« Я ўжо не гляджу на кожны новы дзень, быццам заўтра будзе лягчэй »

Адамаў

Аляксандр
Фота: Віка Мяховіч, Таня Брагінская

Аляксандр Адамаў

«Я ўжо не гляджу на кожны новы дзень, быццам заўтра будзе лягчэй»
Фота: Віка Мяховіч, Таня Брагінская
Мастак Аляксандр Адамаў у сваіх працах сумяшчае гумар, палітыку, гульню і пранікненне ў гарадскую прастору. Чытанне навінаў можа падштурхнуць яго да стварэння новага парадаксальнага аб’екту. Гэтак з’явілася Канстытуцыя ў выглядзе школьнай пропісі ці непраходны лабірынт як план эвакуацыі з Беларусі. Іронія – важны складнік працаў мастака, хоць часам яна і невясёлая. У Аляксандра ёсць і абаяльны альтэр эга – крытык Куратар Іскустваведаў, які апісвае ўсё самае пошлае ў беларускім мастацтве: усхваляе драцяных зуброў і дасць параду ў выбары карціны да канапы. З пачаткам вайны Аляксандр пераехаў у Варшаву – як сам кажа, праз нелюбоў да колеру хакі і небяспеку трапіць у войска. Але працягвае праз мастацтва казаць пра беларускія падзеі.
Мастак Аляксандр Адамаў у сваіх працах сумяшчае гумар, палітыку, гульню і пранікненне ў гарадскую прастору. Чытанне навінаў можа падштурхнуць яго да стварэння новага парадаксальнага аб’екту. Гэтак з’явілася Канстытуцыя ў выглядзе школьнай пропісі ці непраходны лабірынт як план эвакуацыі з Беларусі. Іронія – важны складнік працаў мастака, хоць часам яна і невясёлая. У Аляксандра ёсць і абаяльны альтэр эга – крытык Куратар Іскустваведаў, які апісвае ўсё самае пошлае ў беларускім мастацтве: усхваляе драцяных зуброў і дасць параду ў выбары карціны да канапы. З пачаткам вайны Аляксандр пераехаў у Варшаву – як сам кажа, праз нелюбоў да колеру хакі і небяспеку трапіць у войска. Але працягвае праз мастацтва казаць пра беларускія падзеі.
Верыў у іншапланетнікаў, майстраваў мадэлі самалётаў
Да 15 гадоў я жыў у невялікай вёсцы за 50 кіламетраў ад Магілёва. Вёска называецца Вялікія Бялевічы, побач былі таксама Малыя Бялевічы. І я часта жартую, што яны сапраўды крыху меншыя за нашыя, але і нашыя таксама не зусім вялікія. Я добра вучыўся ў школе, верыў у іншапланетнікаў, ездзіў на алімпіяды па розных прадметах і ўвесь час нешта рабіў у хатняй майстэрні. Тады я не думаў, што мастаком можна быць паводле прафесіі. Але трэба заўважыць, што ў маім пакоі партрэты пэўных персанажаў змяняліся на падвешаныя пад столь мадэлі самалётаў, з'яўляліся нейкія замалёўкі і самаробная мэбля.

То бок па сутнасці я рабіў сцэнаграфію ў межах свайго пакою.

Мінск падаваўся вельмі далёкім, і адпаведна пра нейкія палітычныя падзеі ў дзяцінстве я мала што ведаў. Памятаю, калі здарыўся тэракт у мінскім метро, я быў у восьмым класе. Да нас гэтая навіна дайшла з тэлевізара, і настаўнік абмяркоўваў яе на занятках. А мы, дзеці, нават не ведалі толкам, што такое тэракт. І неяк у мяне склалася карціна, што ўсё гэта незразумела і вельмі, вельмі далёка.
Юнацтва прыйшлося на неверагодна цяжкое навучанне ў ліцэі, дзе я адчуваў сябе адсталым па ўсіх прадметах. Пры гэтым я жыў у інтэрнаце з вельмі разумнымі хлопцамі з розных профіляў. Жыў упершыню так доўга не ўдома. Але гэты цяжкі час быў выдатны ў плане першага этапу самавызначэння. Я пачаў з цікавасцю і вялікаю стараннасцю вывучаць грамадазнаўства. А ў паездках на алімпіяды знаёміўся з вельмі крутымі і блізкімі духам людзьмі. Дзіўна, цяпер упершыню падумаў: калі б навучанне і жыццё ва Універсітэце культуры, куды я потым паступіў, былі такія ж насычаныя, напэўна, я б хутчэй падужэў. І, магчыма, сышоў бы з датэрміновага галасавання, аддзяліўшыся ад групы пакорлівых студэнтаў, якіх адпусцілі дадому раней.
Пачаўся такі дзвіж, што і хмараў не было відаць
Па-сапраўднаму я пачаў адчуваць сваю прысутнасць у грамадстве з моманту прыняцця сябе як здольнага нешта выказаць у творчасці. Магчыма, з моманту першых абмеркаванняў маёй дзейнасці. Калі я перастаў быць разгорнутым унутр сябе.

У 2018–2019 гадах у беларускай культуры пачаўся такі дзвіж, што нібыта і хмараў не было відаць, а маё жыццё ў імклівым тэмпе напаўнялася цікавымі знаёмствамі і працаю. Мне тады здавалася, быццам існуе выдуманая тэлевізійная дзяржава, а пад нагамі будуецца абсалютна іншая – актыўная, маладая і класная. І гэтыя два светы паралельныя ды не перасякаюцца. Такое было наіўнае адчуванне.

Як мастак я пачынаў з працы над вялікімі палотнамі а-ля Кіфэр, якім захапляўся ў той момант, у рэзідэнцыі “Ок16”. Там жа як сцэнограф стаў узаемадзейнічаць з рэжысёрамі і рэжысёркамі – маладымі, актыўнымі, смелымі. І ўсё больш уключацца ў грамадскія працэсы.
У траўні 2020 года Віктар Бабарыка напісаў, што збіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах. Усё закруцілася імгненна. Шмат яркіх людзей тут жа пачалі браць удзел у працы ягонага штабу. У той час мы з “Ок16” акурат рыхтавалі маю першую выставу, якая праз каронавірус ператварылася ў лічбавую. Зладзіць яе дапамагалі Лявон Халатран і Маша Калеснікава.

Пачатак працы штабу не адчуваўся як штосьці прынцыпова іншае, ён выглядаў як працяг дзейнасці гэтай каманды. Як новы праект з іншымі мэтамі. Пры гэтым людзі размаўлялі і абмяркоўвалі ўсё гэтак жа адкрыта. Я прыехаў у штаб, Маша пазнаёміла мяне з спадаром Віктарам. Кажа: “Вось Саша, ён тут выставу робіць”. Усё было шчыра і натуральна.
Я вучыўся новаму тыпу страху
Падчас падзеяў 2020-га мы жылі на вуліцы Якуба Коласа, і ў нашай суседкі вокны выходзілі на Камароўку. Памятаю, як вызірнулі ў вакно, а чарга ад рынку, дзе збіралі подпісы за кандыдатаў, даходзіла амаль пад нашыя вокны. У мяне мурашкі пабеглі па скуры. І я сказаў Віцы, маёй жонцы, што гэта рэвалюцыя. Тады я запісаў відэа, у якім галю свае маладзенькія вусікі і гляджу ў люстэрка, за якім у вакне відаць аўтазакі.
У той час гэтак шмат сяброў навокал уключылася ў гэтыя працэсы, што не было іншага выйсця, як працягваць гаварыць. Я зрабіў працу з ланцугом на 3 ліпеня. На той момант пачаліся першыя ланцугі салідарнасці. Падавалася, што ёсць магчымасць супраціву. Хаця б у тым, каб фізічна замацавацца ў прасторы і не сыходзіць з месца.

Шмат было такіх фотаздымкаў, дзе хтосьці за нешта чапляецца. Ланцугі рабіліся фізічныя, а не метафарычныя.
2020 год я б апісаў адчуваннямі не пералому, а нанясення множных ранаў. Пералом – гэта аднамомантная траўма з доўгім працэсам гаення. А ў 2020-м момантаў, калі было незразумела, балюча і складана, было гэтак шмат, што працэс гаення ўвогуле складана ўявіць.

Бясконцыя навіны не змяшчаліся ўнутры. Памятаю, раніцою глядзіш TikTok з лайфхакамі, чэленджамі і розным лёгкім глупствам, а потым выходзіш на вуліцу ці нават проста вызіраеш у вакно – і робішся часткаю зусім іншых працэсаў. Дастаткова жывёльных і заснаваных на выжыванні.

Ці былі пратэсты натхняльнымі? Не, я не мог нічога рабіць, было страшна. Я вучыўся новаму тыпу страху. Сёе-тое з той навукі засвоіў, што адбілася на новых ідэях. Нароўні з пачуццём уласнай слабасці, так. Але ўспомнілася, дарэчы, узрушэнне акустычнага кшталту. Калі калона людзей праходзіла ад Нямігі да ГУМу, гукавая хваля ад скандавання білася аб будынкі злева і справа. Нібыта ўздымалася высока ў паветра і падала зноў уніз! Як пад вадаспадам сябе адчуў у той момант, настолькі быў шчыльны гук.

Такога роду гукавога ўзрушэння я раней не адчуваў.

Я дасюль у працэсе рэфлексіі над 2020 годам і над сваймі адчуваннямі. У мяне пачалі ўзмацняцца праблемы з нервамі. Я і раней не быў спакойным чалавекам. А тут новы досвед, ні з чым не суадносны.
Канстытуцыя ў форме пропісі ці камп'ютарнай гульні
Канстытуцыя ў форме пропісі ці камп'ютарнай гульні
Пасля 2020 года я, напэўна, пачаў мысліць больш сацыяльна арыентавана і прыдумляць інтэрвенцыі ў гарадскую прастору. Якім чынам атрымліваюцца мае працы? Я насычаюся ўсім, што мяне хвалюе – назіранні, навіны, ідэі, якія дастаю з прачытанага. У нейкі момант магу заўважыць цікавую прастору з пэўнымі памерамі, праходнасцю, формай, аб’ектамі, святлом. І ўжо зыходзячы з гэтага павярнуць свае ідэі ў патрэбнае рэчышча.

Гэта ў нечым падобна да сцэнаграфіі ці ландшафтнага дызайну.

Напрыклад, я думаў на тэму рэферэндуму і паправак у Канстытуцыю. І адначасова ў Мядзелі знайшоў сцяну з дробнаю кафляй, якая з часам асыпаецца. Гэта падобна да пікселяў, што выпадаюць. Я надумаў зрабіць на сцяне надпіс у стылі камп'ютарных гульняў – “Restart?” (то бок “Пачаць наноў?”) і варыянты адказу: “так”, “не”, а таксама “не ведаю”. Які для дыджыталу немагчымы. А для жыцця вельмі нават магчымы.

Вось гэты варыянт “не ведаю”, у якім адразу і страх, і нежаданне пастанаўляць, і спроба сысці ад адказу, абсалютна непрадуктыўны. Але ў адказах на рэферэндумах ён існуе.
У мяне ёсць і зусім іншая паводле формы праца на тую ж тэму – пропісь у выглядзе Канстытуцыі. Я проста загнаў яе тэкст у разлінаваны сшытак і раздрукаваў. Цяпер кожны можа яе перапісаць.

Ці вось аднойчы я ехаў у трамваі ды заўважыў, што ля шыбы засталіся мацаванні, у якія калісьці ўстаўлялася шыльдачка з маршрутам. І я надумаў зрабіць сваю шыльдачку, прапанаваць альтэрнатыўны рух, звязаны не з прасторай, а з часам. Ці нават з уяўным пунктам прызначэння. Гэтак атрымаўся маршрут трамвая “Настоящее – ненастоящее”.
Важны складнік маіх працаў – іронія ці абсурд. Але я не сутыкаўся з тым, што праз гэта мяне як мастака ўспрымаюць несур’ёзна. Я карыстаюся іроніяй, каб проста быць больш заўважным. Каб праз гэты фасад прасунуць больш важныя думкі, зусім не іранічныя. Мне так прасцей дзеяць, мой мозг так працуе. Усё дзіўнае, новае, незразумелае спачатку мне падаецца смешным – хоць і з адценнем чорнага гумару.
Гіпсавыя пальцы ў стэрыльным горадзе
Гіпсавыя пальцы ў стэрыльным горадзе
Пасля 2020 года ў мяне з’явілася самацэнзура. Раней я думаў больш вольна – стараўся зрабіць працу вялікаю, паставіць яе на віду. Але апошнім часам у працэсе рыхтавання аб’екты набывалі сціплыя памеры. У Мінску я рабіў невялікую працу на праспекце і намагаўся ствараць уражанне чалавека, які мае на гэта права, апранаўся больш як жэкагэшнікі.

У нас увогуле мала што адбываецца ў грамадскай прасторы, бо яна акупаваная дзяржаваю. Гэтак было і раней, але апошнім часам я быў яшчэ больш заўважны для мінакоў.

Напрыклад, я знайшоў стары флагшток на Усходзе, у які паўтыркаў вялізныя ўказальныя пальцы з гіпсу. Мне давялося рабіць гэта за некалькі падыходаў. Я пад’язджаў, устаўляў тры-чатыры пальцы (а іх там 30). Бачу, людзі ўжо глядзяць. Тады я сядаў на ровар, рабіў маленькае кола і зноў вяртаўся. І так шмат разоў. Нашая грамадская прастора ачышчаная, яна стэрыльная, таму любая інтэрвенцыя, нават самая маленькая, можа стацца вельмі яркай.
Паколькі рабіць штосьці ў публічнай прасторы праз каронавірус і рэпрэсіі стала складана, мае ідэі трансфармаваліся ў малыя формы. Я падумаў, што класна было б не залежаць ад інстытуцыяў, ад неабходнасці мець пляцоўку для выказвання. І прыдумаў серыю “Не-цацкі”. Гэта набор розных гульняў, у правілы якіх дадаецца новы, часта палітычны кантэкст, што мяняе сэнс гульні або робіць яе зусім немагчымай. Усе мае ўлюбёныя гульні атрымаліся з назіранняў за беларускімі падзеямі. Мая ўлюбёная – лабірынт як план эвакуацыі. Вельмі люблю таксама мінскую вазу, якую трэба расфарбаваць. Мне падабаецца ў “Не-цацках” іх рэкламная навязлівасць, адкрытасць і зразумеласць.
Еўропа, вітай мігранта
Я не збіраўся з’язджаць з Беларусі.

Праходзіў камісію для ваенкамату, працаваў у музеі. У мяне былі невялікія адхіленні ў здароўі, і я спадзяваўся што яны дазволяць мне не пайсці ў войска. Я абсалютна не вайсковы чалавек і не чалавек сістэмы. 24 лютага я прачнуўся, чытаў навіны і не верыў сваім вачам. Калі першы шок крыху суняўся, я зразумеў, што праз колькі дзён мне трэба з’явіцца ў ваенкамаце. І, паводле новых правілаў, я, хутчэй за ўсё, са сваймі адхіленнямі праходжу. А значыць, маю вялікія шанцы трапіць у войска.

У сітуацыі вайны і незразумелага ўдзелу ў ёй Беларусі рызыкаваць не выпадала. І мы пастанавілі пераехаць у Польшчу.

Вядома ж, калі я прыехаў, то спачатку быў разгублены: што рабіць з дакументамі і гэтак далей. Плюс трэба разумець, што стаўленне да беларусаў тады было неадназначнае. Нават у Польшчы, якая сталася нашым асноўным прытулкам. І трэба было зноў і зноў прагаворваць пра дзве розныя Беларусі.

Гуляючы па Варшаве, я бачыў шмат улётак з нейкімі дэпутатамі. І мне падалося, што ў гэтай форме можна было б упісацца ў горад і яшчэ раз падняць пытанне, нават і для самога сябе, пра беларускіх мігрантаў. Я абраў такую форму яшчэ і таму, што на плакаце можна пералічыць свае адметныя якасці, быццам цябе сапраўды абіраюць. Я выпісаў туды традыцыйныя школьныя стэрэатыпы пра беларусаў: талерантны, працавіты, цярплівы, мірны. Бо ў лютым нашая мірнасць была пастаўленая пад сумнеў. Атрымалася ў нечым спрэчная праца, што, мне здаецца, яе не псуе.
Часам я раблю такія хуткія, не надта адрэфлексаваныя праекты, і яны робяцца дыскусійныя. Што мяне вельмі парадавала, плакат паспрабавалі сарваць, але верхні фрагмент з тварам і тэкстам застаўся, і нехта дадаў у подпіс “Еўропа, вітай мігранта” словы “ўсіх мігрантаў”. Што стала таксама часткаю своеасаблівага дыялогу.

Увогуле я стараюся гэты працэс – пераезд з месца на месца – успрымаць як прыгоду. У прыгодах усё, што адбываецца, разглядаецца як чарада падзеяў рознай афарбоўкі. Аддаешся выпадковасці, вучышся не ацэньваць тое, што адбываецца ў той самы момант, а тым больш не думаць наперад.

Вядома, у сваіх працах я даражу кантэкстам, ад якога не ў Беларусі я адрываюся. З іншага боку, мае вочы тут, а думкі, назіранні застаюцца з беларускаю рэчаіснасцю. І гэтая дыстанцыя нараджае новыя рэчы.

Я зразумеў, што было б крута гаварыць аб праблемах Беларусі на нейкай іншай, больш глабальнай мове. Не рабіць гэтага кірмашу “беларусы для беларусаў”, а мысліць больш шырока.
Маю патрэбу апісваць пошласць
Куратар Іскустваведаў у маім жыцці ўзнік вельмі даўно. Напэўна, ягоныя вытокі ідуць з Акадэміі навук, дзе я вучыўся на мастацтвазнаўцу. У нейкі момант мне падалося, што я магу пісаць любыя артыкулы. Не важна, які будзе змест, галоўнае, каб у іх вытрымліваўся пэўны пафас. Я напісаў працу, дзе ўзяў фізічную канцэпцыю сінергіі ды пераходнага стану (мне проста спадабалася, як гучыць) і паспрабаваў пашукаць пераходны стан у беларускім пейзажным жывапісе. Як я вычвараўся! Там ёсць месцы невыносна пошлыя.

Мне спадабалася, што гэтую пошласць можна ўзводзіць бясконца. Пры гэтым частка аўдыторыі працягвае ў яе верыць, а частка з гэтага ўгарае.

Потым у майго альтэр-эга з’явіліся імя і вобраз. І тады я зразумеў, што маю патрэбу апісваць усю тую пошласць, што ёсць у беларускім мастацтве і візуальным абліччы нашых гарадоў. Пачынаючы з драцяных зуброў і буслоў ды заканчваючы працамі службаў ЖКГ і мясцовых уладаў. Я зыходзіў з таго, што калі гэтая пашлата ў нашых гарадах з’яўляецца, то значыць, яе нехта зацвярджае, знаходзіць для гэтага аргументы. І я як Куратар Іскустваведаў абавязаны вось гэты схаваны працэс вывесці вонкі і апісаць ува ўсемагчымых прыўкрасных эпітэтах.
У Куратара свая рубрыка на Сhrysalis Mag, дзе ў тым ліку ёсць тэкст пра абрэзаную працу беларускага мастака Задорына. Гэта ўнікальная сітуацыя, бо працу набыў Саюз мастакоў, потым яе перадалі ў музей Савіцкага. І там у 2020-м– праз 30 ці 40 гадоў – яе выставілі. Але яна была абрэзаная! Напэўна, у іншай краіне ўжо быў бы скандал. А ў нас яе проста ціха пачалі выстаўляць у такім выглядзе, нічога не тлумачачы.

Але тэкстаў не кожны прачытае. Таму Куратар пачаў шукаць новыя магчымасці. Ён рабіў відэаінтэрв’ю з сябрамі-мастакамі ў гэтай новай стылістыцы, запісваў экскурсіі па выставах, а потым выйшаў на новыя вышыні, пачало з’яўляцца нешта мэмнае. Аўдыторыя ў Куратара расце, людзі пачынаюць лавіць фішку. Але былі моманты, калі мне пісалі і прасілі сустрэцца, каб даведацца, ці такі я ў жыцці.

Пасля 2020 года ўзровень пошласці неверагодна ўзрос, і я не мог больш яго павышаць, каб не парушыць вобразу. У мяне пачаўся крызіс: я перастаў апісваць, а больш засяродзіўся на фіксацыі. Але ў Беларусі фармат Куратара Іскустваведава не выкараніцца, пакуль не з’явіцца нармальная мастацтвазнаўчая адукацыя і нармальнае поле мастацтва. Дзе ўсё цікава, можна дыскутаваць і ўчыніць скандал, калі тваю карціну абрэзалі.
Пасля ночы будзе ноч
Калі досвед пратэстаў у 2020 годзе для мяне быў новы, цяжкі і незразумелы, то цяпер як быццам ізноў цэбар халоднай вады на галаву – гэтая вайна. Я проста перастаў неяк вывозіць як чалавек і тым больш як мастак. Мне падавалася што мая роля стала абсалютна бессэнсоўнай, асабліва з напластаваннем усёй гэтай іроніі ды кантэкстаў. Здавалася, што ўвогуле рабіць нічога немагчыма.

Але ўвесну я быў у сяброў у Берліне і злавіў адчуванне, што ўсё ў жыцці адбываецца адначасова, гэта бясспрэчны факт. Пачаў шукаць, што магу рабіць. Акцыянізм адпадаў, бо я не ўмею ствараць лозунгаў, але люблю знакі і сімвалы, тонкія няўлоўныя рэчы.

Аднойчы я пабачыў у сеціве відэа з парай, якая танцавала. Маленькае відэа мае гэтак шмат дэталяў і сімвалаў, што паглядзеўшы яго, як быццам прачытаў цэлую кнігу. Пара кружыцца ў цэнтры пакою ў шпіталі пад музыку, якую хтосьці запусціў з мабільнага тэлефона. Мы не бачым твару гэтай дзяўчыны, якая прытулілася да хлопца. Нейкая жанчына прыкрывае рукою край ложка, каб маладыя аб яго не стукнуліся. І на фоне кажуць “Горка!”. Слова, якое не перакладаецца на англійскую мову. Якое крычаць на вяселлях, каб людзі цалаваліся, але тут яно працуе зусім па-іншаму.

Мне адразу пачуўся гук зламанай музычнай скарбонкі, у якой кружацца фігуркі. Таму я абраў форму парцаляны, чагосьці крохкага і звонкага, знайшоў скарбонку і сапсаваў у ёй музычны механізм. І з’явілася ўжо новае адчуванне, то бок я зрабіў працу пра тое, якой я пабачыў гэтую гісторыю.
Цяпер страшны час. Нядаўна ў галаву прыйшоў выраз “пасля ночы будзе ноч”. Ён добра апісвае маё адчуванне часу. Надзея ёсць, але як быццам яна стала проста словам.

У мяне ёсць адчуванне, на жаль, што Беларусь для мяне больш ніколі не будзе той, якою была ў 2018 годзе, у маім юнацтве, у час майго творчага ўгару і зухаватасці. Я ўжо не гляджу на кожны новы дзень, як быццам заўтра будзе лягчэй. Заўтра будзе проста іншае адценне цемры.

Працэс станаўлення людзей і дзяржаваў, на жаль, вельмі складаны і трагічны. І мы жывем у такі час.

Перажыць? А што застаецца рабіць, як не спаборнічаць у тым, хто і што перажыве нешта і некага. Чэлендж складанейшы за абліванні халоднаю вадою!
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іхныя новыя праекты
Галоўная старонка
Да галоўнай
Наступны матэрыял
Да наступнага матэрыялу