У той час у грамадстве ішла дыскусія пра ўцекачоў у Польшчы. Хацела нематэрыяльна дапамагчы тым, хто ўцякае, бо з 2016 года тут раз-пораз казалі, што панаедзе ўцекачоў, якія забяруць нашую працу, прывязуць хваробы. Таму старалася прыдумаць, як ім дапамагчы нематэрыяльна, калі не маеш грошай і не ёсць знакамітасцю.
Тады я пазнаёмілася з 13-гадовым чачэнцам каля лагеру ўцекачоў, які расказаў, што не хоча, каб яго называлі ўцекачом. Бо праз гэта зʼяўляецца шмат праблемаў. Напрыклад, ягоны сябар-паляк намаляваў карабін, і ніхто на гэта не звярнуў увагі. А калі такі ж малюнак зрабіў ён, то вымушаны быў пайсці на размову з псіхолагам.
Гэтая гісторыя сталася імпульсам: я падумала, што мо варта прыдумаць іншае слова для абазначэння такіх людзей. Запрасіла фокус-групу з розных сфераў, мы разам знайшлі альтэрнатыву – nowak як амонім самага папулярнага прозвішча ў Польшчы. Хацелі таксама нагадаць гісторыю гэтага слова: паводле адной з версіяў, новакамі называлі халопаў, якія ўцякалі ад аднаго памешчыка да іншага. Гэтае слова таксама сведчыць, што ў кожнай нашай сямʼі ёсць гісторыя пераезду. Няма сярод нас таго, чые продкі карэнныя ў многіх пакаленнях.