« Людзі, якія падтрымліваюць абсалютнае зло, верагодна, не вучыліся адчуваць чужога болю »
Балыка
Дзіяна
Тэкст: Настасся Панкратава
Фото і відэа: асабісты архіў героя публікацыі

Дзіяна Балыка

«Людзі, якія падтрымліваюць абсалютнае зло, верагодна, не вучыліся адчуваць чужога болю»

Тэкст: Настасся Панкратава

Фото і відэа: асабісты архіў героя публікацыі

Вайна застала беларускага драматурга Дзіяну Балыку ў Кіеве, куды яна была вымушаная з’ехаць з Беларусі праз ціск на сям’ю. Цяпер яна, як і шмат якія айчынныя дзеячы культуры, – двойчы ўцякачка. Спачатку – праз ператрусы, выклікі ў Следчы камітэт і пераслед, знікненне з афішаў беларускіх тэатраў ейных п’есаў. Пасля – праз вайну.

Аднак той выезд з Кіева пад абстрэламі і пяць дзён за стырном амаль без ежы і вады, каб дадаткова не спыняцца на шляху з акупацыі ў эвакуацыю, дапамог творцы ачуняць ад дэпрэсіі праз тое, што перамены, якімі ўсе жылі ў 2020 годзе, так і не надышлі. У Чэхіі Дзіяна зноў пачала пісаць п’есы, выступаць на дабрачынных канцэртах і займацца творчасцю, каб нагадаць людзям пра такія важныя аспекты чалавечнасці, як суперажыванне і спачуванне.
У кабінеце першага намесніка міністра культуры сказала, што абвяшчаю галадоўку
За ўсё творчае жыццё я атрымлівала грошы ад Міністэрства культуры за свае п’есы ўсяго двойчы. Спачатку гэта адбылося ў сярэдзіне нулявых гадоў, калі я, 25-гадовая, прынесла сваю першую п’есу – “Белы анёл з чорнымі крыламі” – у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Я аддала яе і з’ехала ў Маскву на сесію ў Літаратурны інстытут, дзе і даведалася, што тэатр хоча паставіць мой твор.

Наступная пастаноўка адбылася налета ў Віцебску. Аднак доўгі час, на працягу якога спектакль ужо актыўна гралі на сцэне Тэатру імя Якуба Коласа, грошы за яе мне не прыходзілі. За гэты час неаднаразова чула, што спачатку п’есу павінна прыняць камісія, якая, маўляў, адбываецца раз на паўгода. Доўгі час на запыты атрымлівала ў адказ: “Чакайце”. Праз год не вытрымала. Прыйшла ў кабінет да тагачаснага першага намесніка міністра культуры Уладзіміра Рылаткі і сказала, што абвяшчаю галадоўку, бо за спектакль атрымалі выплаты ўсе, апроч драматурга.
Цяпер, праз амаль дваццаць гадоў, тая размова падаецца надзвычайнаю дэмакратыяй. Наўрад ці мяне пачулі б у такой сітуацыі сёння, а тады Рылатка адразу зрабіў званок, каб мяне разлічылі. На гэтым мае стасункі з гэтым ведамствам скончыліся: Міністэрства культуры больш не набыло ніводнай маёй п’есы.

Тым часам спектаклі паводле маіх тэкстаў ставіліся ў Польшчы, Украіне, Расіі. Я супрацоўнічала са Свабодным тэатрам Мікалая Халезіна, разам з ім упершыню трапіла ў Рыгу. У Беларусі ж пастаноўкі паводле маіх тэкстаў выходзілі, хутчэй, насуперак, а не дзякуючы. Напрыклад, у Магілёўскім тэатры драмы п’еса “Псіхааналітык для псіхааналітыка” з’явілася на малой сцэне выключна з ініцыятывы тутэйшых актораў. Яны самі знайшлі спонсараў на прэм’еру, а пасля з іхнаю дапамогаю на кожным паказе на задуму рэжысёра частавалі гледачоў шампанскім. Калі ж акторы сышлі з тэатру, то і маё прозвішча знікла з яго афішы.
Фотаздымкі ў сацсетках не адпавядаюць вобразу беларускага пісьменніка
У 2015 годзе мяне прыбралі з сябраў Саюзу пісьменнікаў Беларусі. Не скажу, што гэта засмуціла, бо само перабыванне ў інстытуцыі не дало мне хоць якіх прывілеяў. За гады працы толькі аднойчы выйшаў зборнік маіх вершаў, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Пасля, колькі я ні прыносіла туды рукапісы прозы, драматургіі, паэзіі, мяне адпраўлялі збіраць па бібліятэках заяўкі на набыццё магчымай кнігі. Аднак зразумела, што адтуль прыйдзе больш замоваў на класікаў ці пісьменнікаў, якіх вывучаюць паводле школьнай праграмы, чымся на мяне.

Выключэннем стаўся Зборнік сучаснай расійскамоўнай драматургіі Беларусі з серыі “Школьная бібліятэка” для вучняў старэйшага школьнага ўзросту. У гэтую кнігу складальнік Святлана Ганчарова-Грабоўская залучыла майго дэбютнага “Белага анёла з чорнымі крыламі”.
У астатнім я друкавалася ў Расіі. Пры гэтым з Саюзу пісьменнікаў штогод ад мяне патрабавалі справаздачу, колькі кніг у мяне выйшла, а пасля залучалі гэтыя лічбы ў сваю статыстыку. Спачатку я давала ім звесткі, а пасля перастала, патлумачыўшы, што яны ніяк не спрыяюць з’яўленню маіх твораў у Беларусі, таму ніякага дачынення да маёй працы мець не могуць. У выніку мяне абвінавацілі ў страце стасункаў з пісьменніцкай арганізацыяй.

Яшчэ адна, даволі смешная прычына выключэння – мае тэксты і фотаздымкі ў сацыяльных сетках, якія нібыта не адпавядаюць вобразу беларускага пісьменніка.

Адзінаю слушнаю падставаю прыбраць маё прозвішча са спісу саюзу – з ёй я пагадзілася – былі нявыплачаныя ўнёскі. Шкада, што прадстаўнікі арганізацыі на гэтым не спыніліся і дадалі астатнія абсурдныя пункты.
Пасля 2020 года мае п’есы зніклі з беларускіх афішаў
У Беларусі да 2020 года пастаноўкі паводле маіх п’есаў яшчэ ішлі. Цяпер няма ніводнай. Чыноўнікі мне гаварылі, што не трэба падпісваць петыцыяў, пісаць аб пратэстах, хадзіць на маршы, публікаваць фотаздымкі і відэазвароты, інакш у афішах майго імя больш не будзе. Дзіцячая і маніпуляцыйная размова.

Мяне ж натхнялі прадстаўнікі беларускай тэатральнай супольнасці, якія бескаштоўна збіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Людзі са статусам у грамадстве, з добрым даходам і цікаваю працаю займаліся абсалютна валанцёрскаю дзейнасцю. Пасля былі выбары, шматлюдныя мітынгі.

За эйфарыяй прыйшлі іншыя эмоцыі: былі ператрусы, выклікі ў Следчы камітэт, штрафы. Муж трапіў на 13 дзён на Акрэсціна. Давялося праводзіць ночы каля сценаў розных турмаў, а таксама валанцёрыць там.

Хутка я пачала выходзіць з дому нават у краму па прадукты ў дзвюх парах майтак, у спартовым станіку без костак, у ботах без супінатараў і шнуркоў: стандартны кейс беларуса 2020 года, каб было ў чым перабыць тэрмін у СІЗА, калі раптам цябе проста так затрымаюць на вуліцы.

Перад выхадам я распіхвала жыццёва неабходныя лекі па кішэнях, а не клала іх у торбачку, якую пры гіпатэтычным арышце маглі адабраць у мяне ў РУУС, і тады мне не было б чым падтрымліваць сваё зусім не моцнае здароўе.

Даводзілася некалькі разоў змяняць нумар тэлефона, адключыць дамафон і званок у кватэру. Але нашую сям’ю працягвалі пераследаваць, мужу пачалі дасылаць позвы. Стала ясна, што трэба з’язджаць. Увесну 2021 года мы забралі дваіх малых дзяцей і паспрабавалі пачаць жыццё нанава ў Кіеве.
Са стану дэпрэсіі мяне выцягнула вайна
У Кіеве я не працавала над п’есамі і кнігамі, бо была ў найглыбейшай дэпрэсіі. Мне было дрэнна ад таго, што я з’ехала з Беларусі. Гэта здавалася вялікаю здрадай у дачыненні тых, хто застаўся. Я адчувала наймацнейшае пачуццё віны перад імі. Таму адмаўляла ў інтэрв’ю: баялася сваім расповедам пра пераезд дэмаралізаваць людзей, якія пастанавілі нікуды не сыходзіць.
Раз-пораз спрабавала дамовіцца на сустрэчы з украінскімі тэатрамі, выдаўцамі, аднак не магла прымусіць сябе на гэтыя перамовы пайсці. Колькі разоў я перазвоньвала людзям і ўсё адмяняла… Целам я была ў Кіеве, галавою заставалася ў Беларусі. Штодзень чытала беларускія навіны, часцяком знаходзіла паведамленні пра арышты сяброў.

Я імкнулася адпраўляць як мага больш паштовак палітзняволеным, аднак з ліставаннем рабілася ўсё горш. Спрабавала праз знаёмых раздрукоўваць тэксты ў Мінску, каб іх дасылалі з беларускіх поштаў, а не з замежжа, аднак ніякія канверты першага класу, замоўныя лісты, тэлеграмы не выпраўлялі сітуацыі – адказаў прыходзіла ўсё менш. Са стану дэпрэсіі мяне выцягнула вайна.
Раз-пораз спрабавала дамовіцца на сустрэчы з украінскімі тэатрамі, выдаўцамі, аднак не магла прымусіць сябе на гэтыя перамовы пайсці. Колькі разоў я перазвоньвала людзям і ўсё адмяняла… Целам я была ў Кіеве, галавою заставалася ў Беларусі. Штодзень чытала беларускія навіны, часцяком знаходзіла паведамленні пра арышты сяброў.

Я імкнулася адпраўляць як мага больш паштовак палітзняволеным, аднак з ліставаннем рабілася ўсё горш. Спрабавала праз знаёмых раздрукоўваць тэксты ў Мінску, каб іх дасылалі з беларускіх поштаў, а не з замежжа, аднак ніякія канверты першага класу, замоўныя лісты, тэлеграмы не выпраўлялі сітуацыі – адказаў прыходзіла ўсё менш. Са стану дэпрэсіі мяне выцягнула вайна.
Давялося выйсці са спячкі і актывізавацца. У першы дзень мы імкнуліся развязаць простыя пытанні. Дзе набыць бензін, калі палова аўтазаправак у Кіеве зачыненыя, а на тых, што яшчэ працавалі, стаялі кіламетровыя чэргі? Мы планавалі з’язджаць двума машынамі, таму прапаноўвалі дапамогу ўсім знаёмым. Дачцэ так і патлумачылі: ёй давядзецца пакінуць у Кіеве большасць сваіх цацак і сукенак, бо ў першую чаргу мы павінны ўратаваць людзей, таму кожны з нас можа ўзяць з сабою толькі адну валізку.

У першы дзень у Кіеве спрацоўвала паветраная трывога, аднак людзі яшчэ не асэнсоўвалі ўсёй сур’ёзнасці становішча. Шмат хто хадзіў каля бамбасховішча, дзеці патрабавалі ісці гуляць надвор. Спаць я засталася ў кватэры, хоць і разумела, што на 9-м паверсе, калі прыляціць крылатая ракета, не будзе шанцаў кудысьці схавацца. Тады перамог іншы страх: з маёй хвораю спінай я пасля ночы ў не прыстасаваным да сну памяшканні не здолею сесці за стырно.

Мы выязджалі з Кіева пад абстрэламі, аднак змаглі забраць з сабою дырэктара Сучаснага мастацкага тэатру Уладзіміра Ушакова з ягонымі катамі і калегу майго мужа. Яшчэ аднаго знаёмага не дачакаліся: за 15 кіламетраў ад Кіева, дзе ён жыў, пачаліся ваенныя дзеянні, і нас да яго не прапускалі вайскоўцы на блокпастах.

Наперадзе было, як высветлілася потым, 5 содняў да таго, як мы змаглі пакінуць Украіну. Пасля гэтых прыгодаў паглядзела на сябе ў люстэрка: здавалася, быццам пасталела на тысячу гадоў. Высахла скура, з’явіліся маршчыны, паляцелі зубы. Цягам наступнага месяца я ніяк не магла справіцца з вуснамі, якія жудасна патрэскаліся і ніяк не хацелі гаіцца.
Восем гадоў не пісала п’есаў. Здавалася, няма значных тэмаў…
Наш шлях у эвакуацыі быў доўгі: Вугоршчына, Славаччына, Польшча. У выніку з сям’ёй апынулася ў Чэхіі. Цікавая рэч: на рэзідэнцыю для замежных драматургаў у Нацыянальны тэатр Прагі я падавалася яшчэ ў красавіку 2021 года. Паводле конкурсу я не прайшла, аднак мой матывацыйны ліст спадабаўся арганізатарам. Расповед пра жыццё ў атмасферы беларускіх пратэстаў тады перадрукавалі з майго дазволу шмат якія мясцовыя медыі. Нават для зборніку п’есаў пераклалі на чэшскую мову “Белага анёла з чорнымі крыламі”. Таму цяпер, калі я напісала туды з запытам на рэзідэнцыю, адразу адгукнуліся. Тэатр наўпрост корміць мяне: у межах рэзідэнцыі бок, што прымае, даў жытло мне і маёй сям’і, выдаткі на пражыванне і магчымасць займацца творчасцю.

Ведаеце, я восем гадоў не пісала п’есаў. Здавалася, няма значных тэмаў… І вось з’явілася: у сакавіку паставіла апошнюю кропку ў п’есе “З днём нараджэння, любімая!” пра падзеі ва Украіне. Месца дзеяння – далёкі ад памежжа расійскі горад, дзе ў адной кватэры сыходзяцца цалкам занураны ў расійскае тэлебачанне мясцовы мужчына і нарадзінка Харкава. Гэта мая спроба высветліць, што зрабіла сённяшнюю вайну магчымаю.

Я збіраю маналогі людзей для новага праекту “Віна таго, хто выжыў”. Мне цікава паглядзець на беларуса і расіяніна менавіта праз прызму адчування віны за тыя падзеі, якія з усімі намі адбываюцца. Хачу даць у дакументальнай п’есе слова тым, хто шкадуе, што не здолеў зрабіць нешта большае, каб спыніць гэтую жудасную навалу. Расійскі драматург Міхаіл Дурнянкоў сказаў мне: “Калі шчыра, мне трэба было б пайсці і спаліць сябе на Краснай плошчы, бо ўсяго, што я рабіў сваймі п’есамі, было мала. Усё, што я пісаў, аказалася пантамі. Усё было няправільна”.
Хочацца верыць у адмысловы мурашнік людзей мастацтва, які па крупінках збірае нейкі культурніцкі беларускі пласт
Мяне ў свой час таксама спасцігла вялікае расчараванне ў айчыннай літаратуры.

Я пачала адчуваць, што слова нікога ўзняць не можа. Мой матывацыйны пост / верш / тэкст ніяк не ўплывае на абывацеля, які закрыўся ў сваёй мыльнай бурбалцы і ведаць не хоча, дзеля чаго на вуліцы вышлі тысячы ягоных землякоў. А цяпер мне ўсё ж хочацца верыць у адмысловы мурашнік людзей мастацтва, якія па крупінках збіраюць нейкі культурніцкі беларускі пласт, што павінен неяк змяняць свядомасць. Прапагандысты ўплываюць на людзей. І, на жаль, вельмі моцна. Мы імкнемся дзеяць у супрацьвагу.

Людзі культуры і мастацтва працягваюць працаваць. Каб, будучы сведкамі сённяшніх падзеяў, іх адрэфлексаваць. Хацелася б верыць, што з гэтых маленькіх крокаў кожнага паасобку ўдасца перавесці людзей ад “можам паўтарыць” да блізкага беларусам “ніколі больш”.
Ва Украіне паміраюць дзеці, а ў вас няма большай трагедыі за адкліканую з тэатру п’есу?
Перыядычна чую ад расійскіх тэатральных дзеячаў ныццё, што нехта з замежных аўтараў адклікае ў іх п’есы. Маўляў, мы ж наўпрост не маем дачынення да ваенных дзеянняў. Чытаю і думаю: ці ў сабе вы, людзі? Ва Украіне паміраюць дзеці, мірныя жыхары, а ў вашым жыцці няма большай трагедыі за адкліканую з тэатру п’есу?

Ці беларускія калегі скардзяцца ў Facebook, што ім праз наш пашпарт адмовілі ва ўдзеле ў нейкім тэатральным фестывалі, а трэба падзяляць адных беларусаў ад іншых. Аднак крылатыя ракеты не падзяляюць людзей ва Украіне. Забіваюць усіх. Не гэтымі перабрэхамі трэба сёння займацца…
Перыядычна чую ад расійскіх тэатральных дзеячаў ныццё, што нехта з замежных аўтараў адклікае ў іх п’есы. Маўляў, мы ж наўпрост не маем дачынення да ваенных дзеянняў. Чытаю і думаю: ці ў сабе вы, людзі? Ва Украіне паміраюць дзеці, мірныя жыхары, а ў вашым жыцці няма большай трагедыі за адкліканую з тэатру п’есу?

Ці беларускія калегі скардзяцца ў Facebook, што ім праз наш пашпарт адмовілі ва ўдзеле ў нейкім тэатральным фестывалі, а трэба падзяляць адных беларусаў ад іншых. Аднак крылатыя ракеты не падзяляюць людзей ва Украіне. Забіваюць усіх. Не гэтымі перабрэхамі трэба сёння займацца…
Я таксама сутыкнулася з дыскрымінацыяй беларусаў. У першы ж дзень вайны былі заблакаваныя нашыя карткі. Менавіта праз тое, што мы – беларусы. Украінская страхавая кампанія адмаўляецца нас абслугоўваць у замежжы паводле дамовы, якую мы ў іх купілі. Гаспадыня кіеўскай кватэры не аддае нам рэчаў, якія засталіся ў яе, аргументуючы адмову нашым паходжаннем. З беларускімі пашпартамі было надзвычай цяжка легалізавацца ў Чэхіі. У выніку мы атрымалі візы з вялікаю колькасцю розных абмежаванняў, што адрозніваецца ад дакументаў украінцаў, якія, як і мы, уцякалі ад вайны. Аднак гэта ўсё не падстава, каб ачарсцвець.

Мы з дачкою працягваем валанцёрыць: выступаем у Чэхіі ў дабрачынных канцэртах і флэшмобах, сродкі ад якіх ідуць на дапамогу ўцекачам і Узброеным сілам Украіны. І рэч тут не толькі ў зборы грошай. Мне здаецца, ёсць тры важныя аспекты ў выхаванні чалавека: развіццё цела, мозга ды эмацыйнага інтэлекту. Мяне вельмі непрыемна ўразілі вялікія інтэлектуалы, чальцы клубу “Што? Дзе? Калі?”, якія падтрымалі пуцінскае ўварванне ва Украіну і селі граць далей, быццам нічога не адбываецца.

Людзі, якія падтрымліваюць абсалютнае зло, верагодна, не трэнавалі сваёй душы, не вучыліся адчуваць чужога болю, не ўмеюць суперажываць, спачуваць. Магчыма, мастацтва здолее зрабіцца шмат каму неабходным трэнажорам эмпатыі.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты
Галоўная старонка
Да галоўнай
Наступны матэрыял
Да наступнага матэрыялу