« Актор – гэта не пра прыгожа пастаяць на сцэне »

Дробыш

Крысціна

Крысціна Дробыш

«Актор – гэта не пра прыгожа пастаяць на сцэне»
Крысціна Дробыш – экс-акторка Купалаўскага тэатру. У жніўні 2020 года разам з калегамі звольнілася, пратэстуючы супраць гвалту і рэпрэсіяў. У эміграцыі працягвае працаваць над беларускімі праектамі і называе гэта інвестыцыяй у будучыню беларускай культуры. Пагутарылі пра шлях да акторства, жыццё тэатру падчас рэвалюцыі, пераезд у Польшчу і культуру на заўтра.

Адказу на пытанне, як я прыйшла да акторства, у мяне ніколі не было. Я памятаю той час, калі мне стукнула, што я хачу на акторскае. Тады мне было гадоў 14-15. Але не было такога, што я хачу здымацца ў кіно, усе гэтыя дзяўчачыя штучкі, як прынята лічыць. Я проста зразумела, што мне гэта цікава. І чым больш мне казалі, што там усё куплена… І ўвогуле, што гэта за прафесія такая: я ж вырасла на ўскрайку Мінску, дзе ўсе людзі былі з нармальнымі зямнымі прафесіямі. Але мяне гэта яшчэ больш падшпільвала.

Я паступіла на акторскае толькі з другога разу. Тыя, хто мне казаў, што гэта немагчыма, пасля першага правалу радаваліся, было вось гэтае “ага-а-а, а мы табе казалі”. Кожны тады лічыў абавязковым падысці і пнуць мяне яшчэ разочак.

Я паплакала нейкі час. Але потым падумала, што не, я не здаюся, я мушу гэта зрабіць. І вось паступіла. Прычым з вельмі добрымі адзнакамі, была другая ў спісе.
Пра навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Пра навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Мне складана было ўявіць, як адбываецца акторская адукацыя, і для мяне гэта раптам сталася нармальным спосабам вучыцца. Толькі потым я даведалася, што ў іншых універсітэтах увогуле ўсё інакш. Там можна зранку прыходзіць на пары, а пасля сыходзіць і займацца нейкімі сваймі справамі. Сур’ёзна? Акторская адукацыя – гэта 24/7.

Мая адукацыя – гэта пад’ём а 6:00, а 9:00 пачынаецца моўны трэнінг, з 9:00 да 12:00 ты на агульнаадукацыйных парах, пасля – гадзінны перапынак і пачынаецца спецыяльнасць, якая можа скончыцца і а 22:00, і апоўначы. Ты заходзіш у акадэмію, калі за вокнамі цёмна, і выходзіш, калі цёмна.

Акторская аўдыторыя – гэта вялікі пакой, у ім чорныя сцены, вокны закалочаныя чорнаю фанераю. Гэта тое, што называецца “свету белага не бачыш”. Але гэта для таго, каб адасобіцца ад свету і максімальна пагрузіцца ў атмасферу той таямніцы, якая адбываецца з табою на сцэне.
Гэта вельмі складана, але гэта зацягвальны працэс. У нас гадуюць вельмі моцную сілу духу, актор – гэта не пра прыгожа пастаяць на сцэне. Няма такога слова “не магу”, ёсць “не хачу” – гэта самае частае, што я чула ў акадэміі.

Ужо цяпер, седзячы за мяжой, я думаю, што маё балючае непаступленне і той досвед мне дужа патрэбны. І ўсё, што адбывалася ў акадэміі, а потым у тэатры, як быццам вяло мяне да гэтага.

Ты не разумееш, як прымаць рашэнні, чым карыстацца, і знаходзіш нейкія асацыятыўныя штукі ў сваім жыцці. Каб гэта была такая падрыхтовачка.

У Купалаўскім тэатры
У Купалаўскім тэатры
Я трапіла ў Купалаўскі даволі проста. Гэта называецца “нахабнасць – другое шчасце”. Мой мастацкі кіраўнік быў акторам Купалаўскага тэатру, нейкі час яго ўзначальваў. І ў яго была такая ўстаноўка, што мы мусім хадзіць у тэатр і глядзець усе пастаноўкі, каб выпрацоўваць свой персанальны густ.

У нейкі момант я проста зразумела, што хачу ў Купалаўскі. Або туды, або нікуды. Гэта тэатр, дзе я хачу быць. Я ўзяла нумар тэлефона кіраўніка тэатру, патэлефанавала, расказала пра сябе. Сказала, што хачу працаваць у Купалаўскім, ці можа ён мяне паглядзець. Ён згадзіўся.

Мы прыйшлі з аднакурснікам, я вельмі хвалявалася, недзе гадзіну цягнуўся прагляд: я спявала, чытала вершы, грала. Потым ён пасадзіў мяне ў крэсла насупраць і спытаў, ці хачу я працаваць у Купалаўскім. Я адказала, што канечне. “Ну, значыць, будзеш працаваць!” – аказаў ён.

Потым быў доўгі шлях да разумення і прыняцця таго факту, што я актрыса Купалаўскага тэатру. Але тое, што мяне прынялі, яшчэ нічога не значыла. Мне тады сказалі добрую фразу: “Трапіць у Купалаўскі не так цяжка, як у ім застацца”. Трэба стаць часткаю гэтай сям’і, каб цябе прынялі. Мяне прынялі.
Тэатр у 2020 годзе
Тэатр у 2020 годзе
Усе разумелі, што штосьці будзе. Прадчуванне таго, што ідзе нешта вялізнае, мяне не пакідала. Гэта было ў паветры.

Калі ўсё здарылася, было адчуванне, што я трапіла ў тарнада. Гэта была проста агромністая плынь інфармацыі, якой не паспяваеш фільтраваць. Але адно заставалася ясным: як змаўчаць? Для мяне гэта было не столькі як пра актрысу Крысціну Дробыш, гэта было проста чалавечае. 9–12 жніўня я бачыла на ўласныя вочы. Стан шмат каму знаёмы: ты не спіш, не ясі, табе нічога не дапамагае. Потым я зразумела, што мы пабывалі ў зоне баявых дзеянняў. Гэта бывае толькі ў кіно. А тут ты бачыш гэта сама. “Мама, ты куды?” – пытаў мяне сын. “Змагацца з вельмі злым дзядзем”, – адказвала я.

Мы мусілі адкрываць сезон, пачынаць рэпетыцыі. І я думаю: вось зараз я павінна выйсці на сцэну і рагатаць. Як? Нас заўсёды вучылі, што твая асабістая трагедыя – гэта твая асабістая трагедыя. Гледачу абыякавыя твае праблемы. [Галіна] Макарава выйшла граць пасля навіны, што ў яе загінуў сын. А тут такі дысананс адбыўся: гэта ж не толькі мая асабістая трагедыя, гэта нашае агульнае. І няма прыкладаў, што рабіць. Існуе толькі тут і цяпер. На што арыентавацца? Тут можна было толькі правяраць “сувязь” з калегамі. Атрымалася так, што нашыя погляды сышліся, і мы зразумелі: будуць наступствы. Іх маштабу ніхто не мог прадугледзець. Але ты проста ідзеш за сваім розумам, сэрцам і пачуццямі.
Мы эмацыйныя людзі і карыстаемся перш за ўсё пачуццямі. Але я не скажу, што гэта быў эмацыйны ўчынак. Пачуцці падказвалі, якім шляхам трэба ісці.

Гэта быў час цяжкіх, вялікіх і адказных рашэнняў. Мы змагаліся за сваю праўду, разумеючы, што рызыка вельмі вялікая. Тады ў нас былі два варыянты: або нас раскідала, або, наадварот, сашчапіла. Гэта быў час бясконцых збораў і размоваў. Гэта не магло быць індывідуальнае рашэнне, а трупа ў нас досыць вялікая. Важным для калектыву было тое, што мы зноў экстранна вучыліся чуць адно аднаго. Не было права на памылку.

Былі гарачыя спрэчкі, мы спрабавалі дамаўляцца, здавалі нервы. Але сам факт адбыўся. Першымі былі 58 заяваў [на звальненне]. А потым яшчэ і яшчэ.

У прафесіі нас вучаць чалавечай шчырасці. Ёсць стэрэатып, што актор – гэта чалавек, які прафесійна ўмее хлусіць. Для мяне актор – гэта чалавек які, наадварот, гэтага не ўмее. Калі выходзіш на сцэну з нейкімі пачуццямі, ты іх не граеш, ты імі жывеш. Гэта не лухта, а шчырыя эмоцыі. Якія мы вучымся ў сябе будзіць.

Вядома, ёсць акторы, якія хлусяць, але ў Купалаўскі такія не трапляюць.
Пра тых, хто застаўся ў Купалаўскім
Пра тых, хто застаўся ў Купалаўскім
Я не ведаю, як яны гэта робяць. Мне цікава было б паслухаць, чаму яны засталіся. Але аргументацыі складана дабіцца, бо там шмат эмоцыяў. Найлепшая абарона – гэта напасці. Я спрабую іх разумець. Я не прыхільніца таго, каб кагосьці абразіць, я разумею, што ў кожнага свае абставіны, свой погляд на жыццё, свой досвед.

Аднойчы мой калега расказаў пра вельмі просты тэст на фашызм. З двух пытанняў. Першае: ці падзяляеш ты людзей на добрых і дрэнных? І другое: калі прыбраць усіх дрэнных, ці зробіцца свет лепшым? Я не маю права падзяляць на добрае і злое, на светлае і цёмнае. Адценняў нашмат больш. Я не магу лічыць сябе добраю ці дрэннаю. Для розных людзей я магу быць рознаю. Для аднаго – святою, для другога – чортам з пекла. І абое могуць мець рацыю. Гэта проста справа погляду.

Для тых, хто застаўся, тэатр – гэта ўсё жыццё. Відаць, нічога іншага ў іх не засталося. Але жудасна, калі тваё жыццё зводзіцца да нечага аднаго. Гэта страшна. Таму я стараюся, каб у маім жыцці было значна больш радасцяў, а не нешта адно. Калі я раптам страчу штосьці, у мяне шчэ нешта застанецца.

Шчыра кажучы, я не веру ў справядлівасць. Але спадзяюся, што ў людзей хопіць мазгоў калі-небудзь хаця б паспрабаваць пераасэнсаваць усё тое, што адбылося. Проста дапусціць у свой мозг іншы варыянт, іншы погляд на сітуацыю. Для мяне нават гэтага будзе дастаткова. Калі гэты чарвячок запусціць у галаве новую мікрасувязь. Гэта будзе маленькая перамога маленькага чалавека над сабою.
Пра неймаверных беларусаў
Пра неймаверных беларусаў
Нашае грамадства такое, што ў нас не прынята ўсміхацца ды ісці на кантакт. Я памятаю спектаклі, дзе мы гралі на вельмі малой камернай сцэне. Акторы ды гледачы – на кароткай адлегласці. І як было складана гледачам, а спачатку і мне, глядзець адно аднаму ў вочы!

Людзі пазбягалі беспасярэдняга кантакту. Кожны жыў у нейкай сваёй скрынцы. А тут… Я была ў шоку.

Да слупоў былі прыматаныя перакіс вадароду і бінты. Мяне гэта так прыбіла, у добрым сэнсе. Нават пра гэта падумалі! Так неймаверна! Я ніколі нават не думала, што мы такія. Ты не разумееш, як аддзячыць тым людзям, што прыносяць ваду, бутэрброды, падвозяць… Бясконцыя “дзякуй”, “дзякуй”, “дзякуй”. Потым пачынаеш дапамагаць, пачынаеш верыць у гэтых людзей. На гэтым можна далёка паехаць, была б толькі адзіная мэта. Каб толькі за яе не забівалі…
Гэта мая краіна, я тут нарадзілася, хачу тут працаваць і жыць
Гэта быў адзін з самых цяжкіх перыядаў жыцця, але гэта ж і час надзвычайнай самамабілізацыі. Няма часу на слабасць, бо цябе затопчуць.

Пасля рашэння звольніцца была дзіўная палёгка. Я больш нікому нічога не вінная, было адчуванне волі. Але гэта было і неймаверна балюча. Я не думала, што так хутка развітаюся з тэатрам. Адыграла роўна сем сезонаў.

Мяне выселілі з кватэры, прывязанай да кантракту. Я мусіла яе пакінуць за тры дні. Там нарадзіўся і вырас мой сын. Я зрабіла там рамонт, размалявала сцены…Я кінула кліч пра пошук новай кватэры. Адгукнулася вельмі шмат людзей, і нас проста пусцілі пажыць у кватэру незнаёмыя асобы. Мы дасюль сябруем, хаця былі вымушаныя і адтуль з’ехаць.

Я дапускала думку, што, магчыма, давядзецца з’ехаць, не з самага пачатку. Я проста адмятала яе і не хацела пра гэта думаць. Гэта мая краіна, я тут нарадзілася, я хачу тут працаваць і жыць. Уся мая праца завязаная на беларускую мову, на беларускую культуру. Каму я там патрэбная з гэтым усім? У іх свая культура, а я хачу займацца сваёй. Я рабіла ўсё, каб нават думак такіх не пускаць у галаву.
Гэта быў адзін з самых цяжкіх перыядаў жыцця, але гэта ж і час надзвычайнай самамабілізацыі. Няма часу на слабасць, бо цябе затопчуць.

Пасля рашэння звольніцца была дзіўная палёгка. Я больш нікому нічога не вінная, было адчуванне волі. Але гэта было і неймаверна балюча. Я не думала, што так хутка развітаюся з тэатрам. Адыграла роўна сем сезонаў.

Мяне выселілі з кватэры, прывязанай да кантракту. Я мусіла яе пакінуць за тры дні. Там нарадзіўся і вырас мой сын. Я зрабіла там рамонт, размалявала сцены… Я кінула кліч пра пошук новай кватэры. Адгукнулася вельмі шмат людзей, і нас проста пусцілі пажыць у кватэру незнаёмыя асобы. Мы дасюль сябруем, хаця былі вымушаныя і адтуль з’ехаць.
Я дапускала думку, што, магчыма, давядзецца з’ехаць, не з самага пачатку. Я проста адмятала яе і не хацела пра гэта думаць. Гэта мая краіна, я тут нарадзілася, я хачу тут працаваць і жыць. Уся мая праца завязаная на беларускую мову, на беларускую культуру. Каму я там патрэбная з гэтым усім? У іх свая культура, а я хачу займацца сваёй. Я рабіла ўсё, каб нават думак такіх не пускаць у галаву.
Калі рэпрэсіі нарасталі і нарасталі, мне проста не хапіла маральнай моцы. Мне заўсёды здавалася, што я досыць моцная, каб вытрываць. Што ўсё вытрываю на ўласных рэсурсах. А потым мой псіхалагічны стан максімальнага напружання, максімальнай залучанасці ў павестку і сітуацыю даў збой. Я зразумела, што не магу кантраляваць нейкіх рэчаў.

Раней я ратавалася тым, што чым больш працы маю, тым лепш. Забіць свой час так, каб не было нават хвілінкі вольнай. Але гэта перастала працаваць.

У мяне не было сілаў устаць з ложку, паесці, памыцца. Ты разумееш, што сам сабе ўжо не належыш. А ў цябе ёсць сям’я, пра якую трэба клапаціцца. Гэты пастаянны страх, што раніцаю да цябе пагрукаюцца. Каб толькі ноч прайшла спакойна. Выйшла з пад’езду – азіраешся.

Ты пужаешся людзей у горадзе: яны цябе пазнаюць, а ты не разумееш, у якім сэнсе. Гэта чалавек, які добра ставіцца да купалаўцаў і хоча падтрымаць, сказаўшы нешта? Ці ў яго пасведчанне на тваё затрыманне ў кішэні? Тут спрацоўвае адна і тая ж рэакцыя: абараняцца.

Потым людзі вакол пачалі заўважаць і казаць, што неяк я кепскавата выглядаю. Пыталі, ці трэба мне дапамога.

Потым выйшлі спісы “здраднікаў”. Вядома, я там была.

Я разумела, што ўсе масты ў мяне ўжо згарэлі. Людзі пачалі баяцца са мною працаваць. Мы робім супольны праект – і раптам: “А можна мы не будзем пісаць твайго імя?” У нейкі момант адбылося разуменне, што з тымі грашыма, якія атрымліваю ў Беларусі, я ўжо не дам рады.
Пераезд у Польшчу
Пераезд у Польшчу
Калі перад вераснем пачалася гаворка, што ў школах будзе дадатковая прапаганда, увядуць новыя ідэалагічныя прадметы, патрыятычнае выхаванне і ўсё гэткае, я не вытрывала. У мяне сын, якому хутка ў школу. Таму альбо я раблю цяжкі выбар і даю свайму дзіцяці шанец на жыццё, адукацыю і свабодную будучыню, альбо я аддаю яго ў ідэалагічнае пекла.

Выбар быў відавочны. Таму, сабраўшы ў волю кулак і чамадан, было прынятае стратэгічнае рашэнне паспрабаваць выехаць.
Я магла застацца прынцыпова: аддаць сына ў звычайную школу, змагацца за ягоны мозг, які будуць прамываць у школе, а я буду адмываць дома. Можна было б і так. Магчыма, можна было б гэта вытрываць, паспрабаваць. Але я ўявіла сабе сітуацыю, калі мне будзе 60 гадоў, сын будзе дарослы. І што ён мне скажа? Можа, я буду сядзець і думаць, што ў мяне быў шанец даць яму жыццё. Ён залежаў ад мяне, а я не скарысталася.

Я не ведала, як паведаміць дзіцяці, што мы зноў з’язджаем. І гэтым разам ужо з Беларусі. Гэта была проста барацьба за ўласнае жыццё. Без кватэры, без грошай, без працы, з сынам на руках я з’ехала.

Потым было пачуццё віны, што людзі сядзяць, а мяне нават ні разу не затрымалі. Цяпер разумею, што мне проста дужа пашанцавала. Не ведаю, хто мяне збярог.

Інвестыцыя ў будучыню
Інвестыцыя ў будучыню
Я пастаралася максімальна арганізаваць і перавезці працоўныя працэсы ў Польшчу. Яны, вядома, для Беларусі і пра Беларусь. Збіранне таго, што зроблена. Каб людзі чулі і знаёміліся.

Ёсць такі вершык-піражок – “илья старается скорее уравновесить зло добром увидел парни бьют мальчишку красиво рядом станцевал”. І часам у мяне адчуванне, што я гэты Ільля, які “красиво рядом станцевал”. Бывае, што я рэальна наагул не разумею, што я раблю і чаму. Працу будаўнікоў, напрыклад, можна рэальна пабачыць, памацаць… А што раблю я?

Але сэнс ёсць. Напрыклад, у праекце “Кніжны воз”, дзе мы агучваем кнігі на беларускай мове – як класіку, так і новых аўтараў. Новыя кніжкі выходзяць смешным накладам. А мы агучваннем даем ім новае жыццё. Цудоўна, што нас падтрымліваюць перакладчыкі і пісьменнікі. Людзям гэта цікава, нават настаўнікі пішуць, што такога вельмі не стае.
Мы доўга агучвалі “1984”. Гэта была цяжкая, нават тытанічная праца. Але зноў жа – першы матэрыял сусветнага значэння, які ёсць на беларускай мове. Мне вельмі хацелася, каб ён быў агучаны. Я ведаю людзей, якія ўпершыню пачулі гэтую кнігу. І пачулі яе на беларускай мове.

Што датычыць купалаўцаў, тут таксама складана. Часам мы выпускаем праект паводле класікі сусветнай літаратуры, напрыклад “Страх” (твор Бэртальда Брэхта “Страх і галеча Трэцяга Райху”. – Заўвага аўт.), то я думаю: калі ты сядзіш у Беларусі, то і так шукаеш вяроўку, на якой бы павесіцца. Бо цяжка. А тут табе даюць кантэнт, ад якога яшчэ больш хочацца павесіцца. А які сэнс тады? Але камусьці гэта дапамагае правесці нейкія паралелі: такое ў гісторыі ўжо было, гэта страшныя цыклы, якія паўтараюцца. Можна паглядзець на сітуацыю з іншага боку. Ёсць людзі, якіх гэта падтрымлівае, бо мастацтва ў Беларусі цяпер зводзіцца да ідэалагічна выверанага, а тэатр заўсёды павінен быць у супраціве. Інакш тады навошта?

Падчас рэвалюцыі нарадзілася новая хваля песняў, вершаў, карцінаў. Гісторыю перапісваюць тысячу разоў ды інтэрпрэтуюць па-рознаму. А тут гісторыя, якая адбываецца цяпер. Ты яе бачыш, ты яе сведка. І таму, калі творчасць камусьці дапамагае цяпер, у гэтым ёсць сэнс.

Я лічу, што гэта ўсё – інвестыцыя ў будучыню беларускай культуры. Італьянцы нараджаюцца ў неймавернай культурніцкай спадчыне. Яны з дзяцінства жывуць сярод твораў самых знакамітых і выдатных творцаў. А дзе жывем мы? Ты нарадзіўся ў абшарпанай панэльцы з 1980-х. Таму мастацтва павінна быць для таго, каб ствараць наваколле. І каб наступныя пакаленні вырасталі і фармавалі сябе ў прыгажосці.
Падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры, якія зазналі рэпрэсіі, ды іх новыя праекты