Досыць шмат было жанчын, якія з тых ці іншых прычынаў гадавалі дзяцей у няпоўнай сям’і. Спачатку іх, паводле дэкрэту № 18, ставілі на ўлік СНС (сацыяльна небяспечнае становішча), тады пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Яны абавязаныя плаціць за ўтрыманне дзяцей, таму робяцца практычна дармоваю працоўнаю сілай – іх прымусова накіроўваюць на працу з такім заробкам, на які пражыць ніяк немагчыма. Запазычанасць за дзяцей расце, і, як ні круцяцца, яны трапляюць ва ўсё большае рабства да дзяржавы. Таму дзяўчатам, якія адважваюцца нарадзіць дзіця для сябе, я б параіла памятаць, што яны могуць аўтаматычна апынуцца на ўліку СНС.
Ёсць тыя, для каго турма – пэўная палёгка. Прынамсі там сяк-так кормяць тры разы на дзень, ёсць дзе спаць і ёсць магчымасць памыцца. Праўда, беспрытульнае жыццё іх адвучае ад элементарных навыкаў гігіены, і яны часцяком маюць звычку збіраць ежу, асабліва хлеб, на запас. Бывае, што з імі ў камеру трапляюць непажаданыя кватаранты – вошы. Тады галоўная праблема – дамагчыся ад адміністрацыі, каб у іх забралі заражаную адзежу, вопратку, пасцельную бялізну ды выдалі іншыя, а таксама далі сродак ад гэтых самых кватарантаў.
Нашая камера была вымушаная аб’явіць галадоўку, і – вось дзіва! – адразу прыбег корпусны ды паабяцаў усё зрабіць. На жаль, бесхацінкі часта робяцца ахвярамі жорсткага, бесчалавечнага цкавання. Іх як бы не ўважаюць за людзей, хоць яны могуць мець і вышэйшую адукацыю, пісаць неблагія вершы.
Мне здаецца, настрой і паводзіны кожнага чалавека за кратамі залежаць ад таго, прымае яна або ён на сябе адказнасць за сваё жыццё ці, наадварот, вінаваціць у тым, што з ёю ці ім здараецца, усіх навокал, толькі не сябе. Першым нашмат лягчэй: яны спакойныя, упэўненыя ў сабе, вольныя ад страху, ад іх зыходзяць цяпло і пазітыў. Другія атручваюць існаванне найперш сабе, але таксама і тым, хто навокал. У іх кожны дзень пачынаецца тою самаю фразай: “Гэта п…ц! Гэта невыносна!” Яны не трымаюць сябе ў форме, не ходзяць гуляць, бачаць толькі кепскае і, натуральна, неўзабаве западаюць у дэпрэсію. Часцяком зрываюцца на астатніх: крычаць, хочуць справакаваць сваркі, лаюцца... Мне найбольш прыкра было бачыць, як адна дзяўчына, якая лічыць сябе перакананаю феміністкаю не толькі сама бязлітасна здзекавалася з самай безабароннай бесхацінкі, але і нацкоўвала на яе іншых.