэта штуршок да руху »

Бальцар

Вікторыя

Вікторыя Бальцар

«Боль, які мы ўсе адчуваем, – гэта штуршок да руху»
“9 жніўня ў мяне дзень нараджэння. Думала, хоць у гэтым годзе атрымаю падарунак. Але пакуль не”. Вікторыя Бальцар – салістка танцавальнага тэатру “Галерэя”, балетмайстарка Гарадзенскага драматычнага тэатру, якому аддала 25 гадоў жыцця. 31 сакавіка 2021-га ейны танец у тэатры быў перарваны. Вікторыя распавядае пра жыццё ў драматычным тэатры да і пасля жніўня-2020, пра тое, як можна супрацьстаяць звярынай сіле, пра мастацтва, якое прабіваецца праз асфальт нават у самы цёмны час.
“9 жніўня ў мяне дзень нараджэння. Думала, хоць у гэтым годзе атрымаю падарунак. Але пакуль не”. Вікторыя Бальцар – салістка танцавальнага тэатру “Галерэя”, балетмайстарка Гарадзенскага драматычнага тэатру, якому аддала 25 гадоў жыцця. 31 сакавіка 2021-га ейны танец у тэатры быў перарваны. Вікторыя распавядае пра жыццё ў драматычным тэатры да і пасля жніўня-2020, пра тое, як можна супрацьстаяць звярынай сіле, пра мастацтва, якое прабіваецца праз асфальт нават у самы цёмны час.
Тое, што адбываецца з намі цяпер, – вынік іхнага страху
Я нарадзілася ў Казахстане, куды ў свой час саслалі майго бацьку. У Казахстане мне ніколі добра не жылося. Дзіцём я вечна мучылася. Мяне ламала, мне здавалася, што гэта не маё месца. І я зразумела чаму, толькі ў 1990-ыя, калі паднялі архіўныя дакументы. Мяне тады накрыла хваляй. У нас у сямʼі гэтая тэма была пад табу.

Цяпер я ў моцным здзіўленні ад таго, што з намі адбываецца, як далёкая гісторыя маёй сям'і так спіралепадобна паўтараецца ў маім жыцці. Тату было 10 гадоў, калі іх саслалі ў Казахстан. Гэта быў лёс усіх паволжскіх немцаў. Па дарозе ў ссылку памерлі бацькі майго таты. Ён і тры браты засталіся зусім адныя, іх раскідала па ўсім Казахстане. Толькі ў сталым узросце яны знайшлі адзін аднаго і сустрэліся.
Метады тагачасных савецкіх уладаў падобныя да сённяшніх. Яны рознага градусу, але адной уласцівасці. Самых разумных, таленавітых, маральна высокіх асобаў людзі сістэмы адчуваюць на адлегласці, і з іх пачынае ісці агрэсія, гвалт. А часам – страх. Тое, што адбываецца з намі цяпер, – вынік іхнага страху.

Танцавальны гурток, куды я хадзіла ў дзяцінстве, мяне рана расчараваў. Я сябравала з кіраўніцаю, пачала ставіць свае танцы. Я была шчаслівая, гэта быў стымул нешта ствараць. А яна пачала гэтым карыстацца.

Я фанацела ад балету. Але яго паказвалі вельмі дазавана і заўсёды недзе апоўначы. Уся сямʼя цярпліва трывала, пакуль я дачакаюся ночы ды пагляджу тыя 10–15 хвілінаў балету.

Метады тагачасных савецкіх уладаў падобныя да сённяшніх. Яны рознага градусу, але адной уласцівасці. Самых разумных, таленавітых, маральна высокіх асобаў людзі сістэмы адчуваюць на адлегласці, і з іх пачынае ісці агрэсія, гвалт. А часам – страх. Тое, што адбываецца з намі цяпер, – вынік іхнага страху.

Танцавальны гурток, куды я хадзіла ў дзяцінстве, мяне рана расчараваў. Я сябравала з кіраўніцаю, пачала ставіць свае танцы. Я была шчаслівая, гэта быў стымул нешта ствараць. А яна пачала гэтым карыстацца.

Я фанацела ад балету. Але яго паказвалі вельмі дазавана і заўсёды недзе апоўначы. Уся сямʼя цярпліва трывала, пакуль я дачакаюся ночы ды пагляджу тыя 10–15 хвілінаў балету.
Мы маглі рассунуць сцены
Мы прыехалі з мужам у Беларусь пасля навучання ў інстытуце, ужо дарослымі людзьмі, у 1988 годзе. Выбіралі не краіну, а калектыў – гродзенскія “Белыя росы”. Яны тады толькі-толькі стварыліся, танцоры яшчэ не мелі панятку пра сучасныя танцы. А ў нас быў вельмі добры тэхнічны ўзровень, мы хацелі рабіць нешта новае.

Я пакінула “Белыя росы” праз год, пайшла ў нікуды. Спрабавалася ў розныя музычныя тэатры, але мне нічога не падабалася: у пачатку 1990-х паўсюль стаяў страшэнны нафталін. І не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне ды Расеі.
З часам у нас склалася свая маленькая танцавальная трупа, якая аб’яднала аднадумцаў і неардынарных асобаў. Нам хацелася чагосьці цікавага, арыгінальнага, мы прагнулі развівацца. Гэтак нарадзіўся танцавальны тэатр “Галерэя”.

Калі мы пачыналі, стыль кантэмпарары быў чымсьці вельмі новым, мы зрабілі сапраўдны прарыў у гэты інтэлектуальны і пачуццёвы стыль. Я адкрыла для сябе танец як інструмент, дзякуючы якому можна неверагодна цікава і творча адказваць на разнастайныя пытанні.

Нашым домам зрабіўся драматычны тэатр. Мы лічылі яго будынак выдатным месцам для нашага танцавальнага тэатру. Там столькі прасторы, якую можна выкарыстоўваць! Мы рэпетавалі ў фае вялікай залы, там увогуле ўсё насычана потам “Галерэі”. На трэцім паверсе ёсць бакавушкі – там столькі цікавых месцаў! Крэатыўны кіраўнік мог бы ўсяму гэтаму даць рух, але... Цяпер там усё стаіць мёртвым грузам.
Мы рабілі спектаклі ў стылі мадэрну і кантэмпарары, ладзілі творчыя вечары з танцорамі з Беларусі ды замежжа. Разам з гэтым ставілі танцавальныя сцэны ў спектаклях драматычнага тэатру. Кіраваў “Галерэяй” Аляксандр Цебянькоў. Ён пачаў фантанаваць ідэямі і рабіць цудоўныя рэчы. Паўсюль казаў, што трэба ствараць прынцыпова новы тэатр, адкрываць творчыя шлюзы. Спектаклі зʼяўляліся адзін за адным. Мы былі вельмі захопленыя, настолькі цікава было танцаваць Сашавы ідэі.

Мы пачалі шмат ездзіць на гастролі. Уся трупа актораў дзівілася: у найлепшым выпадку яны маглі паехаць з гастролямі ў Бранск, а мы бралі ўдзел у розных міжнародных фестывалях і праектах у Літве, Эстоніі, Польшчы, Швецыі, Манака, ЗША. Калі вярнуліся з Амерыкі, нас замучылі пытаннямі, чаму мы там не засталіся. Але ў нас і думак такіх не было.

У той час мы маглі рассунуць сцены, хаця гэта было няпроста. Цяпер іх, вядома, і лобам не прабʼеш.

З 2012 года Гарадзенскім драматычным тэатрам кіруе палкоўнік у адстаўцы Ігар Гедзіч. Ён праслужыў у войску 23 гады. Паступова пачалося ператварэнне драмтэатру ў казарму. Адміністрацыя пачала абмяжоўваць актыўнасць “Галерэі”. З’явіліся патрабаванні ўвесь час быць на працоўным месцы ў тэатры, танцорам даводзілася ездзіць на гастролі за свой кошт і браць для гэтага адгулы, што моцна адбівалася на заробках.

Раней у нас быў дырэктар Рыгор Маркавец. Ён таксама быў чыноўнікам, але мы знайшлі агульную мову, ён разумеў нашыя патрэбы ды ішоў насустрач. Ён займаў здаровую пазіцыю: зрабілі ўсё, што трэба, у драмтэатры, – далей рабіце што хочаце. Драматычны тэатр ніяк не пакутаваў ад паралельнай дзейнасці танцавальнага тэатру. Мы ставілі шмат спектакляў – вельмі відовішчных і цікавых, з характарамі ды ідэяй. З сённяшнім дырэктарам Гедзічам нам проста не пашанцавала: кіраваць тэатрамі ставяць людзей, якія не маюць дачынення да мастацтва. Гледзячы на цяперашнія падзеі, я разумею, што яны нічога не вызначаюць.
Сіле прымітыўных людзей можна супрацьстаяць толькі розумам
Пасля выбараў 2020 года акторы драматычнага тэатру не маглі прамаўчаць і выступілі з адкрытым зваротам супраць гвалту сілавікоў. У канцы верасня з драмтэатру звольнілі вядучага актора Ігара Уланава. Напярэдадні ён прыпыніў спектакль праз тое, што на акцыі пратэсту ў Гродне 20 верасня затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку ды ягоную жонку, акторку Валянціну Харытонаву. Пазней звольнілі “па пагадненні бакоў” акторку Лізавету Мілінцэвіч. 27 кастрычніка галоўны рэжысёр Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык, заслужаны артыст Сяргей Курыленка далучыліся да страйку. Іх звольнілі. На знак салідарнасці да страйку далучыліся іншыя акторы тэатру, якія заявілі, што падзяляюць грамадзянскую пазіцыю звольненых рэжысёраў. Паступова амаль усіх іх таксама звольнілі. Звальненні працягнуліся і ў 2021 годзе: у сакавіку драмтэатр не падоўжыў кантракту з акторкаю Аксанаю Плікус, у лістападзе з драмтэатру звольніўся харэограф і балетмайстар Аляксандр Цебянькоў.

Я найперш чалавек тэатру, найвышэйшае ў жыцці для мяне – мастацтва. Разам з тым па-за палітыкаю ніхто быць не можа. І мне падаюцца дзіўнымі тыя, хто спрабуе гэта рабіць.
Пасля выбараў мы ўсе не маўчалі, але рэагавалі па-рознаму. Акторы як людзі творчыя адрэагавалі эмацыйна, іх зашкальвала. Я памятаю той стан трэмару ў тэатры, як вібравала атмасфера. Ніхто не мог сядзець у грымёрках, усе ўвесь час блукалі па калідорах. Адбываліся сходы, людзі выступалі, нехта крычаў. Я спрабавала ўнесці нейкую рацыянальнасць у гэта ўсё. Але атрымлівалася кепска.

Частка актораў далучылася да забастоўкі: яны былі перакананыя, што праз два месяцы вернуцца ў тэатр. А хтосьці пастанавіў застацца ў тэатры, каб уратаваць яго ад канчатковага знішчэння. Я захоўвала стасункі са звольненымі калегамі. Мы разам рабілі інсцэнізацыі на альтэрнатыўнай пляцоўцы – у Цэнтры гарадскога жыцця. Зарганізавалі творчы рух “Асобы”.

Пасля сыходу актораў я працягвала працаваць у тэатры, ставіць свой дзіцячы спектакль “Буся і нячутнае рэха”. Былі тыя, хто казаў, што не можа выходзіць на сцэну, пакуль іншых ламаюць. Але ёсць жа эзопава мова. Я выходзіла з дзіцячым спектаклем і пазіцыянавала свабоду існавання, эмоцыяў. І бацькі гэта прачыталі, казалі мне, што гэтая свабода на сцэне так адрозніваецца ад іншых дзіцячых спектакляў.

Калі ўзнік чат “Голас”, я думала: якое ж шчасце быць аўтарам спектаклю. І ў канцы ў мяне зʼяўляецца тэкст: каб вас пачулі, трэба казаць на ўвесь голас. На сваім маленькім месцы я працягвала выказвацца. Я разумею сілу прымітыўных людзей, яна звярыная.

І ёй можна супрацьстаяць толькі розумам, інтэлектам.
Дзень звальнення быў для мяне чорным…
Сыход актораў з тэатру стаўся для мяне драматычным момантам. Хоць мы камунікавалі, сустракаліся, рабілі праекты і спрабавалі ўтрымацца, чакаючы зменаў. Але акторы не маглі знайсці сабе працы ў Гродне. Творчым людзям вельмі цяжка змірыцца са стратаю прафесіі. Васіль Мініч, Ігар Уланаў вельмі балюча перажывалі адрыванне ад тэатру. Першы чысціў сутарэнні, другі займаўся нейкімі будаўнічымі працамі. Гэта было бязлітасна ў дачыненні іх.

А ў хуткім часе звольнілі і мяне. Прамых прэтэнзіяў не выставілі. Дзень звальнення быў для мяне чорным. Хаця я ўжо разумела, што ўсё з нашымі асабістымі прафесійнымі надзеямі скончылася. Але калі была пастаўленая кропка... Гэта было цяжка перажыць. Ад дэпрэсіі мяне ўратавала тое, што тым часам я рабіла свой другі спектакль.
Цяпер я на вольных хлябах. Спрабую ўтрымацца на хвалі творчасці, мне не хочацца пераходзіць да вязання шкарпэтак і прагляду серыялаў. У мяне неспадзявана для самой сябе нарадзіліся два спектаклі, яны мне страшэнна падабаюцца. Я спрабую даць ім жыццё хоць нейкім спосабам.

Шкадую, што нашая дзейнасць не атрымала свайго годнага развіцця. Тэатр зачысцілі, звольнілі людзей, якія думаюць самастойна, а гэта вельмі каштоўна ў нашай прафесіі. Людзі мастацтва паводле сваёй натуры – асобы, якімі цяжка кіраваць, якія бачаць свет па-іншаму і транслююць гэта публіцы.
Дзіўлюся таму, як, не зважаючы ні на што, працягваюць узнікаць унікальныя творчыя рэчы
Я пачала працаваць над спектаклем паводле п’есы Эўджэна Іёнэску “Ахвяры доўгу”, каб прыцягнуць хлопцаў да творчай працы. Спектакль мы назвалі “Парадокс”. Я была проста ашаломленая, наколькі сюжэт клаўся на сённяшнюю Беларусь. У мяне быў вельмі цяжкі стан, нібыта хвароба: калі я не зраблю гэтага спектаклю, мяне проста разарве на часткі. Гэта стала прарывам для мяне асабіста, бо гэта цалкам рэжысёрская праца з вядучымі акторамі нашага тэатру – Аксанаю Плікус, Ігарам Уланавым. Мы знялі спектакль на відэа, якое чакае свайго часу.
Пасля здымак спектаклю я паехала на фестываль “Пластформа” ў Мінск са сваім дзіцячым спектаклем “Буся”. Разам з мастаком цалкам нанова стварылі дэкарацыю, касцюмы, рэквізіт. Гэта быў наш унутраны подзвіг. Гэты фестываль – эксперыментальны тэатр, унікальны для Беларусі, стаўся апошнім і абʼявіў пра сваё закрыццё.

Вярнулася ў Гродна, мяне запрасілі станцаваць на адкрыцці выставы гродзенскага мастака Аляксандра Балдакова “Ламінарыум”. Гэта быў проста найвышэйшы пілатаж, выстава сусветнага ўзроўню. Які прарыў! Глабальная, касмічная, глыбокая думка. Дзіўлюся таму, як, нягледзячы ні на што, тут працягваюць узнікаць падобныя творчыя рэчы. Гэта робіць цябе па-сапраўднаму шчаслівым.
Пасля здымак спектаклю я паехала на фестываль “Пластформа” ў Мінск са сваім дзіцячым спектаклем “Буся”. Разам з мастаком цалкам нанова стварылі дэкарацыю, касцюмы, рэквізіт. Гэта быў наш унутраны подзвіг. Гэты фестываль – эксперыментальны тэатр, унікальны для Беларусі, стаўся апошнім і абʼявіў пра сваё закрыццё.

Вярнулася ў Гродна, мяне запрасілі станцаваць на адкрыцці выставы гродзенскага мастака Аляксандра Балдакова “Ламінарыум”. Гэта быў проста найвышэйшы пілатаж, выстава сусветнага ўзроўню. Які прарыў! Глабальная, касмічная, глыбокая думка. Дзіўлюся таму, як, нягледзячы ні на што, тут працягваюць узнікаць падобныя творчыя рэчы. Гэта робіць цябе па-сапраўднаму шчаслівым.
Мне страшней без мастацтва
Большасць звольненых актораў вымушана з’ехалі – у Літву, Польшчу. Шмат хто працягвае творчую дзейнасць. Але для Беларусі гэта сапраўдная катастрофа. У мастацтве сапраўдныя прафесіяналы – адзінкавыя. І мы іх страчваем. Гэта тое, што баліць дасюль. Разам з тым дух мастацтва захоўваецца ў сценах драмтэатру. І адродзіцца пры першай жа магчымасці.

Цяпер усе творчыя людзі ходзяць з адною ранаю. Мяне нешта зверху лашчыць і не дае зусім упасці ў чарнату. Чапляюся за новыя прапановы і нейкія магчымасці. Гэтая апантанасць чарговаю дзейнасцю ратуе ад дэпрэсіі.

Мне не страшна, што ў Беларусі мне не будзе чаго есці. Мне страшней без мастацтва. Можа, неба яшчэ штосьці падкіне?

Кожны вечар заходжу ў “Тэлеграм” пачытаць навіны – з надзеяй, што адбудуцца нейкія змены. І яны абавязкова адбудуцца. Боль, які мы ўсе адчуваем, – штуршок да руху. Вазьміце любы гістарычны перыяд, культуру – усё ў сваёй эвалюцыі праходзіла праз боль.

Мастацтва сілкуецца пертурбацыямі і моцнымі пачуццямі ў чалавеку. Усё, можа, цяпер і выглядае досыць сумна, але гэта трэба для развіцця – мастацтва, краіны і народу, які зразумее нешта пра сябе.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты