« Займаць краіну раз і назаўсёды »
Ангус

Ангус

«Займаць краіну раз і назаўсёды»
Ангус, або Андрэй Піпко – зорка беларускай мэтал-сцэны 1990-х і наш чалавек на Блізкім Усходзе цягам васямнаццаці гадоў. Музыка і прадзюсар. Атрымаў мянушку, якая зрабілася творчым псеўданімам, дзякуючы вонкаваму падабенству з гітарыстам AC/DC Ангусам Янгам. Створаны Ангусам у 1987 годзе гурт Tornado выпусціў свой першы альбом яшчэ за часоў СССР, але ў Даніі, што для 1990-га было амаль фантастыкаю. Гурт мае два студыйныя альбомы. Ангус у юнацтве паступаў у інстытут замежных моваў і на юрыдычны факультэт БДУ, але ўрэшце стаўся будаўніком метро: напрыклад, браў удзел у пабудове станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Менску. Мае досвед доўгатэрміновага назірання за зменамі ў Беларусі дзякуючы прыездам на вакацыі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. 23 верасня 2020 года быў затрыманы падчас вулічнай акцыі.
Ангус, або Андрэй Піпко – зорка беларускай мэтал-сцэны 1990-х і наш чалавек на Блізкім Усходзе цягам васямнаццаці гадоў. Музыка і прадзюсар. Атрымаў мянушку, якая зрабілася творчым псеўданімам, дзякуючы вонкаваму падабенству з гітарыстам AC/DC Ангусам Янгам. Створаны Ангусам у 1987 годзе гурт Tornado выпусціў свой першы альбом яшчэ за часоў СССР, але ў Даніі, што для 1990-га было амаль фантастыкаю. Гурт мае два студыйныя альбомы. Ангус у юнацтве паступаў у інстытут замежных моваў і на юрыдычны факультэт БДУ, але ўрэшце стаўся будаўніком метро: напрыклад, браў удзел у пабудове станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Менску. Мае досвед доўгатэрміновага назірання за зменамі ў Беларусі дзякуючы прыездам на вакацыі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. 23 верасня 2020 года быў затрыманы падчас вулічнай акцыі.
Пачатак
Пачатак
– З новаю на той час палітычнаю сітуацыяй я сутыкнуўся досыць кур’ёзна. Мы з сябрамі стаялі ў чарзе ў начной краме, спявачка Кася Камоцкая гучна і весела штосьці распавядала. Раптам нейкі маладзён у грубай форме зрабіў заўвагу. Яму і гісторыя не спадабалася, і беларуская мова раздражняла. Кася засмяялася. Дакладней – высмеяла пацанчыка. Тады той выхапіў корку БПСМ, так у пачатку зваўся БРСМ. Я кажу: “Пайшлі выйдзем”. Выбіў яму два пярэднія зубы.

Вярнуўся ў краму, а пацанчык пабег да тэлефоннай будкі. Праз нейкі час выходзім – стаіць міліцэйскі “бобік”, а бэпээсэмавец тыцкае ў мой бок рукой і штосьці жарсна распавядае. Два амапаўцы моўчкі паслухалі і моўчкі з’ехалі.

А праз нейкі час я сам з’ехаў з краіны. Зразумеў, што бізнес у Беларусі рабіць небяспечна, а ў мяне акурат круціўся ў галаве бізнес-праект. Спачатку быў Бахрэйн, пасля Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Там я стварыў свой кавер-бэнд.
Наш чалавек у Абу-Дабі
Наш чалавек у Абу-Дабі
У Беларусі не было ў прынцыпе ніякай інфармацыі пра Блізкі Усход. А там я ўбачыў, што можна граць і блюз, і рок, і што хочаш. Бачыў канадцаў, якія там гралі, брытанцаў, іншых. І я прывёз з Беларусі сяброў-музыкаў. Акцэнт рабіўся на року, брытанскіх турыстах і экспатах. Але сярод публікі хапала і арабаў, індусаў, філіпінцаў. Там шматлікая публіка, што любіць не проста рок, а цяжкі рок. Шмат зорак цяжкога мэталу прыязджала. Я трапіў у цалкам сваю атмасферу.
Гралі розныя музычныя жанры. Васямнаццаць гадоў. А на вакацыі мы ехалі ў Беларусь. Дзякуючы нашай камандзе на Блізкім Усходзе – а мы выязджалі з гастролямі ў розныя краіны таго рэгіёну Зямлі – сфармаваўся пэўны вобраз Беларусі, і гэта пазітыўны вобраз.

Я вырашыў вярнуцца з дзвюх прычынаў. Першая: там стала нявыгадна працаваць. А другая (можа, яна і першая) – захацеў пажыць у сваім доме ў глухім лесе. І заадно папрацаваць над уласным творчым праектам – вярнуць Tornado да паўнавартаснага жыцця.
Назіранні звонку
Назіранні звонку
Я быў у Беларусі штогод і бачыў, як мяняюцца людзі. Канец 1990-х – пачатак нулявых пакінуў цяжкаватае ўражанне. У Менску ў цэнтры з’явілася шмат гапаты. Наагул гарады Беларусі ператвараліся ў быдлалагеры. І мне вельмі хацелася хутчэй з’ехаць назад за мяжу.

А вось бліжэй да 2010-га людзі пачалі мяняцца ў лепшы бок – і вонкава, і паводзінамі, калі праз інтэрнэт пачалі разам адстойваць свае правы ці бараніць кагосьці.

Па-першае, калі ў 2008 годзе грымнуў сусветны эканамічны крызіс, людзі, якія самастойна зараблялі, зразумелі, што ні ад каго дапамогі чакаць не варта, трэба самім штосьці рабіць. І пачаў развівацца паралельны бізнес, людзі сталі жыць паралельна дзяржаве, абсалютна іншым жыццём. Гэтыя працэсы былі вельмі заўважныя збоку. Цябе няма год – і за год усё вельмі адчувальна змяняецца.

Мы штогод прыязджалі на адпачынак у Беларусь і абавязкова давалі адзін-два канцэрты. Мы глядзелі на публіку, дзе гралі, я назіраў, як публіка мяняецца. Інтэлігенцыя сыходзіць, іх замяняюць усе гэтыя прыкарытныя, шмат якія ўстановы ператварыліся ў быдлятнікі. А нармальныя людзі пачалі камунікаваць альбо ў кватэрах, альбо ў зусім маленькіх камерных установах. Людзі сышлі ў паралельную рэальнасць.

Але ў рэальнасць, у якой людзі самаарганізоўваюцца. Рэальнасць, дзе наагул мяняецца менталітэт.
Вяртанне ў Менск
Вяртанне ў Менск
Мы з жонкаю канчаткова вярнуліся ў Беларусь у 2013 годзе. У мяне былі накапленні. Я набыў у Налібоцкай пушчы хутар і пачаў яго прыводзіць да ладу, каб пасля зрабіць там бізнес у сферы агратурызму. З розных прычынаў, якія ад мяне не залежалі, ідэю з агратурызмам давялося паставіць на паўзу. Дзесьці ў 2015-м мы з лесу вярнуліся ў горад. Неўзабаве адбыліся акцыі недармаедаў. Усё вакол падказвала, што не толькі крэатыўны клас не задаволены сітуацыяй у краіне.
Арышт
Арышт
У нашую камеру трапіў дзядзька не з акцыі. Скажам, не зусім з акцыі. Я яго яшчэ ў РУУС заўважыў. Сядзіць сівы мужчына і маўчыць. Бачу, што паддаты троху. Усе размаўляюць, тое-сёе, а гэты галаву павесіў. Пасля – раз так да мянтоў: “А што я тут раблю?” Тыя яму: “Замкніся”. – “За што мяне ўзялі? Я ж за ЯГО галасаваў!” Мы ўсе, чалавек трыццаць, проста леглі.

Ён паддаты вяртаўся з дня нараджэння былой жонкі, выйшаў з таксі на Нямізе, кажа, убачыў светлых прыгожых людзей, якія маршавалі з сімволікай і песнямі. І яны так пазітыўна дзядзьку ўразілі, што ён далучыўся.

У пастарунку дзядзька нейк умудрыўся ціхенька выкрасці паўбутэлькі гарэлкі са свайго заплечніка, бо рэчы затрыманых ляжалі асобна, і ўсім прапаноўваў з ім выпіць. Усе адмаўляліся, а я падумаў: што мне губляць? Кажу, давай. Дапілі мы тую гарэлку, ён яшчэ ўсіх чабурэкамі частаваў. І ён пасля акурат да мяне ў камеру трапіў. І сваю гісторыю расказаў – пра паездку да былой жонкі ды як яго забралі з акцыі.
Наагул, яго паслухаўшы, я нават не назваў бы гэтага дзядзьку ябацькам. Ён ніякі не перакананы лукашыст. Там за душою наагул ніякай ідэалогіі не было. Гэта, хутчэй, планктон. Як асноўная маса насельніцтва насамрэч.

Яшчэ ў нас быў студэнт васямнаццаці гадоў, зусім зялёны. Ён быў у ступары, яго цэлыя содні калаціла, ён ні слова не мог сказаць. Ён спужаўся настолькі моцна, што мы ледзь вывелі яго з таго ступару. Мы распавядалі кожны сваю гісторыю, ён гэта ўсё слухаў і паціху адышоў.

Адзін быў вельмі зараджаны на дзеянні. Кажа, нас шмат, толькі дайце загад, развалім усё гэтае гаўно. Хлопец гадоў трыццаці, ужо другі ці трэці раз сядаў на содні. Ён казаў, што ў пратэстоўцаў проста няма кіраўніцтва, якое б давала кірункі. Ніхто не можа сабраць нас да кучы і даць загад. Гэты хлопец з авангарду, з тых, хто пачынаў “Пушкінскую”, “Рыгу” і гэтак далей, дзявятага. Ён быў з першых хвілінаў. Распавядаў, што, калі скончылася галасаванне, яны з сябрамі пайшлі. Спачатку яны былі на “Рызе”, а пасля пешшу дайшлі да “Пушкінскай”, і там ужо ўсё астатняе пачалося.

Былі ў камеры айцішнікі, быў гаспадар будаўнічай фірмы, даволі буйная ў яго кантора. Адзін чэл быў з паламанымі рэбрамі, ён, дарэчы, ёсць на адной з вядомых фотак. Калі будзеце пераглядаць хроніку першых дзён, яго два амапаўцы вядуць, а ў яго джынсы распоратыя. Там такая гісторыя, што яго мянты падвялі да аўтазака і не заўважылі, як хлопец уцёк. Але паслізнуўся на траве. І тады яго вельмі жорстка збілі.

Розныя людзі з адрознымі поглядамі на тое, як трэба дзеяць. У кагосьці было жаданне браць у рукі вілы і ісці на барыкады, а ў кагосьці – працягваць мірна хадзіць далей.

Так што большасць за адно, але рознымі шляхамі.
Што бачыцца ў асягальнай будучыні
Што бачыцца ў асягальнай будучыні
Сіняпалы абяцаў, што дастануць усіх, і гэта цалкам заканамерна. Ужо пачынаюць смактаць кроў у самага дробнага бізнесу і наагул людзей, якія не залежаць ад дзяржавы. Гэта ж не першы раз у Беларусі адбываецца. Схема даўно адпрацаваная – і ў 2010 годзе, і ў канцы 1990-х.

Прыкладаў шмат, нічога новага беларусы не прыдумаюць. Нас адрознівае ад Венесуэлы, Кубы і Паўночнай Карэі тое, што мы ў цэнтры Еўропы – падціскаць фінансавыя каналы прасцей. Але галоўны канал не прыкрыты, гэта Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Лукашэнка праз Эміраты пампуе грошы туды-сюды, яму па барабане ўсе санкцыі. А кашалькі ягоныя прадаюць свае бізнесы: можа, губляюць у прыбытку, але асноўныя капіталы захоўваюць.

Я чакаў, калі ўсе выйшлі 16 жніўня 2020-га, што разнясуць ушчэнт усе гэтыя канторы і ўсё будзе нармальна. Негвалтоўным метадам немагчыма перамагаць у такой барацьбе. Цяпер усё будзе доўгатэрмінова і млява.
Самаарганізацыя – ідэал будучыні
Самаарганізацыя – ідэал будучыні
Я ў прынцыпе супраць структураў, якія спараджаюць бюракратыю. Адпаведна, парламенцкая рэспубліка, якую ўсе хочуць вярнуць замест прэзідэнцкай рэспублікі, – ужо састарэлая форма кіравання. Беларусі гэта не трэба.

Беларусі патрэбныя каардынацыйныя рады ўва ўсіх галінах. Збор максімум трыццаці чалавек спецыялістаў найвышэйшага ўзроўню, якія не за заробак, а за ідэю. І прымаюць рашэнні галасаваннем. Усё. Ніякіх парламентаў ды іншага гаўна тут не трэба. У Беларусі ўсё гатовае для таго, каб людзі самастойна жылі, самастойна арганізоўваліся. Гарызантальная ўлада!
Але спачатку трэба абвесціць вайсковы нейтралітэт, як Швейцарыя, і такім чынам абараніцца войскамі ААН. У першую чаргу ад Расеі адасобіцца высокім парканам, паставіць прапускныя пункты. Браць з іх плату за транзіт як мае быць. І наўзамен атрымліваць за рэальныя цэны газ і нафту. Стаць нармальнаю чалавечаю краінай. Гэта проста робіцца.

На гэтым усе знешнепалітычныя пытанні вырашаныя: мы нейтральная краіна, ідзіце ў сраку!
Калі не стане Лукашэнкі
Цяпер у беларусаў ёсць усе магчымасці даціснуць рэжым. Калі б народ цяпер зноў выйшаў масава – быў бы трындзец, усё б скончылася. Ні Пуцін, ні фігуцін, ніхто б не падпісаўся падтрымліваць рэжым. Бо ўсе разумеюць, што Луку капцы. Расея б проста назірала збоку: атрымаецца забраць Беларусь сабе – забярэм, не атрымаецца – хвіг з ім.

Паглядзім, што будзе праз год. За гэты час станецца зразумелым, што, чаго і як.

Праблема ў тым, што, калі Лукашэнка перастане кіраваць дзяржаваю, ці выйдуць людзі на вуліцы. Я пакуль сумняюся. Бо калі Лукі не стане, трэба будзе выходзіць на вуліцы, як 16-га. І займаць краіну раз і назаўсёды.

Як пераканаць беларусаў выйсці зноў, я не ведаю. Але наступны раз будзе з лідарам.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты