« Мы самі ператвараемся ў інстытуцыі культуры »

Хадановіч

Андрэй

Андрэй Хадановіч

«Мы самі ператвараемся ў інстытуцыі культуры»
Паэт, перакладчык і бард Андрэй Хадановіч год таму паехаў на стыпендыю ў іншую краіну. Планавалася, што на некалькі тыдняў, але паездка зацягнулася. У ліпені 2021-га сілавікі прыйшлі з ператрусам у ПЭН-цэнтр, неўзабаве арганізацыю зліквідавалі, а на мінскі адрас Андрэя прыйшло запрашэнне ў Следчы камітэт. Цяпер Хадановіч робіць асветніцкія відэа для свайго YouTube-каналу, перакладае вершы ўкраінскіх аўтараў ды марыць калісьці вярнуцца ў Беларусь. Мы паразмаўлялі пра тое, ці можна пабудаваць штосьці трывалае на вулкане, як культура становіцца зброяй бяззбройных і сілаю бяссільных, чаму мала перамагчы ворага – важна, каб цемра не перамагла цябе самога.
Паэт, перакладчык і бард Андрэй Хадановіч год таму паехаў на стыпендыю ў іншую краіну. Планавалася, што на некалькі тыдняў, але паездка зацягнулася. У ліпені 2021-га сілавікі прыйшлі з ператрусам у ПЭН-цэнтр, неўзабаве арганізацыю зліквідавалі, а на мінскі адрас Андрэя прыйшло запрашэнне ў Следчы камітэт. Цяпер Хадановіч робіць асветніцкія відэа для свайго YouTube-каналу, перакладае вершы ўкраінскіх аўтараў ды марыць калісьці вярнуцца ў Беларусь. Мы паразмаўлялі пра тое, ці можна пабудаваць штосьці трывалае на вулкане, як культура становіцца зброяй бяззбройных і сілаю бяссільных, чаму мала перамагчы ворага – важна, каб цемра не перамагла цябе самога.
Караткевіч адкрыў для мяне свет шляхетных беларусаў
Я рос у інтэлігентнай расійскамоўнай сям’і. Бацька пісаў вершы, мама чытала мне перад сном казкі Пушкіна і тады яшчэ не ўяўляла, што ў яе вырасце беларускамоўны сын. Пасля падзеяў 2020 года мама зрабіла мне падарунак: запісалася на беларускамоўныя онлайн-курсы і цяпер часам па-беларуску каментуе мяне ў інтэрнэце.

Прыход да беларушчыны, як і шмат у каго, звязаны ў мяне з Уладзімірам Караткевічам. Да яго беларуская мова для мяне існавала як фон, як нешта далёкае – напрыклад, гучала з радыё ў бабулі. Потым мне ў рукі трапілі “Каласы пад сярпом тваім”. Я пачаў чытаць і ачуняў толькі на наступны дзень, уставіўшыся ў апошнюю старонку, забыўшыся паесці і паспаць. Караткевіч адкрыў для мяне не казённы – рамантычны свет Беларусі і беларусаў. Свет рамантычных шляхетных людзей, да якіх хацелася быць падобным, да якіх хацелася належаць.

Спачатку мы пачалі спрабаваць размаўляць па-беларуску з аднакласнікам. Я размаўляў горш за яго, досыць нягегла. Бракавала слоўнага запасу: часам ужываў 10 словаў, бо не мог падабраць аднаго трапнага. Пасля я, 16-гадовы вучань, абарзеў і пачаў адказваць па-беларуску настаўніку. На мяне глядзелі як на ідыёта.

У мяне нават быў канфлікт з класным кіраўніком, шматгадовым камуністам, настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. Ён сказаў: ідзе глабалізацыя, большасць моваў асуджаныя на знікненне, сярод якіх – беларуская. Мяне торкнула, я адказаў: а што мы з вамі зрабілі, каб яна не знікла?
Беларускамоўная прыгода здарылася ў самы правільны час
Разваліўся Савецкі Саюз, Беларусь атрымала свабоду і незалежнасць. На маёй акрузе перамог Зянон Пазняк, я хадзіў на перадвыбарчыя сустрэчы да яго і нават пераконваў дырэктарку школы, каб дала для такой сустрэчы актавую залу. Пазняк нейкі час жыў у тым жа пад’ездзе, дзе жыла мая сяброўка, толькі на паверх вышэй.

Таму сустрэць беларускага палітыка ў ліфце для мяне было прыкметаю рамантычнага цудоўнага вечара.

Пасля школы я паступіў на расійскае аддзяленне філфаку. Але ў мяне пачалі з’яўляцца беларускамоўныя прыяцелі. Я добрым словам згадваю дзвюх асобаў, якіх з намі ўжо няма і якія зрабілі на мяне вялікі ўплыў. Гэта мае калегі з філфаку Юрась Бушлякоў і Серж Мінскевіч, абодва з беларускага аддзялення. Мы разам ездзілі на розныя стажыяванні і стыпендыі, дзялілі пакоі. Мы шмат размаўлялі, кожны па-свойму. Але моўны ўплыў з боку сябрукоў адбываўся. У пасіве адкладаліся нейкія пласты несавецкай беларушчыны. Юрась быў выбітным мовазнаўцам, а Серж запальваў мяне сваёй авангардаваю творчасцю.
На той момант я напісаў ужо шмат расійскамоўных тэкстаў. Нейкія паліндромы, вянкі санетаў. Па-беларуску так не ўмеў. Але здарыўся Лукашэнка, рэферэндум, яшчэ большая маргіналізацыя беларускай мовы і культуры. Мяне тады торкнула другі раз, як з тым класным кіраўніком у школе. Падумалася: калі ты не зробіш, то ніхто не зробіць, на табе ляжыць частка адказнасці за тое, што адбываецца. І ты спрабуеш хоць нешта змяніць.

Беларускамоўная прыгода здарылася ў самы правільны час – юнацтва і ранняй маладосці, калі ты найбольш адкрыты да ўспрымання свету і гатовы да ўнутраных зменаў. Пазней я стаў выкладаць па-беларуску французскую літаратуру ва ўніверсітэце – аказваецца, такія рэчы могуць цалкам суіснаваць у адной чарапной каробцы.
На той момант я напісаў ужо шмат расійскамоўных тэкстаў. Нейкія паліндромы, вянкі санетаў. Па-беларуску так не ўмеў. Але здарыўся Лукашэнка, рэферэндум, яшчэ большая маргіналізацыя беларускай мовы і культуры. Мяне тады торкнула другі раз, як з тым класным кіраўніком у школе. Падумалася: калі ты не зробіш, то ніхто не зробіць, на табе ляжыць частка адказнасці за тое, што адбываецца. І ты спрабуеш хоць нешта змяніць.

Беларускамоўная прыгода здарылася ў самы правільны час – юнацтва і ранняй маладосці, калі ты найбольш адкрыты да ўспрымання свету і гатовы да ўнутраных зменаў. Пазней я стаў выкладаць па-беларуску французскую літаратуру ва ўніверсітэце – аказваецца, такія рэчы могуць цалкам суіснаваць у адной чарапной каробцы.
Ці можна збудаваць штосьці трывалае на вулкане?
З канца 1990-х я выразна адчуваў, што жыву не ў сваёй дзяржаве. Так бы мовіць, у стане ўнутранай эміграцыі, інтэлектуальнага падполля. Разумеў, што існуюць розныя беларусы, і іхныя траекторыі амаль не перасякаюцца. Сваю ідэальную Беларусь знаходзіў у найлепшых аўтараў, ад Алеся Разанава да Уладзімера Арлова. А там прыйшла новая хваля і маладзейшых за мяне літаратараў. Меў шчасце і прыемнасць арганізоўваць літаратурныя конкурсы, семінары, заўсёды знаходзіліся калегі, якія ў гэтым дапамагалі. Гэта ўсё адбывалася як бы насуперак сістэме.

У Беларусі можна было нешта рабіць, пакуль непаваротлівая сістэма не зверне на цябе ўвагу і не растопча. Але пасля пратэстаў 2006-га з’явіліся чарговыя чорныя спісы, шмат каго ўжо нельга было згадваць. Разгортваеш чароўную газету “ЛіМ”, якая піша пра міжнародны фестываль “Вялікае княства паэзіі”, прысвечаны нобэлеўскаму лаўрэату Чэславу Мілашу. А там пішуць: вось такі паэт з Польшчы выйшаў на сцэну ў суправаджэнні свайго беларускага перакладчыка. І я разумею, што “беларускі перакладчык” – гэта мой псеўданім у гэтым кантэксце.

Але да маладзейшых калегаў яшчэ не дабраліся. Я з прыемнасцю назіраў, як у дзяржаўных бібліятэках праходзілі прэзентацыі кніг найлепшых беларускіх паэтаў свайго пакалення. Хадзіў і выступаў на прэзентацыях Сяргея Прылуцкага, Марыі Мартысевіч. З радасцю глядзеў, як дэбютуюць Віталь Рыжкоў ці Уладзь Лянкевіч. Усё гэта сваім існаваннем супярэчыла афіцыёзу, але яшчэ не было забаронена. За такое яшчэ не каралі.
Да 2020 года такое суіснаванне з дзяржаваю было яшчэ магчымым. Яно, вядома, было не надта камфортным. У незалежнага саюзу пісьменнікаў даўно адабралі маёмасць, арганізацыю дэлегалізавалі, стварылі гэтае смеху вартае ўтварэнне – лаяльны саюз пісьменнікаў з генералам на чале. Які нядаўна нават стаў народным пісьменнікам Беларусі.

Але разам з тым і незалежны саюз пісьменнікаў мог нешта рабіць: арганізоўваць імпрэзы, друкаваць кнігі, выдаваць часопіс “Дзеяслоў” і газету “Літаратурная Беларусь”. Што мог, рабіў Беларускі ПЭН-цэнтр: арганізоўваў конкурсы маладых літаратараў, з якіх вырасла сённяшняя актуальная літаратура. З’явіліся незалежныя літаратурныя прэміі. У пэўным сэнсе гэта была такая аплявуха рэжыму, які сам бы хацеў вызначаць на сваіх літаратурных дажынках найлепшых паводле ступені лаяльнасці.

Але ці можна збудаваць штосьці трывалае на вулкане? Нейкі трывалы дом беларускай культуры зрабіўся немагчымы. А вось заплечнік з намётам, які можна ў патрэбны момант паставіць, пажыць, а пасля скласці назад і вандраваць далей – гэта цалкам рэальна.

Нашая культура цяпер і ёсць такім манеўраным праектам. Як вандроўны фэст Караткевіча ў Беларусі ўвосень 2020-га. Як фестываль Pradmova ў чатырох гарадах трох краінаў для беларусаў, што вымушана апынуліся за мяжою.
Культура зрабілася сілаю бяссільных
Падчас пратэстаў 2020 года высветлілася, што прадстаўнікі нашай культуры – вельмі важная частка беларускага грамадства. Яны былі сярод лідараў грамадскай думкі, былі найбольш актыўнымі. Вершы сталі значыць крышку больш, чым проста вершы. І песні – крышачку больш, чым песні.

Паспрабуйце камусьці сказаць, што “Тры чарапахі” ці “Простыя словы” – гэта проста песні. Культура зрабілася зброяй бяззбройных, сілай бяссільных. Чымсьці, што аб’ядноўвае, дае надзею і матывуе людзей на далейшыя крокі. Згадваецца верш Дзімы Строцава, дзе лірычны герой кажа: “Гэта самы шчаслівы час майго жыцця!”. Чакайце, пра што гэта? Пра час, калі па людзях ужо стралялі? Калі людзі масава трапілі на Акрэсціна, дзе іх катавалі? Але разам з тым салідарнасць, энтузіязм, надзея і любоў былі такімі велізарнымі!

Цяпер, калі пануе нянавісць, тупая, фашысцкая, оруэлаўская, мне згадваецца жнівень і восень 2020-га, калі любоў адчувалася проста ў паветры. Нам здавалася, што мур сапраўды хутка рухне.
Мне як перакладчыку трохі пашанцавала спрычыніцца да вялікага працэсу: у снежні 2010 года, калі была брутальна разагнаная Плошча, я пераклаў і паспеў агучыць песню “Муры”. А пасля, у 2020-м, гэтая песня стала гімнам пратэсту і салідарнасці. Я нават упісаў нашыя пратэсты ў тагачасны дзіцячы вершык “Наш двор”:

Сусед-паэт па струнах “бах!” –
І мы пяём “Трох чарапах”.
А вунь чуваць, як пра “Муры”
Спяваюць іншыя двары.

Мы жылі ў сітуацыі, калі на адным дваравым канцэрце можна было пачуць водгулле суседняга. Наш супраціў патрабаваў культуры як харчавання, паліва. Проста піццё гарбаты ці кавы альбо крычанне пратэставых лозунгаў ужо стала для людзей недастатковым. Раптам выявіліся патрэбнымі выкладчыкі Лятучага ўніверсітэту з лекцыямі пра актуальныя, балючыя, недавырашаныя пытанні нашай гісторыі і культуры. Раптам выявіліся патрэбнымі паэты з дваравымі чытаннямі.

Усё гэта пачыналася як шчаслівы карнавал. Азарту, жадання паспрабаваць было выразна больш, чым страху і разумення, што за гэта давядзецца расплачвацца. Першы выступ быў у культавай ужо Новай Баравой. Я вярнуўся дамоў шчасліва-натхнёным, напісаў пост у Facebook аб тым, які гэта неверагодны досвед. І прапанаваў: хочаце запрасіць да сябе ў двор – пішыце ў прыват. Што называецца, сам напрасіўся. Пару месяцаў, часам штодзень, а часам і некалькі разоў на дзень хадзіў на такія канцэрты, як на працу. У прынцыпе нічога незвычайнага: шмат маіх калегаў, пераважна музыкаў, рабілі тое самае.

Раптам выявілася, што я не ведаю роднага гораду, у якім ёсць столькі выдатных закуткоў. Памятаю, як пахлі хвоі ва Уруччы над Змагарычам, як гарэлі лямпачкі-гірлянды, як запальваліся ліхтарыкі мабільных тэлефонаў соцень людзей, якія стаялі навокал у цемры.
Потым настала зіма. Ува ўсіх сэнсах слова
А пасля карнавал ператварыўся ў паляванне на людзей.

Ты ўжо выходзіш з разуменнем больш вялікай рызыкі, гуляеш у такую сабе беларускую рулетку. Калі вяртаешся дадому, першы імпульс – паглядзець у навінах: каму з тваіх калегаў у іншых дварах пашанцавала менш, чым табе. Ты не можаш паўплываць на карнікаў, але ты можаш адгукнуцца па-іншаму. Напрыклад, перакласці і выкласці песню “Луч солнца золотого”, якую выконваў Павел Аракелян перад тым, як яго затрымалі на дваравым канцэрце. І пасля ў дварах мы хорам выконвалі гэтую песню на ягоную падтрымку.

Або ранейшы прыклад: у першыя дні верасня далучыліся да пратэстаў студэнты, найбольш смеласці выявілі навучэнцы лінгвістычнага ўніверсітэту. 4 верасня з'явіліся дзве навіны: студэнты заспявалі песню з мюзіклу “Адрынутыя”, і амапаўцы ўварваліся ва ўніверсітэт ды шмат каго арыштавалі. Проста грэх не перакласці “Чуеш, як пяе народ”. Публікуеш тэкст, і ўжо наступнага дня моладзь у Парыжы, Лондане (а трохі пазней і ў Беларусі) спявае гэты пераклад на падтрымку арыштаваных.

Уражвала, як людзі ратавалі гасцей у сваіх дварах. Аднойчы я спяваў свой беларускі пераклад “Перамен” Цоя. А на двух заездах у двор стаялі свае людзі, пільнуючы сілавікоў. Тут сігнал, што ідуць людзі ў форме. У нас ёсць секундаў 45. За гэты час гітара знікае ў чахле, чахол хаваецца так, што я сам не ведаю куды, мікрафон знікае, паміж мною і міліцыянтамі ўзнікаюць тры шэрагі людзей, уключаецца калонка – і адтуль больш-менш на тым жа месцы, дзе я спыніўся, пачынае гучаць арыгінал. Нібыта так і трэба. На той дзень проста слухаць музыку з калонкі яшчэ дазвалялася. Міліцыянты ці то паверылі, ці то зрабілі выгляд, што вераць. Развіталіся і пайшлі.
А потым настала зіма. Ува ўсіх сэнсах слова. Знік энтузіязм. Зніклі з вуліцаў людзі: хтосьці ў турмах, хтосьці схаваўся ў інтэрнэт, сышоў у падполле. А тысячы і тысячы за некалькі месяцаў выехалі з краіны. Я моцна здзівіўся, што Варшава на момант вясны 2021 года загаварыла калі не па-беларуску, то на расійскай мове мінскага разліву. Якую цяжка з чымсьці пераблытаць.

Увосень 2020-га яшчэ здавалася, што ад кожнага на мінскіх вуліцах нешта залежыць. А ўзімку ўся актыўнасць сышла ў інтэрнэт. Рэпрэсіі дайшлі да літаратуры, да тваіх блізкіх калегаў. І ўжо не важна, дзе ты фізічна ёсць. Ты ў бяспецы – і па вушы ў пачуцці віны. Але гэта дадае пэўных імпульсаў.

За восень 2020-га, апроч перакладання пратэставых песень на злобу дня, не было ні часу, ні сілаў нешта напісаць. А тут апынаешся ў такой сітуацыі: засыпаныя снегам поле з лесам, ходзіш па іх, і пачынаюць прыдумляцца нейкія радочкі. Я стаў дзяліцца імі ў сацсетках. Гэта была тэрапія найперш для мяне самога. Пошук нейкага апірышча, кропкі, за якую можна ўхапіцца. І тут бачу зваротную рэакцыю на тыя тэксты. Людзі звяртаюцца ў прыват: працягвайце, мы гэтыя радкі пішам у лістах палітвязням. І разумееш, што зноў ёсць матывацыя, не меншая, чым увосень. І далей топчаш снег, пішаш свае балады – а раптам каму яшчэ зробіцца цяплей.
Важна, каб цемра не перамагла цябе самога
24 лютага звыклы свет пахіснуўся. І ты фізічна задыхаешся, і зноў бракуе словаў, здаецца, яны бяссільныя выразіць тое, што робіцца са светам і з намі. Усё, што цяпер адбываецца паміж добрымі людзьмі на ўзроўні нянавісці, мне нагадвае кашмарную спецаперацыю.

Не трэба пераглядаць “Зорных войнаў” ці перачытваць “Валадара пярсцёнкаў”, каб разумець: вайна святла і цемры адбываецца яшчэ і ў сэрцы кожнага чалавека. Перамагчы агульнага ворага неабходна, але таксама важна, каб цемра не з’ела знутры цябе самога. Таму, што б у наш бок – і на мой асабісты адрас – ні казалі ўкраінцы, маё сэрца з імі. Бо менавіта ім сёння найцяжэй і менавіта яны сёння вырашаюць лёсы свету.

Адзін прыклад, які здаецца мне важным. З 24 лютага беларускія аўтары і аўтаркі перакладаюць і публікуюць украінскую ваенную паэзію. Пачытайце ў часопісе “Таўбін”. Гэта робіцца, каб выразіць украінцам нашую салідарнасць, але таксама – каб і самім падсілкавацца іхнаю верай у непазбежную перамогу. Бо голас паэзіі гучыць насуперак абагульняльным стэрэатыпам і не дае расчалавечыць чалавека. Бо найлепшыя паэткі і паэты знаходзяць душэўныя сілы казаць пра любоў насуперак нянавісці.
Усё, што мы робім у культуры, мае на мэце Беларусь
Яшчэ ўвесну 2020-га ў разгар пандэміі шмат каму здавалася, што горш немагчыма. А потым здарыліся рэпрэсіі – і мы трапілі ў глыбейшае пекла. І таксама здавалася, што горш ужо не можа быць. Але пачалася вайна – і знізу пагрукалі.

Што ж, мудрыя людзі даўно сфармулявалі: калі табе кепска, азірніся, знайдзі таго, каму яшчэ горш, чым табе: дапамажы – і табе незаўважна стане лепш. Нашая сфера адказнасці – гэта культура. Мы мусім разумець, што агульны вораг імкнецца нас знішчыць, пачынаючы менавіта з культуры. Ці гэта знішчэнне беларускай культуры рэжымам, які хоча так паказаць сваю лаяльнасць пуцінскай Расіі, ці знішчэнне ўкраінскай культурнай і гістарычнай спадчыны расійскімі ракетамі.
Яшчэ ўвесну 2020-га ў разгар пандэміі шмат каму здавалася, што горш немагчыма. А потым здарыліся рэпрэсіі – і мы трапілі ў глыбейшае пекла. І таксама здавалася, што горш ужо не можа быць. Але пачалася вайна – і знізу пагрукалі.

Што ж, мудрыя людзі даўно сфармулявалі: калі табе кепска, азірніся, знайдзі таго, каму яшчэ горш, чым табе: дапамажы – і табе незаўважна стане лепш. Нашая сфера адказнасці – гэта культура. Мы мусім разумець, што агульны вораг імкнецца нас знішчыць, пачынаючы менавіта з культуры. Ці гэта знішчэнне беларускай культуры рэжымам, які хоча так паказаць сваю лаяльнасць пуцінскай Расіі, ці знішчэнне ўкраінскай культурнай і гістарычнай спадчыны расійскімі ракетамі.
Мы мусім штодзённа рабіць пасільныя намаганні дзеля таго, каб культура паўставала насуперак. Можна плакаць, тупа глядзець у адну кропку, але што гэта дасць?

Горка ўсведамляць, але культура ў Беларусі сёння разгромленая. Вялікая колькасць найлепшых выкладчыкаў звольненая за незалежную думку і падтрымку пратэстаў. Так адбылося і з артыстамі тэатраў. І наагул з усім, што рабіла гонар нашай культуры. У такіх умовах мы самі ператвараемся ў інстытуцыі культуры. І мусім рабіць усё, каб яна існавала і даходзіла да людзей у новых формах.

Мне, грэшнаму, напрыклад, прапанавалі весці YouTube-канал – і я расказваю пра беларускую літаратуру, а таксама пра сусветную літаратуру ў беларускім перакладзе. Дэпрэсія дэпрэсіяй, але лекцыі мусяць выходзіць рэгулярна, штопанядзелак. Гэта дапамагае, дысцыплінуе, стварае прыярытэты: ты мусіш захаваць ясную галаву, паспець перачытаць пэўныя кніжкі, знайсці сілы ды інтанацыі, каб гэта апавесці.

Не буду смяшыць высокіх інстанцыяў далёкімі і блізкімі планамі. Гэтак, мой ад’езд з Беларусі на некалькі тыдняў у ліпені 2021-га зацягнуўся на паўтара года. Але мне здаецца, што пачварная апакаліптычная рэальнасць, у якой мы ўсе апынуліся, ненадоўга. Пуцінская Расія ў разы паскорыла свой фінал, развязаўшы вайну ва Украіне. Пры сузалежнасці нашых узурпатараў гэта паскарае канец і беларускага рэжыму. Але шмат што залежыць і ад нас.

Свабода, як пісаў Валянцін Акудовіч, не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць.

Культура – гэта яшчэ і тэрапія, магчымасць нам, разрозненым, падзеленым межамі, быць разам. Кожная яе яскравая праява – знак, выразны сігнал: мы ёсць. І надалей робім тое, што можам.

У час адчаю і рэпрэсіяў не стамляюся цытаваць улюбёнага Караткевіча: “Чалавек носіць сваё неба з сабою”. Так і мы носім сваю Беларусь, свабоду, незалежнасць там, дзе мы ёсць. І ўсё, што ў гэты няпросты час робіцца ў нашай незалежнай культуры, у доўгатэрміновай перспектыве мае на мэце Беларусь. Нашае вяртанне дадому.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іхныя новыя праекты