« Надзея –гэта не дар, а штодзённая праца »
Ангелава
Ксіша

Ксіша Ангелава

«Надзея –гэта не дар, а штодзённая праца»
Мастачка Ксіша Ангелава раней пісала іконы, а пасля падзеяў 2020 года пачала маляваць тых, каго сама лічыць святымі – беларускіх палітычных вязняў. Усмешлівыя партрэты ў пазнавальнай наіўнай манеры яна стварае на каляровых шпалерах, каб хоць такім чынам вызваліць людзей з халодных засценкаў. У канцы мінулага года ў Берліне адкрылася выстава, на якой мастачка прэзентавала больш за 300 працаў. І штодня робіць новыя. Гісторыя змагання і рэпрэсіяў для Ксішы даўняя ды асабістая: у 1937-м расстралялі ейнага дзеда. У 1996-м яна студэнткаю зазнала пераслед, выйшаўшы на першы “Чарнобыльскі шлях”. А ў 2020-м з’ехала ў Варшаву, каб маляваць партрэты палітзняволеных: да часу, пакуль усе не выйдуць на волю.
Мастачка Ксіша Ангелава раней пісала іконы, а пасля падзеяў 2020 года пачала маляваць тых, каго сама лічыць святымі – беларускіх палітычных вязняў. Усмешлівыя партрэты ў пазнавальнай наіўнай манеры яна стварае на каляровых шпалерах, каб хоць такім чынам вызваліць людзей з халодных засценкаў. У канцы мінулага года ў Берліне адкрылася выстава, на якой мастачка прэзентавала больш за 300 працаў. І штодня робіць новыя. Гісторыя змагання і рэпрэсіяў для Ксішы даўняя ды асабістая: у 1937-м расстралялі ейнага дзеда. У 1996-м яна студэнткаю зазнала пераслед, выйшаўшы на першы “Чарнобыльскі шлях”. А ў 2020-м з’ехала ў Варшаву, каб маляваць партрэты палітзняволеных: да часу, пакуль усе не выйдуць на волю.
Пяшчота да кожнай рысачкі
Пяшчота да кожнай рысачкі
Мая маці была архітэктаркаю, спецыялізавалася на беларускай неаготыцы ХІХ–ХХ стагоддзяў, а гэта быў час росквіту нашай аўтэнтычнай культуры. Маці ездзіла ў экспедыцыі па ўсёй краіне, замалёўвала касцёлы, вяла ўлік храмаў, разбураных савецкай уладай. З дзяцінства я бачыла гатычныя саборы, якія глядзяць у неба, і гэта была для мяне найлепшая адукацыя.

Маці заўжды малявала, і я бачыла, як пяшчотна яна ставілася да кожнай рысачкі. Тата таксама пісаў акварэлі, у яго была моцная рука. Бацькі вучылі мяне не спяшацца, назіраць, не браць алоўка ў рукі, калі маеш злыя думкі, крытычна ставіцца да сваёй лініі, думаць пра тое, ці адбудзецца сустрэча з гледачом, ці ўдасца перадаць яму нешта істотнае.

Мы з маці разам стваралі іконы, якія можна было вешаць на фасад дому або ставіць у двары. Я малявала выявы на шыфернай дошцы, а маці рабіла аклады з камення, кварцавага сланцу, дробкі мармуру, галькі. Яна была такая моцная мастачка, што любы матэрыял у ейных руках танчыў, пульсаваў.

Мае бацькі памерлі ад раку, і я звязваю гэта з наступствамі Чарнобылю, гэта частка трагічнага лёсу нашай краіны. Таму для мяне сімвалічна, што маё супрацьстаянне ўладам пачалося менавіта з “Чарнобыльскага шляху”.
Чорныя крумкачы “Чарнобыльскага шляху”
Чорныя крумкачы “Чарнобыльскага шляху”
У 1996 годзе мы, студэнты Акадэміі мастацтваў, выйшлі на “Чарнобыльскі шлях”. Памятаю, як рыхтаваліся да акцыі: рабілі чорных крумкачоў з пап’е-машэ. І хоць на той час мінулі толькі два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў, мы выйшлі на пратэст, бо востра адчувалі, што ўлады душаць нашую свабоду, без якой мастакам немагчыма. Пасля гэтага ў мой дом прыйшоў АМАП і высадзіў дзверы, а мяне выклікалі ў КДБ, дзе размова бясконца ішла па коле. Усё было традыцыйна: кабінет, цьмяная лямпа, цыгарэта і настойлівыя пытанні.

Хваля рэпрэсіяў сталася для нас нечаканаю. Шмат каго з маіх сяброў і знаёмых адлічылі. У некаторых лёс склаўся добра: яны паехалі вучыцца ў Дусэльдорф і сталі вольнымі мастакамі, якія цяпер робяць актуальныя выставы. А для некага адлічэнне зрабілася трагедыяй. Мой сябар-мастак з’ехаў з Беларусі і загінуў. Ягонага бацьку, які працаваў выкладчыкам, звольнілі за беларускую мову – у яго спынілася сэрца. Гэтак за два гады не стала дзвюх асобаў з блізкай мне сям’і. І я вінаваціла ў гэтым улады.

Пасля выпадку з “Чарнобыльскім шляхам” я пастанавіла зусім сысці ў падполле. Гэта сумны досвед, бо я зрабіла гэта праз наркотыкі. У савецкі час такія ўцёкі былі частаю з’яваю: дысідэнты, якія не маглі прыняць рэчаіснасці, проста співаліся. Я існавала супраць усяго свету. Акадэмія мастацтваў, дзе я вучылася на акторку, была багемнаю навучальнай установай, і я абрала такі шлях уцёкаў. Амаль тры гады былі выкрасленыя з майго жыцця, бо я нічога не стварыла. Выйсці з залежнасці было складана, давялося вучыцца наноў думаць, размаўляць, быць чалавекам. Але мне ўдалося. Вельмі дапамаглі маці і сябры, якіх я згадваю з удзячнасцю, бо яны паверылі ў мяне.

Наступнаю спробаю пошуку сябе была праца на радыё. Праўда, пратрымалася я там нядоўга. Журналіст мусіць валодаць вострым словам, якое можа некага і пакрыўдзіць. Гэта было не маё. Я заўжды адчувала пэўны сацыяльны абавязак, патрэбу дапамагаць людзям сваёй працаю.
Усмешлівая Багародзіца ды Ісус з ружовымі шчочкамі
Усмешлівая Багародзіца ды Ісус з ружовымі шчочкамі
Малявала я ўсё жыццё. І ў 2008 годзе, калі ў мяне нарадзілася дачка, пайшла вучыцца іканапісу ў Свята-Елізавецінскі манастыр. Праўда, там вывучалі маскоўскую традыцыю, а мне хацелася пісаць беларускую ікону. На нашую традыцыю іканапісу больш уплывала не Візантыя з Расіяй, а італьянскае мастацтва. І, вядома ж, росквіт прыйшоўся на час уніяцтва, якое вызнавалі 70 % беларусаў.

Беларуская ікона адметная, яе можна пазнаць: яна больш цёплая, чалавечная. Калі на іконе – Багародзіца, то яна можа і ўсміхнуцца. Немаўлятка Хрыстос можа быць ружовашчокі, як сапраўднае дзіця. І яшчэ я заўважаю, што ў беларускай іконе існуе трохмернасць. Я бачу ў гэтым шмат свабоды.

У 2011 годзе мне пашчасціла трапіць у Ратамскі прыход, настаяцель якога, айцец Аляксандр Міхейчык, упершыню замовіў мне беларускую ікону. Памятаю, ён сказаў: “Казанская ікона прыгожая, Уладзімірская прыгожая, але Купяціцкая, Крупецкая, Бялыніцкая – гэта ж найцікавейшыя абразы, якія мала хто ведае”. І такім чынам мы пачалі шлях беларускай іконы ў Ратамскай царкве. Я пісала іконы і для іншых храмаў: у Рубяжэвічах, у Новай Мышы, у Плісе.
Маляваць, каб не звар’яцець
Маляваць, каб не звар’яцець
– Партрэты палітвязняў я пачала маляваць пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Ён быў мастаком, і, на жаль, больш нічога не створыць: я быццам пераняла ў яго эстафету. Пасля ягонай гібелі распачалася хваля рэпрэсіяў. Памятаю, у снежні 2020 года было ўжо 33 палітвязні, і я пастанавіла намаляваць іх усіх. Але не паспявала, бо ў геаметрычнай прагрэсіі з’яўляліся новыя. Тады я была ўпэўненая, што хутка ўсё скончыцца. Але вось ужо больш за год я малюю партрэты штодня, даслоўна жыву з імі.

Я малюю герояў паводле іхных здымкаў да затрымання, люблю, калі вочы праменяцца ўсмешкаю. Ведаю, што партрэты часам трапляюць да сваіх альтэр эга ў турму. У камеры няма люстэрка, і малюнак можа стаць такім адлюстраваннем. Якое, да таго ж, прайшло і праз нас – тых, хто любіць і чакае на волі. Спадзяюся, гэта крыху надае зняволеным сілаў. Бо цяпер увесь аптымізм і надзея сканцэнтраваныя за кратамі, і людзі адтуль падтрымліваюць нас.

Партрэты я малюю на шпалерах. Па-першае, матэрыялаў патрабуецца шмат, складана іх набываць, а старыя шпалеры мне дораць сябры. Па-другое, шпалеры – гэта ўвасабленне дому, утульнасці і цеплыні. Раней як іканапісец я рабіла праект, у якім выяўляла на шпалерах Багародзіц. А цяпер малюю на іх палітвязняў. Мы бачылі “пакаянныя” відэа, запісаныя пасля таго, як людзей збівалі або ўздзеялі на іх псіхалагічна. На тых кадрах яны не падобныя да сябе. Мы ведаем і практыку фотаздымкаў анфас і профіль на шэрым фоне ў кабінеце следчага. Я хацела стварыць штосьці абсалютна супрацьлеглае, сысці ад белага аркуша, дадаць фарбаў і жыцця. Шпалеры я абрала, каб нам не звар’яцець, бо ў Беларусі цяпер вельмі шэра, а трэба захоўваць прыгажосць. І памятаць, што свабода – у нас, як казаў святар Ежы Папелушка.
Брывастыя ці хмурыя, але відавочна добрыя
Брывастыя ці хмурыя, але відавочна добрыя
Мне не так важна, каб партрэт атрымаўся падобны. Бо намаляваць чалавека, якога ніколі не бачыла, паводле не самай лепшай якасці здымка, досыць складана. Для мяне галоўнае – зладзіць сустрэчу з гэтымі людзьмі, пабачыць іхныя вочы, разбурыць муры з дапамогаю мастацтва. У працэсе малявання я баўлю з героямі час, малюся, чытаю пра іхныя сем’і, даведваюся, хто чакае на волі. Некаторыя гісторыі асабліва раняць. Жахліва, калі браты ці сёстры або цэлыя сем’і за кратамі. Вельмі адгукнуліся гісторыі валанцёраў, на якіх стаяў свет, Андрэя Аляксандрава ды Ірыны Злобінай, гісторыі беларускіх палякаў Анджэлікі Борыс або Анджэя Пачобута. Цяпер я жыву ў Польшчы і бачу, якая гэтая нацыя: са сваёй харызмай і менталітэтам. І перажываю, як яны там у беларускай турме. На сцяне ў мяне вісіць партрэт журналісткі Ксеніі Луцкіной – адной з нашых светлых гераічных жанчын. Але я імкнуся не даваць волю эмоцыям, а жыць толькі надзеяй. Сярод тых, каго я малюю, ёсць і мае блізкія сябры, і палітычныя вязні, якія не трапілі на вока журналістам, і тыя, каго наагул мала хто ведае. Іх сотні. І я не спынюся, пакуль яны не выйдуць на волю.

Я не абіраю, хто большы герой ці меншы. Для мяне яны ўсе ахвяры гэтай сістэмы. Напрыклад, у мяне ёсць малюнкі Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі. Падчас рыхтавання да выставы ў Берліне я не пабачыла іх у экспазіцыі ды палічыла, што гэта цэнзура. Але арганізатары запэўнілі, што партрэты проста недзе згубіліся. Малюнкаў ужо больш за 300. Працы з’язджалі з Беларусі разам з маймі сябрамі і сапраўды рассеяліся па ўсім свеце. Цяпер малюнкі захоўваюцца ў Вільні і Мінску, у Берліне і Варшаве.

Намаляваўшы сотні партрэтаў, я задумалася: ці ёсць у выглядзе палітзняволеных нешта агульнае? У іх абсалютна розныя рысы твару, яны могуць быць брывастыя ці хмурыя. Але дабрыні не схаваеш. Відавочна, гэта добрыя людзі. І яшчэ я прыйшла да высновы, што гэта людзі, якія да падзеяў 2020 года мелі пэўны досвед, выхаванне, асяроддзе. Яны былі падрыхтаваныя адказаць злу дабром, чаго б гэта ім ні каштавала. Гэта найпрыгажэйшыя людзі нашай краіны, і хочацца быць з імі заадно.
Калі маўчыш так доўга, траціш голас
Калі маўчыш так доўга, траціш голас
У 2020 годзе спачатку я не адчувала такога абуджэння, як у 90-ыя. Але калі пачаўся гвалт, то трываць стала проста немагчыма. Я бачыла, як пратэст набірае абароты, і разумела, што моладзь не будзе асцярожнічаць, яна будзе ісці шчыльнымі радамі. Бо было проста сорамна не выйсці за падставовыя каштоўнасці. Гэтае моцнае адчуванне было не індывідуальным, яно ахапіла ўсіх, і зваротнага шляху ўжо не было.

Я з рэпрэсаванай сям’і. У 1937 годзе быў расстраляны мой дзед, першы рэктар БНТУ Ніканор Ярашэвіч, а ў 1938-м – мой прадзед і два ягоныя браты. Чатыры мужчыны з маіх родных былі забітыя. За савецкім часам у маёй сям’і пра гэта не гаварылі. Калі пасля пратэстаў у 2020 годзе пачаліся рэпрэсіі, я вырашыла з’ехаць з Беларусі, бо больш маўчання я б не вытрывала. Калі маўчыш так доўга, то проста траціш голас. Адкрываеш рот, каб нешта сказаць, а словаў няма. Іх трэба шукаць наноў, шукаць смеласць.

У мяне двое дзяцей, і я хачу, каб яны атрымалі адукацыю. Ведаю, што шмат хто з настаўнікаў у Беларусі быў супраць фальсіфікацыяў і проста не мог нічога зрабіць, але для мяне адукацыя – тое, чаму ты давяраеш. Я б хацела, каб мае дзеці захавалі давер да настаўнікаў. Да таго ж, за мяжой я магу працягваць маляваць партрэты палітвязняў. Дома я ўжо не магла гэтага рабіць, я страціла сон, была на мяжы нервовага зрыву і штодня давала дачцэ інструкцыі на выпадак майго затрымання. Баялася, што дзеці застануцца адны, бо ў іх нікога няма, апроч мяне.

Цяпер я жыву ў Польшчы, вучу дзяцей маляваць. Чужынкай я тут сябе не адчуваю. Але ўпэўненая, што ў выпадку пераменаў адразу вярнуся дадому.

Я часта размаўляю тут з маладымі беларусамі. Шмат хто выйшаў з турмы збіты, зняважаны. Але нягледзячы на ўсё, праз што давялося прайсці, людзі захавалі пазітыўнае мысленне, не азлобіліся, не прагнуць помсты, а толькі справядлівага суда. І ўсе хочуць вярнуцца.
Музей словаў і слёзаў
Музей словаў і слёзаў
Што дапамагае сёння творчым людзям? Мне прасцей сказаць, што замінае: залішняя эмацыйная ўзрушанасць. Нам нельга шкадаваць сябе, пачувацца ахвярамі. Нельга дапусціць, каб нас апанавала жалоба. Бо тады мы перастанем дзеяць. Надзея – гэта не дар з нябёсаў, а штодзённая праца. Трэба ўвесь час шукаць, каму патрэбнае плячо, сілкавацца моцаю адно ад аднога.

Я мару, што калі-небудзь партрэты палітычных вязняў зоймуць месца ў музеі на месцы ізалятару на Акрэсціна. Гэтак жа, як у Польшчы паўсталі музеі гісторыі “Салідарнасці” на месцы турмаў. Мы будзем распавядаць нашую гісторыю не толькі дакументамі і лічбамі, але і моваю мастацтва, што кранае душу. Бо за бясконцымі спісамі, якія мы, псуючы зрок, чыталі на сайце “Вясны”, стаяць чалавечыя трагедыі. Усе партрэты, творы, дзённікі, ліставанні – кожнае слова, кожная думка, кожная сляза будуць захаваныя.

Цяпер няпросты час: у Беларусі рабіць штосьці адкрыта немагчыма. Але шмат што робіцца таемна і ад гэтага не перастае існаваць. Мы мусім ствараць паралельную рэчаіснасць – сваймі думкамі, надзеямі, мастацтвам. І калі ўсё скончыцца, мы здзівімся, як шмат зрабілі ў гэты час і які свет цудоўны.

І гэтага мастацтва будзе больш, чым можа змясціць самы вялікі музей.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты