« Я б далучыў дваравыя канцэрты да нематэрыяльнай спадчыны UNESCO »
Башлыкевіч
Сяргей

Сяргей Башлыкевіч

«Я б далучыў дваравыя канцэрты да нематэрыяльнай спадчыны UNESCO»
Лідар беларускага гурта Leibonik Сяргей Башлыкевіч лічыць, што ягоны галоўны слухач – ён сам. Таму ўсе песні гэткія шчырыя ды кранальныя. Бо чапляюць тых людзей, з якімі сам Сяргей духоўна блізкі: інтэлектуалаў з добрым пачуццём гумару. Родам ён з Ашмянаў, у 2014-м атрымаў прэмію “Герой года” ў намінацыі “Адкрыццё года” паводле версіі парталу Tuzin.fm. Асноўная праца – інжынер-праграміст, да гэтага паспеў павыкладаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У жніўні 2020 года, як і шмат хто з артыстаў, не змог заставацца ўбаку ды актыўна браў удзел у дваравых канцэртах. Сыграў сольную праграму “Дзе той адказ?” для праекту “Артысты перамогі”. 
Лідар беларускага гурта Leibonik Сяргей Башлыкевіч лічыць, што ягоны галоўны слухач – ён сам. Таму ўсе песні гэткія шчырыя ды кранальныя. Бо чапляюць тых людзей, з якімі сам Сяргей духоўна блізкі: інтэлектуалаў з добрым пачуццём гумару. Родам ён з Ашмянаў, у 2014-м атрымаў прэмію “Герой года” ў намінацыі “Адкрыццё года” паводле версіі парталу Tuzin.fm. Асноўная праца – інжынер-праграміст, да гэтага паспеў павыкладаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У жніўні 2020 года, як і шмат хто з артыстаў, не змог заставацца ўбаку ды актыўна браў удзел у дваравых канцэртах. Сыграў сольную праграму “Дзе той адказ?” для праекту “Артысты перамогі”. 
Гумар – мой арганічны падыход. Безумоўна, ён дапамагае ў любой сітуацыі. На канцэртах я заўсёды кажу, што не магу быць у нейкіх жанравых межах настрою ці пісаць увесь час у адным настроі. Напрыклад, заўсёды пра каханне.

Чалавеку натуральна быць розным, і ўся мая музыка – гэта вельмі прамое адлюстраванне мяне.

Усе лірычныя героі маіх песень хоць далёка, але ўсё роўна нейкія вобразы мяне самога. Часцей наверх выплывае тое, што з нейкім гумарам, з сатыраю. Я проста не такі чалавек, які закіне лапкі і будзе смуткаваць. Ясна, што сумна шмат ад чаго, але што: ідзі і вешайся? Гумар дазваляе паглядзець на сітуацыю пад іншым кутом, знайсці эксцэнтрычныя моманты. Для мяне гэта больш натуральна.

Я не люблю пафасу і патэтыкі, гэта мне вельмі складана даецца ды наагул не трэба.
Пра пачатак творчасці і сваіх слухачоў
Пра пачатак творчасці і сваіх слухачоў
Я заўсёды слухаў музыку. Вырас на касетах “Дюны” і “Красной плесени”, з таго, што было ў калекцыі бацькі і дваравых пацаноў. Але ў нашым двары ніхто не граў. І толькі я ў 11 класе пачаў граць на гітары.

Але спачатку мая сястра вельмі хацела гітару і атрымала яе на дзень народзінаў. Тады ўжо і я пачаў цікавіцца: ёсць гітара, навошта дабру прападаць. У той час у мяне ўжо былі нейкія свае вершыкі. Адразу пачаў пад іх падбіраць музыку. Вось так з канца школы і пачатку ўніверсітэту я ў фармаце “сам сабе” і пачаў граць. Але гэта, вядома, не было сур’ёзна.

Я ўвогуле не магу сказаць, што быў нейкі момант, калі пачаў сур’ёзна займацца музыкай. Усё ж такі звычайнае жыццё займае ў мяне больш часу, чым музыка. Але недзе з 2012–13-га я пачаў вылучаць на творчасць больш часу.

Што мне гэта дае? Пытанне без адказу. Яно нічога мне не дае.

З аднаго боку, гэта проста хобі. Людзі займаюцца нечым проста таму, што ім гэта падабаецца. Мне падабаецца, і гэтага дастаткова. А ўжо нейкі наступны ўзровень – пазітыўны водгук. Гэта хутчэй дадатак.
Мае слухачы – гэта людзі, якія разумеюць маё пачуццё гумару. Гумар – агульны займеннік. Гэта складанае пачуццё, яго трэба ў сабе ўзрасціць.

Найперш я свой галоўны слухач. Можа, гэта і гучыць эгаістычна, але я лічу, што гэта нармальна – пісаць для сябе. Можа, у нейкі пэўны момант, калі гэта становіцца для цябе галоўным рамяством і трэба ствараць кантэнт па распарадку, там усё будзе па-іншаму. Але пакуль я існую ў вольным фармаце, і для мяне гэта нейкая сублімацыя. Мне важна, каб у першую чаргу мне самому падабалася тое, што я раблю. І ніякі іншы водгук не зменіць тады майго меркавання.

Мая аўдыторыя да мяне падобная, у нас шмат нейкіх агульных каштоўнасных момантаў, агульны інтэлектуальны бэкграўнд. Таму, калі стварыў тое, што мне падабаецца, падобным да мяне асобам гэта таксама падабаецца.

Аднак аўдыторыя ў мяне розная, яна адлюстроўвае і розныя часткі мяне самога. Ад маргінальнага да больш інтэлектуальнага. Вядома, я не ведаю ўсіх сваіх слухачоў. Але трэба хацець слухаць Leibonik, каб слухаць Leibonik.
Пра беларускую мову
Пра беларускую мову
Я сам з Ашмянаў, і там мы заўсёды размаўлялі на трасянцы. Яшчэ кожнае лета я праводзіў у дзядулі з бабуляю, там былі моцныя каталіцкія традыцыі, таму трасянка была яшчэ і добра прыпалячаная. Такім чынам, трасянка – мая натуральная арыгінальная мова.

У школе я нармальна падзяляў мовы і размаўляў збольшага па-расійску. Падчас універсітэту стаў больш размаўляць па-беларуску. У мяне з’явілася беларускамоўнае асяроддзе, і гэта быў грунтоўны фактар. Ёсць прынцыповы момант: калі ты размаўляеш – заўсёды толькі па-беларуску. Але ў мяне такога няма. Гэта не пазіцыя, а адлюстраванне майго асяроддзя і суразмоўцаў. Магу па-беларуску, магу па-расійску: для мяне гэта не прынцыпова.

Цяпер для мяне беларуская мова – мова майго культурніцкага асяродку. Прафесійная мова – расійская ці англійская.

У мяне дастаткова песень на расійскай мове, асабліва ранейшых. Проста ёсць рэчы, якіх я б не напісаў на іншай мове, і цяжка ўявіць, што яны будуць неяк па-іншаму гучаць. Яны нараджаюцца адразу па-беларуску, і гэта адбываецца вельмі натуральна.
Пра выбары і добрых людзей
Пра выбары і добрых людзей
Жнівень – верасень 2020 года – гэта эмацыйны кактэйль. Дваравыя канцэрты тады былі афігенным варушняком. Я б прызначыў гэта да нематэрыяльнай спадчыны UNESCO. Думаю, тады людзі адкрылі для сябе шмат новых музыкаў і ўвогуле розных творцаў. Гэта былі крутыя эмоцыі.

Я 9 жніўня прыйшоў галасаваць і ўбачыў шмат сваіх суседзяў са стужачкамі на руках. Гэта было да дрыжыкаў. Мы з суседзямі ніколі не краналі палітычных тэмаў, а тут такое пачуццё, што людзі вакол цябе больш блізкія, чымся ты пра гэта думаў.

Як бы ні было, я схіляюся да думкі, што большасць людзей добрая. І для мяне не было адкрыццём ці здзіўленнем, што беларусы так з’ядналіся. Гэта прыемна, што ў нас агульныя каштоўнасці, агульныя думкі.

Гэта было прыемна, але не было здзіўленнем: “Я думаў, што вы гніды ўсе, а вы нармальныя” [смяецца]. Гэта было прыемнае пацверджанне.

Балюча, што пацверджанне праявілася ў такіх абставінах, а не ў прыемных падзеях. Я б лёгка пагадзіўся не мець гэтага прыемнага пацверджання, каб не было нічога перад гэтым. Гэта не тая цана, якую трэба было заплаціць.
Мне падаецца, я даволі асцярожны чалавек. Ці проста пашанцавала, што я нікуды не трапляў. Але тое, што адбываецца цяпер, – проста рандом. Можна заляцець проста на раз-два, таму пачуваць сябе ў бяспецы цяпер проста немагчыма. Як бы ты сябе ні паводзіў. І калі выязджаеш за мяжу, адразу адчуваеш, што крыху адпускае. У Беларусі ты жывеш у рэгулярнай трывозе, чытаеш навіны і кожны раз успрымаеш іх вельмі балюча.

Гэта страшна. Гэта кранае. І з гэтым цяжка жыць. Гэта як хвароба, з якою не ведаеш, як змагацца. Таму і з’язджаюць людзі.

Асабіста ў мяне цяпер такі стан, што “печалька”. Але мяне падагравае, што так будзе не заўсёды. Невядома, калі гэта пройдзе, але павінна ж. Хаця, шчыра кажучы, я цяпер больш на хвалі “ты не чакай, сюрпрызаў не будзе”.

Яшчэ год таму можна было казаць пра нейкія вялікія эмацыйныя арэлі, якія перажываў не толькі я, але ўсе беларусы. Цяпер такога адчування няма. І гэта як у вельмі стэрэатыпным жарце пра вісельніка: людзі да ўсяго прывыкаюць. І я прывык. Цяпер такі вайб вітае, што лепей не будзе, будзе толькі горш. Але нешта будзе прарастаць.
Планы на пераезд
Планы на пераезд
Некалькі гадоў таму я вырашыў, што трэба трошкі расшырыць свой кругагляд. Шмат вандраваў, асабліва па Азіі. І хацеў пажыць працяглы час у якой-небудзь іншай краіне, паглядзець, як там жывецца. Не ў фармаце турыста, два-тры месяцы, а рэальна доўга – напрыклад, год.
І гэта неяк супала з палітычнымі падзеямі ды склалася арганічна.

Таму і побыт склаўся так, што я больш рыхтуюся да пераезду ў Амстэрдам, чымся займаюся творчасцю. Ужо пакінуў мінулую працу, знайшоў новую, што было даволі напружаным працэсам.

Праходзіў шмат інтэрв'ю, буду займацца інжынерным менеджментам.

У мяне заўсёды была асноўная праца, а музыка была для душы. Гадоў 5-6 таму я вельмі захапляўся “Што? Дзе? Калі?” і гуляў пастаянна. Плюс была музыка. Цягам некалькі гадоў я вырашыў, што хачу больш музыкаю займацца, ладзіць канцэрты. На гэта трэба было шмат часу, таму гульні адышлі на другі план. Музыка – частка маёй самаідэнтыфікацыі. І пераехаўшы, не ўяўляю, што буду проста жыць, працаваць і нічога не пісаць. Я тады проста растваруся і знікну.
Планую з’ехаць пакуль толькі на год. Але я не ведаю, як будзе далей, шмат не загадваю. У Беларусі застаецца дом, і калі будзе магчымасць цягам года прыязджаць, каб рэпетаваць з гуртом і даць пару канцэртаў, быў бы рады. Буду працаваць у Амстэрдаме над усякімі музычнымі штучкамі, потым прыязджаць у Беларусь і ўжо працаваць тут з гуртом.

За мяжой я не бачу сябе музыкам. Мой прадукт вельмі лакальны.

Мінулым летам мы далі некалькі канцэртаў, паездзілі па абласных цэнтрах. Напрыканцы жніўня з’ездзіў у Карпаты на фэст і пасля гэтага не браў гітары ў рукі: і часу не было, і не хацелася. Шмат граў на піяніна, бо мне падабаецца сама механіка, усё выглядае зусім па-іншаму, таму цікава разбірацца і вучыцца. Думаю, хутка вярнуся хаця б да сваіх малых фармацікаў. Хочацца граць, і спадзяюся, што хутка вернуцца сілы, энергія ды настрой.
Пра беларускую незалежную сцэну
Пра беларускую незалежную сцэну
Музычная сцэна распушчаецца. З аднаго боку, застаюцца жанры, людзі і гурты, якія існуюць па-за тою сітуацыяй і абставінамі ў краіне. Можна граць вельмі нейтральную музыку. Але, як паказваюць прыклады, са сцэны вельмі лёгка можна знікнуць.

Цяпер даволі складана арганізоўваць канцэрты, тут спалучэнне ковіднага і палітычнага працуе. Тое, чаго не дабіў ковід, дабівае гастрольнае пасведчанне.

Відавочна, што ўсе раз’язджаюцца, і яшчэ больш людзей з’едзе. Але беларуская музыка не знікне. І не зможа нідзе больш з’яўляцца і разаўецца, як у самой Беларусі. Думаю, усё роўна будуць з’яўляцца новыя людзі, нехта будзе працягваць пісаць. Калі нешта будзе з’яўляцца за межамі, то гэта ўжо не зусім тое. Але пакуль на гэта толькі і даводзіцца разлічваць. Будзе цяжка, будзе мала, але мы не загінем.

Культуру не трэба развіваць, яна сама разаўецца, галоўнае не перашкаджаць. Для мяне гэта ўвогуле галоўная функцыя дзяржавы ў дачыненні культуры. Так, трэба падтрымліваць, праводзіць фестывалі, гэта ўсё добра. Але з пазіцыі свайго маленькага “хутаранскага” гурта я нічога не чакаю. Нам не трэба запрашэнняў за “Славянскі базар”. Проста не стаўце палак у кола – і ўсё будзе. Будуць прыватныя фэсты, прыватныя ініцыятывы. Гледачы будуць купляць квіточкі на тыя гурты, якія ім падабаюцца, хадзіць на канцэрты, і ўсё само арганізуецца.
Свежы досвед
Свежы досвед
У нас выдаліся насычаныя зіма і вясна: мы выпусцілі новы альбом, які шліфаваўся даволі доўгі час. Я вельмі задаволены тым, што атрымалася. Было некалькі дробных рэлізаў. Быў цікавы досвед, калі мы з жаночым хорам запісалі адну з песенек у старой хаце.
Я прывык, што ўсё раблю сам, песні мы дапрацоўваем гуртом, але за каркас заўсёды адказны я, а тут першы раз, калі мы дамовіліся з людзьмі, у кожнага была свая праца: відэа, гук, хор. Адчуванне, калі кожны робіць сваю працу і на выхадзе атрымліваецца крута, – для мяне адкрыццё гэтай вясны.

З аднога боку, хацелася б гэта ўсё зрабіць самому, з другога – разумею, што гэта немагчыма. Пры гэтым я вельмі лянівы. Трэба заўсёды шукаць баланс.

Я мушу даць сабе час адпачнуць і выдыхнуць.
Пра сатыру і ўладу
Пра сатыру і ўладу
Каб займацца творчасцю, нічога не трэба. Сядзіш дома і сам сабе займаешся. Ніхто не абмяжоўвае, я ніколі не сутыкаўся з нейкім негатывам на свой адрас. Але я не люблю нейкіх лабавых рэчаў, я больш за інтэлектуальную сатыру. І думаю, не ўсе разумеюць, пра што насамрэч мае песні. Напрыклад, песню пра актывістаў БРСМ шмат людзей успрымае сур’ёзна, яе нават рэпосцілі ў пабліках БРСМ. Хаця яна такая… Кожны можа ўспрымаць яе як хоча.
Падаецца, я ніколі не даваў відавочных падставаў, каб пакрыўдзіцца на нешта ў маёй творчасці. І я не сутыкаўся з абмежаваннямі сваёй творчасці. Але нічога і не чакаў. І нічога не буду чакаць. Якая б дзяржава ні была, мая творчасць не залежыць ад таго, хто будзе прэзідэнтам. Для мяне галоўнае, каб мне не перашкаджалі. А будуць падтрымліваць ці не – ужо не важна.

Я і дзяржава існуем у паралельных частках свету.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты