Я быў малады, наіўны, з рамантычнымі ідэалістычнымі поглядамі. У пачатку – сярэдзіне 90-х была рэальная дэмакратызацыя і проста татальная свабода. Таму ў пошуках сябе ты мог трансфармаваць свае погляды як заўгодна, не было ніякай самацэнзуры. Я шмат чытаў Платона, Сакрата, захапляўся іхнаю гуманістычнай ідэалістычнаю філасофіяй.
У мяне заўсёды былі леваліберальныя погляды. З часам лібералізм адваліўся, як прыбудова капіталістычнай сістэмы, якая робіць з чалавека бяздумную машыну. Трэба быць наогул бездухоўным чалавекам з нізкім ментальным узроўнем, каб цябе задавольвалі толькі ўмоўныя чарка і скварка. Ад ліберальных поглядаў я пазбавіўся ў пачатку 2000-х. Левыя погляды адказвалі на выклікі часу, менавіта яны, на маю думку, найбольш актуальныя ўва ўсе часы. Сацыяльная справядлівасць – мой ідэал. І хоць у нашай краіне справядлівасці няма і пакуль немажліва яе пабудаваць, гэта не азначае, што за яе не варта змагацца.
Пасля 1996 года палітычная сітуацыя ў краіне пачала пагаршацца. Як тады, так і цяпер у палітычнай сферы Беларусі не было левага спектру. У пэўны момант мне давялося рабіць выбар – і я вырашыў адысці ад палітычных справаў. У пачатку 2000-х перайшоў у нізавы актывізм, пачаў займацца музыкаю, лайфстайлавымі рэчамі, арганізоўваў дзвіж у горадзе.