« Нельга проста сесці ў цягнік і прыехаць у новую будучыню… »
Мамінаў
Мікалай

Мікалай Мамінаў

«Нельга проста сесці ў цягнік і прыехаць у новую будучыню…»
Мікалай Мамінаў – рэжысёр дакументаліст, фатограф, фотажурналіст, аператар. Самы актыўны відэаблогер для “Nexta” ў жніўні – верасні 2020 года. Рыхтуе дакументальны фільм пра падзеі пачатку беларускае рэвалюцыі. Пасля дзвюх адседак на Акрэсціна і пагрозы крымінальнай справы пераехаў у Вільню, дзе працаваў аператарам-пастаноўшчыкам на YouTube-канале “Маланка”. Гэта адзін з праектаў “Зубра” – ініцыятывы, якая разам з платформаю “Голас” лічыла галасы выбарнікаў.

Прызнаецца, што да 2020 года верыў у беларускае правасуддзе і не ўяўляў, якая сістэма трымае ўладу ў Беларусі.
Мікалай Мамінаў – рэжысёр дакументаліст, фатограф, фотажурналіст, аператар. Самы актыўны відэаблогер для “Nexta” ў жніўні – верасні 2020 года. Рыхтуе дакументальны фільм пра падзеі пачатку беларускае рэвалюцыі. Пасля дзвюх адседак на Акрэсціна і пагрозы крымінальнай справы пераехаў у Вільню, дзе працаваў аператарам-пастаноўшчыкам на YouTube-канале “Маланка”. Гэта адзін з праектаў “Зубра” – ініцыятывы, якая разам з платформаю “Голас” лічыла галасы выбарнікаў.

Прызнаецца, што да 2020 года верыў у беларускае правасуддзе і не ўяўляў, якая сістэма трымае ўладу ў Беларусі.
Колішняя супраца з дзяржаваю. Не калабарант
Колішняя супраца з дзяржаваю. Не калабарант
Я працаваў і на Сталічным тэлебачанні (СТВ), і для ОНТ, і для “НТВ-Беларусь”, на спецпраектах для Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Дастаткова шмат гадоў супрацоўнічаў з дзяржаўнымі медыямі. Тэматыка ў асноўным – забавы і культура, у тым ліку музычная індустрыя.

Што такое супраца з дзяржаўным тэлебачаннем раней? Да 2010 года я працаваў аддалена, рабіў праект “Культурныя людзі”. І праз аддаленасць працы мяне абсалютна не датычылі ўнутраныя справы Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Рабіў па дамове, а асноўная праца была на Першым музычным канале. Мяне вельмі доўга ўгаворвалі перайсці стала працаваць на БТ.

Сказаць, што адчуваў сябе канфармістам, я не магу. У мяне няма досведу чалавека, які браў удзел у нейкіх лятучках, фігучках гэтых усіх, нейкіх там сходах – “а давайце мы абмяркуем…”. Такога ў мяне не было. Я ніколі не далучаў сябе да масы. Заўжды ўсіх пасылаў нах*й.

Я толькі магу сказаць, што, на маё вялікае расчараванне, улічваючы той бэкграўнд, які я хацеў данесці як аператар на той момант да БТ, мне не ўдалося. Бо там нішчылі ўсе ідэі на корані.
Сведка з камерай у руках
Сведка з камерай у руках
Я вярнуўся з сям’ёю з адпачынку ў Турцыі за дзень да выбараў і адразу пачаў здымаць на смартфон у фармаце відэаблогера. Смартфон абраў як інструмент, каб не прыцягваць да сябе ўвагі. Каб мяне з прафесійнаю тэхнікаю не ўспрымалі як журналіста, хоць я на той момант быў афіцыйна акрэдытаваным у Беларусі, належаў да Беларускай асацыяцыі журналістаў. Але я рабіў сваю справу не столькі як журналіст, колькі як грамадзянін.

Здымаючы ўсё з першага дня, можна сказаць, з самай першай хвіліны, на адным з выбарчых участкаў 9 жніўня 2020 года, я падумаў, што будзе няблага зрабіць дакументальны фільм. Я даў яму адразу назву – “Вайна няпраўды”.

У пачатку верасня запісаў вялікае інтэрв’ю са сваёй жонкаю Кацярынай і дзецьмі, якім на той момант было сем і дзесяць гадоў. Пытаў, як яны ставяцца да таго, што адбываецца ў краіне. Але галоўным трыгерам, які мяне падштурхнуў, былі першыя два дні пратэстаў – 9 і 10 жніўня.
9 жніўня каля 21:00, калі на выбарчых участках мелі абвяшчаць вынікі, я пачаў здымаць каля ўніверсаму “Рыга” і скончыў каля стэлы (“Мінск – горад-герой”. Каля “Рыгі” і стэлы адбыліся адныя з першых нападаў сілавікоў на дэманстрантаў. – Заўвага рэд.). Я трапіў у эпіцэнтр першых, самых вострых падзеяў.

Але спачатку мы не ўяўлялі, што будзе. З жонкай і параю знаёмых селі на ровары ды паехалі паглядзець, што дзе будзе ў цэнтры. І так атрымалася, што я трапіў у першыя шэрагі супраціву. Ці сутыкнення, нават не ведаю, як больш правільна назваць. У гэты час мне падавалася, што ўсе тыя людзі, якія стаяць па той бок (я маю на ўвазе людзей са шчытамі, стрэльбамі, гранатамі і дручкамі), усе за нас. Мне падавалася, што яны мусяць быць за народ. А высветлілася, што не.

Я быў шакаваны. Тым не менш спрабаваў усё, што адбывалася, зняць як прафесіянал. Нас пачалі выцясняць слезацечным газам і святлошумавымі гранатамі. Гэтая сітуацыя раздзяліла мяне з жонкай і сябрамі. Але ў першы дзень абышлося.

Мы апынуліся ў дварах раёну “Рыгі”, дзе было шмат актыўных і рашуча настроеных мужчынаў. Яны казалі сілавікам, маўляў, ідзіце сюды, мы з вамі пагаворым. Хтосьці з жанчын крычаў: “Вяртайцеся дамоў, вас там чакаюць маці і жонкі!” У двары ўсе гэтыя амапаўцы і вэвэшнікі не сунуліся. Там яны б сваё атрымалі.

У першы дзень пратэстоўцы намагаліся не правакаваць сілавікоў. Хоць хтосьці кідаўся ў іх пластыкавымі бутэлькамі ці адбіваўся ад нападу, паўсюль гучалі галасы “не правакуйце!”.

Быў такі цікавы эпізод, калі я апынуўся ў кустах са сваім сябрам. Нам трэба было выйсці з ачаплення. Ідзем паўз 10–12 касманаўтаў, і яны пачынаюць грукаць у свае шчыты. А мой сябра азіраецца, і кажа: “У х*й сабе пагрукай!” Але з іхнага боку ніякіх рухаў не было. Цяпер, згадваючы гэты эпізод, я разумею, што на вуліцах у першыя дні касманаўты былі такія самыя людзі. Бо калі б тое ж самае, хто сказаў праз два месяцы, яны б пагналіся за намі і збілі на горкі яблык.
Праз два месяцы
Праз два месяцы
Я быў сведкам шматлікіх затрыманняў, здымаў іх на сваю камеру наступныя два месяцы. Быў на ўсіх вялікіх маршах у нядзелі і на ўсіх жаночых маршах.

Аднойчы мая жонка Кацярына пайшла на жаночы марш, а я гэтага не ведаў. Гэта было на плошчы Свабоды, там побач са скульптураю коннай павозкі атачылі жанчын. І маю жонку так сціснулі, што пашкодзілі грудзіну. А я з супрацьлеглага боку ўсё гэта здымаў для Nexta, але не ведаў, што ў кадры – мая жонка. Яна была ў масцы. Пасля мы выпадкова сустрэліся, яна трымалася рукою за пашкоджанае месца. І для мяне гэта сталася ўжо зусім краем, гэтае перажыванне.

Думаю, большасць відэа з маршаў на Nexta была мая. Вось праз публікацыі там мяне і вылічылі. Я быў такі наіўны блогер-аператар.
Nexta – не палкаводзец
Nexta – не палкаводзец
Я лічу, што ў першыя дні было зроблена вельмі шмат. На другі дзень – 10 жніўня – людзі выйшлі, калі ўжо было вядома, што рабілася на Акрэсціна. Інтэрнэт ляжаў, але праз VPN на Telegram можна было ўбачыць інфармацыю. Таму людзі выйшлі ўжо не з пустымі рукамі. На “Рызе”, дзе будавалі барыкады супраць тэхнікі сілавікоў, у адказ на страляніну з драбавікоў пратэстоўцы шпурлялі феерверкі.

Але не было скаардынаванасці. Не хапіла людзей, якія б вывелі пачатак стыхійнага супраціву на вялікі ўзровень. Гэта быў усплёск энергіі, якая накапілася за папярэднія два дзесяцігоддзі. І лідары з праграмаю дзеянняў мусілі ўзнікнуць неўзабаве. Можа, пасля 16 жніўня, калі на вуліцы выйшлі сто з лішкам тысячаў.

Тое, што рабілі ў Nехта, кіруючы людзей – “хадзем туды, хадзем сюды”, – гэта аддаленая ўмоўная каардынацыя. Я сам спрабаваў зразумець логіку Nехта. Я яе не разумеў. Возьмем эпізод, калі людзі пайшлі на Дразды і на рэзідэнцыю нелегітымнага, а з іншага боку людзі пайшлі браць Ярмошыну. Людзей павярнулі ў поле да маста на Арлоўскай, дзе да рэзідэнцыі не было праходу. Іх узялі ў ціскі касманаўты і проста разбілі.

То бок кіравацца Google-мапамі, калі ты каардынуеш шматтысячны натоўп, – сумнеўная гісторыя. Быў патрэбны добры палкаводзец.
Не рыхтаваўся да гарачых падзеяў
Не рыхтаваўся да гарачых падзеяў
Яшчэ ўвесну я ведаў, што пайду на выбары. Але не акцэнтаваў сваіх думак на тым, што адбывалася ў перадвыбарчых кампаніях усіх удзельнікаў. Натуральна, не рыхтаваўся да падзеяў, якія пачаліся 9 жніўня. Я ўжо доўгі час бачыў, што не было ніякага развіцця ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы. І нейкую сваю пільную ўвагу да такіх тэмаў спыніў у 2010-м (пасля Плошчы-2010. – Заўвага рэд.).

Відаць, тыя рэчы ды падзеі, якія ўказвалі на тое, што выбары-2020 не будуць тыповымі, я прапусціў, бо з сям’ёю быў на вакацыях. Таму асабіста для мяне пераломным момантам сталася абвяшчэнне вынікаў – з іх фарсам і хлуснёю.
Савецкае РУУС. Важны затрыманы
Савецкае РУУС. Важны затрыманы
Заканчэнне майго будучага фільму мае адкрытую дату. Ён пакуль канчаецца да таго, як мяне затрымалі: да 20 верасня 2020 года.

Мяне не проста затрымалі. Мяне фактычна выкралі. Да мяне ў кватэру грукаліся двое. І гэта быў не ГУБАЗіК, а, хутчэй за ўсё, “Альфа”. Губазікі чакалі на вуліцы, як сабакі, сваіх начальнікаў, якія грукаліся ў дзверы са скуранымі нататнікамі ў руках і спрабавалі пераканаць мяне мірна адчыніць дзверы. Урэшце ўламаліся ўсе васьмёра персанажаў.
Па прыбыцці ў Савецкае РУУС да мяне было відавочна асаблівае стаўленне. Не такое, як да ста чалавек у сутарэнні. Я стаяў у асобным месцы ля асобнай сценкі. І мяне двойчы выклікалі на допыт. Там у кабінеце быў нейкі хрундзель у цывільным, пазней высветлілася, што гэта быў начальнік РУУС. У мяне спрабавалі высветліць класіку: яўкі, прозвішчы, хто галоўны, каму здымаў відэа.

Я хоць і эмацыйны чалавек, але раскалоць мяне вельмі складана. Я казаў праўду. А праўда ў тым, што я блогер.
Арышт, Nехта і будучыня
Арышт, Nехта і будучыня
Вылічылі мяне і маё месца перабывання 19 верасня 2020 года на жаночым маршы. Відэа я адсылаў адразу на Nехта, мне званілі з невядомых нумароў.

А 20 верасня я зняў для CNN інтэрв’ю ў межах міжнароднага праекту StrangerHub. Сутнасць у тым, што яны даюць заданні ў розных гарачых пунктах свету. Кароткае інтэрв’ю: чаму вы сюды прыйшлі, што бачыце ў будучыні і да таго падобнае.

А сам я ў будучыні бачыў тое ж, што і людзі: вельмі хуткае развязанне сітуацыі. Тое, што гэта ўсё надоўга, я зразумеў значна пазней. Нават калі дапусціць, што Лукашэнка заўтра знікне, то сістэма не рухне. Ягоная вертыкаль пачне падаць праз некаторы час. Нельга проста сесці ў цягнік і прыехаць у новую будучыню.
Акрэсціна. Стан афекту
Акрэсціна. Стан афекту
Першы раз мяне ніхто не біў. Магчыма, я для іх быў нейкі спецчалавек: пыталі, ці знаёмы я з Паўлам Латушкам, ці ведаю трупу Купалаўскага тэатру… У РУУС ветлівы кадэбіст сказаў, маўляў, падумайце над рознымі імёнамі, а заўтра на Акрэсціна наш супрацоўнік задасць тыя ж пытанні, і раптам вы ўзгадаеце імёны тых, хто стаіць за ўсім гэтым (пратэстам).

На Акрэсціна дапытваў маёр ва ўніформе міліцыі. І кадэбіст смешны: увесь час дзіўнавата ўсміхаўся. Яны спрабавалі мяне раскруціць на псіхалагічную тэму.

У мяне быў стан афекту. Распранулі дагала, абшукалі і кінулі ў камеру без коўдры, бялізны, у стане абсалютнага шоку, бо сюды трапіў з уласнай кватэры няясна за што. Відосы для Nехта я ў сябе выдаліў з усіх носьбітаў. Як і свой Telegram. Яны, праўда, спрабавалі аднавіць мой акаўнт там. Але ж даўбадзятлы: спрабавалі праз мой нумар, а я зарэгіўся на эстонскі. Таму яны пацалавалі сябе ў сраку.
Суд
Суд
Мяне выкралі з дому, а на судзе “засведчылі”, што затрымалі мяне каля ЦУМу. Для мяне гэта быў вялікі шок, бо я давяраў суду. Як сумленны чалавек думаў, што такога не можа быць.

То бок да 2020 года я не ўяўляў, што з сябе ўяўляе сістэма. Калі да мяне ў кватэру ламаліся васьмёра чалавек, я пазваніў жонцы і сказаў, каб выклікала міліцыю.
Сукамернікі. Агульная ідэя
Сукамернікі. Агульная ідэя
У камеры ўсе жылі ідэяй, што, затрымаўшы нас, органы не затрымалі нейкіх іншых пятнаццаць чалавек. А значыць, мы дапамагаем супраціву. Для нас галоўная ідэя была ў тым, каб пратэст працягваўся. Мы баяліся, што ўсё скончыцца. Але нічога не канчалася. І для нас гэта была самая галоўная інфармацыя.

Я сустрэў нават сваіх знаёмых. У камеры былі паэты, інжынеры, праграмісты, блогеры, журналісты, якія здымалі і гэтак трапіліся. Усе па-свойму цікавыя. Рознага веку. Там быў той вядомы чалан, які на Нямізе кінуў кухаль з півам у аўтазак.
Было крыўдна, што я гэта ўсё не здымаю.
Акрэсціна другі раз. Зламаныя рэбры
Акрэсціна другі раз. Зламаныя рэбры
11 кастрычніка мы з жонкаю схадзілі ва ўніверсам “Рыга” набыць прадуктаў. Вярталіся а 23:00, дзеці дома спалі. Гучыць страшна, але, выходзячы ў краму, я хаваў свой ноўтбук, каб не знайшлі.

Насамрэч мы пачулі стрэлы з драбавікоў ды выйшлі паглядзець і падтрымаць людзей.

У выніку нас затрымалі, а мне зламалі рэбры і грудзіну. Завезлі ў тое ж Савецкае РУУС. Я прасіў хуткую дапамогу ў таго прыдурка… Высветлілася, што той самы даўбадзяцел – начальнік. Ён мне казаў: “Будзеш п*здзець – не выйдзеш адсюль жывым”.

Праўда, праз тры гадзіны мне дазволілі пазваніць цешчы, сказаць, што дзеці адныя дома. На дзіва, Кацю адпусцілі праз няпоўнагадовых дзяцей.

Далей Акрэсціна і Жодзіна, там давалі абязбольвальнае. Хоць наагул было жудаснае стаўленне. Другі раз гэта быў пякельны канцлагер.
Дзённікі
Дзённікі
Я вёў дзённікі, і гэта была каласальная псіхалагічная разгрузка. Хутчэй за ўсё, так сталася падсвядома. Бо дзённікі ды апавяданні апошні раз пісаў у дзяцінстве. Мне ў камеру перадалі школьныя тонкія сшыткі. Я апісваў з моманту затрымання тое, што адбываецца вакол.

Пісаў не толькі нейкія эмацыйныя рэчы, кшталту, што мяне пабілі і мне кепска. Але і “за вакном падае дождж, дзьме вецер”, “я бачу праз краты частку дрэва і спадзяюся, што там усё будзе добра”. Паэтычныя адступленні і рэчы з флэшбэкамі. Гэта ўспаміны, што прыходзяць у стане афекту.

Мае сябры з Еўропы – носьбіты англійскай мовы, прафесійныя перакладчыкі – пераклалі дзённікі. Хачу, каб пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе, ведала як мага больш людзей у свеце.
Пагроза крыміналкі. Пастанова з’ехаць
Пагроза крыміналкі. Пастанова з’ехаць
Выехаць з Беларусі я пастанавіў тэрмінова: калі зразумеў, што пасля адміністратыўных артыкулаў мне хочуць прыляпіць крымінальны.

У мяне здарыліся тры суды, тры адміністратыўкі: 23.34 ч. 1, 23.34 ч. 3 (“народныя” артыкулы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях. – Заўвага рэд.), 23 ч. 4 – “Непадпарадкаванне пры затрыманні”, паводле якога лёгка інкрымінуецца крымінальны артыкул.

Што і здарылася з маім таварышам са зняволення, з якім мяне везлі на Акрэсціна з раённага аддзелу. Ён атрымаў 2,5 года зняволення. Праграміст, 28 гадоў, трапіў на відэа пры затрыманні каля Маскоўска-Венскага гандлёвага цэнтру. Відэа было так хітра змантаванае, што пасля таго, як ён адседзеў паводле 23.34, яму ў плечы прыляцела крыміналка. За тое, што “збіў трох амапаўцаў”: тыя падалі на яго ў суд.

Калі я выйшаў другі раз са зняволення, 20 содняў, да мяне прыехаў сябар, які дапамагаў мне атрымаць дапамогу. Ён сам не грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Мне дапамагалі з адвакатамі, грашыма, пэўнымі кампенсацыямі. Я з ім пад дажджом сустрэўся, і мне пазваніла мая Каця. Кажа, маўляў, цябе тут шукаюць праз дамафон. Гэта было прыблізна праз тры-чатыры дні пасля таго, як я выйшаў на свабоду…

Паводле маіх родных, праз год пасля здарэння мяне ўсё яшчэ шукаюць: тэлефануюць людзі няясна адкуль, пакідаюць цыдулкі на дзвярах маёй кватэры: “перезвоните Денису Владимировичу в Центральное РУВД”. Пры гэтым я не хаваю таго, што жыву ў Вільні.

Яны тэлефануюць цесцю: пытаюць, дзе зяць. Я сказаў, каб мае сваякі адказвалі, што я дзе-небудзь у Нікарагуа.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты