Зміцер
« Часам, каб адчуць сваю перамогу, трэба перамагчы сябе самога »
Галавач

Зміцер Галавач

«Часам, каб адчуць сваю перамогу, трэба перамагчы сябе самога»
“Граем сумленнае музло!” – кажа пра творчасць гурта Tor Band аўтар песень і гітарыст Зміцер Галавач. Нарадзіўся ў невялікім мястэчку Рагачоў. Каб уражваць дзяўчатак у двары, у 11 гадоў навучыўся граць на гітары. Марыў стаць вайскоўцам, але пасля школы паступіў у музычную вучэльню ў Магілёве, каб займацца музыкаю на прафесійным узроўні. Дыплому прафесійнага музыкі атрымаць не ўдалося: за некалькі дзён да дзяржаўнага іспыту Зміцер забірае дакументы і з'язджае ў Маскву, дзе працягвае граць і выступаць з гуртом. У 2014 годзе вяртаецца ў Беларусь, але родная краіна не надта імкнецца ацаніць творчасць Змітра. Пакуль не надыходзіць жнівень 2020-га: гурт з песняю “Мы не народец” становіцца літаральна адным з сімвалаў пратэсту.
“Граем сумленнае музло!” – кажа пра творчасць гурта Tor Band аўтар песень і гітарыст Зміцер Галавач. Нарадзіўся ў невялікім мястэчку Рагачоў. Каб уражваць дзяўчатак у двары, у 11 гадоў навучыўся граць на гітары. Марыў стаць вайскоўцам, але пасля школы паступіў у музычную вучэльню ў Магілёве, каб займацца музыкаю на прафесійным узроўні. Дыплому прафесійнага музыкі атрымаць не ўдалося: за некалькі дзён да дзяржаўнага іспыту Зміцер забірае дакументы і з'язджае ў Маскву, дзе працягвае граць і выступаць з гуртом. У 2014 годзе вяртаецца ў Беларусь, але родная краіна не надта імкнецца ацаніць творчасць Змітра. Пакуль не надыходзіць жнівень 2020-га: гурт з песняю “Мы не народец” становіцца літаральна адным з сімвалаў пратэсту.
Кліпы музыкаў набіраюць сотні тысяч праглядаў, іхныя песні гучалі на ўсіх нядзельных маршах краіны. Відаць, рэч у тым, што гэта і былі сапраўдныя словы народу. А Зміцер іх проста запісаў.
З чаго ўсё пачыналася?
З чаго ўсё пачыналася?
– У 11 гадоў я вырашыў навучыцца граць на гітары. Усе мае стрыечныя браты гралі, плюс я бачыў, як хлопцы брынчаць у двары, і, вядома, заўважыў, што гэтым яны прыцягваюць да сябе ўвагу дзяўчат. Мне як падлетку ўвагі таксама хацелася. Таму ўсе летнія канікулы я вучыўся граць на гітары і ўражваць дзяўчат.

У Рагачове мы з бацькамі жылі ў пяціпавярховым доме, дзе быў склеп. Там я знайшоў нейкі стары дапаможнік па гітары, забраў яго сабе. Аднакласніца аддала мне сяміструнную гітару. А я хацеў граць на шасціструннай. Прыйшлося яе трохі перапілаваць.

За тры месяцы вывучыў асновы, мог граць боем, заціскаць акорды. Насупраць дому быў дзіцячы садок, дзе ўвечары збіраліся невялікія кампаніі падлеткаў. Мы размаўлялі, спявалі песні. Вось так за лета я асвоіў новы інструмент.

У 14 гадоў у мяне ўжо быў уласны калектыў. Пісаў нейкія песні, ладзілі канцэрты і нават выступалі ў мясцовых ДК, завадскіх клубах.
Навука ў вучэльні: “з цурбана зрабілі Бураціна”
Навука ў вучэльні: “з цурбана зрабілі Бураціна”
– У 1999 годзе я скончыў вайскова-патрыятычны клас, хацеў стаць вайскоўцам. Але праз збег абставінаў вырашыў не ісці ў гэтую сферу. А больш як граць на гітары, нічога не ўмеў. Ды і што можа ўмець дзіця пасля школы?

Са сваімі музычнымі творамі я паехаў паступаць у Магілёўскую вучэльню культуры. Усе дзяўчаткі ў двары на той час былі ўжо ўражаныя: для гэтага было дастаткова брынчаць на акордах і мець трошкі голасу ды слыху. А мне ўжо хацелася большага, імкнуцца да найвышэйшай мэты. Сапраўды чамусьці навучыцца.

Паказаў, што ўмею, мяне ўзялі, ніякіх праблемаў пры паступленні не ўзнікла. Гэта было адзінае месца ў краіне, дзе можна было навучыцца граць на электрагітары. Мне вельмі падабаўся гэты інструмент, хоць я разумеў, што чатыры гады для навучання – гэта вельмі доўга. Але там я ўжо здабыў сапраўдныя прафесійныя навыкі і “з цурбана зрабілі Бураціна”.

Я не ведаў ні адной ноты і вельмі перажываў на экзамене, што мяне пра гэта спытаюць. І мяне спыталі, ці ведаю я нотную грамату. Я не разгубіўся і адказаў: «Так! Як родную мову!» Праўда, яны не ўдакладнілі, якую менавіта (смяецца).
За першыя тры месяцы навучання, вядома, давялося разабрацца ў нотах, танальнасці, скрыпічных ключах. Мы гралі ў аркестры, дзе было па 40–60 чалавек, пісалі аркестроўкі, партыі для ўсяго аркестру. Тут рок-н-ролам нават не пахла, гэта была цяжкая праца.

Мне вельмі падабалася там вучыцца. У нас быў ухіл на этнічную культуру, мы вучылі, якія былі мелодыі ў беларусаў, як будаваліся. Калі вельмі моцна спрасціць, то мы заглыбляліся ў тое, якая менавіта камбінацыя нотаў надае музыцы беларускае гучанне. Просіш бабуль нешта наспяваць і проста нотамі запісваеш іхныя мелодыі! Гэта не можа не ўражваць. Яны праносілі гэта праз гады, а ты гэта захоўваў на паперы.

Не буду хаваць, што цяпер выкарыстоўваю ў творчасці тое, што калісьці тады запісаў.
Мне блізкі гэты спосаб навучання, калі ты павінен выйсці ў народ і запісаць, так бы мовіць, першакрыніцу. Хтосьці мог нешта наспяваць, а хтосьці нават найграць. Напрыклад, на цымбалах. Для мяне было адкрыццём, што мая ўласная бабуля – цымбалістка! Але пра гэта я ўжо даведаўся пасля ейнай смерці.

Бацька таксама быў музычным чалавекам. Граў на гармоніку і мог падабраць мелодыю на слых. Ад яго я чуў Led Zeppelin, Pink Floyd, Deep Purple. Бацька вельмі любіў The Beatles. Для мяне гэта было дзіўна, пакуль я не вырас і не навучыўся рабіць гэтак сама. Адтуль, напэўна, нейкая музычнасць ёсць і ўва мне.
“Я ішоў па досвед, а не паперку”
“Я ішоў па досвед, а не паперку”
– У Магілёве мы заснавалі гурт, першы альбом выйшаў у 2001 годзе. Ён быў выключна на беларускай мове. Не ведаю, чаму для нас тады гэта было прынцыпова. Мабыць, гэта быў наш нейкі спосаб пратэсту. Душа хацела беларускай мовы, і мы закраналі розныя вострыя тэмы. Так што Tor Band – гэта не гурт, што ўтварыўся нядаўна і толькі цяпер пачаў спяваць на сацыяльныя тэмы. Я раблю гэта ўжо вельмі даўно.

Пасля вучэльні я з'ехаў жыць у Маскву і застаўся там на 12 гадоў. Я разумеў, што па размеркаванні трапляю назад у Рагачоў працаваць у дом культуры. А спецыяльнасць у мяне, каб вы разумелі, – дырыжор народнага аркестру. Ну які ў Рагачове народны аркестр? І якім дырыжорам я там быў бы?!
Разуменне таго, што ў Беларусі ў мяне няма шанцаў на развіццё, моцна бянтэжыла. Трэба было нешта думаць. Менавіта таму ў мяне няма дыплому. Забраў дакументы за 20 дзён да дзяржаўнага экзамену, ніякага размеркавання не атрымаў і проста з'ехаў. Можна сказаць, што чатыры гады пайшло кату пад хвост. Але гэта ў тым выпадку, калі б мне быў патрэбны дыплом. А я ішоў па досвед, а не паперку. Шмат якія мае аднакурснікі выйшлі з гэтымі паперкамі, далей за яе нікім і не стаўшы.
Жыццё ў Маскве, беларуская мова і ўлюбёная праца
Жыццё ў Маскве, беларуская мова і ўлюбёная праца
– У Маскве я працягваў займацца музыкаю. Набраў новы склад, мы пачалі выступаць. Але вось з беларускаю моваю было вельмі складана. У той час быў развіты рух скінхэдаў. На адным з канцэртаў быў выпадак: нашага вакаліста сцягнулі са сцэны, набілі яго, рассеклі броў і вусну. А ён залез назад і працягнуў спяваць.

Усё скончылася добра толькі таму, што ў нас быў кавер на песню “Eins, Zwei, Polizei ”. Скінхэдам гэта вельмі “зайшло”. Чацвёра з іх нават правялі нас пасля канцэрту да метро і пасадзілі ў цягнік.

Мы разумелі, што спяваць па-беларуску – гэта самагубства. Ты проста выйшаў, спеў песню і памёр. Перайшлі на расійскую. Так усе 12 гадоў гралі і выступалі.
Музыка не была асноўным сродкам прыбытку. Я спрабаваў сябе ў розных сферах. Спачатку быў чалавекам-шчытом: стаяў на Арбаце і рэкламаваў ламбард. Раздаваў флаеры, расклейваў аб'явы ў электравіках. У выніку я асвоіўся і здолеў зачапіцца. Доўгі час працаваў у адной кампаніі дызайнерам, а потым сышоў у відэасферу: ездзіў па ўсёй Расеі і здымаў бізнес-фільмы. Напрацаваў велізарную колькасць сувязяў.

На гэты момант займаюся таксама цікаваю справай. У Расіі ёсць псіхолаг Галіна Сартан, яна кіруе персаналам і вядзе YouTube-канал, дзе пра гэта расказвае. Для ейнага праекту я здымаю відэа з рознымі цікавымі людзьмі.

Аднойчы я браў інтэрв'ю ва ўладальніка часопісу Forbes. Незвычайным было тое, што ён сам зрабіў нам каву і падаў яе. І так паступаюць усе ве-э-эльмі багатыя і ве-э-эльмі паспяховыя людзі. Проста гатуюць табе каву і падаюць.

У галаве ўзнікае кагнітыўны дысананс. На справе гэтыя людзі заўсёды нашмат прасцейшыя за тых, якія сядзяць у міністэрствах. Я атрымліваю ад іх каласальны досвед у зносінах, разуменні і ўспрыманні гэтага свету. Таму я крыху па-іншаму гляджу і на нашую краіну. Я бачу, як бывае, калі людзі ўмеюць развіваць бізнес, а кіраванне краінаю – гэта і ёсць бізнес, прычым маштаб у яго бывае і большы. І мне часам дзіўна, наколькі архаічная нашая сістэма, як усё ў ёй састарэла. І як бывае на самой справе.
Вяртанне на Радзіму: “Народ тады не быў актыўны, народу было ўсё роўна”
Вяртанне на Радзіму: “Народ тады не быў актыўны, народу было ўсё роўна”
Я вярнуўся ў Беларусь у 2014 годзе, працягнуў займацца музыкаю. Мы стварылі тады калектыў “Ойра!” і на тэрыторыі Беларусі чамусьці не “заходзілі” людзям. А ў Расіі ў нас быў проста афігенны гастрольны графік! Мы бралі ўдзел ува ўсіх фестывалях, выступалі на апошнім канцэрце разам з “Ляпісам Трубяцкім”. Уся нашая гастрольная дзейнасць праходзіла ва Украіне і ў Расіі. Хоць у нас і былі вельмі сацыяльныя песні, у прынцыпе, тое, што і цяпер.

Напрыклад, у нас была песня “Налог”: “Нужен налог на слёзы и стоны – казна пополнится на миллионы. А все остальные можно убрать, и так до конца будем всё отдавать”.
Альбо тая ж песня “Эх, ребята” з радком: “Эх, ребята, как же тут без мата, если 200 долларов у тебя зарплата! По ящику трещат, что всё *здато, эх, ребята, как же тут без мата”. Яна ў Беларусі стала вельмі папулярнаю: за тры дні набрала 200 тысяч праглядаў. Яна ўдарыла па самым прымітыўным і нізкім – па грашах. Гэта было зразумела кожнаму, а на нейкія больш высокія матэрыі – гонар, свабода, годнасць – усім было напляваць.
Народ тады не быў актыўны, народу было ўсё роўна. Таму пра Tor Band можна сказаць, што музыка не надта змянілася. Стала іншым успрыманне людзьмі нашай музыкі.
Міліцыянты крычалі: «Клас! Малайцы! Такі драйв!»
Ніхто з уладаў ніколі не спрабаваў забараніць нашых канцэртаў. Нават больш скажу. У нас ёсць песня са словамі: “Пусть революция созреет из нас, изнутри наступят перемены. Избавься ты от явных метастаз, ломай механизм любой системы”. Мы з гэтым песнямі выступалі на галоўнай плошчы ў Рагачове у Дзень незалежнасці. І арганізатарам быў рагачоўскі аддзел ідэалогіі! Вы наагул уяўляеце такое?!

Яны не проста прагледзелі. Ясна, што яны вывучылі наш рэпертуар. Проста ўсім было пляваць. Тады жылі і пра гэта не думалі, ніхто адно аднаму ў галаву не лез, не прамываў мазгоў. І яны слухалі, яны падпявалі. Міліцыянты, якія стаялі каля сцэны і нас ахоўвалі, самі прытанцоўвалі. Ім кайфова было! Спускаешся са сцэны, а яны яшчэ крычаць: “Клас! Малайцы! Такі драйв!”. І руку табе ціснуць.
Ну вось, жылі неяк, існавалі разам і маглі спакойна выказваць сваё меркаванне, спяваць свае песні. Яны ж разумелі, пра што мы спяваем. І гэта быў не адзіны канцэрт. Нам рэгулярна іх арганізоўвалі ў Рагачове.

Шчыра кажучы, не было на што скардзіцца.
“Мы не народец!”: людзі расчаравалі
“Мы не народец!”: людзі расчаравалі
Песня “Мы не народец!”, якая так “зайшла” ўлетку 2020 года, была напісаная ў красавіку. І мы вельмі доўга збіралі людзей, якія павінны былі ў ёй браць удзел. А нам хацелася, каб у гэтай песні браў удзел народ.
Нам шмат хто адмаўляў, казалі: “Куды вы лезеце?!” Хтосьці адкрыта пісаў, што баіцца. А гэта ж было яшчэ задоўга да выбараў! На той момант у мяне ўзнікла дэпрэсіўнае пачуццё: ніхто не згаджаецца на здымкі, набраць людзей складана. Нават шукаючы па знаёмых, я атрымліваў адмовы: нічога не зменіцца, навошта вы гэта робіце, усё роўна ён застанецца прэзідэнтам. Думаў тады: вам што, рэальна зусім усё роўна?

А яшчэ ідзе каронавірус. Няясна, даюць нам праўдзівыя звесткі або ілжывыя. Праз тэлевізар – нейкія парады сумнеўныя ў прафілактыцы і лячэнні: трактары, лазня, чарка са скваркаю, козы нейкія... Пра вакцыну нават толкам і не казалі. Няўжо людзям настолькі на сябе напляваць, што яны гатовыя гэта проста праглынуць і жыць далей як нічога не было?

Я ўжо пачаў сумнявацца: а можа, мы і праўда народзец? У сабе я не сумняваўся, а вось асяроддзе ўжо станавілася сумнеўным. Тыя людзі, якія ў выніку пагадзіліся, – малайцы. Яны былі з пазіцыяй, яны гатовыя былі яе агучыць. А вось тыя людзі, з якімі сябраваў, каго ведаў, з кім разам быў на байк-фэстах, расчаравалі.

Для мяне байкеры – людзі свабоды, справядлівасці і гонару. І яны такія, вядома, і ёсць. Аднак калі сярод іх я ўбачыў дрыготкіх баязліўцаў, якія баяцца зняцца ў кліпе… Пра што тут можна казаць? Але мы не спыняліся і працягвалі нашую справу.
Уся нашая творчасць атрымалася «да таго, як»
Вось як я збіраў мелодыі, калі вучыўся ў вучэльні, так і для гэтай песні была сабраная куча тэзісаў, якія я чуў у народзе. Ты стаіш у чарзе ў краме, нехта гаворыць. Якая-небудзь бабуля возьме ды скажа: “Гэта ж трэба, народцам называе, народцам нас заве!” Мне такое цікава, я запісваю. “Нас за быдла трымаюць, ці што!” раздаецца яшчэ дзе-небудзь у транспарце.

На вяселлях, калі бываеш, там людзі вып'юць трохі, смялеюць і пачынаюць выдаваць свае думкі. І з усяго гэтага, як з мелодыяў, можна сабраць твор набраў тэзісаў і зарыфмаваў. Можа быць, збольшага менавіта таму гэтая песня так “зайшла” людзям. Ёсць жа такі момант, калі ты слухаеш і, такі: блін, а я з усім згодны!

Па сутнасці, гэта народная песня, ты не задумваешся, што ўжо тысячу разоў сам гэта чуў. Таму табе гэта так блізка, ты сам гэта ўжо прамаўляў. Альбо табе казалі. А я проста сабраў тое, што казаў народ.
Уся нашая творчасць атрымалася “да таго, як”. Песня “Кто, если не ты?” напісаная ў траўні. Яшчэ Ціханоўскі быў на волі, яшчэ ніхто не выкідваў сваіх пагонаў. Песня “Маці” зробленая яшчэ да смерці Рамана Бандарэнкі. Які слухаў яе і прасіў MP3 скінуць, каб не з інэту слухаць. Песня “Анонимочка” са словамі: “Настучу я на соседа, на коллегу настучу”… Мы ж выпусцілі яе відэашаржам у пачатку красавіка!

А сталі яны актуальнымі цяпер. Бо гэта ўсё ўжо існавала ў грамадстве, яно не з'явілася толькі пасля жніўня.
Дзень выбараў: “Я думаў, што гэтая тэма не пра нас, не пра нашую краіну”
Дзень выбараў: “Я думаў, што гэтая тэма не пра нас, не пра нашую краіну”
У дзень выбараў, калі адлучылі інтэрнэт, мы ўвогуле не ведалі, што адбываецца. Раніцай я схадзіў на ўчастак у сябе ў Рагачове, прагаласаваў, а потым плынь інфармацыі спынілася, і я пагрузіўся ў інфармацыйны вакуум. У душы, вядома, я разумеў, што нічога добрага не адбываецца. Датэлефанавацца сябрам у Мінск не ўдавалася. Не памятаю ўжо, колькі часу я быў у гэтым стане, але ён жахлівы. Бо не разумееш, што адбываецца, у думках у цябе ўжо танкі, самалёты, ракеты. Фантазія гуляе.

Ужо потым, калі стала прарывацца інфармацыя, мы былі, мякка кажучы, у шоку. Тое, што здарылася, было складана ўспрымаць. Я не чакаў і нават падумаць не мог, што будзе настолькі жорстка ўсё. Я думаў, што гэтая тэма не пра нас, не пра нашую краіну.
Ясна, што людзі, настроеныя агрэсіўна ды радыкальна, заўсёды былі і ёсць. Гэтыя людзі проста любяць памахаць кулакамі. Ім няважна, выбары гэта ці паход у бар. Ну а тут такі шанец праявіць сябе.

Натуральна, я чакаў, што такіх агрэсіўных людзей адназначна затрымаюць, магчыма, нават паб'юць, пасадзяць за краты. Не складана ж разглядзець радыкала сярод людзей, якія стаяць з кветачкамі ці нават крычаць нейкія лозунгі.

Ну крычаць, ну і што? Біць іх навошта, навошта разганяць гранатамі святлошумавымі, кулямі гумовымі? Проста навошта? Наагул не разумею.

Ну выцягнуў ты з натоўпу гэтага буйнага чалавека і разбірайся з ім далей.

Вось пасля гэтых падзеяў я дакладна зразумеў, што мы адно аднаго ніколі не пачуем. Я зразумеў, наколькі не жадаюць чуць нас, людзей. І што дыялогу ніякага не будзе, бо ў ім павінны браць удзел два бакі. Калі адзін бок не жадае і не хоча, анічога талковага з гэтага не выйдзе.
“Працягваем слухаць народ”
У творчым жыцці цяпер праблемы з перасячэннем мяжы, арганізацыяй імпрэзаў. Пакуль бушуе эпідэмія, цяжка будаваць нейкія канцэртныя планы. А так мы працягваем пісаць музыку і слухаем народ. Які стаў казаць нашмат цішэй, але мы спрабуем дзесьці нешта ўлавіць.

Праспойлеру наступную песню: “Мирное небо”. Нарадзілася яна ў краме, дзе ў мяне быў дыялог з прадаўніцаю пры касе. Купляю тавар, які значна падаражэў, мы абменьваемся выразнымі поглядамі. І я са смяшком кажу: “Ну, затое мірнае неба!” А яна падхоплівае: “Ага, без солі і хлеба”. Клянуся, гэта першыя словы прыпеву!

Мне падабаецца, як думае народ. Ён не дурны і ўсё разумее. І я хачу з дапамогаю песень і творчасці гэта перадаць.

Ну напісаў ты сваё меркаванне недзе ў інтэрнэце. Ну напісалі пра цябе артыкул. Песня жыве даўжэй і дае вялікую эмацыйную сувязь. Хочацца, каб творчасць была праўдзівай і адлюстроўвала ўсё тое, што адбываецца ў нашым грамадстве. Каб праз 10 гадоў ты мог улучыць песню і зразумець, што адбывалася.

Вядома, я хачу, каб усё гэта спынілася і я б проста спяваў песні пра лісцікі, вінаград, мора, ветрык. Пра што заўгодна. Выйсці ў народ, набраць шмат-шмат словаў. Праспяваць, каб народ кайфануў. І выдыхнуў.

Вось гэтага не стае.
Аб простай і складанай музыцы
Аб простай і складанай музыцы
Складана сказаць, што адбываецца ў іншых калектывах. Мне здаецца, большасць музыкаў не спускаюцца ў народ. Яны шмат чытаюць, ведаюць шмат прыгожых і незвычайных словаў. Часам слухаеш такія гурты і думаеш: вось быццам спявае чалавек, а ніхрана незразумела!

Не хачу нікога пакрыўдзіць, але ў нас іншы падыход да творчасці. Мы свядома адышлі ад складаных мелодыяў, доўгіх сольных партыяў. Мы музычную частку прыраўнялі да тэкставай – простай. Усё павінна “заходзіць” роўна, перагружаць не трэба – ні музыкаю, ні лішнімі лейтматывамі.

Раней было модна быць незразумелымі. Я Земфіру дасюль не разумею, колькі ні спрабую яе слухаць – не ўдаецца. Гэта, вядома, пэўная фішачка, але такая ж фішачка – у паловы беларускіх музыкаў. Усё прыгожа, але нічога няясна. А нам хочацца, каб усё было зразумела і часам нават смешна.

Можна сказаць, што мы пішам народную музыку. А ў ёй усё мусіць быць гарманічна, даходліва і проста.
Вы павінны спяваць на беларускай мове
– Я вось асабіста не лічу, што гурт павінен граць у адным жанры. Як вы сабе ўяўляеце сацыяльныя тэмы ў стылі фолк-мэталу? Для гэтага ёсць пэўны жанр – ска-панк. Нешта тужлівае пра душэўныя стасункі ў ска-панку ўжо не напісаць. Кожны стыль музыкі створаны пад свой настрой. І калі мы пішам пра сум, смутак, радасць, то і музыка павінна быць сумнай ці радаснай. Рознай. Як эмоцыі ды іх адценні.

Або пішуць нам: “Вы павінны спяваць на беларускай мове!” Чаму павінны? Чалавек нават не разумее, што песня альбо нараджаецца на беларускай мове, альбо не. Я ж адчуваю яе, разумею, на якой мове яна адбылася. Калі ідзеш у народ, там мала хто гаворыць на чыстай беларускай мове. І калі хочаш выпісаць тэзісы, яны будуць на расійскай. Або на трасянцы. Але ўжо ёсць гурт, які спявае на трасянцы – “Разбітае сэрца пацана”, дык навошта паўтарацца (смяецца).
Нам нават дасылалі нашыя песні ў перакладзе на беларускую мову. Але я лічу, што выкарыстаць гэта было б крыху няшчыра. Гэта не арыгінал, гэта копія. А што такое копія самога сябе? Проста агідна. Калі чалавек капіюе іншых – гэта нармальна. Але калі чалавек капіюе самога сябе, то, па-мойму, гэта ўжо канец.

У канцы хачу падзяліцца гісторыяй, якая атрымала цікавае развіццё. Адна праўладна настроеная бабулька ўвосень 2020 года ўсё казала мне: “Ну чаго ж вам не стае?” Відаць, менавіта ёй усяго ставала. А тут нядаўна стаім у чарзе, а яна перада мною. Купіла малако, хлеб, можа, соль. Адным словам, па дробязі. І тут ёй не стае капеек 70. У мяне ўнутры гучала: “Ну што, бабуля, гэта вам не стае, а не мне!” Але выхаванне і здаровы сэнс узялі верх. Я проста дапамог ёй аплаціць ейныя пакупкі і ні ў чым не папракнуў. Проста ўсміхнуўся, пажадаў добрага дня і пайшоў сваёй дарогаю.

Усё гэта я да чаго? Часам, каб адчуць сваю перамогу, трэба перамагчы сябе самога.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты
Галоўная старонка
Да галоўнай
Наступны матэрыял
Да наступнага матэрыялу